Remove ads
беларускі палітык (1890—1935) From Wikipedia, the free encyclopedia
Ляво́н Язэ́павіч За́яц (Леана́рд Іо́сіфавіч (Во́сіпавіч) За́яц; 19 лютага (3 сакавіка) 1890, м. Даўгінава цяпер Вілейскі раён Мінскай вобласці — 23 верасня 1935, Уфа, Башкірская АССР, НКУС) — беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, дыпламат, публіцыст, мемуарыст. Удзельнік Усебеларускага з’езда 1917 года, дзеяч Беларускай Народнай Рэспублікі.
Лявон Заяц | |
---|---|
| |
Род дзейнасці | палітык, службовая асоба, публіцыст, мемуарыст, дыпламат |
Дата нараджэння | 19 лютага (3 сакавіка) 1890 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 23 верасня 1935 (45 гадоў) |
Месца смерці | |
Месца пахавання |
|
Грамадзянства | |
Месца працы | |
Альма-матар | |
Партыя | |
Член у | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы | |
Творы ў Вікікрыніцах |
Нарадзіўся ў мястэчку Даўгінава Вілейскага павета Віленскай губерні, цяпер Вілейскі раён Мінскай вобласці Беларусі. У 1910 годзе кончыў пецярбургскую каталіцкую гімназію Святой Кацярыны, у 1914 годзе юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта. За часамі вучобы ўдзельнічаў у беларускім студэнцкім руху, сябра Беларускага навукова-літаратурнага гуртка студэнтаў Санкт-Пецярбурга[1]. Удзельнічаў у тэатральных пастаноўках, вядома што ў 1911 годзе выконваў ролю Падарожнага ў спектаклі паводле твора Элізы Ажэшкі «У зімовы вечар», у 1913 годзе граў Якіма Сароку ў пастаноўцы «Паўлінка» паводле Янкі Купалы[1].
У 1914—1916 гадах працаваў кантралёрам Віленскага акцызнага ўпраўлення (з пачаткам Першай сусветнай вайны эвакуіравана ў Яраслаўль).
У 1916—1917 гадах працаваў у Мінску ва Усерасійскім земсаюзе на пасадзе адказнага сакратара. Пачынае кантактаваць з беларускім рухам, удзельнічае ў сходах «Беларускай хаткі» на Захар’еўскай вуліцы, сябруе з Максімам Багдановічам. Супрацоўнічаў з мінскім аддзяленнем Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны[1].
З траўня 1917 года ў Беларускай народнай партыі сацыялістаў (БНПС). 7—9 красавіка (25–27 сакавіка) 1917 года як прадстаўнік БНПС удзельнічаў у З’ездзе беларускіх нацыянальных арганізацый у Мінску, якія выступалі за аўтаномію Беларусі ў складзе дэмакратычнай Расійскай федэрацыі. На з’ездзе абраны сябрам прэзідыума Беларускага нацыянальнага камітэта (БНК). Ён належаў да вышэйшага кіраўніцтва гэтай арганізацыі, якое вызначала кірунак яе дзейнасці[2]. На З’ездзе беларускіх арганізацый і партый 21–23 (8–10 ліпеня) 1917 года на знак пратэсту супраць дзеянняў дэлегатаў Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ) ён і дэлегаты ад БНПС пакінулі пасяджэнне. 23 (10 ліпеня) 1917 года БНК быў распушчаны, а замест яго створаная Цэнтральная рада беларускіх арганізацый, дзе пераважалі дзеячы БСГ[3].
У ліпені 1917 года Лявон Заяц па спісе Беларускай народнай партыі сацыялістаў абраны дэпутатам Мінскай гарадской думы[4].
Удзельнік Усебеларускага з’езда, які праходзіў 18—30 (5—17) снежня 1917 года ў Мінску. У час яго 26 (13) снежня абраны сябрам Рады з’езда. Па разгоне з’езда бальшавікамі, 21 снежня 1917 (3 студзеня 1918) абраны ў склад Выканаўчага камітэта Рады Усебеларускага з’езда, выконваў функцыі кіраўніка спраў[5]. 21 лютага 1918 года заняў пасаду кіраўніка спраў у Народным Сакратарыяце Беларусі, створаным Выканаўчым камітэтам Рады Усебеларускага з’езда, які стаў урадам БНР. Працягваў сваю працу на гэтай пасадзе па абвяшчэнні незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 года[6]. Не пазней за 25 траўня, па адстаўцы Яфіма Бялевіча, Лявон Заяц заняў таксама пасаду народнага сакратара юстыцыі[1]. У красавіку—траўні 1918 года ў выніку расколу БСГ падтрымаў Беларускую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў[7].
9 чэрвеня 1918 года не ўвайшоў у склад новага ўрада пад кіраўніцтвам Рамана Скірмунта, але працягваў працаваць сакратаром у канцылярыі Язэпа Варонкі, які не прызнаваў урад Скірмунта і дзейнічаў паралельна. 12 ліпеня 1918 года ўвайшоў у склад Беларускага часовага ўрада, створанага Язэпам Варонкам супроць Народнага сакратарыята Беларусі пад кіраўніцтвам Скірмунта[8]. 22 ліпеня 1918 года ўвайшоў у склад 3-га Урада БНР, пад кіраўніцтвам Івана Серады, заняўшы пасаду старшыні канцылярыі, адначасова працаваў у Камісіі міжнародных спраў[9]. 22 лістапада 1918 года была ўхваленая праграма 4-га ўрада БНР — Рады Народных Міністраў пад кіраўніцтвам Антона Луцкевіча, Лявон Заяц у новым урадзе заняў пасаду дзяржаўнага кантралёра[10].
3 снежня Рада і ўрад БНР праз наступ бальшавікоў на Менск пераязджаюць у Вільню, а пасля ў Горадню, усё яшчэ занятую немцамі. У студзені 1919 года Луцкевіч прызначыў Лявона Зайца адным з беларускіх прадстаўнікоў у Часовым гарадскім камітэце, створаным немцамі[11]. 9 лютага 1919 года прыняў удзел у арганізаваным Антонам Луцкевічам сходзе беларускіх арганізацый, на якім была прынятае рашэнне, каб пачаць перамовы з польскім урадам наконт утварэння польска-беларускай федэрацыі. Умовай было прызнанне польскім бокам Рады Народных Міністраў БНР як афіцыйнага ўраду Беларусі, аднак польскі ўрад гэтага не зрабіў[12]. У сакавіку 1919 года дзейнасць БНР у Горадні становіцца немагчымай, 22 сакавіка Лявон Заяц разам з групай беларускіх палітыкаў выехаў у Берлін[1]. 4 траўня ў Берліне была заснаваная Дыпламатычная місія БНР у Нямеччыне[13], Лявон Заяц спачатку быў выконваючым абавязкі шэфа місіі, а 25 жніўня прызначаны шэфам місіі[14]. 27 кастрычніка 1919 года праз хваробу (сухоты) звольніўся з пасады шэфа місіі[1].
Па расколе Рады БНР у Менску прызначаны 13 снежня 1919 года загадчыкам канцылярыі і дзяржаўны сакратаром у 5-м урадзе БНР пад кіраўніцтвам Вацлава Ластоўскага (пры г. зв. Народнай Радзе БНР). Аднак Лявон Заяц застаўся ўва ўрадзе Антона Луцкевіча (пры Найвышэйшай Радзе БНР)[1]. 22 студзеня 1920 года прызначаны Луцкевічам на пасаду дзяржаўнага скарбніка з месцам побыту ў Чэхаславакіі[1]. Пры гэтым вядома, што Заяц канчаткова не адышоў ад спраў місіі ў Берліне, пра што сведчыць дакумент канца лютага 1920 года. У Коўна, дзе з лістапада 1920 года месціўся ўрад БНР, Заяц выехаў паміж 10 студзеня і 22 сакавіка 1921 года, аднак у красавіку 1921 года ізноў быў у Берліне. У кастрычніку 1920 года часова ўзначаліў «Беларускае прэс-бюро» ў Берліне[14]. Праз Зайца адбываўся кантакт паміж сябрамі Урада, якія былі ў Берліне і Коўне[1].
7 ліпеня 1921 года ў Коўне прыняў удзел у сходзе Загранічнай групы Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў[1]. У верасні 1921 года ўдзельнік Першай Усебеларускай палітычнай канферэнцыі ў Празе, на якой быў пацверджаны прынцып незалежнасці і непадзельнасці Беларусі. З сакавіка 1922 года ў Коўне, бярэ ўдзел у пасяджэннях Рады Міністраў і Прэзідыума Рады БНР, працуе як кантралёр[1]. У выніку ўрадавага крызісу праз стаўленне да права Літвы на Віленшчыну, у кастрычніку 1922 года ствараецца 6-ы ўрад БНР — Дзяржаўная калегія БНР на чале з Пётрам Крачэўскім, яе сябрам стаў і Лявон Заяц. 23 жніўня 1923 года сфармаваны 7-ы ўрад БНР на пад кіраўніцтвам Аляксандра Цвікевіча, у якім Лявон Заяц застаўся на пасадзе дзяржаўнага кантралёра. У лістападзе 1923 года праз пагаршэнне адносін з урадам Літвы дзеячы БНР, сярод якіх Заяц, пераехалі ў Прагу[1].
У Празе, акрамя палітычнай дзейнасці, Лявон Заяц лячыўся ў санаторыі і пісаў успаміны. Аўтар публіцыстычных артыкулаў і ўспамінаў пра дзеячаў беларускай культуры.
Удзельнік Другой Усебеларускай канферэнцыі 1925 года ў Берліне, на якім урад БНР вырашыў самараспусціцца і прызнаць савецкі Менск адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння Беларусі, Лявон Заяц галасаваў за гэтае рашэнне.
У 1926 годзе вярнуўся ў Менск. Працаваў кансультант-інспектарам бюджэтнага ўпраўлення Наркамата фінансаў БССР. Падпаў пад «чыстку апарату», звольнены і 18 ліпеня 1930 года арыштаваны ДПУ БССР па сфабрыкаванай справе «Саюза вызвалення Беларусі», апроч таго яму інкрымінавалі прыналежнасць да «Беларускага брацтва» (Ластоўскі, Цвікевіч і інш.). 10 красавіка 1931 года асуджаны як «член контррэвалюцыйнай арганізацыі» і за «антысавецкую агітацыю», сасланы на 5 гадоў ва Уфу. 25 ліпеня 1935 года паўторна арыштаваны абласным упраўленнем НКУС СССР. Памёр у турме ў час следства (афіцыйна — ад хваробы нырак).
Пасмяротна рэабілітаваны Вярхоўным БССР 10 чэрвеня 1988 года.
Быў жанаты з Кларай Заяц, якая паходзіла з роду Эпімах-Шыпілаў[15].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.