From Wikipedia, the free encyclopedia
Васіль Зуёнак (нар. 3 чэрвеня 1935, паводле пашпартнага запісу, напраўду 3 ліпеня, в. Мачулішча Халопеніцкага раёна, цяпер Крупскі раён) — беларускі паэт, празаік, перакладчык, крытык, літаратуразнаўца.
Васіль Зуёнак | |
---|---|
Асабістыя звесткі | |
Дата нараджэння | 3 чэрвеня 1935 (89 гадоў) ці 1935[1] |
Месца нараджэння | |
Грамадзянства | |
Альма-матар | |
Месца працы | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | літаратуразнавец, перакладчык, паэт, дзіцячы пісьменнік |
Мова твораў | беларуская |
Грамадская дзейнасць | |
Член у | |
Прэміі | |
Узнагароды |
Нарадзіўся ў сям’і сялян — Васіля Захаравіча і Куліны Канстанцінаўны. З 1944 г. В. Зуёнак — вучань Мачулінскай пачатковай школы, пазней — Узнацкай сямігодкі, па сканчэнні якой (1950) паступіў у Барысаўскае педагагічнае вучылішча (1954), потым аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ, куды, маючы дыплом выдатніка, быў залічаны без іспытаў.
Працаваў у рэдакцыі газеты «Рабочае юнацтва» (Мінск), у 1960—1966 гадах — у газеце «Піянер Беларусі». Быў галоўным рэдактарам часопіса «Бярозка» (1972—1978). У 1966—1972 гадах — намеснік галоўнага рэдактара, у 1978—1982 гадах — галоўны рэдактар часопіса «Маладосць». Член Саюза пісьменнікаў БССР (з 1966). У 1982—1989 гадах — сакратар, у 1989—1990 гадах — першы сакратар, у 1990—1998 гадах — старшыня праўлення Саюза беларускіх пісьменнікаў. Кандыдат філалагічных навук.
Дэбютаваў падчас вучобы ў Барысаўскім педвучылішчы ў барысаўскай раённай газеце, у рэспубліканскім друку ў 1954 г. Аўтар зборнікаў паэзіі «Крэсіва» (1966, лірыка), «Крутаяр» (1969), «Сяліба» (1973), «Нача» (1975), «Маўчанне травы» (1980), «Світальныя птушкі» (1982), «Лукам’е» (1984), «Вызначэнне» (1987), «Лета трывожных дажджоў» (1990), «Чорная лесвіца» (1992), «Пісьмы з гэтага свету» (1995), зборніка гумарыстычных вершаў «Качан на п’едэстале» (1973), кніг літаратурна-крытычных артыкулаў «Лінія высокага напружання» (1983).
Выйшлі кнігі выбраных вершаў «Час вяртання» (1981), вершаў і паэм «Жніўны дзень» (1985), «Выбраныя творы» (2010), «Азірнуўшыся, не скамянець…» (2013), двухтомнік выбраных твораў — вершаў «Гронка цішыні» (1996) і паэм «Пяцірэчча» (1998).
Гімнам прыродна-вясковаму свету, роднаму краю і беларускаму народу ўвогуле стала ліра-эпічная пенталогія В. Зуёнка «Пяцірэчча», якую склалі паэмы «Сяліба» (1965—1970), «Прыцягненне» (1978—1979), «Маўчанне травы» (1974—1978), «Лукам’е» (1980—1983) і «Падарожжа вакол двара» (1989—1990). «Задума ліра-эпічнай кнігі „Пяцірэчча“ акрэслівалася паступова. Спачатку была „Сяліба“, а ў ёй, як пасля пачало вынікаць, быў генетычна закладзены, таіўся код усёй кнігі. Ён і падаваў сігналы, падказваў, куды скіраваць творчыя намаганні — да вызначальных момантаў у гісторыі, у жыцці народа. Так вымалёўвалася панарама ў гістарычным шляху — ад Лукам’я з бунтоўным князем Іванам Лукомскім да сучасных нефармалаў з Зянонам… А ў цэнтры — паэма лёсу „Маўчанне травы“: праз лёс Васіля выяўляецца лёс простага чалавека, урэшце — лёс народа»[2] (В. Зуёнак). Творы пенталогіі дапамагаюць зазірнуць у душу беларуса, зведаць тое, што турбавала, засмучала, радавала, абнадзейвала яго на далёкіх і блізкіх гістарычных шляхах. Гаворачы пра асабістае і лакалізуючы прастору да знаёмых з дзяцінства мясцін, пісьменнік узняўся да такога ўзроўню мастацкага адлюстравання і абагульнення, які дазваляе лічыць «Пяцірэчча» нацыянальным эпасам беларусаў ХХ ст.
Кніга «Нача» пабывала ў космасе: у 1978 годзе яна была дастаўлена касманаўту Уладзіміру Кавалёнку, земляку паэта, на арбітальную станцыю «Саюз-6». Падчас аднаго з сеансаў сувязі з Зямлёй беларускі касманаўт чытаў вершы В. Зуёнка[3].
З канца 1990-х В. Зуёнак выступае ў друку з лірычнай прозай — «элегіямі» і эцюдамі. Аўтар кнігі літаратурна-лінгвістычных эсэ, эцюдаў, падарожных нататак «Паміж небам і зямлёю» (2009), зборніка празаічных элегій «Паўстанак з літарай „Л“» (2021).
На сайце[4] пісьменніка змешчаны дзве электронныя кнігі лірыкі: «Вертыкальныя рэкі святла: вершы сутоку тысячагоддзяў»[5] (1993—2006) і «Шляхам Белага каменя: вершы сустрэчных дзён»[6] (2007—2021) — усяго 1620 мастацкіх тэкстаў, у тым ліку і тых, што нідзе не публікаваліся.
Пачынаючы ад зборніка паэзіі для дзяцей «Вясёлы калаўрот» (1965), творы для дзяцей занялі значнае месца ў паэзіі В. Зуёнка — зборнікі паэзіі «Жылі-былі пад вадой» (1969), «Сонечны клубочак» (1972), «Будзем сілы набірацца» (1974), «Шапка-ўсёвідзімка» (1983), «Хата, поўная гасцей» (1987), «Бадзірог», «Па ельнічку, па бярэзнічку…». Таксама В. Зуёнак аўтар кніг нарысаў і замалёвак «Любіць прыроду — любіць Радзіму» (1962), «Працай славіцца чалавек» (1963).
У паэзіі В. Зуёнка, па словах У. Гніламёдава, адбываецца «плённае збліжэнне і ўзаемадзеянне … дзвюх стылявых тэндэнцый: маштабу ўспрыняцця быцця і вострай увагі да яго прыватных падрабязнасцей»[7]. У творах усіх жанраў пісьменнік выяўляе сябе як паэт-лірык, але лірык з эпічным светабачаннем[8] — трывогі свету ён прапускае праз сябе, нібыта асабіста іх перажывае. Прыродай таленту «эпічнага лірыка» прадвызначаны зуёнкаўскі метад мастацкага даследавання рэчаіснасці, што заключаецца ў аднолькавай увазе да самых простых з’яў і да глабальных сусветных праблем. Мастака нязменна прывабліваюць пытанні жыцця і смерці, маральнай чысціні асобы, узаемаадносін чалавека з прыродай, захавання нацыянальнай самабытнасці народа.
Перакладае з рускай, украінскай, балгарскай, польскай, славацкай, сербскай і інш. моў. Разам з Р. Барадуліным пераклаў кніжку вершаў У. Лучука «Возера-Бульдозера» (1978). Вершы В. Зуёнка перакладаліся на англійскую, балгарскую, польскую, славацкую і інш. мовы. Выбраныя пераклады склалі кніжку «Знічкі сямі нябёс» (1992).
Пра творчасць В. Зуёнка пісалі Р. Барадулін, У. Караткевіч, У. Калеснік, П. Панчанка, А. Лойка, А. Вярцінскі і інш., адзначаючы фенаменальны мастацкі дар паэта, дзякуючы якому ў радках спалучаецца сучаснасць і гісторыя, лірыка і эпас, міф і рэальнасць, імкненне да вечнага і фельетонная стракатасць звычайнай паўсядзённасці.
Паэзія
Проза, крытыка, эсэістыка
Творы для дзяцей
Пераклады
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.