Remove ads
недзяржаўнае аб’яднанне беларускіх пісьменнікаў (да 1991 г. — Саюз пісьменнікаў БССР, да 1996 г. — Саюз пісьменнікаў Беларусі) From Wikipedia, the free encyclopedia
Саюз беларускіх пісьменнікаў (СБП) (да 1991 г. — Саюз пісьменнікаў БССР, да 1996 г. — «Саюз пісьменнікаў Беларусі») — прафесійная, добраахвотная няўрадавая грамадская арганізацыя беларускіх літаратараў, якая існавала ў 1934—2021 гадах. За савецкім часам была звязана з дзяржаўным апаратам, пазней незалежная арганізацыя.
Саюз беларускіх пісьменнікаў | |
---|---|
Тып | грамадская арганізацыя |
Год заснавання | 1933—1934 гг. |
Размяшчэнне | 220012, Рэспубліка Беларусь, Мінск, вул. Кузьмы Чорнага, д. 31, офіс 906 |
Ключавыя фігуры | Барыс Пятровіч (Сачанка), Алесь Пашкевіч, Усевалад Сцебурака, Янка Купала, Якуб Колас, Кузьма Чорны, Кандрат Крапіва, Міхась Лынькоў, Пятрусь Броўка, Максім Танк, Аркадзь Куляшоў, Пімен Панчанка, Андрэй Макаёнак, Ян Скрыган, Іван Мележ, Уладзімір Караткевіч, Алесь Адамовіч, Васіль Быкаў, Іван Шамякін, Янка Брыль, Іван Навуменка, Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Уладзімір Някляеў |
Сфера дзейнасці | прафесійная добраахвотная няўрадавая грамадская арганізацыя беларускіх пісьменнікаў |
Колькасць членаў | больш за 400 |
Вэб-сайт | lit-bel.org |
Дата ліквідацыі | 1 кастрычніка 2021 |
Актыўна ўдзельнічала ў грамадскім і культурным жыцці Беларусі, спрыяла развіццю і прапагандзе беларускай літаратуры і беларускай мовы. Ціск на арганізацыю з боку ўладаў Беларусі распачаўся ў 1997 годзе, калі ў саюза быў адабраны Дом літаратара, у 2005 годзе ўчынена спроба расколу арганізацыі, быў створаны прарэжымны Саюз пісьменнікаў Беларусі. Ліквідавана ў 2021 годзе ў рамках палітычных рэпрэсій і знішчэння грамадзянскай супольнасці[1] ў Беларусі, распачатах пасля масавых пратэстаў 2020 года.
Створаны паводле пастановы ЦК КП(б)Б ад 27 мая 1932 года «Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый БССР». Арганізацыйна аформлены I-м Усебеларускім з’ездам пісьменнікаў (1934) як Саюз пісьменнікаў БССР. Першым старшынёй быў абраны Міхась Клімковіч.
У 1997 годзе ў СБП распараджэннем Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі быў забраны Дом літаратара (уласнасць арганізацыі)[2].
На люты 2004 налічваў 519 членаў[3]. У канцы 2005 года ад Саюза аддзялілася група, якая стварыла альтэрнатыўны («праўладны») Саюз пісьменнікаў Беларусі. Адной з прычын стварэння СПБ лічыцца спроба разбурыць незалежны Саюз беларускіх пісьменнікаў, які ўладам не атрымалася падпарадкаваць[4]. Па позве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, накіраванай на ліквідацыю аб’яднання вясной 2006 года, быў распачаты працэс у Вярхоўным Судзе Рэспублікі Беларусь, але Саюз выйграў судовую справу[2][5].
Пасля стварэння праўладнага СПБ, які фінансуецца з дзяржаўнага бюджэту, незалежны Саюз беларускіх пісьменнікаў, па сутнасці, быў абвешчаны па-за законам: яго пазбавілі ранейшай фінансавай дзяржпадтрымкі і ў 2006 годзе вымусілі пакінуць Дом літаратара. Саюзу пісьменнікаў Беларусі былі перададзеныя літаратурныя выданні «Полымя», «Нёман», «Маладосць», штотыднёвік «Літаратура і мастацтва», заснавальнікам якіх быў СБП[6], а нелаяльныя рэдактары і супрацоўнікі — звольнены з працы[2].
30 студзеня 2017 года Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь прыняло пастанову № 7 «Аб вызначэнні творчых саюзаў», якая ўступала ў сілу 17 лютага — у спіс творчых саюзаў не ўвайшоў СБП, супроць «праўладнага» Саюза пісьменнікаў Беларусі[7]. Паводле пастановы, члены СБП, якія знаходзіліся на творчай працы, аўтаматычна ўключаліся ў лік асоб, якія мусілі плаціць «дармаедскі падатак» за 3 дні да моманту, калі трэба было заплаціць. Але пасля шматлікіх заяў і зваротаў Міністэрства культуры РБ 25 сакавіка 2017 года перагледзела спіс, прадугледжаны пастановай № 7, і ўключыла найстарэйшую пісьменніцкую арганізацыю ў лік творчых саюзаў[8].
17 лістапада 2020 года Саюз беларускіх пісьменнікаў выступіў з адкрытым зваротам пісьменніцкай супольнасці «Хопіць гвалту, прыміце волю народа!», у якім асудзіў гвалтоўныя дзеянні з боку сілавых структур і прадстаўнікоў улады ў дачыненні да грамадзян, якія выходзяць на мірныя акцыі пратэсту супраць гвалту і фальсіфікацыі вынікаў падчас прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. СБП заклікаў спыніць масавыя рэпрэсіі, здзекі з людзей, якія хочуць пераменаў, а таксама запатрабаваў ад улады прызнаць сваю паразу і прыняць волю народа. Пад адкрытым лістом падпісаліся больш за 200 беларускіх пісьменнікаў[9].
14 ліпеня 2021 года ў офісе СБП прайшоў ператрус, у выніку якога Следчы камітэт забраў тэхніку і інфармацыйныя носьбіты, офіс быў апячатаны. Пасля вобшуку ў ліпені 2021 года адбылося блакаванне банкаўскага рахунку Следчым камітэтам Рэспублікі Беларусь, а Міністэрства юстыцыі вынесла СБП два папярэджанні. Адно з іх было вынесена ў сувязі з непрадастаўленнем дакументаў, якія засталіся ў апячатаным памяшканні офіса. У жніўні 2021 г. Вярхоўны Суд узбудзіў грамадзянскую справу па ліквідацыі СБП, ініцыяваную Міністэрствам юстыцыі[10]. Рэпрэсіі супраць СБП выклікалі хвалю пратэстаў як у Беларусі, так і за мяжой (напрыклад, адпаведную заяву прыняў Нацыянальны саюз пісьменнікаў Украіны)[11]. Тым не менш 1 кастрычніка 2021 года Вярхоўны Суд прыняў рашэнне аб ліквідацыі СБП[12]. Рашэнне вынес суддзя Вярхоўнага Суда Беларусі Ігар Мільто.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.