From Wikipedia, the free encyclopedia
Вадзяны́ знак (таксама філігра́нь (ад італ.: filigrana ад лац.: filum нітка + лац.: granum зерне) — бачная выява або малюнак на паперы, які выглядае святлейшым пры праглядзе на прасвет (або цямнейшым пры праглядзе ў адлюстраваным святле на цёмным фоне). Вадзяны знак атрымліваюць ўцісканнем металічнага сеткаватага валіка або эгутэра (дэндыролі) у паперу ў працэсе яе вырабу. Малюнак вадзянога знака — лініі рознай формы, літары ці манаграмы, фігурныя малюнкі. Вывучэнне вадзяных знакаў мае важнае значэнне для правільнага датавання пісьмовых крыніц, вылучаецца ў асобную галіну палеаграфіі — філіграналогію.
Упершыню вадзяныя знакі з'явіліся ў Балонні (Італія) у 1282 ці 1283 гг. Вытворцы паперы ўжывалі іх тады і пазней для ідэнтыфікацыі сваёй прадукцыі, а таксама на паштовых марках, банкнотах і іншых дзяржаўных дакументах для абароны ад падробкі. Для вырабу такой паперы да канца XVIII ст. выкарыстоўвалі льняныя і баваўняныя анучы, пазней — раслінныя валокны. Прыгатаваную масу разлівалі ў формы, на дне якіх замацоўвалі драцяныя сеткі (звычайна медныя) і фігуры. Папяровая маса, што асядала на дроце, была больш тонкая, таму пры адпаведным асвятленні на гатовых лістах паперы былі відаць прагалы. Пры актыўным выкарыстанні драцяную сетку мянялі праз год, медныя фігуры — праз некалькі гадоў, а сярэбраныя — праз некалькі дзесяцігоддзяў. Кожная паперня (нярэдка і майстры) пазначала сваю паперу асобнымі вадзянымі знакамі.
На беларускіх актах і рукапісах XIV—XV стст. захаваліся старажытныя знакі на паперы заходнееўрапейскай вытворчасці У XV—XVI стст. многія паперні Еўропы выраблялі паперу з вадзяных знакаў «галава быка» розных варыянтаў, на якой друкаваў свае кнігі Ф. Скарына. 3 2-й чвэрці XVI ст. першыя вадзяныя знакі з’явіліся на мясцовай паперы Вялікага Княства Літоўскага, вырабленай на папернях Радзівілаў у Слуцку, Любашы, Алыку, у 1570—канцы XVII ст. на папернях Кавячынскіх у Нясвіжы і Уздзе, Сапегаў у Гальшанах. Асноўнымі сюжэтамі вадзяных знакаў на паперы мясцовай вытворчасці XVII—XIX стст. былі гербы шляхецкіх родаў «Габданк» (Гаштольды, Даўгялы, Гарабурды), «Ліс» (Сапег, кнігавыдаўцы Мамонічы), «Аднагаловы арол» (Радзівілы), «Магіла з адменай» (Быхаўцы), «Дуброва» (Кішкі), «Багорыя» (Валовічы), «Ляліва» (Тышкевічы), «Пагоня» (Сангушкі, Чартарыйскія). У XVIII—XIX стст. распаўсюджаны таксама вадзяныя знакі ў выглядзе чалавечых фігур, выяў жывёл, рыб, птушак, раслін, рэчаў (сякера, меч, карона, дзяржава) або філіграні з літарамі (без фігурных выяў) на паперы, што выпускалі ў Вільні, Гродне, Супраслі, Бражэльцах (Лідскі павет), Дзятлаве.
У XIX—XX стст. удасканальвалася тэхналогія выпрацоўкі вадзяных знакаў, яны ўтвараліся на бесперапыннай папяровай стужцы з дапамогай рэльефнага валіка (згуцера). У сучасны перыяд паперу з вадзяных знакаў выкарыстоўваюць на выраб каштоўных дакументаў, грошай, аблігацый з мэтай прадухіліць іх падробку. Аналіз вадзяных знакаў даў магчымасць устанавіць некалькі выданняў Статутаў ВКЛ 1588 і 1619, дакладна датаваць асобныя друкаваныя кнігі, высветліць час стварэння рэдкіх беларускіх рукапісаў (кодэкс 262, «Евангелле» Васіля Цяпінскага) і інш.
Партал «Філатэлія» | |
Вадзяны знак у Вікіслоўніку | |
Вадзяны знак на Вікісховішчы |
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.