Белару́скі лаці́нскі алфаві́т (таксама «Белару́ская лаці́нка» ці ва ўласным запісе — «Biełaruskaja łacinka») — варыянт лацінскага алфавіта, прыстасаванага для запісу беларускай мовы.
На сённяшні дзень у сучаснай форме ўжываецца некаторымі пісьменнікамі[1], вытворцамі ў аздабленні прадукцыі, карыстальнікамі інтэрнэту. Інструкцыя па транслітарацыі геаграфічных назваў Рэспублікі Беларусь, створаная на аснове беларускай лацінкі, афіцыйна выкарыстоўваецца для транслітарацыі геаграфічных назваў Беларусі.
Алфавіт
За час існавання лацінкі яе алфавіт неаднаразова змяняўся. Сучасны алфавіт беларускай лацінкі, які ўжываецца з першай паловы 1940-х гадоў, выглядае наступным чынам:
Aa | Bb | Cc | Ćć | Čč | Dd | Dz dz | Dź dź | Dž dž |
Ee | Ff | Gg | Hh | Ch ch | Ii | Jj | Kk | Ll |
Łł[upper-alpha 1] | Mm | Nn | Ńń | Oo | Pp | Rr | Ss | Śś |
Šš | Tt | Uu | Ŭŭ | Vv | Yy | Zz | Źź | Žž |
Гісторыя
У Сярэднявеччы (XVI ст.) з’явіліся першыя вядомыя запісы беларускага тэксту лацінскім пісьмом з патрэбы ўключаць старабеларускія цытаты ў польскія і лацінскія тэксты. Гэта былі некадыфікаваныя запісы, і, відавочна, яны рабіліся з выкарыстаннем правілаў польскай арфаграфіі над старабеларускімі гукамі. Ужо на ранняй стадыі развіцця старабеларускае пісьмо лацінскім алфавітам не было абмежавана толькі дакументамі на паперы або пергаменце, але выкарыстоўвалася таксама для шырокага спектру іншых афіцыйных і публічных функцый. Так, звон з Моладава (цяпер Іванаўскі раён, Брэсцкая вобласць), адліты ў 1583 годзе, аздоблены надпісам старабеларускай лацінкай (MARƵIN HOFMAN MNIE SLIWAL ROKV 1583), які кажа пра тое, што звон адліў Марцін Гофман у 1583 годзе[2].
У XVII ст. паступова пашырылася выкарыстанне лацінскага пісьма, паралельна з кірылічным, беларускімі рыма-католікамі.
У XVIII ст. лацінскім пісьмом, паралельна з кірылічным, карысталіся ў некаторых літаратурных творах, напісаных тагачаснай беларускай мовай. У канцы 2013 года ў Горацкім раёне быў знойдзены курганны могільнік і надмагільны камень, датаваны сярэдзінай XVIII ст., з надпісам зробленым беларускай лацінкай: «Памажы, Госпадзе, Васілю року 1750»[3].
У XIX ст. некаторыя польскія пісьменнікі і беларускія пісьменнікі з польскага культурнага асяроддзя карысталіся лацінскім пісьмом, выключна ці часткова, у сваіх працах, напісаных па-беларуску. Асабліва Ян Чачот, Паўлюк Багрым, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Францішак Багушэвіч, Адам Гурыновіч. Рэвалюцыйны дэмакрат Кастусь Каліноўскі друкаваў лацінскім пісьмом беларускамоўную газету «Мужыцкая праўда» (у арыгінале: «Mużyckaja prauda»; 7 нумароў у 1862—1863 гадах). Нелегальнае вершаванае беларускае выданне «Гутарка двух суседаў» — папярэдніца «Мужыцкай праўды» — таксама друкавалася лацінкай і разыходзілася пераважна па Беласточчыне і Гарадзеншчыне. Вядома 6 нумароў «Гутаркі», першы з якіх выйшаў у 1861 годзе[4].
Дунін-Марцінкевіч спасылаўся на той факт, што бальшыня пісьменных людзей сярод простага люду Беларусі былі пісьменныя менавіта ў сэнсе лацінскага алфавіту[2].
XX стагоддзе
Звычай лацінскага запісу беларускага тэксту паступова знікаў з ужытку на працягу XX ст., хоць яшчэ ў пачатку XX ст. назіралася суіснаванне двух шрыфтоў. Шматлікія беларускія выданні друкаваліся лацінкай ці часткова лацінкай. Лацінкай выдавалася газета «Наша доля» (1906). «Наша Ніва» (нумары з перыяду 10 лістапада 1906 — 31 кастрычніка 1912) выходзіла асобна і кірыліцай, і лацінкай.
У 1907 годзе выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца» апублікавала ў Санкт-Пецярбурзе новую «абэцэду» лацінкай, у якім аўтары здзейснілі мадэрнізацыю беларускай лацінскай графікі. Так, аўтары ўвялі літару č замест ранейшай cz, а таксама літары š і ž замест sz і ż. Захаваліся літары ł і w. Іншыя беларускія выдавецтвы ў Вільні, Менску і Санкт-Пецярбурзе таксама пайшлі ўслед за гэтай рэформай. Неўзабаве гэтая форма стала практычна агульнапрынятым стандартам друку, вядомым як «Нашаніўская лацінка»[2].
Зборнікі вершаў Цёткі «Скрыпка беларуская» і «Хрэст на свабоду» былі надрукаваныя ўжо абноўленай лацінкай. Таксама Цётка зрабіла спробу стварыць пачатковую дзіцячую чытанку па-беларуску лацінкай — «Першае чытанне для дзетак-беларусаў». Першы зборнік вершаў Янкі Купалы «Жалейка» выйшаў у 1908 годзе і быў надрукаваны кірыліцай, а другі ягоны зборнік «Гусляр» (у арыгінале — Huślar) з’явіўся ў 1910 годзе і быў надрукаваны лацінкай[4]. Першы верш Янкі Купалы на беларускай мове — «Мая доля», датуецца 15 ліпеня 1904 года, быў таксама напісаны лацінкай.
У 1914 годзе ў Вільні быў выдадзены зборнік вершаў Максіма Багдановіча «Вянок», на вокладках якога былі змешчаныя спісы кніг, якія можна заказаць у выдавецтве. Сярод 80 выданняў 44 былі даступныя кірыліцай, 20 — лацінкай, а 16 былі выдадзеныя і даступныя абедзвюма графікамі, і таму пры іх заказе таксама трэба было пазначаць, якімі літарамі мусіла быць надрукаванае выданне — «рускімі» ці «лацінскімі»[5].
На аснове лацінскага алфавіта Баляслаў Пачопка стварыў «Беларускую граматыку» (1915, надрукаваная ў 1918 годзе), але пэўнымі беларускімі мовазнаўцамі (у прыватнасці — Сцяпанам Некрашэвічам) яна лічылася ненавуковай з парушэннямі законаў беларускай мовы.
Пасля заняцця ў часе Першай сусветнай вайны Віленшчыны і Заходняй Беларусі нямецкімі войскамі, за беларускай мовай быў прызнаны афіцыйны статус у пісьмовай форме тагачаснай беларускай лацінкі. Газета «Гоман», якая выходзіла ў Вільні з лютага 1916 да канца 1918 года, напачатку друкавалася кірыліцай, а пазней — кірыліцай і лацінкай[4]. У 1917 годзе нямецкімі ўладамі выдаваліся пашпарты на нямецкай і беларускай мовах (лацінкай).
У 1917 годзе ў Вільні лацінкай выйшла кніга Антона Луцкевіча «Як правільна пісаць па беларуску» («Jak prawilna pisać pa biełarusku»). У 1918 годзе ў Брэславе (Уроцлаў) выйшла выданне «Просты спосаб стацца ў кароткім часе граматным» («Prosty sposab stacca ŭ karotkim čase hramatnym») Яна Станкевіча і Рудольфа Абікта. У ім была распрацаваная і выкарыстоўвалася сістэма лацінкі, не падобная да іншых: былі ўведзеныя дадатковыя дыякрытычныя знакі для абазначэння мяккасці і дадатковыя літары для замены дыграфаў dz, dž і ch[6]. У 1918 годзе ў Вільні Браніслаў Тарашкевіч выдаў асобнымі выданнямі лацінкай і кірыліцай Беларускую граматыку для школ, першую агульнапрынятую граматыку беларускай мовы. Пры гэтым першай была надрукавана версія лацінкай.
У 1920-я — 1939 гады, пасля падзелу Беларусі ў выніку Рыжскага міру (1921) паміж Польшчай і СССР (Беларуская ССР), лацінскі алфавіт далей ужываўся ў беларускім друку Заходняй Беларусі, каля 35 % заходнебеларускіх выданняў выходзіла лацінкай. У 1929 годзе выйшаў «Падручны беларуска-польскі слоўнік» складзены Баляславам Друцкім-Падбярэскім, беларуская частка якога была выкананая адначасова кірыліцай і лацінкай[7][8]. Браніслаў Тарашкевіч упершыню ўвёў меркаваны выклад беларускага лацінскага алфавіта і колькі звязаных граматычных правіл у 5-е (неафіцыйнае) выданне сваёй граматыкі (Вільня, 1929).
Aa | Bb | Cc | Ćć | Čč | Dd | Ee | Ff | Gg | Hh |
Ii | Jj | Kk | Ll | Łł | Mm | Nn | Ńń | Oo | Pp |
Rr | Ss | Śś | Šš | Tt | Uu | Ŭŭ | Ww | Yy | Zz |
Žž | Źź |
У канцы 1930-х адбылася апошняя графічная трансфармацыя ў беларускай лацінцы, звязаная з тым, што некаторыя заходнебеларускія выдаўцы, верагодна, імкнучыся пазбегчы даволі ненавісных у тыя часы для беларускага руху прыкмет «польскасці», пачалі адмаўляцца ад гістарычнага w на карысць v, што стала пераважнай практыкай у другой палове 1930-х гадоў[2].
Таксама лацінскі алфавіт ў 1920-я — 1945 гады выкарыстоўваўся беларускай эміграцыяй у Чэхаславакіі.
Лацінскі алфавіт у беларускай мове выкарыстоўваўся на акупаваных нямецкімі войскамі землях Беларусі (1941—1944). У 1937—1941 гадах Ян Станкевіч прапанаваў варыянт лацінкі, які замацаваў адмову ад літары w на карысць v[9]. У снежні 1941 Альфрэд Розенберг, галоўны ідэолаг Нацыянал-Сацыялістычнай Нямецкай Работніцкай Партыі (NSDAP), рэйхсміністр па справах усходніх земляў ад 1941, выступіў з ініцыятывай аб пераводзе беларускіх школ і друку на лацінку. Неўзабаве ініцыятыва стала загадам (25 чэрвеня 1942) аб паступовым увядзенні лацінкі ў народныя школы Беларусі: у 1942/1943 яна ўводзілася ў першыя і часткова другія класы, апроч таго, яе вывучэнне рэкамендавалася і ў астатніх класах пачатковых школ. У 1943 годзе ў Мінску быў выдадзены лацінкай і кірыліцай «Беларускі правапіс» Антона Лёсіка, які быў прыняты на акупаваных землях як афіцыйны. Юры Туронак адзначае, што выданні, надрукаваныя лацінкай, разыходзіліся слаба, іх зразумеласць, асабліва ў цэнтральных і ўсходніх абласцях, была малой, а друкаваць іх не было тэхнічна магчыма бліжэй за Вільню[10]. Тым самым часам нямецкае кіраўніцтва прапаноўвала, апроч увядзення лацінкі, яе раней невядомае рэфармаванне, супраць якога выказваліся некаторыя беларускія дзеячы (напрыклад, Ян Станкевіч)[10].
Пасля гэтага часу ў Беларусі лацінка амаль не ўжывалася, але працягвала развівацца ў эміграцыі. Адным з вядомых пазнейшых надпісаў з’яўляецца надпіс беларускай лацінкай на надгробку ў вёсцы Клюшчаны Астравецкага раёна, зроблены ў сярэдзіне 1970-х[2].
Янка Запруднік у сваёй публікацыі «Транскрыпцыя беларускіх назоваў і прозвішчаў» (Бацькаўшчына, № 8, Мюнхен, 1956) даводзіць, што для таго, каб пазбегнуць скажэнняў у вымаўленні беларускіх прозвішчаў, трэба беларускія назовы пісаць беларускай лацінкай[4].У публікацыі прыводзіцца прыклад таго, што іншыя народы, якія карыстаюцца лацінскім алфавітам, перадаюць свае прозвішчы і геаграфічныя назвы ў іншыя мовы (таксама з лацінскім алфавітам) за рэдкімі выняткамі без ніякіх змен.
Пасля Другой сусветнай вайны беларуская лацінка выкарыстоўвалася беларускай дыяспарай у не-савецкай Еўропе (асабліва ў Заходняй Германіі, таксама пэўныя прыклады ў Польшчы) і ў Амерыцы (пераважна ў ЗША). У 1947—1950 гадах у Лондане выходзіў беларускі грамадска-палітычны двухтыднёвік «Беларус на чужыне». Часопіс выдаваўся на беларускай мове кірыліцай і лацінкай на рататары — машыне трафарэтнага друку[4]. Значнае беларускае кнігавыданне было разгорнутае ў Рыме ў 1940—1970-х гадах, галоўным чынам намаганнямі ксяндза і доктара тэалогіі Пятра Татарыновіча, які з 1950 па 1975 год выдаў 120 нумароў рэлігійнага часопіса «Źnič». Сярод яго выданняў лацінкай акрамя некалькіх перакладаў Святога Пісання, літургічных і багаслоўскіх публікацыяў былі таксама, напрыклад, беларускі пераклад «Quo Vadis?» Генрыка Сянкевіча (1956) і паэма «Калыханка» (Kałychanka) Рыгора Крушыны (1963)[11]. Часопіс беларускіх скаўтаў на чужыне «Рада Кругу» (Rada Kruhu), першы нумар якога выйшаў у 1951 годзе, друкаваўся ў Чыкага лацінкай. Лацінкай выдаваўся навуковы часопіс «Litva» (Літва) (Чыкага, 1967 — каля 1973, рэдактар Вацлаў Пануцэвіч), а ў 1972 годзе таксама ў Чыкага выйшла кніга Вацлава Пануцэвіча «Берасцейская вунія» (Bieraściejskaja vunija)[4].
У 1962 годзе Ян Станкевіч прапанаваў цалкам іншы вы́клад беларускага лацінскага алфавіта.
Oo | Aa | Ee | Bb | Cc | Ćć | Čč | Dd | Ff | Gg |
Hh | Chch | Ii | Jj | Kk | Ll | Łł | Mm | Nn | Ńń |
Pp | Rr | Śś | Šš | Tt | Vv | Uu | Ŭŭ | Dzdz | Dźdź |
Dždž | Zz | Źź | Žž |
У 1964 годзе ў выдавецтве «Заранка» ў Нью-Ёрку выйшаў беларускі лемантар. Прыкладна на дзве траціны ён быў напісаны лацінкай, рэшта — кірыліцай. У лемантары выкарыстоўваецца варыянт лацінкі, вельмі моцна набліжаны да папярэдняга, розніца толькі ў перадачы спалучэння гукаў [ji], які ў лемантары перададзены ў адпаведнасці з вымаўленнем спалучэннем літараў «ji» (krajina, kalajina і г.д.), што характэрна бальшыні заакіянскіх выданняў па-беларуску лацінкай, а не проста «i», як гэта было на тэрыторыі Беларусі[12].
У 1990-х гадах, пасля атрымання Беларуссю незалежнасці, павялічылася цікавасць да беларускай лацінкі. Лацінкай друкаваліся некаторыя артыкулы ў прэсе (Наша Ніва, Arche, Arche-Скарына, Спадчына). У 1993 годзе адзін нумар газеты Наша Ніва быў выдадзены цалкам лацінкай[13].
XXI стагоддзе
У XXI стагоддзі пашырылася выкарыстанне лацінкі ў інтэрнэце. З’яўляюцца прапановы па адмове ад літары ł (для цвёрдага л ужываць літару l, а мяккасць гуку перадаваць як і для астатніх зычных: ль абазначаць літарай ĺ паводле аналогіі з ć, ń, ś і ź), на ўзор Інструкцыі па транслітарацыі геаграфічных назваў[9].
У 2010-х—2020-х гадах у Беларусі выдаюцца кнігі, дзе для беларускага тэксту выкарыстоўваецца беларуская лацінка з прыбранай Ł і выкарыстаннем Ĺ[14][15], такім жа варыянтам лацінкі публікуюцца тэксты грамадска-культурнай тэматыкі ў асобных выданнях[16], падпісваюцца тэксты беларускіх музычных гуртоў[17][18]. Пры гэтым працягваецца паралельнае выкарыстанне лацінкі з Ł[19].
Інструкцыя па транслітарацыі геаграфічных назваў
У 2000 годзе была зацверджана Інструкцыя па транслітарацыі геаграфічных назваў Рэспублікі Беларусь літарамі лацінскага алфавіта — метад запісу лацінскім пісьмом (раманізацыі) беларускага кірылічнага тэксту (у геаграфічных назвах), ухвалены пастановай Дзяржаўнага камітэта па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі Рэспублікі Беларусь (№ 15 ад 23 лістапада 2000 года).[20] Апошнія змены ўносіліся 11 чэрвеня 2007 года. Галоўны спецыяліст сектара картаграфіі Беларускага дзяржаўнага камітэта маёмасці Наталля Аўраменка паведаміла, што інструкцыя па транслітарацыі стваралася на падставе беларускай лацінкі, якая была распрацаваная Браніславам Тарашкевічам[21].
У 2013 годзе Інструкцыя была зацверджаная Працоўнай групай ААН па геаграфічных назвах (United Nations Group of Experts on Geographical Names) у якасці сістэмы транслітарацыі геаграфічных назваў Беларусі[22]. Пасля ўвядзення Інструкцыі выпусцілі карты, а таксама ўсталявалі некалькі лацінкавых шыльдаў у цэнтры Мінска. Пашырэнне выкарыстання Інструкцыі адбылося перад чэмпіянатам свету па хакеі з шайбай 2014 у Мінску. Пасля чэмпіянату свету пашырэнне ўжывання лацінкі ў навігацыі працягнулася. Лацінкай прадубляванае напісанне назваў станцый на схемах Мінскага метрапалітэна, турыстычныя вулічныя карты, указальнікі, шыльды з назвамі вуліц на дамах[23][24]. Інструкцыя па транслітарацыі выкарыстоўваецца для навігацыі ў населеных пунктах па ўсёй Беларусі.
У 2020 годзе, пасля пачатку палітычнага крызісу ў Беларусі, рэжым Лукашэнкі пачаў новую хвалю русіфікацыі грамадства. У 2022 годзе прарасійскія актывісты пачалі заклікаць да забароны беларускай лацінкі і створанай на яе аснове Інструкцыі па транслітарацыі геаграфічных назваў. Высоўваліся прапановы транслітараваць беларускія геаграфічныя назвы з рускай мовы[25]. 8 снежня 2022 года Рэспубліканская рада па гістарычнай палітыцы пры Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі абмеркавала ўжыванне беларускай транслітарацыі, у выніку было вырашана ад яе адмовіцца. У дакладной запісцы за подпісам кіраўніка адміністрацыі Ігара Сергеенкі на адрас Аляксандра Лукашэнкі было адзначана, што «выкарыстанне такога напісання выклікае крытыку з боку навуковай супольнасці, патрыятычна настроеных грамадзян, грамадскіх актывістаў і блогераў», а таксама што праз лацінку адбываецца «навязванне з дапамогай лацінізацыі беларускай мовы заходніх ліберальных каштоўнасцяў і культурных традыцый»[26]. 16 снежня 2022 года Лукашэнка падпісаў даручэнне, паводле якога дзяржаўным органам было загадана спыніць выкарыстанне лацінкі[27]. 24 сакавіка 2023 года Інструкцыя па транслітарацыі была канчаткова скасаваная[28]. Замест яе была зацверджаная Інструкцыя, якая цалкам разрывае традыцыі запісу беларускай мовы лацінскімі літарамі. Так, літара «г» у ёй перадаецца праз «g», а літара «х» праз «h» (Grodna, Halapienichy). Тыя галосныя, якія раней перадаваліся дыякрытыкай, паводле новай Інструкцыі перадаюцца цераз дзве літары: «ж» як «zh», «ш» як «sh», літара «ў» перадаецца як «w». Мяккасць зычных ніяк не абазначаецца[29]. Прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык заявіла пра факт русіфікацыі грамадства, і заклікала працягнуць ужываць лацінку там, дзе гэта дарэчна[30].
Адпаведнасць алфавітаў кірыліцы і лацінкі
Адпаведнасць алфавіта кірыліцы літарам лацінкі | ||||
Кірыліца | Лацінка паводле перыядаў выкарыстання | |||
каля 1840-х — 1920-х гг.[а 1] | каля 1906—1929 гг.[а 2] | каля 1937—1941 гг.[а 3] | Сучаснае напісанне[а 4] | |
Аа | Aa | Aa | ||
Бб | Bb | Bb | ||
Вв | Ww | Ww | Vv | Vv |
Гг | Hh | Hh | ||
Ґґ | Gg | Gg[а 5] | ||
Дд | Dd | Dd | ||
Ее | JEje/IEie[а 6] | JEje/IEie[а 6] | ||
Ёё | JOjo/IOio[а 6] | JOjo/IOio[а 6] | ||
Жж | Żż | Žž | Žž | Žž |
Зз | Zz/Źź | Zz/Źź[а 7] | ||
Іі | Ii | Ii[а 8] | ||
Йй | Jj | Jj | ||
Кк | Kk | Kk | ||
Лл | Ll/Łł[а 9] | Ll/Łł[а 9][а 7] (Ll/Ĺĺ)[а 10] | ||
Мм | Mm | Mm | ||
Нн | Nn/Ńń | Nn/Ńń[а 7] | ||
Оо | Oo | Oo | ||
Пп | Pp | Pp | ||
Рр | Rr | Rr | ||
Сс | Ss/Śś | Ss/Śś[а 7] | ||
Тт | Tt | Tt | ||
Уу | Uu | Uu | ||
Ўў | Uu[а 11] | Ŭŭ | Ŭŭ | Ŭŭ |
Фф | Ff | Ff | ||
Хх | CHch | CHch | ||
Цц | Cc/Ćć | Cc/Ćć[а 7] | ||
Чч | CZcz | Čč | Čč | Čč |
Шш | SZsz | Šš | Šš | Šš |
Ыы | Yy | Yy | ||
Ьь | —[а 7] | —[а 7] | ||
Ээ | Ee | Ee | ||
Юю | JUju/IUiu[а 6] | JUju/IUiu[а 6] | ||
Яя | JAja/IAia[а 6] | JAja/IAia[а 6] | ||
апостраф ’ | не выкарыстоўваецца | не выкарыстоўваецца |
Заўвагі
- Як, напрыклад, у тагачасных творах А. Станкевіча, у 5-м (неафіцыйным) выданні беларускай граматыкі Браніслава Тарашкевіча (1929). Пераход ад CZcz да Čč, SZsz да Šš, адбыўся з 1906 г., упершыню ў выданнях «Загляне сонца…» і «Нашай Нівы».
- Як, напрыклад, у пазнейшых працах Яна Станкевіча.
- Літара з’яўляецца факультатыўнай і таму часам ігнаруецца на карысць Hh, якая можа абазначаць два гукі.
- Варыянт на «Jj» выкарыстоўваецца ў пачатках слоў ці пасля галосных, іначай варыянт на «Ii».
- «Мяккі знак» пазначаецца не асобнай графемай, а, у залежнасці ад месца ў слове, запісам варыянта «Ll» ці знака acute перад месцам мяккага знака.
- У эмігранцкім пасляваенным друку гук [ji] перадаецца спалучэннем літар «ji». Такое напісанне было замацаванае яшчэ ў «Лемантары пераходным з лацініцы на кірыліцу» (1942) Яна Станкевіча. Напрыклад: паіць — pajić, тваіх — tvajich, маім — majim, імёны — jimiony, іншы —jinšy
- Варыянт «Ll» выкарыстоўваецца перад галоснымі «е», «ё», «ю», «я», «і», зычным «л» ці перад мяккім знакам, іначай варыянт «Łł». Увага на розніцу з польскім вымаўленнем «Łł»!
- Варыянт з Ĺĺ выкарыстоўваецца асобнымі выданнямі ў XXI ст. Памякчэнне ў такім выпадку адбываецца на ўзор іншых зычных. Напрыклад: палёт — paliot, боль — boĺ.
- Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч карыстаўся курсіўным запісам літары «Uu» для пазначэння гука, для якога тады не існавала асобнай літары («у нескладовае»).
Цікавыя факты
- Уваход у Нацыянальную бібліятэку Беларусі аздоблены цытатай з Новага Запавету Бібліі, перакладзенай на розныя мовы; апроч іншых, цытата запісаная і лацінкай: «kab čalaviek Božy byŭ daskanalnym, da ŭsiakaha dobraha dziela hatovym». Аднак, у слове «čalaviek» цвёрдасць гука ł не пазначаная, класічнай лацінцы адпавядае напісанне «čałaviek». Таксама напісанне не адпавядае лацінцы, зацверджанай у Інструкцыі па транслітарацыі, бо ў такім выпадку мусіць быць пазначаная мяккасць у слове «daskanaĺnym».
- Лацінкай выкананыя пэўныя помнікі беларускім дзеячам, пахаваным на могілках Росы ў Вільні: Францішку Аляхновічу, братам Івану і Антону Луцкевічам.
- У 2016 годзе ў Вільні ўсталяваная памятная дошка ў гонар Казіміра Сваяка, выкананая лацінкай[31].
- Тэатральная афіша спектакля «Выкраданне Еўропы, альбо Тэатр Уршулі Радзівіл», Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы выкананая беларускай лацінкай[32]. Транслітарацыя прозвішчаў і геаграфічных назваў у англійскай версіі сайта таксама выкананая класічнай лацінкай[32].
Зноскі
Літаратура
Спасылкі
Wikiwand in your browser!
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.