Remove ads
палітык і публіцыст, адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—1864 гадоў на землях Беларусі і Літвы (1838—1864) From Wikipedia, the free encyclopedia
Вінцэ́нт-Канстанці́н Каліноўскі, Касту́сь Каліноўскі[2] (21 студзеня (2 лютага) 1838, Мастаўляны, Літоўскае генерал-губернатарства[1] — 10 (22) сакавіка 1864, Вільня) — палітычны дзеяч, публіцыст, паэт. Адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—1864 гадоў на землях Беларусі і Літвы.
Кастусь Каліноўскі | |
---|---|
польск.: Wincenty Konstanty Kalinowski | |
Нараджэнне |
21 студзеня (2 лютага) 1838 |
Смерць |
10 (22) сакавіка 1864 (26 гадоў) |
Месца пахавання | |
Род | Каліноўскія |
Бацька | Сымон Каліноўскі |
Маці | Вераніка Рыбінская |
Адукацыя |
|
Бітвы | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Нарадзіўся ў вёсцы Мастаўляны Гродзенскага павета, цяпер у Падляскім ваяводстве Польшчы, у сям’і беззямельнага шляхціца.
Род Каліноўскіх герба «Калінава» вядомы з XVII ст. Продкі Каліноўскага амаль сто гадоў валодалі маёнткам Калінава. Пасля продажу маёнтка ў 1835 годзе бацька Вінцэнта-Канстанціна заснаваў у Мастаўлянах ткацкую фабрыку, у 1849 годзе купіў фальварак Якушоўка паблізу мястэчка Свіслач Ваўкавыскага павета, дзе і прайшло дзяцінства Вінцэнта-Канстанціна.
У 1847—1852 гадах будучы рэвалюцыянер атрымаў першапачатковую адукацыю ў Свіслацкім павятовым вучылішчы, пасля заканчэння якога некалькі год пражыў у бацькавым фальварку Якушоўка, дапамагаў па гаспадарчых клопатах і, відавочна, займаўся самаадукацыяй. Вялікі ўплыў на Канстанціна Каліноўскага меў старэйшы брат Віктар Каліноўскі, які вучыўся ў Маскоўскім універсітэце і даследаваў па даручэнні Віленскай археалагічнай камісіі старадаўнія беларускія рукапісы.
У 1856 годзе паступіў на юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта на камеральныя навукі. На працягу навучання ва ўніверсітэце Каліноўскі прымаў удзел у дзейнасці нелегальных студэнцкіх гурткоў, разам з братам быў сябрам таемнай ваенна-рэвалюцыйнай арганізацыі афіцэраў Генштаба, якую ачольвалі Зыгмунт Серакоўскі і Яраслаў Дамброўскі.
Неўзабаве пасля атрымання ўніверсітэцкага дыплому са ступенню кандыдата права, на пачатку вясны 1861 годзе Каліноўскі вярнуўся на радзіму і распачаў стварэнне на Гародзеншчыне рэвалюцыйнай арганізацыі. Кастусь ездзіў па навакольных вёсках і мястэчках, дзе вёў прапаганду сярод сялян і агітаваў іх да паўстання.
Паводле сваіх ідэйных перакананняў Каліноўскі быў рэвалюцыйным дэмакратам, выступаў за звяржэнне самадзяржаўя, скасаванне абшарніцкага землеўладання. Ён лічыў, што толькі шырокі ўдзел у будучым паўстанні сялянства можа забяспечыць перамогу. У гэтым рэчышчы і вялася Каліноўскім агітацыйная праца.
Улетку 1862 года Каліноўскі разам з паплечнікамі з Гарадзенскай рэвалюцыйнай арганізацыі Феліксам Ражанскім, Станіславам Сангінам, Станіславам Сільвестровічам і Валерам Урублеўскім распачаў выпуск «Мужыцкай праўды» — першай газеты на сучаснай беларускай мове. Усяго той газеты выйшла сем нумароў. Яна крытыкавала палітыку імперскіх уладаў, тлумачыла сітуацыю ў краіне, крытыкавала царскі маніфест аб скасаванні прыгону, заклікала сялян да змагання. Кожны нумар «Мужыцкай праўды» быў нязменна падпісаны псеўданімам Каліноўскага «Яська-гаспадар з-пад Вільні».
У 1862 г. Каліноўскі ўжо ўваходзіў у склад Літоўскага правінцыяльнага камітэта (ЛПК) — цэнтральнага органа падрыхтоўкі паўстання на тэрыторыі Паўночна-Заходняга края (цяпер — тэрыторыя паўночнай Літвы і Заходняй Беларусі). А ўвосень таго ж года стаў яго старшынёй. Кастусь стаяў на чале часткі рэвалюцыянераў, якіх адрозна ад лібералаў («белых») звалі «чырвонымі». Гэты напрамак вызваленчага руху прадугледжваў дэмакратычную рэспубліку, перадачу зямлі сялянам, самавызначэнне народаў былой Рэчы Паспалітай. «Белыя» ж бачылі галоўнай мэтай паўстання толькі аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 года.
20 студзеня (1 лютага) 1863 года ўзначаліў створаны замест ЛПК Часовы правінцыяльны ўрад Літвы і Беларусі. Аднак старшынстваваў Каліноўскі ў віленскім паўстанцкім камітэце нядоўга. Неўзабаве пасля выбуху паўстання, варшаўскі цэнтр і мясцовыя памешчыкі дамагліся роспуску ЛПК. Каліноўскага накіравалі на родную Гродзеншчыну на пасаду паўстанцкага камісара ваяводства.
Актыўная праца Каліноўскага ва ўмовах паўстання на пасадзе ваяводскага камісара паспрыяла таму, што менавіта на Гродзеншчыне інсургенты мелі найбольш баяздольную, магутную арганізацыю, прыцягнулі да барацьбы шмат сялян. Іншыя гісторыкі лічаць, што прычынай гэтага была найбольш высокая доля ў гэтым рэгіёне польскага насельніцтва. На ўсходзе сялянства ў асноўным не падтрымала паўстання і нават былі створаны сялянскія атрады для барацьбы з паўстанцамі.
У чэрвені 1863 года праз поспехі царскіх войскаў і масавыя арышты паўстанцаў Каліноўскі вымушаны вярнуцца ў Вільню, дзе дзейнічаў пад канспірацыйнымі прозвішчамі Макарэвіч, Чарнецкі, Хамовіч, Хамуціус. Там ён увайшоў у Выканаўчы аддзел Літвы, які ўзначаліў пасля арышту Старшыні камітэта Якуба Гейштара, фактычна стаўшы і галоўным кіраўніком паўстання. Цікава, што ваенную секцыю Выканаўчага аддзела Літвы ўзначальваў Юзаф Каліноўскі, найбліжэйшы памочнік Кастуся Каліноўскага, які пазней быў абвешчаны святым (св. Рафал). Па меркаваннях некаторых даследчыкаў і краязнаўцаў Юзаф Каліноўскі даводзіўся сваяком Кастусю Каліноўскаму[3]. У Вільні Кастусь Каліноўскі зноў бярэ цэнтральнае кіраванне ў свае рукі. Спрабуючы рэанімаваць паўстанне, Кастусь выдаў «Прыказ да народу зямлі літоўскай і беларускай». Аднак было позна. Паўстанне на тэрыторыі Паўночна-Заходняга края ўжо было ў асноўным падаўлена. Асноўныя сілы паўстанцаў былі разбітыя царскімі атрадамі пры дапамозе часткі беларускіх сялян.
З восені 1863 г. К. Каліноўскі сканцэнтраваў намаганні на назапашванні сіл для новага выступлення ўвесну. Але, выдадзены камісарам Магілёўскай губерні Вітаўтам Парфяновічам, ён быў у ноч на 29 студзеня 1864 года схоплены царскімі жандарамі ў Святаянскіх мурах (побач з саборам Св. Яна), дзе хаваўся пад імем Ігната Вітажэнца.
Падчас следства і суду Кастусь Каліноўскі цвёрда стаяў на сваёй пазіцыі і адмаўляўся супрацоўнічаць са следствам. Даўшы паказанні па сваёй уласнай дзейнасці, ён адмовіўся даваць інфармацыю па іншых асобах, якія цікавілі следчую камісію, матывуючы гэта так: «…грамадская адкрытасць з’яўляецца станоўчай рысай асобы, але шпіёнства апаганьвае чалавека… мае паказанні па [іншых] асобах… не могуць спрыяць замірэнню краю… …усведамленне гонару, уласнай годнасці і таго становішча, якое я займаў у грамадстве, не дазваляюць мне ісці па іншым шляху.»[4]
Царскі ваенна-палявы суд вынес пастанову: пакараць Каліноўскага смерцю на шыбеніцы. 22 сакавіка Кастусь Каліноўскі быў публічна павешаны на гандлёвай плошчы Лукішкі ў Вільні. Таемна пахаваны на Гедзімінавай (Замкавай) гары ў Вільні, побач з іншымі лідарамі і ўдзельнікамі паўстання, забітымі на загад расійскай акупацыйнай улады. Усе магілы былі зроўнены з зямлёй.
З турмы Каліноўскі перадаў на волю «Лісты з-пад шыбеніцы»:
«…
Браты мае, мужыкі родныя. З-пад шыбеніцы маскоўскай прыходзіць мне да вас пісаці, і, можа, раз астатні. Горка пакінуць зямельку родную і цябе, дарагі мой народзе. Грудзі застогнуць, забаліць сэрца, — но не жаль згінуць за тваю праўду… Няма ш, браткі, большага шчасця на гэтым свеце, як калі чалавек у галаве мае розум і науку… Но як дзень з ноччу не ходзіць разам, так не ідзе разам наука праўдзіва з няволяй маскоўскай. Дапокуль яна ў нас будзе, у нас нічога не будзе, не будзе праўды, багацтва і ніякай наукі, — адно намі, як скацінай, варочаць будуць не для дабра, но на пагібель нашу… Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, Народзе, што тагды толькі зажывеш шчасліва, калі над табою Маскаля ўжэ не будзе.
Твой слуга
Яська-гаспадар з-пад Вільні»
У кастрычніку 1862 года падчас канфліктаў з палякамі паўстаў нумар «Мужыцкай праўды», які аднак з нейкіх прычынаў не надрукавалі. Гэты варыянт з’яўляецца ўнікальным і вылучаецца з усёй серыі, бо тлумачыць сялянам, як раней называлася іхняя краіна і якую назву мае тутэйшы народ[5][6]:
Вы, Дзецюкі, пэўне, не ведаеце, хто вы такія, як называецца гэта зямля на якой нашы бацькі жылі <…> Зямля наша з вякоў вечных называецца літоўская, а мы то называемся Літоўцы.
Кастусь Каліноўскі — адзін з самых вядомых прадстаўнікоў беларускай нацыі ў свеце[7]. Кастусь Каліноўскі лічыцца нацыянальным героем Беларусі, хоць нацыянальная яго прыналежнасць аспрэчваецца ў розных гістарыяграфіях (польскай, беларускай, літоўскай).
У польскай гістарыяграфіі паўстанне на беларускіх і літоўскіх землях не прыцягвае такой увагі, як падзеі ў Польшчы і сусветны кантэкст паўстання, а асоба Каліноўскага выдзяляецца за незвычайнасць, але яго перакананні ў нацыянальным пытанні звычайна класіфікуюцца як польскія або «краёвыя».[8]
У беларускай гістарыяграфіі, на момант 2000-х гг., ступень навуковай распрацоўкі тэмы паўстання і асобы Каліноўскага па-ранейшаму характарызуюцца слабой апорай на архіўныя крыніцы і моцнай публіцызаванасцю і палітызаванасцю на шкоду навуковасці.[9].
Рэвалюцыйная дзейнасць Каліноўскага ацэньваецца, між іншым, як звышрадыкальная[10].
Гісторык і галоўны рэдактар часопіса «Беларуская думка» Вадзім Гігін паказвае, што Каліноўскі не можа з’яўляцца нацыянальным героем Беларусі, і што легенду стварылі бальшавікі, якім быў патрэбны сялянскі беларускі герой[11].
Палітык Зянон Пазняк гаворыць, што Каліноўскі — гэта чалавек, які сцвердзіў беларускую нацыю. Уся шляхта, якая змагалася за свабоду, змагалася за свабоду Рэчы Паспалітай. У іх не было нацыянальнай ідэі, яны змагаліся на польскай мове. Каліноўскі адлюстраваў нацыянальную ідэю для інтэлігенцыі, якая за мову і за адраджэнне Беларусі. На яго думку, без Каліноўскага ўсяго гэтага магло б і не быць[12].
Гісторык і палітык Ігар Марзалюк, сказаў пра Каліноўскага, што ён патрыёт і грамадзянін трох сучасных народаў. Для кагосьці ён «польскі Рабесп’ер», для кагосьці ён — пачынальнік беларускага каталіцкага руху, для кагосьці — проста беларускі патрыёт, а для кагосьці — грамадзянін гістарычнай Літвы[13].
Гісторык Алесь Краўцэвіч адзначыў, што гэта адзіная асоба, адзіны сапраўды нацыянальны герой, які прысутнічае ў масавай свядомасці Беларусі. Незалежна ад узросту, поглядаў, палітычных перакананняў. Гэта адзіны герой, які дастаўся незалежнай Беларусі ў спадчыну ад савецкай Беларусі[14].
Віцэ-прэм’ер Беларусі Ігар Петрышэнка падкрэсліў знакавасць таго, што паролем пастаўнцаў Каліноўскага было: «Каго любіш? Люблю Беларусь». Ён сказаў, што гэта асоба назаўжды ўпісана ў гісторыю Беларусі[15].
Паводле даследавання Беларускага інстытута публічнай гісторыі «Беларускія падручнікі па гісторыі як люстэрка дзяржаўнай гістарычнай палітыкі» (2024), пасля 2020 года з некаторых новых выданняў падручнікаў па гісторыі Беларусі прыбралі партрэт Кастуся Каліноўскага, які быў у падручніках нават у часы БССР, а таксама найменне паўстання 1863-1863 гадоў як "паўстання Кастуся Каліноўскага", што было ў ранейшых выданнях. Таксама з некаторых новых выданняў падручнікаў прыбралі згадкі газеты «Мужыцкая праўда» і «Лістоў з-пад шыбеніцы».[16]
У гонар К. Каліноўскага названыя вуліцы ў Мінску (1963), Гродна і іншых гарадах Беларусі, а таксама гімназія № 1 у г. Свіслач. Там жа яму ўсталяваны адзіны ў Беларусі помнік.
У Вільні на Лукішскай плошчы, дзе расійскія карнікі павесілі К. Каліноўскага, у яго гонар усталявалі мемарыял у выглядзе пліты і драўлянага крыжа. У 2008—2009 гадах Віленскае самакіраванне пастанавіла правесці рэканструкцыю пляцу. У фінал конкурсу выйшла 7 праектаў, але толькі адзін з іх прадугледжваў захаванне помніка ўдзельнікам нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863—1864 гадоў. Беларуская дзяржава не выказала зацікаўленасці ў абароне помніка, таму існавала імавернасць, што помнік ліквідуюць[17]. 22 сакавіка 2009 года на Лукішскай плошчы адбылася акцыя ўшанавання памяці герояў супраць зносу мемарыялу[18].
У 1926 годзе ў Мінску колішнюю Кацярынінскую вуліцу перайменавалі ў гонар К. Каліноўскага[19], а ў 1928 годзе ў БССР знялі мастацкі фільм «Кастусь Каліноўскі», у якім распавядалася пра кіраўніка паўстання 1863—1864 гадоў.
У 1943 годзе ў гонар Кастуся Каліноўскага была названая савецкая партызанская брыгада, якая з’яўлялася адным з найбольш актыўных злучэнняў у ваколіцах Гродна і Беластока.[20][21] У ёй таксама змагаўся пісьменнік Аляксей Карпюк.[22]
З пачатку 1990-х гадоў выказванне К. Каліноўскага «Не народ для ўрада, а ўрад для народа» змяшчаецца ў якасці эпіграфу на першай старонцы газеты «Рэспубліка».
У 1993 годзе ў Вільні на сцяне касцёла Святога Духа, дзе ў былым дамініканскім кляштары трымалі ў зняволенні Кастуся Каліноўскага, з боку вуліцы Ігнатаўскай паставілі мемарыяльную дошку ў памяць кіраўніка паўстання[23].
Указ прэзідэнта Беларусі ад 15 студзеня 1996 года № 26 зацвердзіў Ордэн Кастуся Каліноўскага[24], палажэнне аб якім прынялі яшчэ ў 1995 годзе[25]. У наш час узнагарода не выкарыстоўваецца, але пры гэтым не выходзіла адпаведнай пастановы аб яе скасаванні[26].
Падчас Уварвання Расіі ва Украіну ў 2022 годзе беларускія добраахвотнікі стварылі батальён імя Каліноўскага для абароны Кіева.[27]
26 сакавіка 2022 года каля будынку сабора Святога Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку адбылося ўрачыстае адкрыццё бюстаў Тадэвушу Касцюшку і Кастусю Каліноўскаму. Аўтар бюстаў — скульптар Гэнік Лойка.[28]
У сакавіку 2024 г. да дня 160-й гадавіны пакараньня сьмерцю Кастуся Каліноўскага на тэрыторыі францішканскага кляштара ў Вільні адкрылі паўстанцам Кастусю Каліноўскаму, Зыгмунту Серакоўскаму і Цітусу Далеўскаму.[29]
У ліпені 2024 г. у Чарнігаве на вуліцы Кастуся Каліноўскага размясцілі мемарыяльную дошку ў гонар яго.[30]
У лютым 2016 года на гары Гедыміна ў Вільні здарыўся апоўзень, які паўтарыўся ў кастрычніку. Трэба было тэрмінова «звязаць» грунтовыя расколіны, каб будаўнікі маглі пачаць ліквідацыю наступстваў. З улікам гістарычнай значнасці месца наперад пусцілі археолагаў. Раскопкі пачаліся ў студзені 2017 года, і ўжо праз некалькі дзён адкрылася першая пахавальная яма. Даследчыкі Віленскага ўніверсітэта да пачатку 2019 года прыйшлі да высновы, што з вялікай доляй верагоднасці тут былі знойдзены парэшткі Кастуся Каліноўскага[31][32].
Як расказаў археолаг Гіціс Грыжас:[33]
Гэта быў мужчына 25–26 гадоў. Ён ляжаў на баку, рукі за спінай звязаныя, цела аблітае вапнай. Пры ім знайшлі некаторыя прадметы: фрагменты абутку, гузікі, медальён з выявай Маці Божай Вастрабрамскай, а таксама раскладны медальён, унутры якога з аднаго боку крыжык з Хрыстом, з другога — моцна выцертыя, але пазнавальныя абрысы святога Казіміра. |
Замаскаваныя магілы паўстанцаў, якія знайшлі археолагі, былі супольныя і індывідуальныя. Выглядае, што іх зраўнялі з зямлёй знарок — каб не ператварыць у месца паломніцтва[33].
Пасля дадатковага даследавання факт знаходкі парэшткаў К. Каліноўскага быў пацверджаны[34]. Парэшткі Кастуся Каліноўскага ідэнтыфікавалі дзякуючы супадзенню спосабу пакарання, месца і характару пахавання, узросту, а таксама праз параўнанне чэрапа з фатаздымкамі. Але для канчатковай упэўненасці патрэбная генетычная экспертыза[35].
Была ўтвораная дзяржаўная камісія ў справе перапахавання парэшткаў паўстанцаў, якую ўзначаліў прэм’ер-міністр Літвы Саўлюс Скверняліс[36]. Прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі звярнуліся да кіраўніцтва Літвы з просьбай пахаваць Кастуся Каліноўскага ў Беларусі[37], што выклікала неадназначную рэакцыю ў краіне.
Літоўскія ўлады вырашылі ўрачыста перапахаваць паўстанцаў на могілках Росы у Вільні. Перапахаванне К. Каліноўскага і іншых паўстанцаў адбылося 22 лістапада 2019 года[38].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.