From Wikipedia, the free encyclopedia
31 снежня 2019 года некалькі сотняў пратэстоўцаў атакавалі пасольства ЗША ў Багдадзе. За некалькі дзён да інцыдэнту амерыканскія ВПС разбамбілі пяць аб’ектаў апалчэння «Катаіб Хезбала» і іншых шыіцкіх рухаў у Сірыі і Іраку, што і паслужыла падставай да нападу на дыпмісію.
Увечары 27 снежня была абстраляна ваенная база К1, размешчаная непадалёк ад іракскага горада Кіркук, падчас чаго загінуў адзін грамадзянскі падрадчык, які меў амерыканскае грамадзянства[1]. Урад ЗША абвінаваціў у здарэнні шыіцкую праіранскую групоўку «Катаіб Хезбала», якая раней змагалася разам з іракскай урадавай арміяй супраць ІДІЛ. Неўзабаве амерыканская авіяцыя нанесла авіяўдары па пяці аб’ектах апалчэнняў у Іраку і Сірыі, забіўшы некалькіх чалавек. Пахаванне загінулых ад бамбардзіровак паступова перарасло ў мітынг[2].
31 снежня ад некалькіх соцень да тысяч прыхільнікаў шыіцкай міліцыі «Аль-Хашд аш-Шаабі» ў квартале дыппрадстаўніцтваў Ірака выйшлі на акцыю пратэсту супраць амерыканскіх дзеянняў. Іракцы запатрабавалі ад урада краіны закрыць амерыканскае пасольства ці хаця б панізіць узровень дыпадносінаў з ЗША за дзеянні, якія не былі ўзгоднены з іракскімі ўладамі. Найбольш актыўныя мітынгоўцы пачалі закідваць тэрыторыю, на якой размешчана дыпмісія ЗША, бутэлькамі з запальнай сумессю. Дзесяткі чалавек пайшлі на штурм аб’екта. Пратэстоўцы, забраўшыся на сцяну, змагли трапіць у будынак, на тэрыторыі якога, як адзначалі відавочцы, былі чутны стрэлы і бачны пошугі полымя[3].
Маніфестанты выкарыстоўвалі балончыкі з фарбай, паспеўшы пакрыць сцены пабудоў пасольскага комплексу надпісамі ў падтрымку партыі «Хезбала». Пратэстоўцы выкрыквалі антыамерыканскія лозунгі і палілі партрэты прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. Аднак сцены пасольства досыць надзейна ўмацаваны, і асноўная частка пратэстуючых са сцягамі і транспарантамі мітынгавала на вуліцы. Пры гэтым, нягледзячы на тое, што ў натоўпе былі людзі ў ваеннай форме, зброі пры іх не было[4].
На даху былі бачны амерыканскія вайскоўцы — як мяркуецца, марскія пехацінцы, якія накіравалі зброю на дэманстрантаў, але стралялі толькі ў паветра. У сувязі з асцярогай за бяспеку дыпламаты былі эвакуіраваны ў бяспечнае месца[4].
На падаўленне бунту была накіравана паліцыя. Паліцыянты ўжылі супраць актывістаў слёзатачывы газ і іншыя спецсродкі[3]. У выніку налёту каля 20 чалавек атрымалі раненні[5].
Пасля нападу Пентагон заявіў, што накіруе ў Ірак 750 ваеннаслужачых для ўзмацнення аховы дыпмісіі. Да 1 студзеня 2020 года з Кувейта прыбылі першыя сто марпехаў[6].
У сувязі з нападам дзяржсакратар ЗША Майк Пампеа адклаў візіт ва Украіну, Беларусь, Казахстан, Узбекістан і Кіпр. Адмена паездкі тлумачылася неабходнасцю заставацца ў Вашынгтоне, каб сачыць за сітуацыяй у Іраку і забяспечваць бяспеку амерыканскіх грамадзян на Блізкім Усходзе[7].
3 студзеня амерыканская авіяцыя нанесла авіяўдар па міжнародным аэрапорце Багдада, у адказ на напад на пасольства ў Іраку. У выніку бамбардзіроўкі загінулі іранскі генерал Касем Сулеймані і камандзір іракскай групоўкі шыіцкіх апалчэнцаў «Сілы народнай мабілізацыі» і кіраўнік «Катаіб Хезбала» Абу Махдзі Аль-Мухандзіс[8][9]. У той жа дзень два найбуйнейшых блока ў парламенце Ірака — «Саірун» і «аль-Фатх» — заклікалі прыняць закон аб вывадзе замежных войск з тэрыторыі краіны[10].
Амерыканская атака прывяла да эскалацыі амерыкана-іранскага канфлікту. З-за гэтага падчас сусветных таргоў нафта падаражэла да максімуму з верасня 2019 года (у сярэднім на 4%)[11][12].
4 студзеня ля будынка пасольства ЗША адбыўся выбух. Інфармацыі аб забітых і параненых няма. Разам з тым, бліжэйшыя тэрыторыі штаба сіл бяспекі Ірака падвергнуліся мінамётнаму абстрэлу. Інцыдэнт адбыўся на поўначы краіны ў правінцыі Найнава. Удакладнялася, што невядомыя абстралялі ўрадавыя будынкі каля штаба, якія выкарыстоўваўся вайскоўцамі ЗША. Акрамя таго, ракетным ударам падвергліся квартал аль-Джадрыя і таксама размешчаная на поўначы ваенная база «Балада», якую выкарыстоўвалі амерыканскія сілы[13].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.