літара кірыліцы From Wikipedia, the free encyclopedia
Ў (у нескладовае) — 22-я літара беларускага кірылічнага алфавіта, якой няма ў іншых кірылічных алфавітах славянскіх моў, хоць літара ёсць і ва ўкраінскай мовазнаўчай літаратуры[1], а таксама ўжываецца ў некалькіх мовах народнасцей былога СССР, для якіх савецкімі мовазнаўцамі былі распрацаваны варыянты кірылічнай азбукі (узбекская, дунганская, асецінская, эскімоская мовы).
Кірылічны алфавіт | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
Кірыліца | |||||||
А | Б | В | Г | Ґ | Д | Ђ | |
Ѓ | Е | (Ѐ) | Ё | Є | Ж | З | |
Ѕ | И | (Ѝ) | І | Ї | Й | Ј | |
К | Л | Љ | М | Н | Њ | О | |
П | Р | С | Т | Ћ | Ќ | У | |
Ў | Ф | Х | Ц | Ч | Џ | Ш | |
Щ | Ъ | Ы | Ь | Э | Ю | Я | |
Гістарычныя літары | |||||||
(Ҁ) | (Ѹ) | Ѡ | (Ѿ) | (Ѻ) | Ѣ | Ꙗ | |
Ѥ | Ꙉ | ІѢ | Ѧ | Ѫ | Ѩ | Ѭ | |
Ѯ | Ѱ | Ѳ | Ѵ | (Ѷ) | Ын | Ꚉ | |
Літары неславянскіх моў | |||||||
Ӑ | Ӓ | Ә | Ӛ | Ӕ | Ғ | Ӷ | |
Ҕ | Ӗ | Ҽ | Ҿ | Ӂ | Җ | Ӝ | |
Ҙ | Ӟ | Ӡ | Ӥ | Ӣ | Ӏ | Ҋ | |
Қ | Ҟ | Ҡ | Ӄ | Ҝ | Ԟ | Ӆ | |
Ӎ | Ҥ | Ң | Ӊ | Ӈ | Ӧ | Ө | |
Ӫ | Ҩ | Ҧ | Ҏ | Ҫ | Ҭ | Ӳ | |
Ӱ | Ӯ | Ү | Ұ | Ҳ | Һ | Ҵ | |
Ӵ | Ҷ | Ӌ | Ҹ | Ӹ | Ҍ | Ӭ | |
Заўвага. Знакі у дужках не маюць статусу (самастойных) літар. |
Гук [ў] — звонкі лабіявелярны паўгалосны (англ.: voiced labiovelar semivowel)[2].
Лічыцца, што падставай з’яўлення гуку [ў] на месцы этымалагічнага [в] (кроў, праўда) была наяўнасць у старабеларускіх дыялектах губна-губнога [w] супраць губна-зубнога [в] (або [v]) у рускіх і палякаў, а прычынаю — падзенне рэдукаваных [ъ], [ь][3][4]. Дакладна невядома, калі адбыўся дадзены пераход, але ўжо ў грамаце 1229 года пісалася: оутвєрдять; уꙁдоумалъ; оу риꙁє; оу роусе; оустоко (усток); оу смольнєскь; оуꙁяти; наоуспять і г.д.[5][6]
Даўней [у] пісалася амаль так, як і прынята ў сучаснай беларускай мове — пасля зычных — «у складовае»: «будучи дей у мене» (Акты, 1600 г.), а пасля галосных «в» замест «у нескладовага»: «добре в парсуну познавши» (Акты, 1569 г.); «злого вмыслу» (Акты, 1569 г.)[7].
Графічна літара «ў» паходзіць ад зліцця іжыцы з брэвісам (Іереѵ̆ская власть, пучина Егеѵ̆ская і да т. п.), што выкарыстоўвалася ў некаторых старабеларускіх выданнях XVI — пачатку XVII стагоддзяў[крыніца?]. Пазней гэты сімвал ужываўся ў румынскай кірыліцы , адкуль яе ў 1837 годзе запазычылі складальнікі зборкі ўкраінскай паэзіі «Русалка Днѣстровая ». У прадмове аўтары, між іншым, пісалі[8]: «…мы прынялі сербскае џ… і валоскае ў…». У гэтай кнізе «ў» выкарыстоўвалі, у асноўным, на месцы этымалагічнага [л], там, дзе гэты гук ужо ператварыўся ў гук [ў] ва ўкраінскай мове[9].
Упершыню ў сучаснай беларускай мове асобная літара для гука [w] з’явілася ў сярэдзіне XIX стагоддзя ў беларускай лацінцы ў розных варыянтах — «ú», «курсіўнае u», «u з гачакам» («ǔ»), «w̆», «ŭ». У вершаванай брашуры Яна Чачота «Da milych mužyczkoú», якая была выдадзена ў 1846 годзе, літара выглядала як u з рыскай — ú. Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч выкарыстоўваў курсіўнае u (у адрозненне ад звыклага u для галоснага гука [u], напрыклад: jon umieu). Звычайная u на месцы нескладовай змешчаная ў публікацыях Кастуся Каліноўскага 1862—1863 гадоў. Сустракаюцца таксама варыянты «u з гачакам» («ǔ»)[10]. «W з брэвісам» («w̆») выкарыстоўваў Браніслаў Эпімах-Шыпіла (1889). У 1897 выдаецца першы том «Люду беларускага» этнографа Міхала Федароўскага; ва ўсім шматтомніку багата аўтэнтычных тэкстаў, запісаных Федароўскім беларускай лацінкай. У гэтых запісах у пазіцыі пасля галосных гук [w] (у нескладовае) перадаецца як «u̯» (напрыклад: kazau̯; pierapau̯zła; jak u̯ziau̯ by u̯ ruku; uhledzieu̯), у той час як «ŭ» выкарыстоўвалася для вельмі кароткага (і ў шпаркай мове выпадаючага) [у] (напрыклад, pakazŭwaj; padwiazŭwaje; panakruczŭwała, dziakŭwać Bohu).
Доўгі час лічылася, што свой сучасны выгляд — «ŭ» — літара набыла ў кракаўскім выданні «Dudka Białaruskaja» 1891 года Францішка Багушэвіча[10]. Цяпер вядома, аднак, што этнограф і выдавец Аляксандр Рыпінскі ўжываў літару «ŭ» у беларускіх тэкстах кніг, выдадзеных у Лондане ў 1853-54 гг.,[11][12] а яшчэ раней Габрыэль Асоўскі скарыстаўся ёю ў рэпліках беларускамоўнага персанажа ў рамане «Таямнічае даміно» (1845).[13]
Не пазней за 1870 год асобная літара для гука [w] трапіла ў беларускую кірыліцу. У 1870 годзе выкарыстоўваць камбінацыю «у з брэвісам» як адпаведнік лацінкавай «ŭ» для беларускай мовы прапанаваў расійскі даследчык фальклору Пётр Бяссонаў[10] (ён таксама выкарыстоўваў «ў» у кнізе «Белорусские песни» выдання 1871 года, напрыклад: «я чуў, шоўкову хустку, скарбу жаловаў, а нашаму пану ўсё повялося»). У 1874 годзе этнограф Павел Шэйн выдае кнігу «Белорусские народные песни», у якой аўтарскі тэкст на рускай мове, але перадача аўтэнтычных тэкстаў беларускіх песень па-беларуску. У кнізе паслядоўна ўжываецца літара «ў», напрыклад: «не даў, слаўны, жоўтымъ зярномъ, а ўзяў вутку, заўтра раненька, нясуць намъ бутэлькі поўненькі». Ужываецца «ў» і ў «Смаленскім этнаграфічным зборніку» Уладзіміра Дабравольскага, выдадзеным у 1891 годзе ў Санкт-Пецярбургу: «мужикъ параіў, пра то ня вѣдаў, даўжок, узяў, яны ня ўси». Сярод ранніх выпадкаў ужывання кірылічнай літары «ў» — апублікаваная ў Санкт-Пецярбургу ў 1895 годзе брашура з вершам — A.J. (Александр Ельский) «Сынокъ! Расказъ зъ праўдзиваго здарэньня… 1895 року». Ёсць літара «ў» і ў пасмяротным выданні Янкі Лучыны «Вязанка» (1903). Да 1907 года «ў» пачало ўжывацца ў беларускай кірыліцы больш-менш паслядоўна.
У першай трэці XX стагоддзя, у сувязі з правядзеннем палітыкі беларусізацыі ў БССР, вакол правапісу беларускай мовы вяліся працяглыя дыскусіі, сярод іншых, ставілася пытанне наконт мэтазгоднасці пазначэння ці не пазначэння на пісьме літары «ў». Супраць пазначэння скарачэння на пісьме літары выказваўся, у прыватнасці, Язэп Лёсік. У выніку правапісная камісія 1926 года пастанавіла: не пазначаць у пісанні пазіцыйнага чаргавання «і»/«й» (даволі й гэтага -> даволі і гэтага), але пазначаць чаргаванне «у»/«ў» (за выняткам запазычаных словаў і ўласных найменняў)[14]. Гэтыя пастановы ў 1933 годзе былі ўнесены ў новы правапіс.
Літара «ў» уяўляе сабой звонкі лабіявеларны паўгалосны гук (англ.: voiced labiovelar semivowel). У адрозненне ад галоснага «у», ён з’яўляецца зычным. Вымаўляецца гэты гук прыблізна таксама, як англійскі [w] у [now].
Літара «ў» пішацца пасля галосных пры чаргаванні: «у» з «ў», «в» з «ў» і «л» з «ў» — у беларускай мове (умовы — ва ўмовах, карова — кароў, дала — даў) ці ў параўнанні з рускай (рус. клоун — бел. клоўн, рус. лавка — бел. лаўка, рус. волк — бел. воўк).
Чаргаванне адбываецца (за выключэннем некаторых выпадкаў):
У вершаванай мове для захавання рытму часам дапускаюцца адступленні ад нормаў ужывання «у»/«ў»:
На шырокім, на далёкім
Буйным полі
Вырастаюць згодна кветкі
І гуголле.
Людзі рвуць і топчуць кветкі
Без патолі,
А гуголь расце, не дбае,
Ў поўнай волі.
Ой, ці ж вам не ўцяміць, людзі,
Ўжо ніколі,
Што не кветкі трэба рваці,
А гуголле?!
Я. Купала (1921)
Чаргаванне не адбываецца:
Чаргаванне адбываецца перад зычнымі і на канцы слоў у большасці славянскіх і неславянскіх слоў: лаўка, кроў, маўр, Аўрора.
Чаргаванне адбываецца перад зычнымі ў большасці славянскіх слоў і некаторых неславянскіх словах: воўк, моўчкі, паўметра; на канцы слоў — у формах мінулага часу: даў.
«У» прысутнічае таксама ў некаторых неславянскіх кірылічных алфавітах.
У верасні 2003 года, у час дзясятых святкаванняў «Дня беларускага пісьменства» полацкія гарадскія ўлады ўстанавілі ў найстарэйшым горадзе Беларусі помнік у гонар гэтай унікальнай літары[17]. Ён зроблены ў выглядзе стэлы, на гранях якой размешчаны рэльефныя выявы літары. Помнік можа служыць сонечным гадзіннікам. Першапачатковая ідэя помніка належыць беларускаму каліграфу прафесару Паўлу Семчанку, які шмат гадоў вывучае мастацкія шрыфты.
Кадзіроўка | Рэгістр | Дзесятковы код | Шаснаццатковы код | Васьмярковы код | Двайковы код |
---|---|---|---|---|---|
Юнікод (маналітны) | Вялікая | 1038 | 040E | 002016 | 00000100 00001110 |
Маленькая | 1118 | 045E | 002136 | 00000100 01011110 | |
Юнікод (раскладанне) | Вялікая | 69403398 | 0423 0306 | 00410601406 | 00000100 00100011 00000011 00000110 |
Маленькая | 71500550 | 0443 0306 | 00420601406 | 00000100 01000011 00000011 00000110 | |
ISO 8859-5 | Вялікая | 174 | AE | 256 | 10101110 |
Маленькая | 254 | FE | 375 | 11111110 | |
KOI 8 (нек. вар.) | Вялікая | 190 | BE | 276 | 10111110 |
Маленькая | 174 | AE | 256 | 10101110 | |
Windows 1251 | Вялікая | 161 | A1 | 241 | 10100001 |
Маленькая | 162 | A2 | 242 | 10100010 |
У HTML вялікая літара «Ў» запісваецца «Ў»(«Ў»), маленькая «ў» — «ў»(«ў»).
Стандартная раскладка беларускай клавіятуры мае наступны выгляд[18]:
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.