беларускі паэт, грамадскі дзеяч (1840—1900) From Wikipedia, the free encyclopedia
Франці́шак Бенеды́кт Казімі́равіч Багушэ́віч (21 сакавіка 1840, фальварак Свіраны, Віленская губерня — 28 красавіка 1900, вёска Кушляны, Віленская губерня) — беларускі грамадскі дзеяч, паэт, празаік, публіцыст і перакладчык. Адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, яе класік.
Францішак Багушэвіч | |
---|---|
Францішак Бенедыкт Багушэвіч | |
Асабістыя звесткі | |
Імя пры нараджэнні | Францішак Бенедыкт Казіміравіч Багушэвіч |
Псеўданімы | Мацей Бурачок, Сымон Рэўка з-пад Барысава |
Дата нараджэння | 9 (21) сакавіка 1840 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 15 (28) красавіка 1900 (60 гадоў) |
Месца смерці | |
Пахаванне | |
Грамадзянства | |
Альма-матар | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | публіцыст, перакладчык, пісьменнік, паэт |
Мова твораў | беларуская |
Узнагароды | |
Творы ў Вікікрыніцах | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы | |
Цытаты ў Вікіцытатніку |
Літаратурная творчасць і грамадская дзейнасць Францішка Багушэвіча стала падмуркам ідэалогіі беларускага нацыянальна-вызваленчага руху пачатку XX ст.
Карыстаўся псеўданімамі Мацей Бурачок, Сымон Рэўка з-пад Барысава.
Францішак Багушэвіч нарадзіўся ў фальварку Свіраны, каля Вільні (сучасная Літва) у сям’і выхадцаў з дробнай шляхты Казіміра і Канстанцыі (у дзявоцтве — Галаўня) Багушэвічаў. Доўгі час лічылася, што двор гэты арандаваўся бацькам паэта. Але Свіраны належалі Галаўням, з роду якіх паходзіла маці, Канстанцыя. Яна і паехала да сваіх бацькоў і дзядоў перад нараджэннем сына (першым быў сын Уладзіслаў-Антон, старэйшы за Францішка на чатыры гады)[1].
У перыяд паміж 1841 і 1846 гадамі сям’я перабралася ў спадчынны маёнтак Кушляны Ашмянскага павета, які належаў Багушэвічам з сярэдзіны XVIII ст. Паводле купчай, запісанай у актавыя гродскія кнігі Ашмян 13 сакавіка 1749 года, продак паэта Антон Багушэвіч за 450 польскіх злотых «набыў маёнтак Кушляны або Мігуцяны» з сялянамі ад Кунцэвічаў.
Перш чым прапісацца на Ашмяншчыне, род Багушэвічаў на пачатку XVIII ст. абжываўся ў Полацкім ваяводстве. Паводле архіўных матэрыялаў, 7 чэрвеня 1729 года Міхал Савіцкі падпісаў дарчую, згодна з якой маёнтак Шкірлава або Бароўшчына з вёскамі Хвашчаны і Мышкавічы (разам з сялянамі) у Полацкім ваяводстве падараваў швагру свайму Юрыю Аўгусцінаву Багушэвічу і яго сыну Казіміру, а іншых яго сыноў Антона і Франца Багушэвіча «грашыма адарыў».
Продкі Францішка Багушэвіча перабіваліся не толькі з зямельнага арандатарства, але служылі і ў войску (прадзед Казімір у 1783 годзе атрымаў чын ротмістра Ашмянскага павета, Аляксандр стаў ротмістрам Літоўскай кавалерыі). Бацька ж паэта жыў выключна з зямлі і паводле «ўводнага акта» ад 1 ліпеня 1837 года стаў валодаць маёнткам Кушляны з 34 сялянскімі душамі.
Сваякі паэта яшчэ ў канцы XVIII ст. (паводле рэвізіі 1795) былі запісаны шляхтай Віленскай губерні, а ў 1830 і 1845 іх шляхецкія прывілеі пацвердзіў сенат геральдыі. Уладзіслаў-Антон (нар. 1835), Франц-Бенядзікт (нар. 1840), Валяр’ян-Язэп (нар. 1841) і Апалінар (нар. 1846), сыны Казіміра і Канстанцыі Багушэвічаў былі запісаны ў першую кнігу мясцовай геральдыі[2].
Дзіцячыя гады пісьменніка прайшлі ў асяроддзі блізкім да сялянскага.
Пачатковую адукацыю Францішак Багушэвіч атрымаў у Віленскай гімназіі[3], якую скончыў 26 ліпеня 1861 года. Пасябраваўся з Цітусам Далеўскім, Юллянам Чарноўскім, Вінцэнтам Віткоўскім, Канстанты Далеўскім, Зыгмунтам Мінейкам, якія сталі пазней актыўнымі ўдзельнікамі паўстання 1863—1864 гадоў і аказалі ўплыў на станаўленне светапогляду Багушэвіча. У часе навучання асаблівую цікавасць выказваў да славянскіх моў, матэматыкі і заканадаўства. Яшчэ гімназістам Багушэвіч не застаўся абыякавым да гісторыі і культуры краю, усталяваў сувязі з музеем старажытнасцей у Вільні, перадаўшы туды ў 1865 годзе некалькі прадметаў краязнаўча-археалагічнага характару[4].
У тым жа годзе паступіў у Пецярбургскі ўніверсітэт на фізіка-матэматычны факультэт[3], аднак праз 2 месяцы быў выключаны за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях[3][5]. Вярнуўся на радзіму, працаваў настаўнікам у вёсцы Доцішкі[6], Лідскага павета (цяпер — Воранаўскі раён) у школцы, адкрытай уладальнікам маёнтка Аляксандрам Звяровічам. Уступіў у мясцовае рэвалюцыйнае таварыства «пянтковічаў».
Актыўны ўдзельнік паўстання 1863—1864 гадоў, быў паранены ў баі ў Аўгустоўскіх лясах[3]. Яго бацька, сястра і брат Апалінар дапамагалі рэвалюцыянерам. Ратуючыся ад рэпрэсій, вымушаны быў хавацца, а потым пераехаў на Украіну. 7 мая 1865 года ён падаў заяву з просьбай аб навучанні ў Нежынскім юрыдычным ліцэі[3]. Яго прашэнне аб вызваленні ад аплаты за навучанне не была задаволена «з прычыны адсутнасці вакансій». Нежын быў абраны Багушэвічам невыпадкова: у час яго вучобы тут працаваў старшым лектарам сваяк па маці Аляксандр Галаўня. Новаспечаны ліцэіст імкнуўся зарабляць на жыццё рэпетытарствам.
Вучоба скончылася 26 ліпеня 1868 года. А 17 жніўня, калі Багушэвічу выпісвалі атэстат, ён ужо быў на службе ў Чарнігаве, адкуль у 1869 годзе перавёўся ў Кралявецкі павет (цяпер Сумская вобласць) судовым следчым. Праз два гады (за гэты час ён папрацаваў у Старадубскім павеце) зноў быў у Чарнігаве[3], але не затрымаўся надоўга, яшчэ раз змяніўшы месца працы: 21 ліпеня 1871 года загадам Міністэрства юстыцыі ён быў прызначаны судовым следчым у Гразявецкі павет Валагодскай губерні. Праз год ён вяртаецца на Украіну, каб сем месяцаў папрацаваць старшым следчым Барзнянскага павета і перайсці на службу ў Канатоп[3].
У 1883 годзе каранацыя новага імператара Аляксандра III суправаджалася шырокай амністыяй: тысячы паўстанцаў, у тым ліку Багушэвіч, вярнуліся на радзіму. 2 лютага 1884 года ён падаў прашэнне ў Нежынскі акруговы суд з просьбай звольніць са службы — фактычна, пайсці ў адстаўку. На той час ён быў уладальнікам ордэна Святога Станіслава 3-й ступені, калежскім саветнікам. Меў падарванае здароўе, не нажыў капіталу і пад старасць спрабаваў зарабляць прыватнай адвакацкай практыкай. 25 сакавіка Францішак Багушэвіч вяртаецца ў горад сваёй маладосці — Вільню[3]. Цяпер ужо не адзін, а з жонкай Габрыэляй з дому Шклёнікаў, мінчанкай, з якой узяў шлюб у 1874 годзе, меў дачку Канстанцыю (Туньку) і сына Тамаша Вільгельма[7].
Працаваў у судовай палаце. Асноўнымі кліентамі яго былі сяляне і гарадская бедната. Пісаў артыкулы ў часопіс «Kraj » («Край») па-польску. Менавіта ў віленскі перыяд разгарнулася яго літаратурная і публіцыстычная дзейнасць.
Пасля смерці варшаўскага сваяка Тадэвуша ў 1896 годзе, Багушэвіч атрымаў добрую спадчыну. Паэт здолеў разлічыцца з пазыкамі, адбудаваць нанова занядбаную бацькоўскую сядзібу ў Кушлянах. 20 мая 1898 года Францішак Багушэвіч напісаў заяву на фактычнае вызваленне ад абавязкаў прысяжнага паверанага пры Віленскім акруговым судзе. Ён кінуў службу ў царскім судзе, дзе наспеў востры канфлікт з некаторымі калегамі і начальствам, каб аддацца творчай працы[8].
Пасля звальнення жыў у Кушлянах (цяпер Смаргонскі раён), дзе і памёр. Пахаваны ў вёсцы Жупраны Ашмянскага раёна.
Вытокі творчасці Францішка Багушэвіча ў грамадскім жыцці Беларусі, цесна звязаны з фальклорам, а таксама з лепшымі эстэтычнымі традыцыямі славянскай паэзіі.[9]
Першымі вядомымі паэтычнымі спробамі Францішка Багушэвіча лічаць знойдзеныя ў Львове вершы на польскай мове: «Новы 1886 год», «Прывід надзеі», «Хто гэта?» («Nowy rok 1886», «Widmo nadziei», «Kto to?»), напісаныя ў 1885—1886 гадах. Верш «Nowy rok 1886» — узор альбомнай лірыкі сярэдняга гатунку; верш «Kto to?» ёсць палітычнай сатырай на аднаго з тагачасных дзяржаўных дзеячаў — магчыма Бісмарка. І толькі «Widmo nadziei» вылучаецца сваім настроем і ўзлётам духу, як філасофская спроба асэнсаваць высокія паняцці чалавечага быцця. У архіве Яна Карловіча захаваўся аўтограф байкі Францішка Багушэвіча на беларускай мове «Воўк, ягня, авечка» (паводле зместу, 1886). Відаць, польскамоўныя спробы паэта не на шмат апярэджвалі беларускамоўныя[10].
Першае вядомае публічнае выступленне Багушэвіча-літаратара адбылося 4 красавіка 1885 года на старонках польскага часопіса «Край» («Kraj»), што выдаваўся ў Санкт-Пецярбургу. Віленскі карэспандэнт пісаў пра эканамічны крызіс, гаспадарчае жыццё і судовую практыку ў Паўночна-Заходніх губернях (цяперашняя тэрыторыя Беларусі). За сем гадоў (1885—1891) «Край» змясціў звыш паўсотні артыкулаў і нататак, якія дасылаў Францішак Багушэвіч, падпісваючы іх рознымі псеўданімамі: Huszicz (утворана ад скарачэння прозвішча), Ten, Tamten, Demos і інш. Яго віленскія допісы саркастычныя і балюча-праўдзівыя, статыстычна-інфармацыйныя і ярка публіцыстычныя. Выступленні Багушэвіча на старонках «Краю» ў канцы 1880-х гадоў спыніліся і амаль канчаткова перарваліся. Даследчык Язэп Янушкевіч лічыць, што супрацоўніцтва трэба разумець як нежаданне пісьменніка падтрымліваць згодніцкую палітыку, да якой схіляліся польскія ліберальныя дзеячы.[11]
Увосень 1891 года ў Кракаве выходзіць першы зборнік паэта «Дудка беларуская» пад псеўданімам Мацей Бурачок, хоць яшчэ ў лісце ад 23 жніўня (4 верасня) 1891 года да Яна Карловіча Багушэвіч называў свой зборнік не як «Дудка беларуская», а «Жалейка»[12]. Пры жыцці паэта пад псеўданімамі былі надрукаваны вершаваны зборнік «Смык беларускі» (Познань, 1894) і апавяданне «Тралялёначка» (Кракаў, 1892).
Лёс іншых твораў Багушэвіча — зборнікаў «Скрыпачка беларуская» і «Беларускія апавяданні Бурачка» дагэтуль нявысветлены. У некаторых некралогах па аўтару згадвалася, што кніжка паспела выйсці ў свет і нават з партрэтам аўтара, але ніводнага асобніка выдання дагэтуль не выяўлена. Польскі літаратар Люцыян Узембла ў адным са сваіх артыкулаў напісаў нават пра змест «Скрыпачкі»: «Складаюць яе выдатныя творы, напісаныя таленавіта: маналогі, байка, сялянская элегія, з’едлівая аповесць»[13].
У 1906 годзе выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца» паведамляла на старонках «Нашай Нівы», што ў хуткім часе збіраецца выдаць «Скрыпачку», але ўрэшце, гэта так і не было зроблена. Пра тое, што рукапіс «Скрыпачкі» меў прафесар Браніслаў Эпімах-Шыпіла, захавалася нямала сведчанняў, найбольш аўтарытэтнае сярод якіх — сведчанне яго асабістага знаёмага прафесара Міхаіла Піятуховіча. Пасля высылкі Эпімаха-Шыпілы ў пачатку 1930-х гадоў з Менска ў Ленінград, лёс рукапісу невядомы. Ва ўсялякім выпадку, у Беларускую акадэмію навук рукапіс не быў перададзены разам з яго бібліятэкай[14]. Акрамя «Скрыпачкі беларускай», не дайшоў да нашых часоў таксама і зборнік «Беларускія апавяданні Бурачка», які за год да смерці паэта быў здадзены ў Віленскую губернскую друкарню. «Наша ніва» друкавала апавяданні менавіта з гэтага зборніка[15].
Выступаючы ад імя ўсяго працоўнага беларускага народа, Францішак Багушэвіч быў пераважна ідэалагічным прадстаўніком сялянства. З сялянствам, а таксама з дэмакратычнай інтэлігенцыяй звязваў ён свае вызваленчыя ідэалы. Жывымі і яркімі паўсталі ў яго творах вобразы сялян Аліндаркі («Кепска будзе»), Петрука Пантрука («У судзе»), Ануфрыя Скірдзеля («Балада»), Мацея («Хрэсьбіны Мацюка») і інш. Сацыяльныя пытанні востра ставяцца ў вершах «Бог не роўна дзеле», «Не цурайся», «Ахвяра». Цыкл «Песні» (зборнік «Смык беларускі») — узор выкарыстання беларускай народнай песні і насычэння яе сацыяльным і філасофскім зместам. З болем чуючы, як «звякаюць ланцугі на людцах», са смуткам гледзячы на «зямельку слязьмі залітую», паэт верыў у час, калі «перастанем плакаць мы над сваёй доляй»[13].
Багатая і разнастайная яго спадчына ў жанравых адносінах: паэма («Кепска будзе!»), вершаванае апавяданне, блізкае формай да гутарак («У астрозе», «Быў у чысцы», «Свая зямля»), публіцыстычны маналог («Мая душа», «Дурны мужык, як варона»), філасофскі роздум («Праўда», «Думка»), верш-прысвячэнне («Яснавяльможнай пані Арэшчысе»), байка («Воўк і авечка»), сатыра («Праўдзівая гісторыя аб замучаным дукаце»), апрацоўка народнай казкі («Хцівец і скарб на святога Яна») і інш. Францішку Багушэвічу належаць і першыя ў беларускай літаратуры празаічныя творы. Апавяданні «Сведка», «Палясоўшчык», «Дзядзіна» зместам і формай звязаны з народнай гумарэскай; «Тралялёначка» бліжэй да літаратурнай традыцыі, тут увасоблена расслаенне беларускай вёскі, вясковыя багацеі, што прыйшлі на змену радавітым панам[13].
У творчасці Францішка Багушэвіча таленавіта спалучаны гісторыка-філасофскае і мастацкае асэнсаванне лёсу беларускага народа, моцныя матывы нацыянальнага адраджэння. Палітычнае і грамадскае крэда паэта найбольш выразна выказана ў прадмове да зборніка «Дудка беларуская», дзе выкладзены погляды на беларускую мову як на мову «нам ад Бога даную», «для нас святую». Францішак Багушэвіч лічыў мову «адзежай душы», асновай існавання нацыі, заклікаў шанаваць родную мову, «каб не ўмёрлі». У прадмове акрэслены вехі гісторыі края з часу Вялікага Княства Літоўскага, у якім Беларусь была «як тое зярно ў гарэху», прыблізна вызначана яе тэрыторыя («ад Вільна да Мазыра, ад Вітэбска за малым не да Чарнігава, дзе Гродна, Міньск, Магілёў, Вільня і шмат іншых мястэчак і вёсак…»).[16]
Светапогляд і ідэйныя перакананні адлюстроўвалі наспелыя патрэбы нацыянальнага адраджэння і развіцця народаў, пазбаўленых сваіх суверэнных правоў на самастойнае грамадскае і духоўна-культурнае існаванне, адбудову сваёй дзяржавы. У публіцыстычных прадмовах (напрыклад, да зборніка «Дудка беларуская») і праграмных вершах Францішка Багушэвіча выказаны асноватворныя прынцыпы ідэалогіі нацыянальнага вызвалення. Праблему мовы ён вылучае як асноўную праблему нацыянальнага жыцця, лічыў нацыянальную мову найважнейшай формай выяўлення духоўнасці народа, найбольш устойлівай, асноўнай прыкметай нацыі.
Моцным і шматгранным было ідэйна-творчае ўздзеянне Францішка Багушэвіча на паслядоўнікаў. Яго спадчыну наследавалі ў сваёй творчай дзейнасці Адам Гурыновіч, Цётка, Янка Купала, Якуб Колас, Язэп Ціхінскі і іншыя.
Багушэвіч пісаў і друкаваў свае творы лацінкай[17]. Цяпер яны выдаюцца кірыліцаю, таму сучасны чытач не бачыць усіх асаблівасцей пісьма Багушэвіча, спосабы перадачы паэтам беларускай фанетыкі лацінкай. Так, зваротная часціца цяперашняй літаратурнай мовы -цца перадаецца як -tca — zdajetca, razlijetca, śmiajetca (у рукапісах паэта часціца гэта паслядоўна пішацца -cca, але пры наборы «Дудкі беларускай» яе не стала). Мяккае беларускае в (вясёлы, весела, вяселле) у Багушэвіча цвёрдае — wasoły, wasoła, wasele. Такое напісанне адпавядае гаворкам на радзіме паэта. З яго родных гаворак і форма miłości (мілосьці), radości (радосьці); дыялектныя канчаткі ў давальным і месным склонах у назоўнікаў першага скланення: awieczca, na dudca, pry darożce, u chatce, pa reczca. У друкаваных лацінкаю творах амаль не перадаецца падаўжэнне зычных: hranie, powitanie, zboże (выключэнне — plamienniach, zdarennie). Пад уплывам польскай мовы альбо дыялектаў Багушэвіч піша: afiara — сучаснае ахвяра, afiarujuczy (ахвяруючы), fala (хваля); часам не перадае дзеканне: dwie, dmie («Хрэсьбіны Мацюка»), razadmie, ledwie («Сватаны»); непаслядоўна ўжывае прыстаўное w: u wastrozie, nawuki — nauki, wajczym-ajczym («Дурны мужык, як варона»). Больш-менш паслядоўна перадае Багушэвіч мяккасць зычных перад наступным зычным: aśminki (асьмінкі), imość (імасць), gości (госьці), адмоўе не як ня: niaznaisz, niawiedaisz. Лацінская графіка дазваляла Багушэвічу перадаваць выбухное ґ: szmygnuŭ.
У мове пісьменніка пераважаюць нацыянальнае гукавое афармленне лексічных адзінак і структура фраз. Пры выкарыстанні слоў ён робіць раскрыццё гістарычна абумоўленых сэнсавых і гістарычных адценняў, дзякуючы якім яно становіцца першаэлементам літаратуры, ёмістай характаралагічнай дэталлю пры абмалёўцы пэўных з’яў рэчаіснасці, прадметаў, а таксама пры стварэнні вобразаў.
Галоўны герой у літаратурнай спадчыне пісьменніка — селянін, і аўтар стылізаваў мову сваіх твораў пад мову апавядальніка селяніна, дасягаючы пры гэтым адзінства формы і зместу[18]. Багушэвіч цалкам прытрымліваецца народнай эстэтыкі слова, імкнецца да максімальнай сэнсавай самастойнасці кожнай моўнай адзінкі. Напрыклад, некаторыя дзеясловы: Каб жыта ўдалося («Мая дудка»); Па судах агалеў («Як праўды шукаюць»); Унадзіўся надта ён [ураднік] лазіць па хатах («У судзе»).
На народную словатворчасць зарыентаваны ў мове Багушэвіча афіксальныя і бязафіксныя ўтварэнні. Ён ужывае чыста фальклорныя, народна-паэтычныя формы слоў з суфіксамі суб’ектыўнай ацэнкі: Хмаркі цёмныя, мае братанькі // Вецер гоне вас без дарожанькі, // І нідзе ж для вас няма хатанькі..// адпачнеце аж у Божанькі («Хмаркі»). Словы з суфіксамі суб’ектыўнай ацэнкі сустракаюцца і ў празаічных творах (у апавяданні «Трылялёначка» — паненачка, сіротачка, кузынка, кузінятачка, дзіцятка, цяньклявенкая, драбнюсенькая і інш.).
Лёгка ўпісваюцца ў агульную моўную палітру твораў Багушэвіча дзеяслоўныя ўтварэнні тыпу: закасіўся, заараўся: Да навукі ён не браўся // Закасіўся, заараўся («Дурны мужык, як варона»); Пераеўся хлеб да крышкі («Кепска будзе»). Добра выкарыстоўвае гукапераймальныя дзеясловы-выклічнікі, якія абазначаюць імгненнае аднаразовае дзеянне: Калі дзверы «скрыпель», а я «шусць» праз людзей, // Ды на двор, ды ў карчму, да кабылы барздзей («У судзе»); Аж пан хап за рукі, трэсь мяне па твары («Скацінная апека»). Імкнучыся максімальна прыблізіць мову сваіх твораў да мовы селяніна, Багушэвіч шырока выкарыстоўвае прастамоўную лексіку з грубаватай эмацыянальнай афарбоўкай: А брахаў дык брахаў і сябе ўсё хваліў («У судзе»); Морду круце набок і за кудлы трасе («Быў у чысцы»).
Багата ў тэкстах Багушэвіча ўзята з фальклорнай спадчыны. Гэта традыцыйна-народныя эпітэты: Той куртаты зашчыт, як кадзіла, памог («У судзе»); А кума ж была праворна («Кепска будзе»); разгалінаваная сістэма метафар: Бедна ж мая хатка расселася з краю («Мая хата»); [Гора] улезла ў хату («Гора»); каб умеў кіраваць я пяром («Не цурайся»); метанімія і сінекдаха: Тут кажух і шынель, і бурнос, лапсардак, // І сурдут, і мундзір… («У судзе»).
Францішак Багушэвіч часта карыстаўся параўнаннем. Амаль у кожны верш ці апавяданне ён увёў трапныя і арыгінальныя параўнанні. Сярод іх, як і ў фальклоры, пераважаюць гэтак званыя лакальныя адзінкі, пабудаваныя на супастаўленні са з’явамі і прадметамі навакольнага жыцця: Каб скакалі горы…// Як паны на балі («Мая дудка»); Скрабуць шкуру нажом, як на боты тавар («Быў у чысцы»). Бальшынёй параўнанняў пісьменнік падкрэсліваў сутнасць сацыяльнай вобразнай псіхалогіі. Паэт спачувае селяніну, які маркотны, як магіла («Кепска будзе»); цянюсенькі, як той кнот («Бог не роўна дзеле»); паважае чалавека працы, што пры спрыяльных умовах гэтак жа, як і пан, кніжку б счыркаў, як папар («не цурайся»). Гнеўную, сатырычную накіраванасць маюць аўтарскія параўнанні пры абмалёўцы пана, у якога рукі, як падушкі, // Як кісель дрыжыць жывот («Бог не роўна дзеле»), кашуля…// як той снег, як папер («Не цурайся»). Багушэвіч выкарыстоўвае менавіта такія параўнальныя звароты, якія ў цесным узаемадзеянні з іншымі моўнымі сродкамі набываюць дадатковыя сэнсавыя адценні.
Шырока прадстаўлены ў творах Багушэвіча фразеалагізмы. Пераважаюць агульнавядомыя ўстойлівыя словазлучэнні з ярка выражаным прастамоўным адценнем: У сведкі ўлезці, ні села — ні пала («Як праўды шукаюць»); Зборшчык, як дым той, лезе ў вочы («Балада»). Часам у творы арганічна ўключаюцца прыказкі і прымаўкі, утвараючы адпаведны стылявы каларыт: Смачны жабе гарэх, бо зубоў Бог не даў («У судзе»). Глыбока авалодаўшы фразеалагічнымі скарбамі роднай мовы, паэт не толькі выкарыстаў гатовае, але і сам стварыў афарыстычныя выслоўі: І авечка, хоць дурная, // А воўка ж пазнае! («Воўк і авечка»); Не надта ж свабодна ў гэтай свабодзе («Быў у чысцы»).
Багацце мовы Багушэвіча ярка праяўляецца ў сінаніміцы, ён выкарыстоўвае цэлую сістэму найменняў прадметаў і з’яў. Слова селянін мае эквіваленты — мужык, наш брат, гаспадар, браце мой, братцы, бядота, дзеці Зямлі-маткі. Надзвычай багатая ў пісьменніка дзеяслоўная сінанімія. Два і больш блізкія па значэнні словы, а таксама словазлучэнні пісьменнік часта размяшчае адно за адным (градацыя) ці праз некалькі лексічных адзінак, каб узмацніць сэнсавае ці эмацыянальна-экспрэсіўнае значэнне: Іх, закіпеў той князь, аж зароў, // Аж вылупіў вочы, счырванеў ён, як кроў… («Хрэсьбіны Мацюка»); Каб душа балела, гледзячы на долю, // Каб сэрца шчымела і рвалася з болю? («Праўда»).
Паўтор слоў, словазлучэнняў і сказаў — адзін з эфектыўных сінтаксічных прыёмаў у мове мастацкіх твораў. У Багушэвіча ён сустракаецца неаднаразова: Гаварыў, гаварыў, ажно піць захацеў («У судзе»); А ўсе піша, піша, піша // І нагой усё калыша, // Пісаў, пісаў, даў другому («Кепска будзе») і інш. Пісьменнік выкарыстоўваў традыцыйна-фальклорныя прыёмы двух- або трохразовага паўтору для ўзмацнення экспрэсіі выказвання, падкрэслівання лейтматыву якой-небудзь думкі ці ідэі. У некаторых вершах ён цалкам арыентаваўся на фальклорныя ўзоры (напрыклад, «Песні» са зборніка «Смык беларускі»). Тут спецыфічныя для фальклору рытарычныя фігуры, словазлучальныя структуры, вонкавыя афармленні, жывыя размоўныя інтанацыі.
Францішак Багушэвіч жыў і пісаў у той час, калі яшчэ не былі выпрацаваны адзіныя агульнанацыянальныя моўныя нормы. У яго творах, як і ў творах іншых пісьменнікаў 2-й паловы ХІХ ст., яскрава адлюстраваліся агульныя заканамернасці развіцця беларускай літаратурнай мовы. Побач з агульнаўжывальнай лексікай сустракаюцца тэрытарыяльна абмежаваныя словы: наўда (карысць), ройсты (кусты на балоце), ляк (страх), цёнгле (заўсёды), гілёс (балота) і іншыя. Сустракаюцца таксама непаслядоўныя напісанні, нематываваныя запазычанні, адхіленні ад агульнапашыраных фанетычных і марфалагічных з’яў.[19]. Творчасць Багушэвіча ў значнай ступені садзейнічала працэсу развіцця беларускай мовы.
Дзякуй табе, браце, Бурачок Мацею, За тое, што ў сэрцы збудзіў ты надзею, Што між братоў нашых знаходзяцца людзі З кахаючым сэрцам і баляшчай грудзяй. Дзякуй табе, браце, і за тыя словы, Што ўспомнілі звукі нашай роднай мовы. Бяры, браце, дудку, наладзь і жалейку, Няхай песнь смутная ідзе у калейку І будзіць у сэрцах мысль аб лепшай долі, Якой мы не зналі дагэтуль ніколі.
Даследчык гісторыі беларускага нацыянальнага руху ў XIX — пачатку XX ст. Павел Церашковіч лічыць, што Багушэвіч сфармуляваў беларускую нацыянальную ідэю ці не ў самай радыкальнай форме. Прадмову да «Дудкі» можна лічыць тыповым нацыянальным маніфестам[20].
На думку беларускага гісторыка Алеся Смаленчука літаратурная дзейнасць Багушэвіча моцна паўплывала на афармленне беларускай культурнай традыцыі. Яго з поўным правам можна назваць адным з тых «філалагічных падбухторшчыкаў», ролю якіх у нацыянальных працэсах вельмі ацэньваў Бенедыкт Андэрсан[21].
Высока ацэньваў творчасць Багушэвіча і яго ўплыў на будучыню беларускага нацыянальнага руху Адам Станкевіч.
Сябар Багушэвіча Зыгмунт Нагродскі, які меў краму сельскагаспадарчых прылад у Вільні, надзяляў «Дудкай беларускай» сваіх пакупнікоў-сялян[13].
Будучы кіраўнік польскай дзяржавы Юзаф Пілсудскі (зямляк Нагродскага) у маладосці асабіста кіраваў кантрабандай «Дудкі беларускай» з Кракава на Беларусь[22].
Беларускі дзеяч Лявон Вітан-Дубейкаўскі ў часе адбудовы аднаго з касцёлаў на Магілёўшчыне пазнаёміўся з маладым мясцовым святаром, які адкрыў для яго беларускую літаратуру. Першаю беларускаю кнігаю для архітэктара стала «Дудка беларуская». Захоплены вершамі, Дубейкаўскі, разам са сваім сябрам, перапісваў іх і завучваў на памяць[23].
Цалкам напамяць ведаў «Дудку беларускую» Алесь Гарун[24].
Францішак Багушэвіч, акрамя стварэння літаратурных твораў, займаўся і лексікаграфічнай працай. Па даручэнні Яна Карловіча ён ствараў картатэку беларускіх слоў[25].
Польскі даследчык Рышард Радзік адзначае, што ў кніжцы твораў Багушэвіча, якая налічвае больш за 200 старонак, польскамоўныя тэксты складаюць больш чым палову аб’ёму[26]. Але ўсяго ў паэтычнай спадчыне Багушэвіча 48 вершаваных твораў, з якіх толькі 14 на польскай мове[27]. Прычым пры жыцці выдадзеныя зборнікі «Дудка беларуская» і «Смык беларускі», якія зрабілі славу Багушэвіча менавіта як беларускамоўнага паэта, склалі вершы выключна на беларускай мове. З той прычыны многія сучаснікі (напрыклад, Максім Гарэцкі) і адзначалі, што пісаў Багушэвіч «толькі па-беларуску»[27].
Сярэдняе і заможнае каталіцкае дваранства паўночна-заходніх губерняў Расійскай імперыі (цяперашняя тэрыторыя Беларусі) вызначала сябе і як «літвіны» і як «палякі»[28]. Тэрмін «палякі» быў для іх палітонімам і звязваўся з ідэяй адраджэння «Польшчы» — былой федэрацыйнай Рэчы Паспалітай[28]. Францішак Аскерка ўспамінаў, што паўплывала на паэта заняцца творчасцю на беларускай мове: «Багушэвіч, мой блізкі сусед і добры знаёмы (…) — паўстанец 1863 года, гарачы патрыёт паляк, які ў асабістых са мной даволі частых размовах сказаў, што адзінай прычынай, якая падштурхнула яго і яго папярэднікаў пісаць на гэтай гаворцы, быў страх перад магчымай русіфікацыяй мясцовага сялянства»[29]. Самавызначэнне «беларусы» было непапулярным сярод многіх карэнных каталіцкіх дваран, што азначала б факт абрусення, бо ў Расійскай імперыі «беларусы» (галоўным чынам, сялянскае праваслаўнае насельніцтва краю) паводле афіцыйнай расійскай ідэалогіі і навукі лічыліся за складовую частку «рускага народа», адзінага ў трох галінах («вялікарусах», «беларусах» і «маларусах»)[30][31]. З той прычыне сын Францішка Багушэвіча не пагадзіўся са сваім бацькам вызначаць сябе як «беларус», вызначаў сябе толькі як «паляк» і адмовіўся аддаць зацікаўленым асобам архіў бацькі[32].
Пры жыцці творы Францішка Багушэвіча ў Расійская імперыі былі забаронены. Яны выдадзены асобнымі кнігамі і лістоўкамі ў час рэвалюцыі 1905—1907 гадоў, аднак у 1908 на іх накладзены арышт.
У Беларускай ССР упершыню выдадзены ў 1922 годзе («Дудка беларуская»). Аднак у 1930-я гады ў БССР творчасць Багушэвіча абвешчана буржуазна-кулацкай, нацыяналістычнай, да 1940 года яго кнігі не друкаваліся. 3 чэрвеня 1937 года Галоўліт БССР выдаў загад № 33, паводле яго ўсе выданні твораў Францішка Багушэвіча трэба было спаліць.[33]
У Заходняй Беларусі імя паэта было сцягам барацьбы за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне, выходзілі яго кнігі, навуковыя працы пра творчасць паэта. Творы Францішка Багушэвіча ў Заходняй Беларусі перавыдаваліся пяць разоў, пры гэтым «Дудка» перавыдавалася чатыры разы (1921, 1927 і два выданні ў 1930) — большай папулярнасцю карысталіся толькі творы Якуба Коласа[34]. «Смык» і «Дудка» былі выдадзены ў міжваеннай Літве ў Коўне ў 1922 годзе Міністэрствам беларускіх спраў Літвы[35]. У Другую сусветную вайну вершы Францішка Багушэвіча друкаваліся ў газеце «Советская Белоруссия», іх патрыятычныя радкі заклікалі змагацца за волю і незалежнасць Беларусі.[36]
Захаваўся сямейны альбом Багушэвічаў (Нацыянальны музей Беларусі), лісты да Яна Карловіча (ЦДГА Літвы, Аддзел рукапісаў Львоўскай дзяржаўнай навуковай бібліятэкі імя В. Стафаніка), Элізы Ажэшка (Інстытут літаратурных даследаванняў Польскай АН), А. Карповіча (Аддзел рукапісаў Цэнтральнай бібліятэкі АН Літвы). Гэта важныя дакументальныя сведчанні светапогляду паэта, гісторыі напісання паасобных твораў і выдання «Дудкі беларускай», матэрыяльных умоў і абставін яго жыцця.
Лявон Вольскі сумесна з Аляксандрам Памідоравым у альбоме «Белая яблыня грому» запісалі песню Багушэвіча «Немец»[37].
На месцы пахавання Багушэвіча, могілках каля касцёла ў вёсцы Жупраны сям’ёй і сябрамі паэта быў усталяваны драўляны крыж, які прастаяў да 1940 года. На магілу паэта былі ўскладзены жалобныя вянкі з вялікіх палотнішчаў з надпісамі «Мацею Бурачку ад мужычкоў-беларусаў», «Змоўклі песні тыя, што іграў на дудцы», «Паэту і прыяцелю ад сялян і рамеснікаў» (па-польску), «Цнатліваму і заслужонаму».
У 1901 г. у інтэр’еры Жупранскага касцёла ўстаноўлена белая мармуровая пліта, зробленая віленскім скульптарам Я. Арасімовічам, з надпісам «FRANCISZKOWI BOGUSZEWICZOWI 1840—1900 PRZYJACIELE» (бел.: Францішку Багушэвічу 1840—1900 сябры).
Камень Багушэвіча знаходзіцца ва ўрочышчы Лысая гара, што непадалёк ад вёскі Кушляны (Смаргонскі раён). Ля валуна Багушэвіч сустракаўся з сябрамі, хаваў пад ім рукапісы і забароненыя публікацыі. На бакавой грані каменя сябрамі класіка беларускай літаратуры быў высечаны надпіс «PAMIECI MACIEJA BURACZKA 1900 R» (Памеці Мацея Бурачка 1900 р.).
За савецкім часам імя Багушэвіча было прысвоена калгасу (цяпер — СВК у Ашмянскім раёне) (1951), Жупранскай сярэдняй школе (1962), Ашмянскаму краязнаўчаму музею (1953).
У 1958 годзе ў Жупранах устаноўлены бюст Багушэвіча аўтарства скульптара Заіра Азгура. 22 сакавіка 1970 года ў Жупранах адкрыўся Музей Францішка Багушэвіча, дзе захоўваюцца каля 300 экспанатаў, якія звязаныя з жыццём літаратара[38].
Імем Францішка Багушэвіча названая адна з плошчаў у Мінску (з 2000 года)[39], а таксама станцыя трэцяй лініі метро, размешчаная на гэтай плошчы.
16 чэрвеня 2006 года адбылося ўрачыстае адкрыццё новага будынка Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. У мастацкім афармленні ўваходнага партала бібліятэкі на тэму развіцця сусветнага і славянскага пісьменства выкарыстана таксама вядомая цытата Багушэвіча з прадмовы да зборніка «Дудка беларуская» — «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі».
6 верасня 2009 года ў Смаргоні быў усталяваны бронзавы помнік Францішку Багушэвічу[40].
Сяргей Адашкевіч у 1980-х гадах стварыў бюст «Францішак Багушэвіч»[41]. Яўген Ціхановіч у 1980 годзе напісаў «Партрэт Францішка Багушэвіча»[42]. Мікола Купава стварыў каляровыя лінарыты «Партрэт зачынальніка новай беларускай літаратуры Францішка Багушэвіча» (1976)[43] і «Францішак Багушэвіч 1840—1900», таксама лінарыт «Францішак Багушэвіч» (1976). Уладзімір Мелехаў для помніка «Змагарам за родную мову» адліў барэльеф «Францішак Багушэвіч» (2004)[44].
Ва ўкраінскім Нежыне на будынку, дзе вучыўся Францішак Багушэвіч, усталяваная памятная дошка. Яго іменем названая вуліца ў горадзе Канатопе[45].
У незалежнай Літве памятныя дошкі былі ўсталяваныя ў вёсках Свіраны і Савічуны Віленскага раёна, у Савічунах — на будынку размешчанай на вуліцы Багушэвіча (з 1997) бібліятэкі, якая таксама носіць імя Францішка Багушэвіча (з 2001)[46].
У верасні 2010 года ў Вільні, на будынку па вуліцы Arklių, 18 (Конскай), які стаіць на месцы былога дома, дзе з 1884 па 1898 гады жыў Францішак Багушэвіч, адбылося адкрыццё памятнай дошкі. Ва ўрачыстай цырымоніі ўпершыню за многія гады ўзялі ўдзел як беларуская грамада і мэр Вільні, гэтак і прадстаўнікі Беларусі на чале з тагачасным міністрам культуры Паўлам Латушкам[47].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.