палітонім жыхароў Вялікага Княства Літоўскага From Wikipedia, the free encyclopedia
Ліцві́ны[1], або літві́ны[2] (стар.-бел. литва, литвины) — палітонім жыхароў Вялікага Княства Літоўскага ў XV—XVIII стст.
Цяпер этнонім літвіны часам ужываецца для абазначэння беларускамоўнага насельніцтва паўночнай Чарнігаўшчыны і Кіеўшчыны, заходняй Браншчыны і Смаленшчыны.[3]
Найстаражытнейшым вядомым цяпер кірылічным тэкстам з ужываннем назвы «літвін» ёсць датаваная 1370-1380-мі гадамі берасцяная грамата № 283 з Вялікага Ноўгарада, дзе згаданы «Василко литвинъ»[4].
Назва «литвин» ужываецца ў пазнейшых вялікалітоўскіх і рускіх летапісах: «Лува Литовникъ» або «Лува Литвинъ»[5], у пазнейшых спісах «съ Лукою съ Литвиномъ» (Сафійскі першы летапіс, пачатак XV ст.[6][7]) — да літоўскага баярына пры двары князя Даўмонта пад 1266 годам; «сий Андрей бяше родом литвин» — да сына літоўскага князя Гердзеня пад 1289 годам[8]; «литвин родом» у Жыціі Даўмонта Пскоўскага першай трэці XIV стагоддзя[9]; «два Литвина большие» — да праваслаўных літоўцаў, баяр караля Ягайлы пад 1387 годам[10]; «Андрей литвин» — да продка Неміровічаў пад 1406 годам[11].
Таксама з XIII ст. вядомы ў вялікалітоўскіх крыніцах граматычныя лацінскія формы: Litwinos, rex Litwinorum — у грамаце Міндоўга 1261 года[12], Lethvinorvm — на пячатцы Гедыміна 1323 года[13]; з суседніх Літве краін: Letwinis — у акце судовага працэсу Тэўтонскага ордэна з Казімірам Куяўскім 1259 года, Littwini — у лісце лівонскіх біскупаў 1277 года і інш.
У крыніцах заходнерускай мовы азначэнне «літвін» найраней вядома з перакладу ярлыка 1393 года[14][15] ад ардынскага цара Тактамыша да караля Ягайлы («Вы пак послали есте к нам посла вашего литвина на имя Невойста»).
У крыніцах ВКЛ назва «літвін» як азначэнне ўсяго насельніцтва Княства вядома ў дамоўных граматах вялікага князя Казіміра з Псковам і Ноўгарадам (1440 і 1480): «А мне великому князю Казимиру блюсти Псковитина как и своего Литвина; також и Псковичом блюсти Литвина, как и Псковитина…»; у дамове 1480 года выраз «нашого Литвина» адпавядае выразам «нашы купцы», «люди нашы» і абымае як жыхароў Вільні, так і жыхароў Полацка[16].
Паводле Статута Вялікага Княства Літоўскага 1566 года, «родічамі старожытнымі і врожонцамі» ВКЛ былі літвіны і русіны: «…то все мы и потомки наши Великіе Князи Литовскіе давати будуть повинни только Литве а Руси, родичомъ старожитнымъ и врожонцамъ Великаго Князства Литовского (…). Але на достоенства и всякій врядъ духовный и свецкій не маеть быти обиранъ, ани отъ насъ Господаря ставленъ, толко здавна продковъ своихъ уроженецъ Великого Князства Литовского Литвинъ и Русинъ».
Назва «літва», «літвіны» як палітонім — адзіная назва ўсяго насельніцтва Вялікага Княства Літоўскага, ужывалася ў дзяржаўных актах, наратыўных і мемуарных крыніцах, напрыклад:
У вялікалітоўскім акце Люблінскай уніі 1569 года[20] «літоўскім народам» названа агулам насельніцтва Вялікага Княства Літоўскага. Таксама і ў акце «Каэквацыі літоўскіх станаў» 1697 года (вядомым як акт Каэквацыі «літоўскага народа»).[21]
Жыхароў усходняй часткі Вялікага Княства Літоўскага (Белай Русі) маскоўскія крыніцы называлі літвінамі і адначасова беларусцамі. Напрыклад, у маскоўскім дакуменце XVII ст.: «Приехал ис Полотцка ко Пскову торговой литвин Спиридонка; родом он литвин, белорусец Мстиславского повету».
У XIX — пачатку XX стст. абшары бытавання назвы «літвіны» звузіліся. У XX ст. ужываўся як польскі экзаэтнонім для літоўцаў, а таксама як лакальны этнікон невялікіх груп беларускага насельніцтва (у раёне Бярозы, Івацэвіч, Косава, Пружан, Навагрудка, Воранава, Гродна, Паставаў, Браслава і інш.), некаторых раёнаў беларуска-ўкраінскага Палесся (раёны Століна, Ракітнага, Кастопаля, Сарнаў, Оўруча) і беларускамоўнага насельніцтва паўночнай Чарнігаўшчыны і Кіеўшчыны, заходняй Браншчыны і Смаленшчыны. У пагранічных з Беларуссю раёнах Расіі назва «літвіны» бытавала да сярэдзіны XX ст.
На думку беларускага этнолага Ігара Чаквіна, у беларуска-літоўскіх летапісах і іншых дакументах XV—XVI стст. назва «літвіны» звязвалася ў этнагенетычным аспекце з легендарнымі рымскімі перасяленцамі на чале з князем Палемонам, тэрытарыяльна — з землямі першапачатковай лакалізацыі тапоніма «Літва» — на захад ад Мінска ў міжрэччы Нёмана і Віліі, дзе існавала змешанае балта-славянскае насельніцтва (гл. Літва, зямля). У канфесіянальным аспекце звязвалася як з каталіцтвам, так і з «рускай» верай (яскравы прыклад — Францыск Скарына, які называў сябе і літвінам у этнічным сэнсе, так і русінам у сэнсе канфесійным).[22][23] Ігар Чаквін адзначаў, што ў XVI—XVIII стагоддзях назва «літвіны» была найбольш абагульняльнай этнанімічнай формай самасвядомасці беларускага народа і адлюстроўвала найбольш шырокі ўзровень яго нацыянальнае кансалідацыі[22][24].
Беларускія гісторыкі Георгій Галенчанка і Ігар Марзалюк аспрэчваюць меркаванне, што ў XIV—XVII стст. заходнія беларусы карысталіся вызначэннем «літва»/«літвіны» («литвины») як эндаэтнонімам. На думку гэтых даследчыкаў, беларускае насельніцтва Верхняга Панямоння ўжывала толькі назву «рускі» («русін», «русь») як агульны эндаэтнонім для ўсіх частак старабеларускага этнасу, а сам тэрмін «рускі» («русін», «русь») паралельна звязваўся з праваслаўным насельніцтва (а пасля і з уніяцтвам)[25].
Беларускі гісторык Аляксандр Груша сцвярджае, што «літвіны» («литвины») у часы Вялікага Княства Літоўскага як этнонім адносіўся да літоўцаў[26][27], а адносна беларусаў як этнонім ужываліся «рускія»/«русь»/«русіны» («русины»)[28][27].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.