From Wikipedia, the free encyclopedia
Павел Васілевіч Шэйн (1826, Магілёў — 12 (25) жніўня 1900, Рыга) — педагог, этнограф, фалькларыст — збіральнік беларускай народнай вуснапаэтычнай творчасці.
Павел Васільевіч Шэйн | |
---|---|
Дата нараджэння | 1826[1][2][…] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 12 (25) жніўня 1900[4] |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | мовазнавец, збіральнік народных казак, фалькларыст, этнограф, беларусазнавец |
Навуковая сфера | этнаграфія, фалькларыстыка, лінгвістыка, беларусістыка |
Месца працы | |
Вядомы як | адзін з заснавальнікаў беларускай этнаграфіі |
Творы ў Вікікрыніцах | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Нарадзіўся ў сям’і магілёўскага яўрэя-гандляра. Благі стан здароўя прымусіў бацькоў уладкаваць сына ў Нова-Екацярынінскую бальніцу ў Маскве, дзе ён праляжаў тры гады. Тут ён вывучаў рускую і нямецкую мовы, захапіўся паэзіяй А. С. Пушкіна і В. Жукоўскага. Пад уплывам княгіні Кастровай прыняў лютэранства і, такім чынам, парваў з бацькамі, якія трымаліся іўдаізму. У сіроцкім аддзяленні нямецкага вучылішча пры лютэранскай царкве П. Шэйн атрымаў званне хатняга настаўніка і пачаў займацца прыватнай педагагічнай дзейнасцю. У 1865—1872 працаваў выкладчыкам нямецкай і рускай моў у Віцебскай гімназіі, а ў 1873—1879 гадах настаўнічаў у Шуі, Зарайску, Калузе. Праўда, педагагічная дзейнасць мала цікавіла П. Шэйна. Яшчэ ў 1850-х пад уплывам славянафілаў ён пачаў збіраць фальклорна-этнаграфічныя матэрыялы. Праз некаторы час Шэйн пераехаў у Пецярбург дзе пад кіраўніцтвам Акадэміі навук заняўся навуковай работай. Яшчэ ў 1859 годзе ён надрукаваў свой першы збор рускіх былін і гістарычных песень, запісаных у Корсунскім павеце Сімбірскай губерні. Першыя фальклорныя запісы насілі выпадковы і аматарскі характар. Пазней у выніку самаадукацыі, вывучэння прац тагачасных этнографаў і фалькларыстаў П. Шэйн падышоў да гэтага пытання з усёй адказнасцю. У 1870 годзе выйшаў яго зборнік «Рускія народныя песні», у 1898—1902 — праца ў двух тамах «Вялікарус у сваіх песнях, абрадах, звычаях, вераваннях, казках, легендах і да т.п.», якой ён завяршыў выданне рускага фальклору.
Дзейнасць Паўла Шэйна ў Паўночна-Заходнім краі пачалася ў сярэдзіне 1860-х гадоў, калі ён апынуўся ў Віцебску. Тут ён пачуў беларускую мову, якой да гэтага часу не ведаў, і атрымаў магчымасць пазнаёміцца з ужо існуючымі зборнікамі беларускіх народных твораў. Два гады Шэйн вывучаў асаблівасці мовы і побыту беларусаў, а ў 1867 годзе распрацаваў падрабязную «Праграму для збірання помнікаў народнай творчасці», якую разаслаў створанай ім шырокай сетцы карэспандэнтаў з розных куткоў Паўнона-Заходняга края. Ужо да 1869 года ён сабраў значную колькасць беларускіх песень, галоўным чынам Віцебскай губерні, дапоўніў іх песнямі са зборнікаў, якія ўжо выйшлі з друку, і прадставіў у геаграфічнае таварыства ў пачатку 1870-х гадоў даволі аб’ёмны том пад назвай «Беларускія песні». Гэта была самая буйная праца сярод аналагічных зборнікаў 1860-1870-х. У ёй сабрана звыш 1000 беларускіх народных песень з апісаннем тых абрадаў, пры якіх яны выконваліся, некалькі казак, паданняў, запісаў прыкмет і забабонаў. У зборніку прыводзяцца апісанні радзінных і хаўтурных абрадаў, некалькі апісанняў абрадаў дзядоў. З каляндарных абрадаў запісаны: калядныя, велікодныя, юр’еўскія, купальскія, талочныя, жніўныя. Але асноўная каштоўнасць зборніка ў песенным матэрыяле. Акадэмік Я. Карскі адзначыў, што гэта адзін з лепшых збораў твораў беларускай народнай песні. У ім упершыню быў так шырока прадстаўлены песенны рэпертуар Віцебшчыны. Тагачасная крытыка аднеслася да зборніка станоўча. Багаты змест калекцыі, свежасць матэрыялу, пашпартызацыя і пэўнае ўпарадкаванне яго ўразілі рэцэнзентаў.
Пасля выдання зборніка Павел Шэйн з дапамогай карэспандэнтаў (у ліку якіх былі Мікалай Нікіфароўскі, Адам Багдановіч, Іван Карскі) назапасіў вялікую колькасць апісанняў народных звычаяў і абрадаў, якія пазней выйшлі пад назвай «Матэрыялы для вывучэння побыту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-Заходняга края» (т. 1-3, 1887—1902). У гэта выданне ўключаны матэрыялы з усіх губерняў Паўночна-Заходняга края, а таксама з суседніх, дзе жыло этнічна беларускае насельніцтва. Тут атрымалі адлюстраванне амаль усе бакі духоўнай і матэрыяльнай культуры беларусаў. Гэта песні абрадавыя, бытавыя, бяседныя, жартоўныя і так званыя разгульныя, апісанні абрадаў і звязаныя з імі песні, дзесяткі галашэнняў. Вясельная калекцыя П. Шэйна па багаццю не мела сабе роўных сярод дарэвалюцыйных выданняў беларускага фальклору. Звяртае на сябе ўвагу раздзел народных прывітанняў, пажаданняў, праклёнаў, лаянак, замоў. У самай працы над 3-ім томам «Матэрыялаў…», калі да даследчыка прыйшлі слава і прызнанне, П. Шэйн памёр. Акрамя названых прац ён быў аўтарам шэрага артыкулаў, рэцэнзій, нататак, якія змяшчаў у навуковых выданнях. Працы П. Шэйна, нягледзячы на часам тэндэнцыйны падыход да духоўнай спадчыны беларускага народа, — каштоўная крыніца фальклорна-этнаграфічных звестак пра побыт і культуру беларусаў 2-ой палове XIX стагоддзя.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.