Адам Ягоравіч Багдановіч
From Wikipedia, the free encyclopedia
Адам (Адольф) Ягоравіч Багдановіч (20 сакавіка (1 красавіка) 1862 (паводле аўтабіяграфіі 25.3 (6.4)), мяст. Халопенічы, Барысаўскі павет, Мінская губерня, цяпер Крупскі раён Мінскай вобласці — 16 красавіка 1940, Яраслаўль) — беларускі этнограф, фалькларыст, мемуарыст, гісторык, мовазнавец[1].
Адам Ягоравіч Багдановіч | |
---|---|
![]() | |
Дата нараджэння | 20 сакавіка (1 красавіка) 1862 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 16 красавіка 1940 (78 гадоў) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Маці | Анэля Фаміна Асьмак[d] |
Жонка | Марыя Апанасаўна Багдановіч[d] |
Дзеці | Максім Адамавіч Багдановіч |
Род дзейнасці | мемуарыст, этнолаг, фалькларыст, гісторык, мовазнавец |
Навуковая сфера | этнаграфія, фалькларыстыка, гісторыя |
Альма-матар | |
Творы ў Вікікрыніцах | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Сям’я


Нарадзіўся ў Халопенічах у сям’і Юрыя (Ягора) Лук’янавіча Багдановіча і яго жонкі Анэлі, народжанай Асьмак. У маленстве насіў імя Адольф (Адоль, Адолік). Імя Адам ён атрымаў у 16 год, пры аднаўленні дакументаў, бо імя Адольф кансісторыя палічыла непадыходзячым для праваслаўнага хлопчыка. Значны ўдзел у яго выхаванні брала бабка па матычнай лініі, Рузаля Асьмак — варажбітка і таленавітая казачніца, ад якой Багдановіч завучыў многія народныя казкі і на якую пазней часта спасылаўся як на крыніцу сваіх ведаў аб народных павер’ях.
У 1888 годзе настаўнік 1-га гарадскога вучылішча Мінска Адам Ягоравіч Багдановіч ажаніўся з Марыяй Апанасаўнай Мякотай (1869—1896). Яны былі матэрыяльна забяспечаны: Адам зарабляў да 1500 рублёў у год пры гатовай кватэры з ацяпленнем і асвятленнем, якая размяшчалася на Траецкай гары на вуліцы Аляксандраўскай у доме Карказовіча, што ў двары, у другім паверсе, у той час у ім змяшчалася 1-е прыходскае вучылішча і настаўніцкія кватэры, пазней гэта быў дом 25 (цяпер тут участак вуліцы М. Багдановіча насупраць сквера каля Тэатра оперы і балета.
6 (18) сакавіка 1890 года ў сям’і нарадзіўся першынец — Вадзім, а 27 лістапада (9 снежня) 1891 года другі сын — Максім.
З 1892 года А. Багдановіч служыў у Гродзенскім аддзяленні Сялянскага пазямельнага банка. Быў карэспандэнтам вядомага фалькларыста Паўла Шэйна. Некаторы час кіраваў публічнай бібліятэкай.
У Гродне сям’я жыла на ўскраіне горада, на Садовай. Тут 14 (26) лістапада 1894 года нарадзіўся трэці сын — Леў, а ў маі 1896 года — дачка Ніна. Неўзабаве пасля родаў дачкі хвароба Марыі Апанасаўны ўзмацнілася і хутка сухоты сталі прычынай яе смерці.
Пасля смерці жонкі Адам Ягоравіч пажыў у Гродна літаральна некалькі тыдняў. У лістападзе 1896 ён быў пераведзены па службе ў Ніжні Ноўгарад. Маці дзецям замяніла цётка па бацьку Марыя Ягораўна Багдановіч, але самая малодшая дачка Ніна не дажыла і да году.



У Ніжнім Ноўгарадзе ў А. Багдановіча завязаліся сяброўскія адносіны з М. Горкім, з якім яны неўзабаве парадніліся, ажаніўшыся на сёстрах — Кацярыне (Горкі) і Аляксандры (Багдановіч) Волжыных.
А. Багдановіч узяў шлюб з Аляксандрай у пачатку 1899 года, у канцы таго ж году яна памёрла ад родаў, пакінуўшы яшчэ аднаго сірату — сына Аляксандра, які рос у сям’і М. Горкага і памёр у Крыме ад дызентырыі ў чатырохгадовым узросце.


У 1908 годзе сям’я пераязжае ў Яраслаўль.
Трэцяй жонкай (больш дакладна — яны проста сталі жыць разам) Адама Багдановіча стала сястра яго першай жонкі Аляксандра Апанасаўна Мякота. У гэтым шлюбе нарадзілася яшчэ пяцёра сыноў — Павел, Аляксей, Вячаслаў, Мікалай, Раман.
Памёр у Яраслаўлі ў 1940 годзе
Працоўная дзейнасць
У 1882 годзе скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Падчас вучобы там арганізаваў гурток самаразвіцця і самаадукацыі, пачаў збіраць фальклорна-этнаграфічныя матэрыялы. У жніўні 1882 года ўступіў у «семінарскую» групу нарадавольцаў Мінска. На працягу 3 гадоў вёў прапагандысцкую работу ў вёсках Ігуменшчыны (цяпер Чэрвеньшчына).
У 1885—1891 гадах загадчык 1-га гарадскога пачатковага вучылішча ў Мінску. З 1886 года выступаў у перыядычным друку з артыкуламі па этнаграфічнай тэматыцы («Минские губернские ведомости», «Минский листок», «Гродненские губернские ведомости», «Виленский календарь», «Нижегородский листок» і інш.). Уваходзіў у кіраўніцтва мінскай арганізацыі «Народная воля»[1]. Пасля рэзкага пагаршэння здароўя адышоў ад рэвалюцыйнай дзейнасці.
У 1892 годзе пераехаў у Гродна, дзе паступіў на службу ў мясцовае аддзяленне Сялянскага пазямельнага банка[1]. Адначасова быў дырэктарам публічнай бібліятэкі. З 1896 года жыў у Ніжнім Ноўгарадзе, з 1907 года ў Яраслаўлі. У 1920—1931 гадах загадчык навуковай бібліятэкі Яраслаўскага дзяржаўнага музея. Адначасова выкладаў гісторыю культуры ў мастацкім, музычным і тэатральным тэхнікумах.
У 1932 годзе арыштаваны ДПУ. Правёў у зняволенні 3 тыдні, вызвалены па хадайніцтве Кацярыны Пешкавай. Багдановіч быў сябрам М. Горкага і яго сям’і[1], вёў актыўную перапіску з дзеячамі беларускай і рускай культуры, напісаў успаміны пра М. Горкага, сына Максіма, Ф. Шаляпіна[1].
Рукапісы А. Багдановіча захоўваюцца ў Інстытуце літаратуры АН БССР[1].

Памяць
У Халопенічах, дзе нарадзіўся, жыў і настаўнічаў Адам Багдановіч, у 1998 годзе ўстаноўлены помнік (скульптар У. Лятун, архітэктары С. Малюк, Ю. Казакоў).
Найбольш важныя творы
- Нарыс становішча жанчыны ў сялянскім асяродзьдзі беларускага краю, 1886
- Про панщину: Рассказ из белорусской жизни времён крепостного права, 1894
- Про женщину
- Пережитки древнего миросозерцания у белорусов: Этнографический очерк, 1895
- Национальный склад белорусского народа
- Язык земли: Этнологический очерк
- Страницы из жизни Максима Горького
- Богданович, А. Е. Материалы к биографии Максима Адамовича Богдановича / А. Е. Богданович. — Минск : Наука и техника, 1965. — 29 с.
- Мои воспоминания
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.