Супрасльскі Дабравешчанскі манастыр
From Wikipedia, the free encyclopedia
From Wikipedia, the free encyclopedia
Супрасльскі Дабравешчанскі манастыр (польск.: Monaster Zwiastowania Najświętszej Marii Panny w Supraślu) — праваслаўны манастыр у горадзе Супраслі на Падляшшы на ўсходзе Польшчы. Цяпер знаходзіцца ў юрысдыкцыі Польскае праваслаўнае царквы. У свой час манастыр быў адным з цэнтраў (стара)беларускага праваслаўя і пісьменства.
Манастыр | |
Супрасльскі Дабравешчанскі манастыр | |
---|---|
польск.: Monaster Zwiastowania Najświętszej Marii Panny w Supraślu | |
| |
53°12′39,48″ пн. ш. 23°20′13,53″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь (да 1944) |
Горад | Супрасль |
Канфесія | Польская праваслаўная царква |
Тып | мужчынскі |
Архітэктурны стыль | готыка |
Заснавальнік | Аляксандр Хадкевіч |
Дата заснавання | 1498 год |
Статус | дзейнічае |
Сайт | monaster-suprasl.pl |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Супрасльскі манастыр быў заснаваны ў 1498 годзе маршалкам Вялікага Княства Літоўскага і ваяводам наваградскім Аляксандрам Хадкевічам у Гарадку. Новы манастыр засялілі манахі кіеўскіх манастыроў.
У 1500 годзе, жадаючы знайсці больш зацішнае месца для манастыра, брація перасялілася на бераг ракі Супраслянкі. У тым жа годзе быў узведзен першы драўляны храм Св. апостала Іаана Багаслова. Каля храма пабудавалі манаскі корпус.
З 1503 па 1511 год адбудоўваецца каменны Дабравешчанскі сабор, які спалучае ў сваім абліччы візантыйскі і гатычны стылі. Два прыдзелы сабора былі асвечаны ў гонар рускіх святых — Феадосія Пячэрскага і Барыса і Глеба. Мітрапаліт Іосіф, які свяціў сабор, падарыў манастыру спіс цудатворнае іконы Божай Маці Смаленскай, які пазней атрымаў назву Супрасльскай іконы Божай Маці. У 1557 годзе арцель іканапісцаў на чале з сербам Нектарыем распісала храм Дабравешчання фрэскамі ў стылі балканскай школы.
У сярэдзіне XVI стагоддзя пабудаваны каменны Уваскрасенскі храм.
К XVI стагоддзю ў манастыры была сабрана вялікая бібліятэка: у 1557 годзе ў ёй было звыш 200 рукапісаў і друкаваных кніг, а ў 1645 годзе іх лік павялічыўся да 587. Сярод асабліва каштоўных кніг манастыра былі Супрасльскі кодэкс (мінея XI стагоддзя), «Касмаграфія» Космы Індыкаплова, Супрасльскі летапіс, у якім апісана гісторыя Велікага Княства Літоўскага, жыццяпісы святых мучанікаў Віленскіх Антонія, Іаана і Яўстафія, Кодэкс дыякана Мацвея з горада Корца з жыціямі святых Фёдара Яраслаўскага, Варлаама Хутынскага і мітрапаліта Маскоўскага Пятра, пахвальныя словы ў гонар Святога Клімента Охрыдскага, жыццяпіс Святога Савы Сербскага, пропаведзі і пісьмы мітрапаліта Рыгора Цамблака.
У 1593 годзе кніжнік Іван Праскура напісаў у манастыры «Жыціе Святога Сергія Раданежскага». Дзякуючы старанням браціі было створана і перапісана мноства твораў у абарону праваслаўнай веры на землях Польскай дзяржавы, сярод якіх «Пасланне да венгерскага караля Іаана Запальяі ад манахаў Святой Гары Афон», «Пасланне да лацінян», «Размова хрысціяніна з юдзеем пра веру і іконы», «На богапраціўную, на паганую лаціну, якую папежы, што ў іх, вымыслілі ў іх паганай веры», а таксама «Спісанне проці лютраў», якое з’явілася ў 1570 годзе стараннямі супрасльскага кніжніка Яўстохія.
З часу намесніцтва архімандрыта Сергія (Кінбара) Супрасльскі манастыр некаторы час называўся лаўрай.
Сярод настаяцеляў Супрасльскага манастыра асаблівае месца належыць архімандрыту Іларыёну Масальскаму — актыўнаму праціўніку Берасцейскай уніі. Нягледзячы на заклікі ўніяцкага Кіеўскага мітрапаліта Міхаіла Рагозы, які асабіста прыбыў у манастыр, перайсці ва ўніяцтва, брація засталася вернаю праваслаўю. Стойкасць браціі настолькі пераканала мітрапаліта Міхаіла, што да самае свае смерці ён больш не падымаў пытання аб пераходзе Супрасльскага манастыра ў унію.
Скора пасля смерці мітрапаліта Міхаіла (1598) наступны ўніяцкі мітрапаліт Іпацій (Пацей) знарок прыбыў у Супрасльскі манастыр, каб аб'вясціць насельнікам аб пераходзе манастыра ў унію. Брація манастыра ў адказ аб’явіла новага мітрапаліта ерэтыком і адмовілася яму падпарадкоўвацца. Гэта процістаянне закончылася адхіленнем архімандрыта Іларыёна ад кіравання манастыром асобай граматай караля Жыгімонта Вазы ад 19 студзеня 1602 года. Іларыён змог вярнуцца на ранейшую пасаду толькі праз чатыры гады — пасля скасавання каралём свайго ўказа ў выніку хадайніцтва Іераніма Хадкевіча. У 1609 годзе Іларыён памёр.
Новы настаяцель манастыра архімандрыт Герасім таксама заставаўся верны праваслаўю (яшчэ ў 1603 годзе ён злажыў з сябе прысягу ўніяцкаму мітрапаліту).
На ўступкі ўніятам пайшоў наступны архімандрыт — Самуіл (Сечанка). У 1631 годзе манастыр становіцца базыльянскім, у сакавіку 1635 года быў прыняты новы манастырскі статут.
У першай палове XVII ст. манастырская бібліятэка налічвала каля 600 кніг, пры гэтым каля 200 з іх былі на лацінскай мове, каля 150 на польскай, некалькі на грэчаскай і чэшскай мовах і 234 кнігі былі «рускімі», г.зн. кірылічнымі, пераважна рукапіснымі. Такім чынам, к сярэдзіне XVII ст. каля 60 % кніг манастырскай бібліятэкі было напісана лацініцай[1].
У другой палове XVIII ст. у Дабравешчанскім саборы будуецца новы іканастас у стылі барока — работа гданьскага рэзчыка Андрэя Мадзялеўскага. Мяняецца і ўсё ўнутранае ўбранне галоўнага манастырскага храма (так, фрэскі XVI ст. былі забелены белаю фарбай).
У 1645—1652 гадах пабудаваны пакоі архімандрыта. У 1695—1697 гг. была ўзведзена манастырская званіца, якая ў 1702 годзе згарэла і была адбудавана нанова ў першай палове XVIII ст.
На рубяжы XVIII ст. манастыр ізноў становіцца значным культурным цэнтрам. У 1695 годзе пры манастыры адкрылася друкарня, дзе друкаваліся пераважна богаслужэбныя кнігі. У 1709—1728 гадах друкарня была значна пашырана.
У сувязі з падзелам Рэчы Паспалітай манастыр некаторы час знаходзіўся на тэрыторыі Прускага каралеўства.
Пасля Тыльзіцкага дагавора 1807 года збяднелы Супрасльскі манастыр апынуўся на землях Расійскай імперыі.
У 1824 годзе манахі Супрасльскага манастыра выказалі дабравольнае жаданне перайсці ў праваслаўе. Афіцыйны пераход у праваслаўе быў замацаваны Полацкім саборам 1839 года.
У 1887 годзе сцены Дабравешчанскага сабора былі ачышчаны ад пабелкі, і храму часткова вярнулі былы выгляд.
У 1889—1890 гадах у манастыры была пабудавана Царква Іаана Багаслова.
У 1901 годзе ў манастыры былі ўладкаваны новыя праваслаўныя могілкі, на якіх была ўзведзена Георгіеўская царква.
У 1915 годзе ў сувязі з разгортваннем вайны быў выдадзены ўказ аб эвакуацыі жыхароў горада Супрасля ўглыб Расіі. Ад'язджаючы з Дабравешчанскага манастыра, манахі ўзялі з сабой Супрасльскую ікону і некаторае царкоўнае начынне.
Пасля ўтварэння самастойнай Польскай дзяржавы тэрыторыя манастыра не была перададзена царкве. У 1919 годзе Дабравешчанская царква была закрыта і апячатана, а манастыр перайшоў у распараджэнне дзяржаўнага казначэйства. У 1922 годзе ў былых будынках манастыра размясцілася школа. Праваслаўны прыход у горадзе Супраслі таксама спыніў існаванне. Храм Іаана Багаслова аддалі католікам. У 1935 годзе некаторыя будынкі манастыра атрымалі ў арэнду салезіяне, якія прыстасавалі Іаана-Багаслоўскі храм пад гімнастычны зал.
У 1939 годзе манастыр аказваецца ў складзе Беластоцкай вобласці БССР. У Дабравешчанскай царкве былі ўстроены майстэрні і кузня, у Багаслоўскай царкве — сталовая і кухня.
Пасля акупацыі гэтай мясцовасці нямецкімі войскамі праваслаўнае духавенства атрымлівае дазвол праводзіць службы ў Храме Іаана Багаслова. Царква была асвечана ў 1942 годзе. У манастыр на некаторы час вярнуліся праваслаўныя манахі. 21 ліпеня 1944 года адступаючы немцы ўзарвалі Дабравешчанскі сабор.
Пасля заканчэння вайны горад Супрасль разам з манастыром савецкімі ўладамі перададзены Польшчы. Праваслаўных манахаў выгналі з манастыра, дзе зноў размясціліся салезіяне і школа.
У 1955 годзе было прынята рашэнне знесці храм Іаана Багаслова, але пасля пратэстаў веруючых у 1958 годзе храм зноў вярнулі праваслаўным.
Адраджэнне Супрасльскага манастыра адбылося ў гады дзейнасці архіепіскапа Беластоцка-Гданьскай епархіі Савы. У 1982 годзе ў Супрасль прыбыў манах Мірон (Хадакоўскі), манаскае жыццё аднавілася ў 1984 годзе. У 1984 годзе было прынята рашэнне аднавіць узарваны Дабравешчанскі сабор — і 4 чэрвеня архіепіскап Сава залажыў першы камень у падмурак сабора.
У 1989 годзе манаская абшчына была афіцыйна абвешчана Мужчынскім манастыром Дабравешчання Прасвятой Багародзіцы. Намеснікам манастыра застаўся ігумен Мірон (Хадакоўскі).
У пачатку 1990-х гадоў з просьбаю вярнуць увесь комплекс Дабравешчанскага манастыра праваслаўным веруючым выступіла Польская праваслаўная царква. У 1993 годзе рашэннем Савета Міністраў манастыру афіцыйна вярнулі ўсе ранейшыя будынкі, але з-за шматлікіх пратэстаў з боку католікаў выкананне гэтага рашэння зацягнулася да 1996 года.
У 1998 годзе па рашэнню Святога Сабора Польскай праваслаўнай царквы тры манахі Супрасльскага манастыра былі ўзведзены ў сан епіскапаў: Мірон (Хадакоўскі) стаў епіскапам Гайнаўскім, Іакаў (Касцючук) — епіскапам Супрасльскім, а Рыгор (Харкевіч) — епіскапам Бельскім.
З 1 ліпеня 1999 года ў манастыры зноў пачала дзейнічаць друкарня.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.