From Wikipedia, the free encyclopedia
Супрасльская друкарня была створана ў пачатку 1690-х гг. на базе Свята-Троіцкай віленскай базыльянскай друкарні пры Супрасльскім Дабравешчанскім манастыры (цяпер Польшча). Друкарня была адной з буйнейшых на тэрыторыі Беларусі. Яна працавала больш за 100 гадоў.
У першай чвэрці XVIII ст. атрымала манапольнае права на выданне ўніяцкай літаратуры, што дало магчымасць пашырыць вытворчасць і выпускаць кнігі вялікімі для таго часу тыражамі. За час існавання было надрукавана каля 420 экзэмпляраў. Зарэгістравана больш за 100 кірылічных кніг, у тым ліку буквары славянскай мовы, першы помнік нотадрукавання (1697, у зборніку «Паследаванне пострыгу»), на старабеларускай мове «Собрание припадков краткое» і першы славяна-польскі друкаваны «Лексікон» (1722). Выходзілі таксама кнігі на літоўскай мове. Шмат старадрукаў прызначалася для рускіх старавераў (у тым ліку такія шырока вядомыя як «Житие протопопа Аввакума, им самим написанное», творы М. Грэка, братоў Дзянісавых і інш.). У друкарні неаднаразова перавыдаваліся кнігі на царкоўнаславянскай мове для цэркваў, выходзілі ўніяцкія для набажэнства, друкавалася літаратура ў гонар святых, палемічныя творы.
З сярэдзіны XVIII ст. павялічыўся выпуск перакладной навуковай і мастацкай літаратуры, арыгінальных твораў мясцовых аўтараў. На польскай мове былі выдадзены «Кароткі збор польскай гісторыі і геаграфіі» (1767), «Новыя байкі Эзопа» і «Падарожжа да вострава кахання» (1782), «Прыгоды Гулівера» Дж. Свіфта (1784), «Авантуры філосафаў, якія пакахалі модных жанчын» (1789) і інш. Выпускаліся навукова-папулярныя працы па гісторыі, геаграфіі, сельскай гаспадарцы, медыцыне, вучэбныя дапаможнікі.
Пасля пераходу Супрасля да Прусіі ў 1795 г. дзейнасць друкарні прыйшла ў заняпад і ў 1803 г. спынілася.
Супрасльскія выданні прыкметна ўзбагацілі агульную карціну развіцця мастацтва беларускай кірылічнай кнігі. Арганічная сувязь з рукапіснымі і народнымі традыцыямі, багацце дэкарыравання (кветкавыя застаўкі, канцоўкі ў стылі барока, філігранная карункавая арнаментыка, гравюры на медзі і фігурныя дрэварыты) сталі адметнымі рысамі іх афармлення[1].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.