Флорэс (востраў)
From Wikipedia, the free encyclopedia
From Wikipedia, the free encyclopedia
Флорэс (індан.: Flores) — буйны востраў у складзе архіпелага Малыя Зондскія астравы. Уваходзіць у склад інданезійскай правінцыі Усходняя Нуса-Тэнгара. Плошча — 13 540 км². Насельніцтва (2021 г.) — 1 897 550 чалавек.
Флорэс | |
---|---|
індан. Flores | |
Характарыстыкі | |
Плошча | 13 540 км² |
Насельніцтва | 1 897 550 чал. |
Шчыльнасць насельніцтва | 140,14 чал./км² |
Размяшчэнне | |
8°41′09″ пд. ш. 121°30′29″ у. д.HGЯO | |
Архіпелаг | Малыя Зондскія астравы |
Акваторыя | Ціхі акіян |
Краіна | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Востраў Флорэс месціцца за 1450 км на паўднёвы ўсход ад Джакарты, сталіцы Інданезіі. Ён выцягнуты з захаду на ўсход на 388 км. На поўначы абмежаваны морам Флорэс, на поўдні — морам Саву. На захадзе ад Флорэса знаходзяцца астравы Рынча, Падар, Гілі-Матанг і Камода, што ўваходзяць у склад нацыянальнага парку Камода, дзе захоўваецца апошняя ў свеце дзікая папуляцыя камодскага варана. На ўсходзе мяжуе з астравамі архіпелага Салор.
Флорэс — востраў вулканічнага паходжання, сфарміраваны ў выніку сутыкнення Еўразійскай і Інда-Аўстралійскай тэктанічных пліт. Першы этап магматычнай актыўнасці прыпадае на алігацэн — позні міяцэн. Ужо ў сярэдзіне алігацэну існаваў падводны вулканічны хрыбет, дзе адкладаліся пясчанікі і вапнякі. Другі этап прыпадае на пліяцэн — плейстацэн, калі ўтварыліся шматлікія кальдэры[1][2]. Найбольш інтэнсіўная вулканічная дзейнасць спынілася каля 1,66 млн гадоў таму, у перыяд існавання паверхневай сушы, яе сляды часткова перакрыты азёрнымі і рачнымі адкладаннямі.
Для большай часткі Флорэса характэрна гарыстая паверхня. Адна з вяршынь вулкана Ранака́ на захадзе вострава дасягае 2 370 м. Вулкан Келімуту на поўдні цэнтральнага Флорэса адносна невысокі (1690 м), але славіцца 3 кратарнымі азёрамі, вада ў якіх стала змяняе колер[3]. На востраве сустракаюцца геатэрмальныя крыніцы. Найбуйнейшая рака Сіса пачынаецца на вышыні 1400 м, яе даўжыня складае 87 км. Востраў знаходзіцца ў зоне высокай тэктанічнай актыўнасці. Падчас землятрусу і цунамі 12 снежня 1992 г.[4] загінула каля 250 чалавек.
Клімат трапічны з выразным падзелам на вільготны і сухі сезоны[5]. Вільготны сезон доўжыцца са снежня да сакавіка. У студзені колькасць ападкаў дасягае 290 мм. Гадавая колькасць ападкаў — 1590 мм. Але ападкі размеркаваны нераўнамерна. У гарах дажджы здараюцца часцей, чым на раўнінах, а на паўднёвым узбярэжжы часцей, чым на паўночным. У жніўні колькасць ападкаў зніжаецца да 15 мм. У гэты перыяд некаторыя часткі вострава пакутваюць ад засухі. Сярэднегадавая тэмпература — +27,9 °C.
Прырода вострава Флорэс вызначаецца яго геаграфічнымі асаблівасцямі. Ён месціцца на ўсход ад лініі Уолеса[6]. На нізінах і раўнінах, не залучаных сельскагаспадарчай вытворчасцю, з-за працяглага сухога сезона дамінуе саванна, пакрытая метлюжковай травою аланг-аланг. У гарах дзе-нідзе захаваліся мусонныя трапічныя лясы. Тыповыя расліны: капусная пальма , цукровая пальма , какосавая пальма, спініфекс , фікусы, бамбук, розныя эпіфіты. На Флорэсе выдатна акліматызаваліся апунцыя, батат, акацыя.
Археалагічныя і палеанталагічныя даследаванні паказалі, што яшчэ некалькі дзясяткаў тысяч гадоў таму жывёльны свет Флорэса быў надзвычай разнастайным. Тут былі знойдзены рэшткі карлікавых сцегадонаў, камодскіх варанаў, гіганцкіх пацукоў, чарапах і птушак[7]. У нашы дні дзікія сысуны прадстаўлены кажанамі, даўгахвостымі макакамі і дзікабразамі. Затое востраў насяляюць амаль 30 відаў паўзуноў і болей за 100 відаў птушак, у тым ліку галубы, папугаі, чаплі, сапсан, мясцовы від крумкача і г. д. Навакольныя воды багаты рэдкімі відамі рыб, каралаў, каля вострава адбываецца сезонная міграцыя кітоў.
У цэнтральным Флорэсе ў 1950-я гг. і 1990-я гг. былі знойдзены прылады працы з пясчаніку і базальту ўзростам каля 730 тысяч гадоў[8]. Мяркуецца, што іх маглі пакінуць прадстаўнікі Homo erectus, якія здолелі перабрацца праз глыбокі праліў, які ў той час аддзяляў Флорэс ад мацерыка. Аднак найбольш знакамітая знаходка была зроблена антраполагамі ў 2003 г. у пячоры Ліанг-Буа. Яны выявілі адносна добра захаваныя шкілеты карлікавага віду людзей Homo floresiensis, якія жылі 100 тысяч — 50 тысяч гадоў таму[9]. Homo floresiensis маглі быць нашчадкамі Homo erectus, што паменшыліся ў памерах у выніку працяглага ізаляванага жыцця на востраве. Нягледзячы на малы аб’ём мозгу (420 см³) у параўнанні з сучасным чалавекам, яны выраблялі прылады працы і карысталіся агнём.
Людзі сучаснага тыпу з’явіліся на Флорэсе не раней за 50 тысяч гадоў таму[10], што прыкладна супадае з перыядам знікнення Homo floresiensis і незвычайнай багатай астраўной фаўны. Яны маглі размаўляць на папуаскіх мовах, якія доўга захоўваліся на суседнім востраве Сумбава (гл. культура Тамбора)[11] і працягваюць існаваць на астравах Алор на ўсходзе ад Флорэса[12]. Каля 3200 — 2600 гадоў таму сюды мігравалі аўстранезійцы, якія выраблялі кераміку і займаліся сельскай гаспадаркай[13]. Усе сучасныя народы Флорэса размаўляюць на аўстранезійскіх мовах. Адносная ізаляванасць розных частак вострава спрыяла іх разнастайнасці. Для моў цэнтральнага Флорэса характэрна адсутнасць афіксацыі[14], што можа сведчыць пра асаблівасці ізаляванага развіцця або ўплыў папярэдніх папуаскіх моў.
Пісьмовыя звесткі пра Флорэс упершыню з’явіліся ў XIV ст. у яванскай імперыі Маджапахіт, дзе востраў быў вядомы як Ніпа («змяя»). Міфы пра паходжанне мясцовых кіруючых дынастый з Маджапахіта былі зафіксаваны ў Эндэ і ў раёне Маўмерэ[15].
У канцы 1511 г. або ў 1512 г. Флорэс быў адкрыты партугальскімі мараплаўцамі, пасланымі Афонсу ды Албукеркі з Малакі на Малукскія астравы. Першапачаткова яны пазнаёміліся з усходнім ускрайкам вострава, які атрымаў назву парт.: Cabo das Flores («мыс кветак»). Канчаткова назва Флорэс замацавалася за ўсім востравам толькі з 1636 г., калі была афіцыйна прынята Галандскай Ост-Індскай кампаніяй[16]. У 1561 г. партугальскія дамініканскія манахі заснавалі на суседнім востраве Салор хрысціянскую місію. Яна вяла сваю дзейнасць і на Флорэсе. Так, у 1599 г. было ўзгадана 8 каталіцкіх парафій, што існавалі на ўсходнім і паўночным узбярэжжах[17]. Місія на Салоры спыніла сваё існаванне ў 1613 г. з-за нападу галандцаў. Дамініканцы перасяліліся ў Ларантуку на паўночна-ўсходнім узбярэжжы Флорэса. У гэтым месцы таксама асядалі партугальцы, што ратаваліся ад галандскіх нападаў на Малаку і Макасар. Звычайна яны жаніліся з мясцовымі жанчынамі. Іх нашчадкі ларантукейрас актыўна займаліся гандлем, удзельнічалі ў каланізацыі Тымора. Фармальна ўсходні Флорэс быў прызнаны часткай партугальскіх валоданняў толькі ў канцы XVII ст.
У 1613—1640 гг. мангарай з заходняга Флорэса былі падпарадкаваны макасарцамі з дзяржавы Гова[18], але ў рэшце рэшт супраціўленне тубыльцаў вымусіла макасарцаў пакінуць востраў. У канцы XVII ст. землі мангарай трапілі пад уплыў султанаў дзяржавы Біма з суседняга вострава Сумбава. Вывяржэнне вулкана Тамбора ў 1815 г. саслабіла султанат, і мангарай пры падтрымцы галандцаў пазбавіліся ад яго ўлады. У 1851 г. партугальскі губернатар Тымора, заклапочаны выдаткамі, перадаў усходні Флорэс пад кіраванне Галандскай Ост-Індскай кампаніі з умовай выплаты 200 000 гульдэнаў і захавання каталіцкага веравызнання мясцовых жыхароў[19]. Дагавор быў падцверджаны партугальскім урадам толькі ў 1854 г. У 1907 г. галандская адміністрацыя распаўсюдзіла сваю ўладу на заходні Флорэс.
У 1942—1945 гг. Флорэс быў акупаваны японскай арміяй. У жніўні 1945 г. быў уключаны ў склад незалежнай Інданезіі. Канчаткова інданезійскае кіраванне было ўсталявана пасля 1950 г.
Карэннымі насельнікамі вострава Флорэс з’яўляюцца такія аўстранезійскія народы, як сіка, мангарай, баджа, ламахолат, палуэ, нгада, эндэ, ліё, рыунг, нагэ-кеа і інш. Асаблівасцю Флорэса з’яўляецца тое, што асноўнае веравызнанне мясцовага насельніцтва — каталіцызм (каля 60 % вернікаў), хаця колькасць мусульманскага насельніцтва таксама значная[20].
Найбуйнейшыя гарады: Маўмерэ, Эндэ, Лабуан-Баджа.
Болей за 70 % эканомікі Флорэса[21] ў той ці іншай ступені злучана з сельскай гаспадаркай (вытворчасцю і перапрацоўкай), так што будаўніцтва і прамысловасць разглядаюцца як другасныя галіны, а гандаль і паслугі — як троесныя. Асноўныя камерцыйныя прадукты сельскай гаспадаркі — арэхі (47,2 %) і кава (28,1 %). Вытворчасць кавы працягвае расці дзякуючы сусветнаму попыту і праграмам развіцця кававага турызму. Для ўнутранага спажывання вырошчваюць рыс, кукурузу і батат.
Сектар турызму не вельмі вялікі (1 %)[22], але турызм актыўна ўплывае на іншыя галіны, у тым ліку будаўніцтва і транспарт. Характэрна, што раён Лабуан-Баджа, дзе спыняецца большасць турыстаў, якія накіроўваюцца ў Нацыянальны парк Камода, дае 44 % рэгіянальнага ўнутранага прадукту.
Улады Інданезіі разглядаюць магчымасць развіцця вытворчасці геатэрмальнай энергіі[23].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.