From Wikipedia, the free encyclopedia
Мангарай (саманазва: Manggarai) — аўстранезійскі народ, карэнныя насельнікі заходняй часткі вострава Флорэс. Агульная колькасць у Інданезіі (2022 г.) — 780 тысяч чалавек[1].
Мангарай (Manggarai) | |
Агульная колькасць | 780 тыс. чал. (2022 г.) |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Флорэс |
Мова | мангарай |
Рэлігія | анімізм, татэмізм, каталіцызм |
Блізкія этнічныя групы | мбоджа, саву (хаву), сумба |
Паводле міфа мангарай, іх продкі — першыя мужчына і жанчына — нарадзіліся з бамбукавага лісця на вяршыні гары, калі промень сонца дакрануўся да кропель расы. Промень стаў мужчынам, раса — жанчынай. Мангарай — нашчадкі аўстранезійскіх плямён, якія трапілі на востраў Флорэс некалькі тысяч гадоў таму. Мяркуецца, што ім папярэднічалі папуаскія плямёны. Аднак выразных рысаў, якія б паказвалі наяўнасць папуаскага субстрату, у мангарай няма.
Традыцыйна мангарай складалі дробныя тэрытарыяльныя аб'яднанні. Яны вялі паміж сабою несупынныя войны, але разам з гэтым — давалі адпор спробам каланізацыі з боку партугальцаў і макасарцаў. Да канца XVII ст. у горнай мясцовасці склалася дзяржава Сібал. Прыблізна ў той жа перыяд паўднёва-заходнія землі мангарай трапілі пад уплыў султанаў-мбоджа, якія прызначалі правадыроў акруг з тытулам раджа. Вывяржэнне вулкана Тамбора значна саслабіла султанат, і мангарай з дапамогай Галандскай Ост-Індскай кампаніі пазбавіліся ад яго ўплыву.
У 1862 г. галандскія езуіты заснавалі на паўднёвым захадзе Флорэса каталіцкую місію, якая прыцягвала да хрысціянства найбольш уплывовыя сем'і. Найбольшага поспеху каталіцкія місіянеры дасягнулі ўжо пасля 1907 г., калі на землі мангарай было распаўсюджана галандскае кіраванне. Яны актыўна займаліся адкрыццём школ, даследавалі мясцовую мову і культуру, прыхільна ставіліся да дахрысціянскіх традыцый.
Пасля II Сусветнай вайны землі мангарай былі ўключаны ў склад Інданезіі. У нашы дні складаюць 3 асобныя акругі ў складзе правінцыі Усходняя Нуса-Тэнгара.
Мангарай насяляюць пераважна горную частку заходняга Флорэса, дзе клімат значна болей вільготны, чым на прыбярэжных нізінах. Асноўным заняткам здаўна з'яўляецца падсечнае земляробства. Традыцыйныя палеткі лінгка ранданг месціліся радыяльна ад цэнтра, ствараючы ўзор, які нагадваў павуцінне. Важныя змены адбыліся ў перыяд каланіяльнага панавання, калі былі ўведзены культура кукурузы і балійская сістэма вырошчвання рысу на вільготных палетках. У нашы дні кукурузнае збожжа з'яўляецца асноўным харчовым прадуктам. Рыс і мяса ўжываюць у святочныя дні. Акрамя таго, мангарай вырошчваюць садавіну, каву, какава, трымаюць свінняў, курэй і буйвалаў. Існуе хатняя вытворчасць тканін і плеценых вырабаў. Здаўна існавалі гандлёвыя сувязі з мбоджа і прыбярэжнымі баджа.
Мангарай будавалі вёскі на вяршынях пагоркаў, атачалі іх бамбукавым тынам або калючымі хмызнякамі. Раўнінныя паселішчы з'явіліся толькі ў XX ст. Вёска складалася з трох частак: пярэдняй паанг, сярэдняй беа і задняй нгау́нг. Прычым, у кожнай частцы быў стадол у выглядзе груды камянёў. У нашы дні ў цэнтрах вёсак ладзяць адзіны стадол кота ў выглядзе піраміды з камянёў, звычайна пад высокім дрэвам, каля вясковай ратушы мбару генданг.
Традыцыйныя хаціны будавалі на па́лях. Яны мелі круглявую форму, канічны дах са звязкаў рысавай саломы паднімаўся ад краю падлогі да цэнтральнай стойкі, вышыня якой магла дасягаць 6 м. Знутры калідор падзяляў пакоі, па чатыры-пяць з кожнага боку. Прастора непасрэдна пад дахам — гэта месца для духаў, там захоўваліся сямейныя рэліквіі і ежа. Сярэдняя прастора прызначана для жыцця чалавека. Прастора пад хацінай прызначана для захоўвання інструментаў і ўтрымання свойскай жывёлы. У дакаланіяльны перыяд традыцыйныя хаціны былі калектыўнымі, утрымоўвалі да 200 жыхароў. У каланіяльны перыяд было забаронена сяліцца болей, чым 3 нуклеарным сем'ям.
Традыцыйная вопратка ўключала кашулю з кароткімі рукавамі і саронг. Мужчыны насілі невялікія капялюшыкі. У наш час пераважае сучасная вопратка, хаця капелюшы застаюцца распаўсюджаным атрыбутам.
У старажытнасці галоўнай сацыяльнай адзінкай быў род панга, які валодаў пэўнымі тэрыторыямі, выконваў рэлігійныя і судовыя функцыі. Былі саюзы сваяцкіх панга, што аб'ядноўваў адзіны жывёльны татэм. У выпадках разбурэння панга, яго члены далучаліся да іншага роду. Асабліва вылучаліся арыстакратычныя роды крэенг. Даўжнікі, выгнаннікі і палонныя станавіліся рабамі і далучаліся да панга валадароў як самыя бяспраўныя члены. У нашы дні значная частка родавых функцый перайшла да пашыраных сем'яў кіла, якія складаюцца з нуклеарных "сак кіла". Адлік сваяцтва вядзецца па мужчынскай лініі.
У мангарай захоўваецца традыцыя існавання вусных апавядальнікаў ту'а тэну, складання вершаваных твораў рэнгэ і тудак, малітваў да начных духаў, юнацкіх гульняў, што суправаджаюцца баямі са скуранымі пугамі. Вельмі папулярны пеўневыя баі.
Родная мова мангарай уваходзіць у сям'ю аўстранезійскіх моў і падзяляецца на мноства рэгіянальных дыялектаў. Каталіцкія місіянеры стварылі на аснове дыялекта кэмпа граматыку. Але яна выкарыстоўваецца далёка не паўсюдна. У якасці пісьмовай мовы часцей ужываюць інданезійскую.
Традыцыйная рэлігія мангарай уключала шанаванне шматлікіх духаў і адзінага бажаства, звязанага з жывымі людзьмі праз духаў продкаў. Рытуалы арганізоўваў жрэц ата мбека . Ён жа займаўся варажбою і лекаваннем. Жрэчаскія функцыі перадаваліся праз абавязковае навучанне як мужчынам, так і жанчынам. У нашы дні найлепей захоўваюцца складаныя пахавальныя цырымоніі. Яны ўключаюць абавязковае ахвярапрынашэнне свойскай жывёлы. Тым не меней, большасць вернікаў лічацца каталікамі. Каталіцызм адасабляе мангарай ад суседзей-мусульман і з'яўляецца важным чыннікам іх этнічнай тоеснасці.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.