From Wikipedia, the free encyclopedia
Мастацкае ліццё — тэхніка стварэння мастацкіх вырабаў шляхам заліўкі расплаўленага металу ў форму, а таксама мастацкія творы, выкананыя гэтым спосабам; від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Найбольш пашыраны спосаб пераводу ў метал твораў скульптуры, а таксама вырабу металалічных пасудзін, званоў і інш.
Мастацкае ліццё зарадзілася ў эпоху асваення чалавекам спосабаў здабычы і апрацоўкі металу. 3 развіццём ліцейнай вытворчасці вылучылася ў асобную галіну. Мастацкія задачы вызначаюць спецыфічныя прыёмы фармоўкі мадэлі, метады ліцця, выбар металу або сплаву для пэўнага віду вырабу, дапрацоўку (часта аўтарскую) адлівак чаканкай, гравіраваннем, пацініроўкай, залачэннем і інш. Асноўная тэхналогія мастацкага ліцця выпрацоўвалася пры выкарыстанні бронзы; з 4 стагоддзя да н.э. выкарыстоўваюць волава (амулеты з копцкіх грабніц 4—7 стст. н.э.), з якога ў 16—18 стст. адлівалі плакеткі, медалі, пасудзіны і інш., што імітавалі больш каштоўнае серабро. 3 15 ст. ў Германіі, пазней і ў іншых краінах Еўропы развівалася мастацкае ліццё з чыгуну (паркавая скульптура, надмагіллі, рашоткі, агароджы, садовая мэбля і інш.).
Унікальныя помнікі рускага мастацкага ліцця 16—18 ст. — Цар-гармата (1586), Цар-звон (1733—35) у Маскве і інш. У 17—18 стст. адлівалася паркавая скульптура са свінцу (Версаль у Францыі, Петрадварэц у Расіі).
На тэрыторыі Беларусі мастацкае ліццё вядома з сярэдзіны 2-га тысячагоддзя да н.э. 3 бронзы, пазней і з жалеза адлівалі ўпрыгожанні (спражкі, фібулы), наканечнікі коп’яў, стрэл.
3 12 ст. пашырыўся спосаб ліцця ў каменныя ці гліняныя раздымныя формы. 3 медзі, бронзы, серабра, радзей з золата адлівалі ўпрыгожанні (бранзалеты, пярсцёнкі, спражкі, амулеты, падвескі ў выглядзе канькоў ці званочкаў), царкоўнае начынне (свяцільні, крыжы і інш.), дэталі адзення, конскай збруі, зашчапкі для накладных кніжных пераплётаў; са свінцу выраблялі пячаткі і абразкі з гарэльефнымі сюжэтнымі выявамі. Літыя ювелірныя вырабы аздаблялі чаканкай, зярненнем, гравіраваннем, эмалямі. У 15 ст. пры Слуцкім Троіцкім манастыры працавалі майстры-алавяннікі. Высокага мастацкага ўзроўню мастацкае ліццё дасягнула ў 16—17 стст. з арганізацыяй у гарадах (Мінск, Магілёў, Нясвіж, Слуцк, Гродна) цэхаў рамеснікаў-металістаў, куды ўваходзілі і ліцейшчыкі — алавяннікі, людвісары (майстры па адліўцы гармат), канвісары (майстры па адліўцы званоў), ювеліры і інш. Акрамя вытворчасці ювелірных вырабаў, бытавых рэчаў, царкоўнага начыння пашырылася ліццё званоў у Полацку, Лагойску, Віцебску, Крычаве, Дзісне, Нясвіжы, Брэсце і інш. (гл. Моладаўскі звон). Алавяны посуд, свечачнікі адлівалі ў Магілёве, Ваўкавыску, Ружанах, Слуцку, Шклове, Друі, гарматы — у Магілёве, Брэсце, Мінску, Нясвіжы. Гарматы аздаблялі рэльефнымі паяскамі, гербамі, выявамі жывёл, анёлаў і інш., званы — расліннымі гірляндамі і арнаментальнымі надпісамі.
У 18 ст. ўзніклі ліцейныя мануфактуры ў Гомелі, Вішневе (Валожынскі раён), Кляцішчы (Стаўбцоўскі р-н, абодва Мінскай вобл.), Бакштах (Іўеўскі р-н), Рудні (Слонімскі р-н, абодва Гродзенскай вобл.) і інш., дзе выраблялі посуд, асвятляльныя і пісьмовыя прылады. Высокім мастацкім узроўнем вылучаліся рэчы культавага прызначэння (падсвечнікі, манстранцы і інш.).
Буйным у 19 ст. быў Уладзімірскі чыгуналіцейны завод у в. Старынка (Слаўгарадскі р-н Магілёўскай вобл.). У Горках (Магілёўская вобл.) адлівалі крыжы, у Высокім (Аршанскі р-н Віцебскай вобл.) — надмагільныя пліты, рашоткі і агароджы. 3 чыгуну адлівалі таксама вароты, распяцці, вадасцёкі, садовую мэблю, пячныя дзверцы, прасы і інш. Канструкцыйна-мастацкія элементы літых вырабаў — разнастайнае перапляценне раслінных парасткаў (рашоткі), гарэльефныя выявы жывёл, маскаронаў, ваенных атрыбутаў (хатняе начынне). Садовую мэблю і крыжы выконвалі ў выглядзе складана пераплеценых дубовых галінак, вінаграднай лазы. У вырабах 18—19 ст. прыкметны ўплыў мастацких стыляў готыкі, барока, класіцызму. 3 2-й палове 19 ст. з развіццём металаапрацоўчай прамысловасці мастацкае ліццё паступова заняпала.
У наш час беларускія мастакі ў гэтай тэхніцы ствараюць станковую скульптуру, мемарыяльныя і памятныя медалі, ювелірныя вырабы, абклады да мініяцюрных сувенірных кніг і інш., працуюць майстэрні па адліўцы званоў. Сярод майстроў С. Ларчанка, Ю. Любімаў і інш.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.