Княжыцы (Магілёўскі раён)
аграгарадок у Магілёўскім раёне Магілёўскай вобласці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
аграгарадок у Магілёўскім раёне Магілёўскай вобласці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Кня́жыцы[2] (трансліт.: Kniažycy, руск.: Княжицы) — аграгарадок у Магілёўскім раёне Магілёўскай вобласці, каля ракі Лахва. Адміністрацыйны цэнтр Княжыцкага сельсавета. Насельніцтва 305 чал. (2010). Знаходзяцца за 10 км на захад ад Магілёва, каля шашы Магілёў — Мінск (колішні Віленскі тракт).
Аграгарадок
Княжыцы
| ||||||||||||||||||||||||
Упершыню Княжыцы згадваюцца ў 1501 годзе як уладанне жонкі вялікага князя Аляксандра Алены Іванаўны. У Старадубскую вайну ў 1535 годзе вёску спаліла войска маскоўскага ваяводы Івана Шуйскага. Па аднаўленні Княжыцы выраслі да мястэчка, у Аршанскім павеце Вялікага Княства Літоўскага. У 1645 г. ва ўласнасці ў Юрыя Галоўчынскага, пасля смерці якога перайшлі ягонай жонцы Барбары з Друцкіх-Сакалінскіх, якая пазней выйшла замуж за лідскага харунжага Яна Курча, у іх сумесным уладанні Княжыцы згадваюцца ў 1654 г.[3] У 1748 годзе згадваецца сінагога.
У 1681 годзе харунжы вялікі Канстанцін Пац заснаваў у Княжыцах кляштар дамініканцаў. Першы касцёл быў драўляным. У XVIII стагоддзі кляштар атрымаў значныя ахвяраванні ад нашчадкаў першага фундатара і шляхцічаў Крукоўскіх. Пасля 1750 года пачалося будаўніцтва мураванага касцёла, асвечанага ў 1780 годзе архібіскупам магілёўскім Станіславам Богуш-Сестранцэвічам[4].
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Княжыцы апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, у Магілёўскім павеце Магілёўскай губерні. Станам на 1785 год у мястэчку было 43 двары, на 1848 год — 147 двароў, на 1861 год — 72 двары, на 1880 год — 93 двары.
У 1801 годзе ў Княжыцах завяршылася будаўніцтва драўлянага кляштарнага корпуса з мураваным флігелем. Па здушэнні вызваленчага паўстання 1830—1831 гадоў расійскія ўлады ліквідавалі кляштар дамініканцаў, а па здушэнні нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863—1864 гадоў — гвалтоўна перарабілі касцёл у царкву Маскоўскага патрыярхату. Да 1872 года завяршылася мураўёўскай рэканструкцыя колішняга касцёла, калі над ім надбудавалі 4 купалы-цыбуліны.
У канцы XIX стагоддзя ў Княжыцах існавалі царкоўна-прыходская школа і народнае вучылішча, дзве царквы, сінагога, 8 млыноў, паўтара дзясятка лавак, а таксама два бровары.
1 студзеня 1919 года згодна з пастановай I з’езда КП(б) Беларусі Княжыцы ўвайшлі ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі перайшлі ў склад РСФСР. У 1924 годзе Княжыцы вярнулі БССР, дзе яны сталі цэнтрам сельсавета.
Пастановай Магілёўскага раённага Савета дэпутатаў ад 29 ліпеня 2008 г. № 13-5 вёскі Княжыцы і Сумарокава пераўтвораны ў аграгарадок Княжыцы-Сумарокава[5].
У вёсцы размяшчаецца школа (245 вучняў у 2004 годзе), пры якой працуе музей мясцовага ўраджэнца — мастака і мастацтвазнаўцы Паўла Масленікава. Таксама працуюць крама, пошта і бальніца (з 1980 года) на амаль 100 месцаў. З 2001 года існуе дзіцячы прытулак на 15 месцаў[6].
Пастановай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 10 красавіка 2003 года №11 будынак мясцовага касцёла ўключылі ў спіс гістарычна-культурных каштоўнасцей краіны[7].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.