Remove ads
From Wikipedia, the free encyclopedia
Далі (кіт.: 大理國) — старажытная дзяржава ва Усходняй Азіі (938—1253 гг.). Далі сфарміравалася на захадзе сучаснай кітайскай правінцыі Юньнань, але ў перыяд найбольшай магутнасці ўключала суседнія паўночныя раёны В’етнама, Лаоса, Тайланда і М’янмы.
Заснавальнікам дзяржавы Далі стаў Дуань Сыпін (894—944), кітаец з тэрыторыі сучаснай правінцыі Ганьсу, які за свае ваенныя заслугі атрымаў кіраўнічую пасаду ў невялікай дзяржаве Дачанхэ, што была ўтворана ў выніку распаду дзяржавы Наньчжаа ў 903 г. Аднак у 927 г. уладу ў Дачанхэ захапіў чыноўнік Ян Ганьчжэнь, пазней абвешчаны імператарам. Дуань Сыпін падвергся пераследу і збег на ўсход, дзе сабраў значнае войска і ў 937 г. нанёс паражэнне Яну Ганьчжэню.
Дынастыя Дуань выбрала ў якасці сталіцы горад Далі ва ўрадлівай даліне каля возера Эрхай. Назва горада і дзяржавы паходзіць ад кітайскага слова, якое азначае «мармур», і адначасова падкрэслівае высакароднасць. У адрозненне ад дынастыі Сун, што падтрымлівала канфуцыянства, манархі Далі былі будыстамі. 10 з 22 манархаў у канцы жыцця сталі будысцкімі манахамі. У пазнейшых міфах народа бай падкрэсліваўся мірны характар іх кіравання, адпаведны будысцкаму ідэалу валадароў. Хаця вядомы выпадкі, калі Далі накіроўвала пасольствы і нават выплочвала фармальную даніну Кітаю, палітычныя зносіны з кітайскай дынастыяй Сун былі вельмі абмежаванымі.
У 1080 г. прыдворны Ян Ічжэн гвалтоўна захапіў уладу, але быў скінуты прадстаўнікамі рода Гао. Яны вярнулі трон прадстаўнікам рода Дуань, але наўзамен атрымалі вызначальныя пасады, якія дазвалялі самім кіраваць дзяржавай. У 1094 г. Гао Шэнтай вымусіў Дуань Чжэнміна адрачыся ад манархіі і сам заняў трон. Падчас яго кіравання Далі атрымала назву Дачжун. Тым не меней, напярэдадні смерці ў 1096 г. ён даручыў свайму сыну Гао Тайміну вярнуць трон дынастыі Дуань. Сям’я Гао захавала ўладу і ў далейшым аказвала моцны ўплыў на манархаў.
У 1253 г. статысячная мангольская армія на чале з ханам Хубілаем імкліва ўварвалася ў Далі. Апошні манарх Дуань Сінчжы адмовіўся ад супраціву і прыняў бок манголаў, пазней удзельнічаў у іх заваяваннях. Хубілай падараваў дынастыі Дуань тытул махараджаў (або імператараў), але іх улада была абмежавана наваколлямі горада Далі. Яны былі вымушаны падпарадкоўвацца чыноўнікам імперыі Юань, створанай Хубілаем.
Хаця большасць сучасных даследчыкаў атаясамлівае Далі з дзяржавай народа бай, яна была населена шматлікімі плямёнамі, а галоўнай мовай дзяржаўнага справаводства была кітайская. Цэнтральны дзяржаўны апарат, які функцыянаваў у сталіцы, горадзе Далі, будаваўся па традыцыйнаму кітайскаму прынцыпу. Каля 1000 г. была ўведзена сістэма экзаменаў для чыноўнікаў.
Тым не меней, Далі не магла параўноўвацца паводле цэнтралізацыі з імперыямі Тан або Сун. Яна падзялялася на 6 правінцый, якія ў пісьмовых помніках самі па сабе называліся дзяржавамі. Іх губернатары мелі надзвычай вялікія паўнамоцтвы. Прыклад сям’і Гао дэманструе, што ўлада ў правінцыях магла перадавацца па спадчыне. Манархі з дынастыі Дуань з’яўляліся не толькі рэчаіснымі ці ўмоўнымі валадарамі, але і сакральнымі асобамі, якія аб’ядноўвалі кіраванне папросту сваёй наяўнасцю.
Праз тэрыторыю Далі праходзіла паўднёвае адгалінаванне Вялікага шаўковага шляху, што дазваляла мець шчыльныя гандлёвыя зносіны з Кітаем, краінамі Паўднёвай і Паўднёва-Усходняй Азіі. Кітайскія гандляры куплялі ў Далі коней. У іншыя краіны вывозіліся шоўк і чай.
Запісы, прысвечаныя гісторыі і культуры Далі, дайшлі пераважна праз кітайскія крыніцы пазнейшай эпохі дынастыі Юань. Уласныя пісьмовыя помнікі Далі рабіліся на кітайскай мове, але існуе шэраг пісьмовых помнікаў на мове бай, выкананых кітайскім пісьмом. Большасць захаваных манускрыптаў і помнікаў мастацтва звязаны з будызмам. Будызм як афіцыйная рэлігія аказваў значны ўплыў на ўсе бакі паўсядзённага жыцця. Гонарам сучаснага горада Далі з’яўляюцца 3 высокія пагады, што ў часы дынастыі Дуань былі часткай будысцкага кляштара Чуншэн. Вядомы медныя, бронзавыя і каменныя статуі Буды і будысцкіх святых. Ужо ў сярэднявеччы славай карысталіся працы будысцкага мастака Чжан Шэнвэня (XII стагоддзе). Разам з гэтым, сярод пісьмовых помнікаў захаваліся трактаты па астралогіі і метэаралогіі, якія сведчаць пра развіццё навуковых ведаў.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.