Анатоль Канстанцінавіч Клышка

беларускі пісьменнік From Wikipedia, the free encyclopedia

Анатоль Канстанцінавіч Клышка

Анатоль Канстанцінавіч Клы́шка (16 красавіка 1935, в. Данейкі, Навагрудскі павет, Навагрудскае ваяводства, Польская Рэспубліка, цяпер Баранавіцкі раён Брэсцкай вобласці — 14 красавіка 2021) — беларускі пісьменнік, педагог, публіцыст, перакладчык.

Хуткія факты Анатоль Канстанцінавіч Клышка, Асабістыя звесткі ...
Закрыць

Біяграфія

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і, брат Міхася Клышкі.

Вучыўся ў Навагрудскім педагагічным вучылішчы (1949—1952). Працаваў карэктарам у навагрудскай гарадской газеце «Звязда», адказным сакратаром рэдакцыі газеты «Фізкультурнік Беларусі». Скончыў філалагічны факультэт БДУ (1958). Працаваў супрацоўнікам газеты «Літаратура і мастацтва», у 1958 — інструктарам па друку ЦК ЛКСМБ, са снежня 1958 вучыўся ў аспірантуры пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР, з 1960 — супрацоўнік рэдакцыі часопіса «Полымя».

Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1960).

У 1961—1963 гадах — старшы рэдактар сцэнарнага аддзела кінастудыі «Беларусьфільм», пасля ў «Полымі» — літработнік аддзела крытыкі, рэдактар аддзела навукі і мастацтва. З 1971 года — загадчык лабараторыі навучання грамаце, потым аддзела навучання літаратуры Інстытута педагогікі Міністэрства асветы БССР. У 1981—1983 гадах — загадчык рэдакцыі выдавецтва «Юнацтва», у 1986—1990 — загадчык аддзела крытыкі часопіса «Полымя».

Быў сярод арганізатараў Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны (1989), дзе ўзначальваў камісію па культуры мовы.

Памёр 14 красавіка 2021 года[1].

Творчасць

Дэбютаваў вершам у 1950 годзе ў навагрудскай газеце. З літаратурна-крытычнымі артыкуламі выступае з 1953 года.

У 1967 выйшла кніга літаратурна-крытычных артыкулаў «Права на верш».

Аўтар «Буквара» (1969, 23 выданні), «Пропісаў да „Буквара“» (1969, 4 выданні), «Пропісаў для 1 класа» (1973, 18 выданняў), дапаможніка для 1 класа «Верасок» (1978, 3 выданні), «Чабарок» (1989, чытанка для 4 класа школ з рускай моваю навучання). Напісаў кніжкі для дзяцей «У лясах Белавежы» (1975), «Самая лепшая хатка» (1976), «Вярэнька загадак» (1982), «Францыск Скарына, альбо Як да нас прыйшла кніга» (1983), «Шыльдбюргеры. Па-нямецку пачуў, па-беларуску збаяў А. Клышка» (казкі, 1983), «Святло праз стагоддзі» (пра Ф. Скарыну, выдадзена на англійскай, нямецкай, французскай мовах, 1990).

Яго мастацкія творы адметныя арыгінальнасцю думкі і формы, дакладнасцю ацэнак, яркасцю стылю.[2]

Пераклаў на беларускую мову «Новы запавет» (1980, асобныя раздзелы апублікаваны ў часопісе «Спадчына», 1989—1990), раман старажытна-грэчаскага пісьменніка Лонга «Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою» (1991). Аўтар «Беларуска-польскага размоўніка» (1992).

Перакладае з польскай, нямецкай, лацінскай, украінскай і іншых моў. Між іншага пераклаў асобныя творы Марцыяла[3].

Даследуе праблемы развіцця беларускай паэзіі (творчасць М. Багдановіча, М. Танка, П. Панчанкі, А. Вялюгіна, Р. Барадуліна і інш.), вершазнаўства, методыкі навучання і выкладання літаратуры ў школе.

Буквар

«Буквар» А. Клышкі (1969) быў створаны з улікам апошніх дасягненняў псіхолага-педагагічнай навукі. У ім практычна рэалізоўваліся прынцыпы навучання чытанню і пісьму, якія вынікалі з заканамернасці засваення граматы з улікам гукавога аналітыка-сінтэтычнага метаду. Маючы на ўвазе, што вучыць грамаце неабходна перш за ўсё на аснове вуснай мовы, блізкай дзецям па лексіцы, граматыцы, тэматыцы, у буквары для гэтага прапаноўваўся разнастайны матэрыял. Вучні паступова падводзіліся да ўсведамлення сказа і слова: сюжэтныя малюнкі суправаджаліся адпаведнымі графічнымі абазначэннямі. Пасля аналітычнага выдзялення ў слове пэўнага гука і знаёмства з яго літарным абазначэннем пачынаўся сінтэз: аб’яднанне гукаў у склады, складоў — у словы, слоў — у сказы. Парадак знаёмства з гукамі і літарамі: а, у, м, т, н, х, ш, р, ы, о, с, я, к, і, п, в, з, ж, э, й, ь, е, б, д. ч, г, я, ў, ц, дз, ё, ю, ф, апостраф, дж. Тэкставы матэрыял буквара быў у асноўным аўтарскі, не адаптаваўся. Кніга вызначалася тонкім паэтычным адчуваннем жывой беларускай мовы з яе багатым лексіка-граматычным ладам, экспрэсіяй, разнастайнасцю гульнявога моўнага матэрыялу (прыказкі, прымаўкі, загадкі, скорагаворкі, рэбусы). Для дзяцей ён стаў сапраўднай энцыклапедыяй прыроды і жыцця[4]. Навык пісьма выпрацоўваўся паралельна з чытаннем. З гэтай мэтай у буквары прапаноўваліся пропісі літар, слоў, сказаў (акрамя гэтага, у якасці дадатку да буквара выпускаліся спецыяльныя сшыткі з пропісямі). З густам аформлены падручнік А. Клышкі атрымаў залаты медаль на Міжнароднай выстаўцы ў Лейпцыгу (1977).

Новы буквар А. Клышкі для шасцігодак (1986) змяніў парадак увядзення гукаў і літар з улікам узроставых асаблівасцей дзяцей, пачаўшы знаёмства з шасцю асноўнымі галоснымі гукамі: а, у, о, і, ы, э, н, м, т, х, ш, с, л, р, к, п, в, з, ж, й, ь, е, б, д, г. я, ч, д, ц, дз, ё, ю, ф, дж, апостраф. У яго ўключаны новы дыдактычны матэрыял, унесены метадычныя змены прыватнага характару. Асноўным прынцыпам, паводле якога арганізуецца навучанне грамаце, застаўся ранейшы.

Як заўважае педагог-псіхолаг і даследчыца-культуролаг Людміла Дзіцэвіч, у пачатку 1990-х гадоў, пасля таго як Беларусь стала суверэннай дзяржавай, кантэнт «Буквара» Анатоля Клышкі прыкметна ўстарэў і перастаў адпавядаць часу. Таму аўтар яго перапрацаваў: быў ануляваны савецкі ідэалагізаваны матэрыял, уведзены тэксты пра славутых асоб беларускай гісторыі — Ефрасінню Полацкую, Міколу Гусоўскага, Францыска Скарыну. У 1997 годзе згаданы дапаможнік для навучання чытанню быў яшчэ раз перапрацаваны: вывучэнне гукаў пачыналася цяпер з зычных (с, п, м, т, л, н, ш, р, к, д, а, я, у, і, х, б, склады з «у», з, о, в, г, ч, ы, ж, ф, склады з «і», э, й, ь, е, ц, ў, склады з «я», дз, ё, ю, дж, апостраф), што сталася пераваротам у беларускай методыцы, хоць такі метад даўно ўжо выкарыстоўваўся ў еўрапейскай практыцы[5].

Буквар А. Клышкі выкарыстоўваўся ў беларускіх школах да 2021/22 навучальнага года[6].

Выбраная бібліяграфія

Зборнікі прозы для дзяцей

  • «У лясах Белавежы» (1975)
  • «Самая лепшая хатка» (1976)
  • «Вярэнька загадак» (1982)
  • «Францыск Скарына, альбо Як да нас прыйшла кніга» (1983)
  • «Шыльдбюргеры. Па-нямецку пачуў, па-беларуску збаяў А. Клышка» (1983)
  • «Святло праз стагоддзі» (на нямецкай, французскай, англійскай мовах; пра Ф. Скарыну) (1990)
  • «Прыгаршчы языкаломак» (2011)
  • «Тысяча арэшкаў. Загадкі для дзяцей і дарослых» (2012)

Вучэбна-метадычная літаратура

  • Буквар (1-е выд. 1969, перавыдаецца па цяперашні час)
  • «Пропісы ды Буквара» (1-е выд. 1969, перавыдаецца па цяперашні час)
  • Дапаможнік для 1 класа «Верасок» (1-е выд. 1978)
  • Чытанка для 4 класа з рускай мовай навучання «Чабарок» (1-е выд. 1989 г., перавыдаецца па цяперашні час)
  • «Беларуска-польскі размоўнік» (1992)
  • руск. «Букварь» (1-е выд. 1999, перавыдаецца па цяперашні час)
  • «Elementarz»: Падручнік для падрыхтоўчых класаў агульнаадукацыйных школ з Польскай мовай навучання
  • «Чую, бачу, гавару»: Ілюстраваны слоўнік па беларускай мове для вучняў Пачатковых класаў агульнаадукацыйных устаноў з беларускай І рускай мовамі навучання («Чую, бачу, гавару») (1-е выданне 2003 г., 2-е выданне 2012, перавыдаецца па цяперашні час)
  • Літаратурнае чытанне. Падручнік для 4-га класа школ з беларускай мовай навучання (1-е выданне, 2008, перавыдаецца па цяперашні час)

Публіцыстыка і крытыка

  • «Права на верш» (1967) і інш.

Пераклады

  • Лонг, «Пастушыная гісторыя пра Дафніса І Хлою» (пераклад са старажытнагрэцкай мовы, 1991)
  • Гамер, «Адысея», Выбраныя раздзелы-песьні (пераклад са старажытнагрэцкай мовы, 2005)
  • Біблія. «Новы Запавет», (пераклад з грэцкай мовы, 2014)
  • Марцыял Марк Валерый, «Выбраныя эпіграмы» (пераклад з лацінскай мовы, 2018)

Узнагароды

Зноскі

  1. Памёр легендарны Анатоль Клышка. Па яго «Буквары» вучыліся мільёны беларусаў . Наша Ніва (14 красавіка 2021). Праверана 2 красавіка 2024.
  2. І. Чыгрын (1999)
  3. [43 эпіграмы Марцыяла] // Полымя № 6, 1980. — С. 188—193.
  4. М. Яленскі (1994)
  5. Жолуд С. Дзеля навучання «люду паспалітага» // Беларуская думка. № 8, 2018
  6. Сышла эпоха. У дзяцей больш не будзе буквара Клышкі | Новы Час. web.archive.org (1 верасня 2021). Архівавана з першакрыніцы 1 верасня 2021. Праверана 2 красавіка 2024.
  7. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 6. — 576 с. 10 000 экз. ISBN 985-11-0035-8. ISBN 985-11-0106-0 (т. 6). — С. 563.

Літаратура

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.