World Open 2014 (снукер)
From Wikipedia, the free encyclopedia
World Open 2014 (таксама вядомы як Gujinggong Liquor Haikou World Open 2014 — ад назваў спонсара і горада, у якім праходзіў турнір) — прафесійны рэйтынгавы турнір па снукеры, які праходзіў з 10 па 16 сакавіка 2014 года ў міжнародным выставачным цэнтры Хайнаня, у горадзе Хайкоу, Кітай. Турнір стаў 32-м розыгрышам World Open, які быў заснаваны ў 1982 годзе пад назвай Professional Players Tournament, а таксама праходзіў пад назвамі Гран-пры (1984—2000, 2004—2009) і кубак LG (2001—2003). Кампанія Gujinggong Liquor у другі раз запар спансавала World Open. Прызавы фонд турніру склаў £478,000 (на £53,000 больш, чым у мінулым годзе), з якіх £85,000 атрымаў пераможца.
World Open 2014 | |
Сезон | 2013/2014 |
---|---|
Тэрміны | 10 — 16 сакавіка 2014 |
Арэна | Міжнародны выставачны і канферэнцыйны цэнтр Хайнаня |
Горад | Хайкоу |
Краіна | Кітай |
Арганізацыя | WPBSA |
Спонсар | Gujinggong Liquor |
Фармат | Рэйтынгавы турнір |
Агульны прызавы фонд | £478,000 |
Прызавыя пераможцы | £85,000 |
Мінулы чэмпіён | Марк Ален |
Фінал | |
Пераможца | Шон Мёрфі |
Фіналіст | Марк Сэлбі |
Лік | 10:6 |
Статыстыка турніру | |
Колькасць удзельнікаў | 68 (+64) |
Колькасць матчаў | 66 (+64) |
Колькасць фрэймаў | 494 (+453) |
Колькасць соценных серый | 43 (+20) |
Найвышэйшая серыя | 144 (Энтані Мак-Гіл) (кваліфікацыя: 141 (Том Форд)) |
←2013 ● World Open ● 2016→ | |
Снукерны сезон 2013/2014 | |
←Адкрыты чэмпіянат Дунгуаня | Гранд-фінал PTC→ |
Турнір уключаў у сябе адзін кваліфікацыйны раўнд, які праходзіў на працягу двух дзён 13 і 14 снежня 2013 года (за тры месяцы да асноўнай стадыі) і ў якім гулялі 128 удзельнікаў (64 матчы). Пераможцы аўтаматычна траплялі ў асноўную стадыю, дзе да іх далучыліся чацвёра ўладальнікаў уайлдкард, якія гулялі ў папярэднім раўндзе супраць чацвярых выпадковых гульцоў з 32 ніжэйшых сеяных, якія прайшлі кваліфікацыю. Пасля гэтага, 64 снукерысты гулялі на выбыванне, пачынаючы з 1/32 фіналу. Па прычыне павялічэння колькасці ўдзельнікаў у параўнанні з мінулымі гадамі ў першых раўндах (да паядынкаў 1/8 фіналу) выкарыстоўвалася 6 гульнявых сталоў.
У кваліфікацыі абышлося без сенсацыйных вынікаў, і ўсе 16 першых сеяных турніру прайшлі ў асноўную сетку. Стыў Дэвіс, які таксама прайшоў кваліфікацыйны раўнд, прыняў удзел у турніры ў 27-ы раз, абнавіўшы свой рэкордны паказчык. У 1/16 фіналу фіналіст World Open 2013, Мэцью Стывенс з Уэльса саступіў Джаду Трампу з лікам 4:5. У трэцім круге лідар сусветнага рэйтынгу Ніл Робертсан саступіў у вырашальным фрэйме на перагулёйцы чорнага шара снукерысту з Ганконга Марка Фу — 4:5. У сваю чаргу, Робертсан аформіў 4 соценныя брэйкі на турніры і давёў рэкордную колькасць сваіх сэнчуры ў сезоне да 92-х. Пераможца трох рэйтынгавых турніраў у сезоне 2013/2014 Дзін Цзюньхуэй таксама прайграў у 1/8 фіналу Шону Мёрфі з лікам 4:5. Такім чынам, была перапынена серыя перамог кітайца ў вырашальных партыях: да свайго паражэння ён выйграў 10 вырашальных партый з 10 згуляных у сезоне. Пераможца двух апошніх World Open Марк Ален з Паўночнай Ірландыі зноў здолеў дайсці да паўфіналу, але прайграў за крок да фінальнага матчу Мёрфі — 4:6. У фінал выйшлі прадстаўнікі Англіі Шон Мёрфі і Марк Сэлбі. Найвышэйшую серыю ў асноўнай стадыі турніру, 144 ачкі, зрабіў Энтані Мак-Гіл з Шатландыі у матчы першага раўнда супраць Марка Фу.
Пераможцам турніру стаў Шон Мёрфі, які перайграў на сваім шляху да тытула Тоні Драгу ў кваліфікацыйным раўндзе (5:1), Джымі Уайта (5:1), Марка Кінга (5:1), Дзіна Цзюньхуэя (5:4), шатландца Грэма Дота на апошнім чорным шары ў вырашальным фрэйме (5:4), Марка Алена (6:4) і свайго суайчынніка Марка Сэлбі ў фінальным паядынку (10:6). Гэтая перамога стала чатырнаццатым прафесійным і пятым рэйтынгавым тытулам у кар'еры англічаніна, а таксама першым спаборніцтвам рэйтынгавага ўзроўню, выйграным Мёрфі за тры гады (з Гранд-фінала PTC 2011).