Ніл Робертсан
From Wikipedia, the free encyclopedia
Ніл Робертсан (англ.: Neil Robertson; нар. 11 лютага 1982, Мельбурн, Аўстралія) — аўстралійскі прафесійны гулец у снукер. Чэмпіён свету па снукеры 2010 года і былы лідар сусветнага рэйтынгу. З’яўляецца адзіным аўстралійскім снукерыстам у гісторыі, які перамагаў на рэйтынгавых турнірах, а таксама адным з дзесяці снукерыстаў у гісторыі, якія выйгралі ўсе тры турніры трайной снукернай кароны — чэмпіянат Вялікабрытаніі (2013, 2015), Мастэрс (2012) і чэмпіянат свету (2010)[3]. Пераможца 14 рэйтынгавых турніраў (шостае месца ў гісторыі разам з Маркам Сэлбі). З сезона 2006/2007 да снежня 2017 года нязменна ўваходзіў у топ-16 сусветнага рэйтынгу.
Ніл Робертсан
англ.: Neil Robertson | |
Дата нараджэння: | 11 лютага 1982(1982-02-11)[1][2] (42 гады) |
---|---|
Месца нараджэння: | |
Грамадзянства: | Аўстралія |
Вядучая рука: | левая |
Прафесійная кар’ера: | 1998/1999, 2000–2002, 2003–... |
Найвышэйшы рэйтынг: | 1 (04.10.2010—13.12.2010 12.06.2013—06.05.2014 08.07.2014—11.08.2014 15.11.2014—25.01.2015) |
Цяперашні рэйтынг: | 10 (30 ліпеня 2018) |
Прызавыя грошы: | > £3,700,000 |
Найвышэйшая серыя: | 147 (3 разы: Адкрыты чэмпіянат Кітая 2010, Усі Класік 2013 (квал.), Чэмпіянат Вялікабрытаніі 2015) |
Колькасць соценных серый: | 566 |
Перамогі на турнірах | |
Рэйтынгавыя турніры: | 14 |
Нізкарэйтынгавыя турніры: | 4 |
Іншыя прафесійныя турніры: | 4 |
Прафесійна-аматарскія і запрашальныя турніры: | 1 |
Чэмпіён свету: | 2010 |
Упершыню Робертсан патрапіў у мэйн-тур у сезоне 1998/1999 ва ўзросце 16 гадоў, але канчаткова замацаваўся сярод прафесіяналаў у сезоне 2003/2004, у якім стаў пераможцам кваліфікацыі да Мастэрс, выйграўшы пуцёўку на самы прэстыжны запрашальны турнір 2004 года. У 2005 годзе ён дэбютаваў у Крусібле і ўвайшоў у топ-32 сусветнага рэйтынгу, а з сезону 2006/2007, падчас якога ён выйграў свае першыя рэйтынгавыя турніры, Гран-пры і адкрыты чэмпіянат Уэльса, нязменна ўваходзіць у 16 лепшых снукерыстаў свету. У 2010 годзе ён атрымаў перамогу на чэмпіянаце свету, перайграўшы ў фінальным матчы Грэма Дота з лікам 18:13. У наступным сезоне ён упершыню падняўся на першы радок сусветнага рэйтынгу і выйграў свой шосты рэйтынгавы тытул, World Open 2010, не прайграўшы ні аднаго фінальнага паядынку. У 2012 годзе атрымаў перамогу на Мастэрс, стаўшы трынаццатым гульцом у гісторыі, які перамог на Мастэрс і на чэмпіянаце свету. У пачатку сезона 2013/2014 ён вярнуў сабе першае месца ў рэйтынгу, якое трымаў амаль да самага канца сезону. Апроч таго, ён перамог на чэмпіянаце Вялікабрытаніі 2013 года і, такім чынам, стаў восьмым гульцом, які выйграў усе турніры трайной кароны. У канцы 2015 года стаў пераможцам двух прафесійных турніраў запар, перамогшы на Champion of Champions і ў другі раз стаўшы пераможцам чэмпіянату Вялікабрытаніі, а ў пачатку сезона 2016/2017 здабыў дванаццаты рэйтынгавы тытул на турніры Рыга Мастэрс. Пасля няўдалых выступаў у першай палове сезона 2017/2018 упершыню за 11 гадоў пакінуў топ-16 у снежні, але ўсяго праз тыдзень здабыў трынаццатую рэйтынгавую перамогу на адкрытым чэмпіянаце Шатландыі і вярнуўся ў снукерную эліту.
У агульнай колькасці займаў найвышэйшы радок у сусветным рэйтынгу больш за год. Апроч 14 рэйтынгавых тытулаў 4 нізкарэйтынгавыя турніры і 4 прафесійныя запрашальныя турніры. У 2011 годзе ў камандзе з аматарам Стывам Міфсудам вывеў зборную Аўстраліі ў чвэрцьфінал кубка свету па снукеры. За сваю кар’еру зрабіў больш за 550 соценных брэйкаў, стаўшы лідарам сезона 2009/2010 па іх колькасці і аформіўшы рэкордныя 103 сэнчуры ў сезоне 2013/2014, і займае чацвёртае месца па колькасці сэнчуры ў гісторыі (пасля Роні О’Салівана, Стывена Хендры і Джона Хігінса), а таксама зарабіў больш за тры мільёны фунтаў стэрлінгаў прызавых грошай, уваходзячы ў топ-10 снукерыстаў у гісторыі па гэтым паказчыку. За сваю кар’еру выканаў тры максімальныя брэйкі, уваходзячы ў топ-15 гульцоў з найбольшай колькасцю максімумаў.