Лазар Майсеевіч Кагановіч (руск.: Лазарь Моисеевич Каганович; 10 (22) лістапада 1893, вёска Кабаны, цяпер Чарнобыльскі раён, Кіеўская вобласць, Украіна — 25 ліпеня 1991) — расійскі рэвалюцыянер, савецкі дзяржаўны і партыйны дзеяч, блізкі паплечнік Сталіна. Кандыдат у члены ЦК РКП(б) (1923—1924), член ЦК партыі (1924—1957), член Аргбюро ЦК УКП(б) (1924—1925, 1928—1946), сакратар ЦК УКП(б) (1924—1925 , 1928—1939), кандыдат у члены Палітбюро ЦК УКП(б) (1926—1930), член Палітбюро (Прэзідыума) ЦК (1930—1957).
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Кагановіч.
Нарадзіўся ў беднай яўрэйскай сям’і. У 13-гадовым узросце з’ехаў у пошуках заробку ў горад Кіеў, дзе ўладкаваўся на гарбарны завод. 1911 залучаны ў рэвалюцыйны рух старэйшым братам Міхаілам. Член РСДРП (б) з 1911 года. Прымаў актыўны ўдзел у працы прафсаюза гарбароў.
У 1915 годзе Лазар Кагановіч арыштаваны і высланы ў родную вёску Кабаны, пасля чаго перайшоў на нелегальнае становішча і разам з жонкай Марыяй перабраўся ў Юзаўку (з 1924 года — горад Данецк), дзе пасля Лютаўскай рэвалюцыі стаў намеснікам старшыні Юзаўскага Савета і старшынёй саюза гарбароў.
Вясной 1917 года Кагановіч па заданні партыі накіраваны ў войска для прапагандысцкай працы. У сакавіку-красавіку 1917 года ён старшыня ваеннай арганізацыі бальшавікоў у Самары. У чэрвені 1917 гады прымае ўдзел у пасяджэннях Усерасійскай канферэнцыі ваенных арганізацый пры ЦК РСДРП (б) у Петраградзе, дзе яго абіраюць у склад Усерасійскага бюро ваенных арганізацый.
Пасля вяртання з войска, Кагановіча зноў арыштоўваюць і накіроўваюць на фронт, але ў Гомелі намаганнямі мясцовых бальшавікоў яго вызваляюць, і са жніўня 1917 года ён становіцца ў Гомелі старшынёй Палескага камітэта РСДРП (б), што адыграла значную ролю ў прыходзе бальшавікоў да ўлады у Гомелі і Магілёве.
Пасля Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі Л. М. Кагановіч становіцца адным з арганізатараў стварэння Чырвонай Арміі: у 1918 годзе ён камісар арганізацыйна-агітацыйнага аддзела Усерасійскай калегіі па арганізацыі Чырвонай Арміі, што дазволіла яму ўсталяваць асабістыя сувязі з шэрагам вядомых бальшавікоў.
У сярэдзіне лета 1918 года Кагановіч накіраваны ў Ніжні Ноўгарад, які стаў прыфрантавым горадам у сувязі з прасоўваннем частак чэхаславацкага корпуса. Тут, з мая 1918 г. па жнівень 1919 года, ён займаў пасады старшыні Ніжагародскага губернскага Камітэта РКП (б) і губернскага Выканаўчага Камітэта.
Кіраўнік партыйнай арганізацыі Масквы і вобласці (1930—35). У 1925—28 і ў 1947 1-ы сакратар ЦК КП(б) Украіны. У 1935—44 нарком шляхоў зносін, з 1938 намеснік старшыні СНК СССР. У Вялікую Айчынную вайну член Дзяржаўнага камітэта абароны (з 1942) і ваеннага саветаў шэрагу франтоў. Намеснік старшыні СНК (1944—46) і СМ СССР (1946—57).
Нясе асабістую адказнасць за масавыя рэпрэсіі 1930 — пач. 1950-х гадоў[4].
У 1957 годзе абвешчаны членам «антыпартыйнай групы», зняты з усіх пасад. У 1961 годзе выключаны з КПСС.