(1547—1603) ваявода віленскі і гетман вялікі літоўскі From Wikipedia, the free encyclopedia
Крыштаф Радзівіл «Пярун» (9 лютага 1547, Вільня — 20 лістапада 1603) — сын Мікалая Радзівіла Рудога, вялікі гетман літоўскі, ваявода віленскі, кашталян троцкі, гетман польны літоўскі, вялікі падчашы літоўскі, староста кокенгаўзенскі, салецкі, жыжморскі, барысаўскі.
Атрымаў дамашнюю адукацыю. Удзельнік Інфлянцкай вайны 1558—1582, пачынаючы з бітвы на Уле (1564). З 1567 ротмістр коннай роты, крайчы ВКЛ у 1567—1569, падчашы ВКЛ у 1569—1579, гетман польны літоўскі ў 1572—1589, ахоўваў паўночна-ўсходнюю мяжу дзяржавы. У кампаніі 1580 узяў замак Усвяты i нанёс паражэнне расійскаму войску каля Вялікіх Лук. У жніўні-кастрычніку 1581 атрад Радзівіла (4 тыс. чалавек) разам з атрадам Ф. Кміты-Чарнабыльскага (2 тыс. чалавек) зрабілі рэйд да вярхоўяў Волгі занялі Старыцу і Ржэў. Гэты рэйд і аблога Пскова прымусілі Івана Грознага падпісаць перамір'е.
У 1579—1584 Крыштоф займаў пасаду кашталяна троцкага, адначасова ў 1579—1585 падканцлер ВКЛ. Пасля смерці бацькі з 1584 ваявода віленскі.
Быў прыхільнікам самастойнасці ВКЛ. Пасля смерці Стафана Баторыя падтрымліваў план часткі магнатаў і шляхты ВКЛ стварыць дзяржаўную унію ВКЛ, Польшчы і Расіі на чале з вялікім князем. У 1589 атрымаў пасаду вялікага гетмана літоўскага. На чале атрадаў войска ВКЛ змагаўся з паўстаннем Налівайкі 1594—1596. Дамогся шлюбу ў 1600 Соф'і Алелькаўны са сваім сынам Янушам. Пасля смерці Соф'і 1612 Слуцкае княства і інш. ўладанні Алелькавічаў перайшлі да роду Радзівілаў. У час вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—1629 з 1600 Крыштоф камандаваў войскамі ў Інфлянтах. 23 чэрвеня 1601 нанёс паражэнне шведскаму войску ў бітве пад Кокенгаўзэнам, у ліпені 1601 года ўзяў Вендэн.
Як і бацька Крыштоф вызнаваў кальвінізм, будаваў кальвінісцкія саборы. Пры яго двары было шмат вучоных, з ім былі звязаны дзеячы беларускай культуры: Андрэй Рымша, Гальяш Пельгрымоўскі, Саламон Рысінскі, Андрэй Волан. Меў адну з найбольшых латыфундый у ВКЛ. Асноўныя маёнткі — Валожын, Койданава, Смалявічы, Станькава, Уселюб і інш. (сучасная Беларусь); Біржы, Віжуны (сучасная Літва). Трымаў Барысаўскае, Кокенгаўзенскае і інш. староствы.
Быў у шлюбах з Ганнай Собек, Кацярынай Астрожскай, Кацярынай Тэнчынскай, Альжбетай Астрожскай. У шлюбе з Ганнай Собек меў дачку і сына Мікалая, у шлюбе з Кацярынай Астрожскай — сына Януша, у шлюбе з Кацярынай Тэнчынскай — дачку Альжбету і сына Крыштафа.
Паход Крыштафа Радзівіла ў тылы маскоўскіх войскаў увосень 1581 паслужыў нагодай для стварэння шэрагу паэтычных твораў: лацінамоўныя паэмы «Апісанне маскоўскага паходу князя Крыштафа Радзівіла» Ф. Градоўскага (Кракаў, 1582), «Панегірык… у гонар князя Крыштафа Радзівіла» Г. Пельгрымоўскага (Кракаў, 1583) і польскамоўная «Паход на Маскву» Я. Каханоўскага (Кракаў, 1583). Найбольш падрабязнае паэтычнае апісанне паходу К. Радзівіла стварыў А. Рымша ў паэме «Дзесяцігадовая аповесць ваенных спраў князя Крыштафа Радзівіла»[4].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.