Вілейка
горад у Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
горад у Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Віле́йка[3] (трансліт.: Viliejka) — горад у Мінскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Вілейскага раёна, на рацэ Вілія. За 103 км на паўночны захад ад Мінска. Чыгуначная станцыя на лініі Маладзечна — Полацк. Вузел аўтамабільных дарог на Маладзечна, Смаргонь, Мядзел, Докшыцы, Плешчаніцы.
Горад
Вілейка
| ||||||||||||||||||||||||||||||||
Лічыцца, што Вілейка з’явілася каля пяці стагоддзяў таму, аднак археалагічныя знаходкі сведчаць аб тым, што людзі заснавалі пастаяннае паселішча недалёка ад сённяшніх межаў Вілейкі нашмат раней гэтай даты. Першыя людзі на тэрыторыі сучаснага Вілейскага раёна з’явіліся прыкладна ў IX тысячагоддзі да нашай эры. Недалёка ад вёсак Сосенка і Асташкава знойдзеныя стаянкі старажытных людзей і крэмневыя прылады працы, па якіх ўзрост знойдзеных стаянак адносяць да VII—V тысячагоддзяў да нашай эры. Пазнейшыя археалагічныя помнікі, якія адносяцца да эпохі неаліту (IV—II тысячагоддзі да нашай эры), выяўленыя каля вёсак Камена, Кастыкі, Куранец, Нароча (Нарач), Рабунь і некаторых іншых.
У X—XIII стагоддзях тэрыторыя сучаснай Вілейшчыны ўваходзіла ў склад Полацкага княства, а з XIV па XVII стагоддзі — у Вялікае Княства Літоўскае. У гэты перыяд паселішча насіла назву Стары Куранец.
Мястэчка ўзнікла на землях велікакняжацкага маёнтка Куранец. Упершыню Куранец разам з возерам Нарач і ракой Нарачанкай узгадваецца ў лацінамоўнай грамаце вялікага князя Жыгімонта Кейстутавіча віленскаму катэдральнаму касцёлу Святога Станіслава ад 2 лютага 1436 года («districtum Kureniecz», «lacu Norocz», «flavium Norocz»)[4].
З 1599 года мястэчка, цэнтр староства Ашмянскага павета Вялікага Княства Літоўскага.
У 1727 годзе кароль польскі і вялікі князь літоўскі Аўгуст Моцны даў прывілей на штотыднёвыя таргі ў Вілейцы па нядзелях і на 3 кірмашы на год.
З 1793 года, пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай, Вілейка ўваходзіць у склад Расійскай імперыі. На вядомых картах Вілейкі XVIII стагоддзя відаць, што паселішча размяшчалася на працягу больш за кіламетр па беразе Віліі ўздоўж адзінай вуліцы з невялікай плошчай ля месца ўпадзення ў Вілію яе прытоку Пляснянкі. Тады ж, у канцы XVIII стагоддзя, 3 мая (па старым стылі) 1795 года, Вілейка стала павятовым горадам — цэнтрам Вілейскага павета Мінскай, а пазней (з 1843 года) — Віленскай губерні.
22 студзеня (па старым стылі) 1796 года зацверджаны герб Вілейкі: чырвонае поле шчыта перасякае выява ракі з суднам і залатым коласам. Ад першапачатковага малюнка гэтага герба да нашага часу ў некалькі змененым выглядзе захавалася толькі ніжняя частка (у верхняй адлюстроўваўся герб Мінскай губерні, які ў 1845 годзе быў заменены на герб Віленскай губерні, а пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года быў адменены).
Асноўнымі заняткамі жыхароў горада з’яўляліся земляробства і рачное суднаходства. Па Віліі і далей па Нёмане ў Еўропу вывозілі дрэва, лён, пяньку, збожжа, воск. Штогод у горадзе праводзіліся 4 гандлёвыя кірмашы, аб’ёмы гандлю пачалі спадаць толькі ў канцы XIX стагоддзя.
У канцы XVIII стагоддзя тэрыторыя Вілейкі ў плане нагадвала трохвугольнік. Адметных будынкаў і ўмацаванняў не было. Вялікія страты гораду прычынілі пажар 1810 года і руска-французская вайна 1812 года. Пасля вайны 1812 года пачалася буйная рэканструкцыя горада. На працягу стагоддзя цалкам была заменена старая забудова. Многія будынкі сённяшняй Вілейкі былі закладзены ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзяў.
У час нацыянальна-вызваленчага паўстання 1830—1831 гадоў у горадзе з 8 красавіка па 1 верасня 1831 года дзейнічаў паўстанцкі камітэт на чале з Радзішэўскім. Паўстанне задушана царскім войскам пад камандаваннем Саф’янава. У час паўстання 1863—1864 гадоў у павеце дзейнічаў паўстанцкі атрад Вінцэнта Козела-Паклеўскага (разбіты ў сутычцы пад Уладыкамі).
У сярэдзіне XIX стагоддзя ў Вілейцы быў маёнтак з палацам; у 1860 годзе — 2 турмы, царква, 3 малітоўныя дамы, 3 капліцы, шпіталь, бровар, 14 крам, 272 дамы, у 1861 годзе — 2931 жыхар, у 1880 годзе — 3450 жыхароў, у 1897 годзе — 3560 жыхароў (з іх 40,9 % пісьменных; роднай мовай паказвалі: беларускую — 1871, яўрэйскую — 1326, рускую — 217, польскую — 109[5]), 2 навучальныя ўстановы, шпіталь. Горад быў забудаваны пераважна драўлянымі аднапавярховымі дамамі, вуліцы падзялялі горад на кварталы.
Водныя грузаперавозкі па рацэ ў XX стагоддзі замяніліся значнымі па велічыні плынямі грузаў і пасажыраў праз Вілейскую станцыю чыгункі (У 1904 годзе праз Вілейку пракладзеная чыгунка). У рэвалюцыю 1905—1907 гадоў у горадзе дзейнічалі рэвалюцыйна-сялянскі камітэт, сацыял-дэмакратычная група.
У час Першай сусветнай вайны ў верасні 1915 года Вілейка была акупаваная германскай арміяй, аднак неўзабаве вызвалена рускай арміяй падчас цяжкага бою. Баі ў 1915—1916 гадах за Вілейку былі самымі жорсткімі і кровапралітнымі падчас Нарачанскай аперацыі. У гонар вызвалення горада ў 1916 годзе быў названы новы пяхотны полк рускай арміі — 748-ы Вілейскі. У Вілейцы дыслацыраваўся корпус расійскай 10-й арміі Заходняга фронту.
8 (21) лістапада 1917 года ў Вілейцы ўсталяваная савецкая ўлада, створаны ваенны рэвалюцыйны камітэт. У лютым 1918 года акупіравана Германіяй. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай тэрыторыя абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 8 снежня 1918 года занята чырвонаармейцамі 2-й акругі пагранічнай аховы. З 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай I з’езда КП(б)Б у складзе БССР, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. З ліпеня 1919 года пад акупацыяй Польшчы. 10 ліпеня 1920 года занята ненадоўга Чырвонай Арміяй. 31 ліпеня 1920 года ўключана ў склад БССР. Ізноў занята польскімі войскамі ў кастрычніку 1920 года.
Паводле Рыжскага мірнага дагавора (1921) адышла да Польшчы, была цэнтрам Вілейскага павета Навагрудскага, потым Віленскага ваяводстваў. Цэнтр вясковай гміны Вілейка, якая 11 чэрвеня 1929 года перайменаваная ў гміну Каловічы[6]. Горад Вілейка таксама ўтвараў аднайменную гарадскую гміну[7].
У Вілейцы дзейнічалі падпольныя арганізацыі КПЗБ, КСЗМБ, Беларускай сялянска-работніцкай грамады (26 жніўня 1926 года ў Вілейцы адбыўся павятовы з’езд БСРГ), Таварыства беларускай школы (павятовы з’езд адбыўся 13 мая 1928 года). У рабоце з’ездаў удзельнчалі Рыгор Шырма, Аляксандр Уласаў. Адным з кіраўнікоў грамадска-дэмакратычнага руху на Вілейшчыне быў Флягонт Валынец. У Беларускім народным доме вялася палітычна-асветная работа, пры ім існаваў драматычны тэатр (кіраўнік А. І. Каляда). Спектаклі ставіліся ў будынку пажарнай аховы (цяпер галоўны будынак Вілейскага краязнаўчага музея на плошчы Свабоды).
У горадзе размяшчалася камандаванне палка Корпусу аховы памежжа «Вілейка», база гарнізону брыгады КАП «Вілейка» (Brygada KOP «Wilejka») і аднайменнага батальёна. Вілейская турма была адна з найбуйнейшых, тут трымалі і палітзняволеных. У ёй адбывалі пакаранне паэты-рэвалюцыянеры Максім Танк, Ганна Новік.
Увосень 1939 года Вілейка увайшла ў склад Беларускай ССР. Дзейнічала часовая павятовая ўправа, з 4 снежня 1939 года цэнтр Вілейскай вобласці. Выдавалася абласная «Сялянская газета», у рэдакцыі якой у 1939—1941 гадах працавалі Максім Танк, Міхась Машара, Наталля Арсеннева, Ежы Путрамант, Мікола Шыла.
У пачатку Вялікай Айчыннай вайны, 25 чэрвеня 1941 года Вілейка захоплена войскамі гітлераўскай Германіі. Напярэдадні сотні зняволеных Вілейскай турмы былі этапіраваныя ўглыб тэрыторыі СССР.
Быў ўсталяваны жорсткі акупацыйны рэжым. Забіта і закатавана больш за 6 тыс. чалавек (пераважна закатавалі іх у турме і расстралялі ў гета) і амаль цалкам знішчаны горад. Вялікія страты гарнізону ў Вілейцы ў час бою 31 кастрычніка — 1 лістапада 1943 г. нанесла 1-я антыфашысцкая партызанская брыгада (Вілейскі бой).
2 ліпеня 1944 года 35-я гвардзейская танкавая брыгада, якой камандаваў Герой Савецкага Саюза Азі Асланаў, вызваліла Вілейку.
20 верасня 1944 года Вілейская вобласць была перайменаваная ў Маладзечанскую вобласць, адміністрацыйны цэнтр вобласці перанесены ў Маладзечна. З чэрвеня 1946 года — цэнтр раёна, са студзеня 1960 года — у складзе Мінскай вобласці.
З 1991 года Вілейка — у складзе Рэспублікі Беларусь. У 2013 годзе ў межы горада ўключаныя некаторыя вуліцы вёскі Порса[8].
Прадпрыемствы машынабудаўнічай, дрэваапрацоўчай, будаўнічых матэрыялаў, лёгкай і харчовай прамысловасці. Гасцініца «Вілія». На беразе Вілейскага вадасховішча зона адпачынку рэспубліканскага значэння «Вілейка». Вілейская ГЭС.
За 10 км ад горада размешчаны 43-і вузел сувязі ВМФ Расіі.
Распрацаваныя і дзейнічаюць некалькі турысцкіх маршрутаў па наваколлях Вілейкі[34].
Штогод, пачынаючы ад 2007 года, з Вілейскага раёна бярэ старт і праходзіць праз Вілейку водная экспедыцыя «Шляхам Тышкевіча». Першая экспедыцыя «Шляхам Тышкевіча» прайшла ў 2007 годзе. Яе прымеркавалі да 150-годдзя вядомага падарожжа па Віліі краязнаўцы графа Канстанціна Тышкевіча. Вандроўнікі прайшлі па слядах экспедыцыі графа Тышкевіча ад вытокаў Віліі да зліцця з Нёманам[35]. Арганізатарамі і ўдзельнікамі першай воднай экспедыцыі сталі літоўскія і беларускія навукоўцы, краязнаўцы і турысты. Сёння яна набывае больш папулярызатарскі і турыстычны характар і заканчваецца на тэрыторыі Беларусі[36].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.