From Wikipedia, the free encyclopedia
Іван Фёдараў (Іаан (Ян) Федаровіч; 1510?, Петкавічы?[2] — 16 снежня 1583, Львоў) — сярэдневяковы ўсходнееўрапейскі друкар. Лічыцца пачынальнікам друкарскай справы ў Маскоўскай дзяржаве і, такім чынам, у Расіі. Быў настаўнікам друкара Грыня Іванавіча.
Іван Фёдараў | |
---|---|
ст.-слав: Їѡаннъ | |
| |
| |
Род дзейнасці | друкар, друкар, выдавец |
Дата нараджэння | каля 1520 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 15 снежня 1583 |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства |
|
Веравызнанне | праваслаўе і Праваслаўная Царква |
Альма-матар | |
Аўтограф | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Месца яго нараджэння невядома, але, зыходзячы з геральдычнай трактоўкі друкарскага знака Фёдарава, некаторыя навукоўцы лічаць, што ён паходзіць дробнай заходнебеларускай або палеска-падляшскай шляхты, падпісваўся родавым гербам Рагозаў «Шранява»[2]. Паводле некаторых звестак, вучыўся ў Кракаўскім універсітэце, дзе ў 1532 годзе атрымаў ступень бакалаўра[2]. Існуе гіпотэза аб нараджэнні Івана Фёдарава на тэрыторыі сучаснага Вілейскага раёна[3]. Друкарскай справе вучыўся, відаць, у ананімнай друкарні ноўгарадскага святара Сільвестра (1553—1563)[2].
У 1550-я гады працаваў у т. зв. ананімнай друкарні ў Маскве. З 19 красавіка 1563 да 1 сакавіка 1564 разам з Пятром Мсціслаўцам выдаў у Маскве першую дакладна датаваную расійскую друкаваную кнігу «Апостал» (захаваўся 61 асобнік). Рыхтуючы яе да выдання, першадрукары правялі вялікую тэксталагічную і рэдактарскую работу, аб чым сведчыць Сымон Будны ў прадмове да Новага Запавету (Лоск, 1574). 48 заставак гэтай кнігі, надрукаваных з 20 дошак, 22 буквіцы і іншыя друкарскія аздабленні вызначаюцца высокім мастацкім майстэрствам і працягваюць традыцыі арнаментальнага ўбранства старажытнарускіх рукапісных кніг школы Феадосія Ізографа. Перапрацаваўшы арнаментальныя прыёмы гэтай школы, Фёдараў (Федаровіч) і Мсціславец стварылі т. зв. старадрукарскі стыль, які потым атрымаў вялікае пашырэнне ў мастацкім аздабленні друкаваных і рукапісных кніг. Шрыфт «Апостала», які выкарыстоўваў Фёдараў (Федаровіч) і ў іншых сваіх выданнях, створаны на аснове маскоўскага паўустава канца XV — пач. XVI стагоддзяў.
29 верасня і 29 кастрычніка 1565 Фёдараў (Федаровіч) і Мсціславец выпусцілі ў Маскве 2 выданні «Часоўніка» (зберагліся 6 асобнікаў) — кнігі для пачатковага навучання грамаце.
У 1566 з-за ганенняў з боку рэакцыйных расійскіх свецкіх і царкоўных колаў Фёдараў (Федаровіч) і Мсціславец пакінулі Маскву і накіраваліся ў Беларусь. Новую друкарню яны заснавалі ў Заблудаве каля Беластока (зараз Падляскае ваяводства ў Польшчы) у маёнтку гетмана Вялікага Княства Літоўскага Рыгора Хадкевіча. У Заблудаўскай друкарні ў 1568—1569 імі надрукавана «Евангелле вучыцельнае» (захаваліся 44 экз.) — зборнік гутарак і павучанняў з тлумачэннем евангельскіх тэкстаў. У ім змешчана таксама «Слова на Ушэсце» Кірылы Тураўскага — першы друкаваны помнік старажытнай усходнеславянскай літаратуры. На адвароце тытульнага аркуша кнігі ў тэхніцы ксілаграфіі змешчаны герб Хадкевіча. Потым гэта кніга неаднаразова перавыдавалася ў Беларусі. Пасля ад'езду Мсціслаўца ў Вільню Фёдараў надрукаваў у Заблудаве ў 1569—1570 Псалтыр з Часаслоўцам (зберагліся 3 асобнікі). У канцы гэтай кнігі змешчана Пасхалія ў табліцах. Складаючы яе, Фёдараў, відаць, выкарыстаў Пасхалію з «Малой падарожнай кніжкі» Францыска Скарыны, выдадзенай каля 1522 у Вільні.
Паколькі Хадкевіч рашыў спыніць выдавецкую дзейнасць, Фёдараў у канцы 1572 — пачатку 1573 пераехаў у Львоў і заснаваў там першую на Украіне друкарню, дзе ў 1574 выдаў першую ўкраінскую дакладна датаваную друкаваную кнігу «Апостал» (захавалася 97 асобнікаў, што сведчыць пра вялікі першапачатковы тыраж кнігі). Гэта кніга была паўторам маскоўскага выдання 1564 з даданнем некаторых уступных тэкстаў і пасляслоўяў «Повесть… откуду начася и како сверится друкарня сия». Гэта пасляслоўе — першы друкаваны твор рускай мемуарнай літаратуры. У кнізе змешчаныя 3 гравюры, кожная на старонку: герб Хадкевіча, выява апостала Лукі, геральдычная кампазіцыя з гербам горада Львова і друкарскім знакам Фёдарава.
У тым жа 1574 г. Фёдараў надрукаваў у Львове «Азбуку» («Буквар») — першы друкаваны рускі падручнік з практыкаваннямі для навучання грамаце, прыкладамі спражэння дзеясловаў, скланення назоўнікаў і прыметнікаў, выкарыстання «прасодый» (узоры выкарыстання над- і падрадковых знакаў). Кнігу завяршаюць тэксты для замацавання і развіцця навыкаў чытання і пісьма, т. зв. тлумачальная азбука, шырока вядомыя малітвы. Урыўкі з біблейскіх кніг у «Азбуцы» падабраны так, што яны фармулююць мэтанакіраваную гуманістычную праграму пачатковай школьнай адукацыі (адзін экзэмпляр гэтай кнігі захоўваецца ў бібліятэцы Гарвардскага ўніверсітэта, ЗША, другі — у Лондане).
У 1575 князь Канстанцін Астрожскі запрасіў Фёдарава на службу да сябе, дзе той выконваў абавязкі аканома Дзерманскага манастыра. Каля 1578 Астрожскі заснаваў у Астрогу друкарню, у якой 18 чэрвеня 1578 выйшла новае выданне «Азбукі», дапоўненае ў параўнанні з выданнем 1574 паралельнымі грэка-славянскімі тэкстамі, каб дапамагчы вучням авалодаць грэчаскай мовай (захаваліся 2 асобнікі: у Капенгагене і Гоце, Германія; невялікі яе фрагмент — у Дзяржаўнай Расійскай бібліятэцы ў Маскве). У гэтым выданні ўпершыню надрукаваны помнік старажытнабалгарскай літаратуры «Аб писменах» Чарнарызца Храбра пад назвай «Сказание како состави святый Кирил Философ азбуку по языку словеньску». У 1580 г. Фёдараў надрукаваў у Астрогу Псалтыр і Новы Запавет элегантным малым фарматам (у «васьмёрку»; збераглося 68 асобнікаў). Кнігу адкрывае прыгожы тытульны аркуш, заключаны ў гравіраваную па дрэве рамку. У тым жа годзе Фёдараў выдаў паказальнік да гэтых кніг: «Кніжку, збор рэчаў самых патрэбных…» — першы ў гісторыі айчыннай бібліяграфіі і дакументалістыкі алфавітна-прадметны паказальнік і адначасова зборнік афарызмаў і крылатых слоў (збераглося 16 асобнікаў).
5 мая 1581 г. у Астрогу лістоўкай Фёдараў надрукаваў «Храналогію» Андрэя Рымшы — першы беларускі друкаваны каляндар і першы асобна выдадзены твор беларускай паэзіі (адзіны экзэмпляр зберагаецца ў Санкт-Пецярбургу). Да 12 жніўня 1581 надрукаваў 1-е поўнае выданне славянскай Бібліі кірылічным пісьмом, т. зв. «Астрожскую Біблію» (захавалася 275 экз.). У яе змесце і аздабленні адчуваецца ўплыў выданняў Скарыны. Арнаментальнае аздабленне Бібліі зроблена таксама пад пэўным уплывам арнаментыкі скарынінскіх выданняў. Прасочваецца тоеснасць і ў некаторых загалоўных літарах (у Дзяржаўнай Расійскай бібліятэцы зберагаецца экзэмпляр гэтай Бібліі, дапоўнены рукапіснымі копіямі прадмоў і пасляслоўяў Бібліі Скарыны).
З 1582 г. Фёдараў зноў у Львове. Імкнучыся сабраць сродкі на адкрыццё новай друкарні, Фёдараў адліваў гарматы, вынайшаў шматствольную марціру з узаемазаменнымі часткамі.
У 1583 г. ён пабываў у Кракаве, Вене і, магчыма, у Дрэздэне. Захаваўся ліст Фёдарава да саксонскага курфюрста Аўгуста, напісаны з Вены 23 ліпеня 1583. У канцы 1583 Фёдараў вернуўся ў Львоў, дзе захварэў і памёр. Пахаваны ў Ануфрыеўскім манастыры. На яго надмагільнай пліце, якая захоўвалася да 1883, быў выбіты надпіс: «Друкар кніг дагэтуль нябачаных».
Выдаў, між іншага, «Апостал» (1563, у Маскве, разам з Пятром Мсціслаўцам), Евангелле Вучыцельнае (сакавік 1569, у Заблудаве, разам з П. Мсціслаўцам), граматыку-буквар (1574, у Львове), каляндар-паэму Андрэя Рымшы «Храналогія» (1580), «Астрожскую біблію» (1581), «Лексіс з талкаваннем славенскіх моў проста» (у тлумачальнай частцы змешчаны беларускі корпус лексікі) і інш.
Іван Фёдараў упершыню публікуе на яго старонках выдатны помнік старой балгарскай літаратуры — «Сказание, како состави святый Кирил Философ азбуку по языку словеньску и книги преведе от греческих на словеньский язык», шырока вядомае як «Паданне» Чорнарызца Храбра, якое шматбакова вывучана балгарскім даследчыкам Куё Куевым[5]. У Азбуцы ўпершыню ва ўсходнеславянскай кнізе друкуюцца паралельныя грэка-славянскія тэксты. Таксама упершыню з’яўляецца мастацка сфармаваны і адасоблены тытульны ліст.
Малафарматнае выданне. Прызначалася не для літургічнай практыкі, а для штодзённага чытання, у нейкай меры і для ўдасканалення навыкаў, атрыманых у працэсе асваення Азбукі 1578 г.
На экземплярах, якія захаваліся, трохі запісаў, што звязана з невялікім фарматам кнігі. Але сярод іх запісы, зробленыя кіеўскім мітрапалітам Пятром Магілай і львоўскім братчыкам Іванам Рагатынцам[7], якія з'яўляюцца каштоўнымі для нас сведчаннямі аб асабістых бібліятэках, досыць шырока распространненых ў той час у асяроддзі заможных і адукаваных людзей Рэчы Паспалітай.
У выданнях, упершыню, з’яўляецца гравіраваны на дрэве тытульная рамка, ўбранне якой узыходзіць да лютэраўскіх выданняў[8].
Адно з першых аўтарскіх выданняў у кнігадрукаванні кірыліцай. «Книжка» — першы ў гісторыі рускай бібліяграфіі і дакументалістыкі алфавітна-прадметны паказальнік, першы ў гісторыі славянскай літаратуры зборнік крылатых слоў і афарызмаў.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.