From Wikipedia, the free encyclopedia
Беларусіза́цыя — афіцыйная палітыка нацыянальна-дзяржаўнага і нацыянальна-культурнага будаўніцтва ў БССР, якая ажыцьцяўлялася за часам правядзеньня НЭПу, у пэрыяд з пачатку 1920-х па 1929 гады.
Яна ўлучала шырокі спэктар такіх найважнейшых для нацыі праблемаў, як праблемы дзяржаўнасьці, разьвіцьця нацыянальнай эканомікі, вылучэньня на кіроўную працу кадраў карэннай нацыянальнасьці, разьвіцьця нацыянальнай адукацыі, навукі і культуры, роднай мовы і іншае.
Пачатак беларусізацыі паклалі рашэньні IV (люты — сакавік 1921) і V (кастрычнік 1921) зьездаў КП(б)Б. У далейшым праблемы беларусізацыі неаднаразова абмяркоўваліся на зьездах і пленумах ЦК КП(б)Б, зьездах саветаў, пасяджэньнях цэнтральнага выканаўчага камітэту БССР. ІІ сэсія ЦВК БССР 15 ліпеня 1924 году прыняла пастанову «Аб практычных мерах па правядзеньні нацыянальнай палітыкі», у адпаведнасьці зь якой беларусізацыя стала афіцыйнай дзяржаўнай палітыкай.
Гэта была вельмі важная перамога нацыянальна-арыентаванай плыні ЦК КП(б)Б. У той жа час беларусізацыя мусіла зрабіць беларускую культуру беларускай толькі па форме, а па зьмесьце — пралетарскай. Беларуская мова, найбольш зразумелая шырокім колам сялянаў, павінна была стаць дзейсным сродкам, каб прывесьці іх у сацыялізм.
Падчас беларусізацыі ў навуковых колах пераважалі рознага кшталту пурысты (Вацлаў Ластоўскі, Язэп Лёсік і іншыя), якія спрабавалі стварыць навуковую тэрміналёгію, як мага меней выкарыстоўваючы замежныя словы. Ніжэй пададзеныя некаторыя з гэткіх пурызмаў:
Слоўнікі | ||
---|---|---|
20-х гадоў | Афіцыйныя сёньня | Па-расейску |
Чужаед | Паразіт | Паразит |
Вызыск | Эксплуатацыя | Эксплуатация |
Сусьветнік | Касмапаліт | Космополит |
Уласнапіс | Аўтограф | Автограф |
Здольнадзейнасьць | Актуальнасць | Актуальность |
Намяненьне | Алюзія | Аллюзия |
Бязыменьнік | Ананім | Аноним |
Самаўладзьдзе | Аўтакратыя | Автократия |
Самаўрад | Аўтаномія | Автономия |
Першабыльцы | Аўтахтоны | Автохтоны |
Управа | Адміністрацыя | Администрация |
Учалавечваньне | Антропамарфізм | Антропоморфизм |
Можнаўладзтва
Панства |
Арыстакратыя | Аристократия |
Прыпадабленьне | Асіміляцыя | Ассимиляцыя |
Мірлівасьць | Пацыфізм | Пацифизм |
Шмат якія з гэтых словаў былі выкрасьленыя зь беларускае мовы падчас рэфомы 1933 году як штучныя й архаізмы.
У другой палове 1920-х посьпехі ў ажыцьцяўленьні палітыкі беларусізацыі пачалі разглядацца як умацаваньне і пашырэньне беларускага нацыяналізму. Так, на ХІ зьезьдзе КП(б)Б (лістапад 1927) заяўлялася, што неабходна пашыраць беларусізацыю і той жа час весьці рашучую барацьбу з нацыянал-дэмакратызмам, які ў мінулым быў прагрэсіўнай зьявай, але ўва ўмовах дыктатуры пралетарыяту набыў контррэвалюцыйны характар.
У траўні 1929 ЦК ВКП(б) накіраваў у БССР камісію, якая 27 чэрвеня 1929 году зрабіла крытычны даклад на адрас беларускай творчай інтэлігенцыі, таксама ў ім нэгатыўна ацэньвалася дзейнасьць кіраўнікоў рэспублікі. Даклад камісіі быў накіраваны ў ЦК і ЦКК ВКП(б) і асабіста Ё. Сталіну.
Апагеем барацьбы з нацыянал-дэмакратызмам стала сфабрыкаваная прысланым з Масквы старшынём ДПУ БССР Р. Рапапортам справа г. зв. «Саюза вызваленьня Беларусі». па якой увясну-ўлетку 1930 былі арыштаваныя больш за 110 дзеячаў навукі і культуры Беларусі, у 1931 многія зь іх былі асуджаныя ў выніку закрытых судовых працэсаў. З гэтага часу пачалася палітыка абмежаваньня мовы тытульнай нацыі Беларусі, працягам якой стала рэформа беларускага правапісу 1933 году, якая штучна наблізіла беларускую мову да расейскай.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.