адзінка вымярэньня часу, роўная аднаму абароту Зямлі вакол Сонца From Wikipedia, the free encyclopedia
Год, рок[1][2][3][4][5][6][7] — адзінка вымярэньня часу паміж аднолькавымі палажэньнямі Зямлі на яе арбіце вакол Сонца. Аналягічна можна казаць пра марсіянскі год ці вэнэрыянскі — гэта адрэзак часу паміж дзьвюма палажэньнямі плянэты ў яе руху па арбіце вакол сваёй зоркі.
У літоўскіх (беларускіх) літаратурных помніках фіксуецца сталае ўжываньне слова «рок»[8] разам са словам «лета»[9] ў значэньні больш распаўсюджанага цяпер «году»[a].
У канцы XIX — пачатку XX стст. ужывалі ў сваіх творах слова «рок» і вытворныя ад яго такія клясыкі беларускае літаратуры, як Францішак Багушэвіч, Максім Багдановіч і інш.[b] У гэты ж час слова «рок» шырока выкарыстоўвалася і ў простай гаворцы. Этнограф Міхал Федароўскі ў працы «Люд Беларускі на Русі Літоўскай»[10] прыводзіў цэлы шэраг прыказак са словам «рок» у значэньні «году»[c], а таксама віншаваньні[d] і нават праклёны[e]. Апроч таго, слова «рок» трапіла ў народныя назвы хваробаў[f].
Некаторыя з памянёных вышэй фразэалягізмаў шырока ўжываюцца і дагэтуль: напрыклад, «мінуліся тыя рокі, калі паны браліся ў бокі» зафіксаваны ў «Малым руска-беларускім слоўніку прыказак, прымавак і фразем» (1991)[11].
Слова «рок» замест «году» выкарыстоўваецца ўва ўсіх Устаўных граматах БНР[12]. У Маскоўска-беларускім слоўніку, выдадзеным братамі Г. і М. Гарэцкімі ў Вільні (1920), «рок» даецца як варыятыўны пераклад да расейскага «года»[2].
У мовазнаўчай навуцы БССР слова «рок» і ўтвораныя ад яго прыметнікі «рочны», «ракавы» і назоўнік «рочніца» зафіксаваныя ў акадэмічным Беларуска-расейскім слоўніку С. Некрашэвіча і М. Байкова (1925) з адпаведнымі расейскімі эквівалентамі — «год», «годовой», «годичный» і «годовщина». Прысутнічае слова «рок» як варыятыўны беларускі пераклад для расейскага «года» і ў Практычным расейска-беларускім слоўніку М. Байкова і М. Гарэцкага (1-е выданьне — 1924[3], 2-е выданьне — 1926[5]), а таксама ў Расейска-беларускім слоўніку М. Байкова і С. Некрашэвіча (1928)[6]. Пасьля правапіснай рэформы 1933 году, з пачаткам палітыкі русіфікацыі слова «рок» не сустракаецца ў беларускіх савецкіх слоўніках, але працягвае ўжывацца ў беларускай эмігранцкай літаратуры[7].
Каляндарны год — гэта адрэзак паміж дзьвюма аднолькавымі датамі ў дадзеным календары. Мы ўжываем сонечны каляндар, у якім выдзяляецца 4 пары году.
Поры году: вясна — лета — восень — зіма.
1 год = 12 месяцаў = 52 тыдні = 365 дзён (высакосны год 366 дзён) = 8 760 (8 784) гадзін = 525 600 (527 040) хвілін = 31 526 000 (31 622 400) сэкундаў.
Час, за які Зямля праходзіць сваю арбіту вакол Сонца, складае 365 дзён 5 гадзін 43 хвіліны. У рымскім календары год пачынаўся ў веснавое раўнадзенства. У 155 годзе пачатак году быў перанесены на 1 студзеня. Гэтая дата захавалася і ў юліянскім і ў грыгарыянскім календары.
Фінансавы год (таксама фіскальны, бюджэтны) — пэрыяд, за які вылічваюцца эканамічныя паказчыкі прадпрыемства ў гадавой справаздачы. Фіскальны год звычайна не заўсёды прымацаваны да каляндарнага, але складаецца з 12 месяцаў.
У Беларусі фінансавы год пачынаецца 1 студзеня і заканчваецца 31 сьнежня, то бок, супадае з каляндарным[13].
Астранамічнае вызначэньне году можа быць заснавана на пэрыядзе паміж паўторамі розных астранамічных падзеяў, зьвязаных з арбітальным рухам Зямлі вакол Сонца. Так, трапічны год прывязаны да бачнага руху Сонца адносна экватара Зямлі і вызначае зьмену пор году; сыдэрычны год прывязаны да арбітальнага руху Зямлі вакол Сонца адносна «нерухомых зорак»; анамалістычны год зьвязан з рухам Зямлі адносна кропак яе арбіты (пэрыгелія і афэлія). У сувязі з тым, што парамэтры арбіты Зямлі і арыентацыя яе восі абарачэньня ў адносінах да экліптыкі марудна, з цягам часу, зьмяняюцца, гэты вызначэньні году крыху адрозьніваюцца. Сытуацыя ўскладняецца, калі вызначэньне году прывязана да сутачнага абарачэньня Зямлі адносна Сонца (сонечныя календары) ці да ўзаемнага стана Месяцу і Сонца адносна Зямлі (месяцова-сонечныя календары). Праз тое, што пэрыяд абарачэньня Зямлі вакол Сонца, сярэдні пэрыяд асявога абарачэньня Зямлі ў адносінах да Сонца і пэрыяд абарачэньня Месяцу вакол Зямлі не суадносяцца ў дакладнай прапорцыі, ва ўсіх існуючых календарах прыходзіцца ўвадзіць удакладненьні (высакосныя дні, дадатковыя месяцы і г. д.).
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.