Аўганістан
краіна ў Азіі / From Wikipedia, the free encyclopedia
Аўганіста́н (пушту. افغانستان, дары: افغانستان, Afġānistān; афіцыйна: Ісла́мскі Эміра́т Аўганіста́н, пушту. د افغانستان اسلامي امارات, дары: امارت اسلامی افغانستان) — краіна ў Цэнтральнай Азіі, якая мяжуе з шасьцю краінамі — Пакістанам, Іранам, Туркмэністанам, Таджыкістанам, Узбэкістанам і Кітаем. Тэрыторыя краіны ахоплівае 652 тысячы км², вялікая частка якой пралягае на горным хрыбту Гіндукуш, дзе маюць месца вельмі халодныя зімы. Тэрыторыя поўначы краіны складаецца з урадлівых раўнінаў, у той час як на паўднёвым захадзе месьціцца пустэльня, дзе трымаюцца высокія тэмпэратуры ўлетку[4]. Сталіцай краіны ёсьць места Кабул, які датаго ж зьяўляецца наўвялікшым у Аўганістане.
Ісламскі Эмірат Аўганістан лац. Islamski Emirat Aŭhanistan пушту. د افغانستان اسلامي امارات, дары امارت اسلامی افغانستان | |||||
| |||||
Нацыянальны дэвіз: «لَا إِلَٰهَ إِلَّا ٱللَّهُ مُحَمَّدًا رَسُولُ ٱللَّهِ»
«Няма Бога, акрамя Алаха, Мухамад — ягоны прарок» | |||||
Дзяржаўны гімн: «دا د باتورانو کور» Dā də bātorāno kor — «Гэта дом храбрых» | |||||
Афіцыйная мова | пушту, дары | ||||
Сталіца | Кабул | ||||
Найбуйнейшы горад | Кабул | ||||
Форма кіраваньня | эмірат Ахундзада Хайбатула | ||||
Плошча • агульная • адсотак вады |
41-е месца ў сьвеце 652 864[1] км² 0 | ||||
Насельніцтва • агульнае (2021) • шчыльнасьць |
41-е месца ў сьвеце 37 466 414[2] 49 чал/км² | ||||
СУП • агульны (2014) • на душу насельніцтва |
96-е месца ў сьвеце $36 838 млрд[3] $1177 | ||||
Валюта | Аўгані (AFN) | ||||
Незалежнасьць — абвешчана |
Ад Вялікабрытаніі 19 жніўня 1919 | ||||
Аўтамабільны знак | AFG | ||||
Дамэн верхняга ўзроўню | .af | ||||
Тэлефонны код | +93 |
Палітычная гісторыя сучаснага Аўганістану пачалася за часам дынастыяў Готак і Дурані ў XVIII стагодзьдзі. У канцы XIX стагодзьдзя Аўганістан стаў буфэрнай дзяржавай паміж інтарэсамі Брытанскай Індыі і Расейскай імпэрыяй. Мяжа паміж Брытанскай Індыяй і Аўганістанам, гэта звная лінія Д’юранта, была ўтворана ў 1893 годзе, але яна не была прызнаная аўганскім урадам, што прывяло да абвастрэньня адносінаў з Пакістанам з моманту здабыцьця незалежнасьці апошняга ў 1947 годзе. Пасьля трэцяй ангельска-аўганскай вайны ў 1919 годзе краіна вызвалілася ад замежнага ўплыву, і ў канчатковым выніку стала манархіяй на чале з каралём Аманула Ханам. Манархія была зрынута праз 50 гадоў, а на ейным месцы была створана рэспубліка. У 1978 годзе, пасьля другога перавароту Аўганістан стаў сацыялістычнай дзяржавай, а затым пратэктаратам Савецкага Саюза. Гэта выклікала аўганска-савецкую вайну ў 1980-х гадох супраць маджагедаў. Да 1996 году большасьць тэрыторыі краіны была захоплена ісламскімі фундамэнталістамі з групоўкі талібану, якая ўсталявала таталітарны рэжым. Талібы былі скінуты кааліцыяй НАТО, пасьля чаго быў сфармаваны новы дэмакратычна абраны ўрад. З 2021 году ў краіне дэ-факта ўсталяваны рэжым Талібану.
Аўганістан зьяўляецца ісламскім эміратам з насельніцтвам у 31 мільёнаў чалавек. Паводле этнічнай прыналежнасьці ў краіне пераважаюць пуштуны, таджыкі, газарэйцы і ўзбэкі. Краіна зьяўляецца чальцом Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, Арганізацыі ісламскага супрацоўніцтва, Групы 77, Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і Руху недалучэньня. Эканоміка Аўганістану займае 108-е месца паводле сваёй велічыні, а СУП краіны складае 64,08 млрд даляраў ЗША. Аўганістан лічыцца адной з найбяднейшых краінаў сьвету.