From Wikipedia, the free encyclopedia
Дыяле́кты белару́скай мовы — варыянты маўленьня беларускае мовы, якія ў пэўнай ступені маюць узаемныя адрозьненьні й уласьцівыя той ці іншай групе насельніцтва, што атаясамліваецца зь некаторымі рэгіёнамі арэалу беларускае мовы. Сучасныя гаворкі беларускае мовы паводле шэрагу агульных рысаў могуць утвараць асобныя дыялекты, унутры якіх вылучаюць групы гаворак.
Дыялекты, на якія падзяляецца народная гутарковая беларуская мова, вывучаюцца як правіла ў межах асобнай дысцыпліны — дыялекталёгіі.
Першыя комплексныя дасьледаваньні беларускай народнай гутарковай мовы з боку славістаў пачаліся зь першае паловы ХІХ стагодзьдзя, калі на этнічнай тэрыторыі беларусаў пачалі праводзіць сваю дзейнасьць тагачасныя мовазнаўцы. Пераважная большасьць зь іх зьяўлялася жыхарамі Расейскай імпэрыі й ажыцьцяўляла збор інфармацыі з мэтаю папаўненьня мовазнаўчых матэрыялаў найбуйнейшых навучальных установаў Расеі, у склад якой уваходзіў арэал беларускае мовы. Акрамя гэтага, дасьледаваньні праводзіліся ў галіне збору зьвестак адносна гаворак асобных рэгіёнаў. Праходзілі этнаграфічныя дасьледаваньні, арганізаваныя на энтузіясцкай аснове дзеячамі мясцовай беларускай палянізаванай шляхты.
Зь сярэдзіны гэтага ж стагодзьдзя — выхад навуковых працаў, у якіх агляд гаворак і дыялектаў беларускае мовы зьдзяйсьняўся ў якасьці асобных навуковых працаў (Р. Эркерт, А. Рытых, Я. Карскі).
З канца ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзяў сярод дасьледчыкаў у галіне беларускае дыялекталёгіі пачынаюць зьяўляцца мовазнаўцы й этнографы беларускага паходжаньня, за аўтарствам якіх выпускаюцца ўласныя працы па дасьледаваньні дыялектаў беларускае мовы (М. Доўнар-Запольскі, Я. Станкевіч). Асаблівасьцю дасьледаваньняў часоў Расейскай імпэрыі ў большасьці сваёй было прытрымліваньне расейскай нацыяналістычнай праўрадавай пазыцыі адносна беларускіх дыялектаў, згодна зь якой апошнія ўяўлялі сабою дыялекты г.зв. трыадзінарасейскае мовы, а беларуская мова практычна не прызнавалася ў якасьці асобнай (гл. таксама заходнерусізм).
Па распадзе Расейскай імпэрыі, утварэньні БССР і значным разьвіцьці ў наступным навуковых дасьледаваньняў на тэрыторыі БССР навуковая дзейнасьць у галіне беларускае дыялекталёгіі атрымала значны ўздым. Этнаграфічныя экспэдыцыі, якія арганізоўваліся з мэтаю збору адпаведнага матэрыялу, атрымліваюць большае распаўсюджваньне; працягваецца выданьне адпаведных працаў. Навуковая дзейнасьць у гэтай галіне, як і ў іншых сфэрах тагачаснае беларускае навукі, згортваецца з прычыны ўздыму на тагачаснай тэрыторыі БССР рэпрэсіяў, накіраваных савецкім рэжымам, у тым ліку, і супраць навуковых супрацоўнікаў. Дасьледаваньні дыялектаў і гаворак беларускае мовы доўжыліся таксама ў асяродзьдзі беларускай эміграцыі (адзін з выбітных — доктар славянскай філялёгіі й гісторыі Я. Станкевіч).
Па заканчэньні Другой сусьветнай вайны Інстытутам мовазнаўства Акадэміі навук БССР сумесна зь Беларускім дзяржаўным унівэрсытэтам і пэдагагічнымі ўнівэрсытэтамі БССР было арганізаванае падрабязнае й сыстэматызаванае дасьледаваньне гаворак беларускае мовы ў межах БССР. На падставе сабраных матэрыялаў быў складзены падрабязны «Дыялекталягічны атлас беларускай мовы»[1], «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак»[2]. Комплекс гэтых навуковых працаў быў уганараваны Дзяржаўнае прэміі СССР 1971 году. У 1993—1998 гг. выйшаў пяцітомны «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак», аўтары якога былі ўганараваныя Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь 2000 году ў галіне навукі й тэхнікі.
Варыянты ўнутранай клясыфікацыі гаворак беларускае мовы мелі тэндэнцыю адрозьнівацца ў ХІХ ст., пасьля чаго ў ХХ ст. амаль паўсюдна ў лінгвістычнай літаратуры зацьвердзілася наступная схема клясыфікацыі гаворак беларускае мовы[4][5].
Назвы групаў гаворак, а таксама дыялектаў, якія ўтвараюцца групамі гаворак, адпавядаюць арэалу гэтых групаў гаворак і дыялектаў.
Існаваньне асобных усходнеславянскіх дыялектаў на тэыторыі будучага арэалу беларускае мовы намецілася яшчэ ў часы Кіеўскае Русі, але яны не супадалі з сучаснымі. З пачаткам фэадальнае раздробленасьці княства вылучаюцца паўднёва-заходнія гаворкі крывічоў, якія пазьней трансфармуюцца ў смаленска-полацкі дыялект старажытнарускае мовы. Больш паўднёвыя дыялекты дрыгавічоў (а таксама расейскіх вяцічаў) мелі пераходныя дыялекты, якія задоўга да падзеньня глухіх мелі аканьне й яканьне, да гэтых дыялектаў прымыкалі паўночныя гаворкі севяранаў, якія засвоілі аканьне. Утварэньне ВКЛ спыніла гэты працэс, назамен яму прыйшоў працэс утварэньня беларускае мовы на аснове гаворак, што паходзілі ад дыялектаў дрыгавічоў, паўднёва-заходніх крывічоў, часткова радзімічаў і севяранаў[7]. Як меркаваў нарвэскі славіст Х. Станг, першапачаткова на тэрыторыі ВКЛ існавала некалькі тыпаў актавай старабеларускай мовы, якія адрозьніваліся адна ад адной граматычнымі й артаграфічнымі рысамі. Такія тыпы ўключалі ў сябе моўную форму Полацку, Віцебску й Смаленску, мову канцылярыі Вітаўта, мову граматаў Казімера, а таксама канцылярскую мову часоў Аляксандра.
У моўнай форме Віцебску, Смаленску ды Полацку вылучалася цоканьне (зьмяшэньне гукаў [ч] ды [ц]), зьмяшэньне е ды і, а таксама зьвязка есме ў пэрфэкце. Такіх рысаў няма ў мове канцылярыі Вітаўта, якая падзяляе некаторыя характарыстыкі з моваю ўкраінскіх канцылярыяў. У пісьмовасьці часоў Казімера паўднёвавалынскі ўплыў зьмяншаецца, у выніку чаго форма мовы стала належыць да паўночнавалынскага або паўднёвабеларускага тыпу (пры гэтым тагачасныя граматы паходзяць у асноўным зь беларускіх рэгіёнаў, маючы, напрыклад, супадзеньне е і яця ва ўсіх пазыцыях). Пры Аляксандры мова стандартызуецца і дасягае стабільнай формы, а за часамі Жыгімонта Аўгуста зьнікае паўднёвы (украінскі) тып актавае мовы; тагачасная канцылярская мова ВКЛ выступала ўжо як мова, блізкая да беларускіх гаворак каля Вільні. У гэтай жа мове паступова распусьцілася й полацка-смаленская форма старабеларускай мовы[8][9][10].
Пачынаючы прыкладна з XVI ст. складваюцца асноўныя тыпалягічныя рысы беларускае мовы, якія потым пачынаюць працэс разьмеркаваньня па асобных дыялектах[11].
Крытэрамі для вылучэньня гаворак і дыялектаў зьяўляецца агульны характар фаналягічных, лексычных, марфалягічных і сынтаксічных рысаў. Асноўныя адрозьненьні дыялектаў беларускае мовы палягаюць у фаналёгіі (адпаведнасьць некаторых зычных і галосных аднаго дыялекту іх іншым варыянтам у іншым дыялекце), радзей — у лексыцы (ужываньне тых ці іншых лексэмаў, якія могуць быць неўласьцівыя іншаму дыялекту або быць у ім радзей ужываным). Адрозьненьні ў марфалёгіі й сынтаксісе практычна зьведзеныя да мінімуму. Адрозьненьні між дыялектамі беларускае мовы не замінаюць узаемаразуменьню носьбітаў.
Варыянты клясыфікацыі дыялектаў і гаворак беларускае мовы адрозьніваюцца ў залежнасьці ад дасьледчыкаў. Так, напрыклад, Я. Карскі ва ўласных дасьледаваньнях кіраваўся адпаведнасьцямі некаторых галосных і зычных у розных гаворках, вылучаючы на гэтай аснове шэсьць гаворак, якія не супадаюць з сучасна прынятым варыянтам клясыфікацыі (гл. вышэй). Апроч гэтага, у залежнасьці ад аўтара можа па-рознаму разумецца дыфэрэнцыяцыя гаворак (напрыклад, мазырскія гаворкі могуць адносіцца да палескіх або да паўднёва-заходняга дыялекту). У тых клясыфікацыях часоў Расейскай імпэрыі, якія супадалі з сучаснымі, практычна не вылучаліся сярэднебеларускія гаворкі.
Розныя пункты гледжаньня існуюць адносна палескіх гаворак, якія ва ўкраінскім мовазнаўстве і, радзей, у заходнім і расейскім могуць разглядацца як адныя з гаворак паўночнаўкраінскіх дыялектаў.
Акрамя гэтага, гаворкі беларускае мовы на паўночным захадзе арэалу беларускае мовы ўтвараюць моўны зьвяз (тыпалягічнае збліжэньне, выкліканае ня роднасьцю, а працяглым кантактавым узаемадзеяньнем) з памежнымі гаворкамі летувіскае й польскае моваў на Віленшчыне й іншых рэгіёнах, што праяўляецца ў імкненьні да спрашчэньня сынтаксісу, некаторай крэалізацыі марфалёгіі, агульнае выроўніваньне фаналёгіі, шырокі працэс лексычнага запазычваньня[12][13].
На цяперашні час беларуская дыялектная літаратурная дзейнасьць у значна абмежаванай ступені вядзецца некаторымі грамадзкімі дзеячамі Падляскага ваяводзтва, якія на аснове некадыфікаваных мясцовых гаворак вядуць некаторае выданьне публіцыстыкі і мастацкіх твораў (гл. свая мова). Напачатку 1990-х гг. падобныя рухі існавалі на тэрыторыі Берасьцецскае вобласьці, дзе невялікія групы энтузіястаў у рамках мясцовага руху «Збудінне» («Адраджэньне») вялі публікацыі на разнастайных гаворках мясцовага рэгіёну. У 2010 годзе філёлягам Ф. Клімуком зьдзейсьненая публікацыя тэксту «Новага запавету» на г.зв. «гаворцы сваёй вёскі Сіманавічы Дарагічынскага раёну»[14].
Вікіпэдыя мае праект «Беларуская мова» |
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.