краіна ў Паўночнай Афрыцы From Wikipedia, the free encyclopedia
Альжы́р (па-арабску: الجزائر, па-бэрбэрску: ⴷⵣⴰⵢⴻⵔ) — найбуйнейшая паводле плошчы краіна ў Афрыцы. Афіцыйная назва — Народная Дэмакратычная Рэспубліка Альжыр. Мяжуе з Тунісам на паўночным усходзе, Лібіяй на ўсходзе, Нігерам на паўднёвым усходзе, Малі і Маўрытаніяй на паўднёвым захадзе, а таксама Марока і некалькі кілямэтраў з Заходняй Сахарай на захадзе, а з поўначы Альжыр абмываецца Міжземным морам. Краіна займае плошчу амаль у 2,382 млн км², што робіць яе дзясятай паводле велічыні дзяржавай у сьвеце і першай ў Афрыцы[7]. Лічыцца часткай рэгіёну Магрыб у Паўночнай Афрыцы. Краіна мае паўзасушлівы клімат, большая частка насельніцтва жыве на ўрадлівай поўначы, а пустэльня Сахара займае ўвесь поўдзень краю. Сталіцай і найбуйнейшым местам ёсьць горад Альжыр, разьмешчаны на скрайняй поўначы на ўзьбярэжжы Міжземнага мора.
Альжыр | |||||
па-арабску: الجمهورية الجزائرية الديمقراطية الشعبية па-арабску: الجزائر | |||||
| |||||
Нацыянальны дэвіз: „By the people and for the people“ | |||||
Дзяржаўны гімн Касаман | |||||
Дата заснаваньня: | 3 ліпеня 1962 | ||||
Афіцыйная мова: | арабская мова[1] і альжырская бэрбэрская мова[d][2] | ||||
Сталіца: | Альжыр | ||||
Форма кіраваньня: | зьмяшаная рэспубліка | ||||
прэзыдэнт Альжыру[d]: | Абдэльмаджыд Тэбун[d] | ||||
прэм’ер-міністар Альжыру[d]: | Назір Ларбаві[d] | ||||
Заканадаўчы орган: | парлямэнт Альжыру[d] | ||||
Выканаўчы орган: | урад Альжыру[d] | ||||
Плошча: |
| ||||
Насельніцтва: | |||||
Валюта: | альжырскі дынар | ||||
СУП (2022) | |||||
па ППЗ: | 581,189 млрд $ | ||||
па ППЗ на душу насельніцтва: | 13 002 $ | ||||
намінальны: | 191,941 млрд $ | ||||
намінальны на душу насельніцтва: | 4 294 $ | ||||
Індэкс дэмакратыі: | 3,77[4][5] | ||||
Каэфіцыент Джыні: | 27,6 | ||||
ІРЧП: | 0,745[6] | ||||
Часавы пас: | UTC+1 | ||||
Аўтамабільны знак: | DZ | ||||
Бок аўтамабільнага руху: | праваруч | ||||
Дамэн верхняга ўзроўню: | .dz | ||||
Тэлефонны код: | +213 | ||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы | |||||
el-mouradia.dz/ar… (ар.) |
З XVI па XVIII стагодзьдзі Альжыр знаходзіўся ў складзе Асманскай імпэрыі. У пачатку XIX стагодзьдзя пачалася француская калянізацыя. У 1954 годзе ў Альжыры быў сфармаваны Фронт нацыянальнага вызваленьня. Паводле вынікаў кровапралітнай вайны супраць францускіх каляніяльных войскаў у 1962 годзе Альжыр стаўся незалежнай сацыялістычнай дзяржавай. Да канца 1980-х супярэчнасьці паміж прыхільнікамі сьвецкай улады і ісламістамі перарасьлі ў грамадзянскую вайну, якая скончылася разгромам фундамэнталістаў. Пераважная большасьць насельніцтва Альжыру складаюць арабы-бэрбэры, якія вызнаюць іслам і карыстаюцца афіцыйнымі мовамі, як то арабскай і бэрбэрскай. Тым ня менш, француская мова ня страціла свайго ўплыву і выкарыстоўваецца ў адміністрацыйнай і адукацыйнай сфэрах. Асноўнай гутарковай мовай ёсьць альжырская арабская.
Альжыр ёсьць рэспублікай са зьмяшанай формай кіраваньня, мясцовыя выбарчыя акругі складаюцца з 58 вілаетаў і 1541 камуны. Гэта рэгіянальная дзяржава ў Паўночнай Афрыцы, якая мае сярэднюю сілу ў сусьветных справах. Альжыр мае самы высокі індэкс чалавечага разьвіцьця сярод усіх неастраўных афрыканскіх краінаў і адну з найбуйнейшых эканомік на кантынэнце, якая, аднак, у асноўным сілкуецца дзякуючы экспарту вуглевадародаў. Альжыр займае 16-е месца ў сьвеце паводле пакладах нафты і дзявятае месца паводле пакладах прыроднага газу. Нацыянальная нафтавая кампанія Санатраш ёсьць найбуйнейшай кампаніяй у Афрыцы, якая пастаўляе вялікія аб’ёмы прыроднага газу ў Эўропу. Войска Альжыру ёсьць адным з найбуйнейшых паводле колькасьці ў Афрыцы, а дзяржава ў цэлым мае самы вялікі абаронны бюджэт на кантынэнце. Альжыр уваходзіць у Афрыканскі зьвяз, Лігу арабскіх дзяржаваў, Арганізацыю ісламскай супрацы, АПЭК, Арганізацыю Аб’яднаных Нацыяў і Зьвяз арабскага Магрыбу. У верасьні 2005 году атрымаў статус асацыяванага чальца Эўрапейскага зьвязу.
У старажытныя часы на поўначы сучаснае краіны на ўзьбярэжжы атрымала разьвіцьцё ібэрамаўрытанская культура. Сумесь народнасьцяў Паўночнай Афрыкі ў рэшце рэшт прывяла да ўтварэньня выразнага адрознага народа бэрбэраў, якія ёсьць карэннымі народамі Паўночнай Афрыкі[8]. У IX стагодзьдзі да н. э. на поўначы Афрыкі паўстала Картагенская дзяржава, якая пашырылася ўздоўж паўночнаафрыканскага ўзьбярэжжа. Да 600 году да н. э. прысутнасьць фінікійцаў пашырылася да Гіпону, Скікды, Шэршэлю і Тыпазы. Гэтыя паселішчы служылі як рынкавыя гарады і парты. З ростам магутнасьці Картагену ягоны ўплыў на карэннае насельніцтва рэзка павялічыўся. Бэрбэрская цывілізацыя ўжо знаходзілася на этапе, на якой сельская гаспадарка, вытворчасьць, гандаль і палітычная арганізацыя ўжо мела разьвіцьцё. Гандлёвыя сувязі паміж Картагенам і бэрбэрамі ўзмацьняліся, але тэрытарыяльная экспансія таксама прывяла да заняволеньня бэрбэраў, якія былі вымушаныя плаціць даніну і служыць у картагенскім войску.
Да пачатку IV стагодзьдзя да н. э. бэрбэры складалі вялікую частку фінікійскага войска. У 241 годзе да н. э. яны зладзілі гэтак званае паўстаньне наймітаў пасьля таго, як Картаген не сплаціў наймітам грошы праз уласную паразу ў Першай Пунічнай вайне[9]. Бэрбэры здолелі атрымаць кантроль над большай часткай паўночнаафрыканскай тэрыторыі Картагена, і пачалі біць уласную манэту званую лібійскай, бо менавіта гэтая назва выкарстоўвался ў грэцкай мове дзеля апісаньня тубыльцаў Паўночнай Афрыкі. Картагенская дзяржава зьведала заняпад, а ў 146 годзе да н. э. Картаген быў зьнішчаны. Губляючы лідэраства ў рэгіёне, фінікійцаў замянілі бэрбэрскія лідэры. Да II стагодзьдзя да н. э. зьявіліся некалькі вялікіх, але слаба кантраляваных бэрбэрскіх каралеўстваў. Аднымі з такіх каралеўстваў былі Нумідыя і Маўрытанія. У I стагодзьдзі да н. э. тэрыторыя была заваяваная Рымам. На працягу некалькіх стагодзьдзяў Альжырам кіравалі рымляны, якія заснавалі шмат калёніяў у рэгіёне. Як і астатняя частка Паўночнай Афрыкі, Альжыр служыў хлебнай жытніцай імпэрыі, экспартуючы крупы і іншую сельскагаспадарчую прадукцыю. Германскія вандалы, ачоленыя Гайзэрыхам, уварваліся ў Паўночную Афрыку ў 429 годзе і да 435 году ўсталявалі кантроль над прыбярэжнай Нумідыяй[10]. Тым ня менш, мясцовыя плямёны не страцілі самастойнасьці і рабілі напады на вандалаў. Акрамя таго, падчас улады рымлянаў, бізантыйцаў, вандалаў, картагенцаў і асманаў народ бэрбэраў быў адзіным альбо адным зь нямногіх у Паўночнай Афрыцы, якія заставаліся незалежнымі[11]. Нават падчас мусульманскай навалы на Паўночную Афрыку яны ўсё яшчэ мелі кантроль і валодалі горнымі рэгіёнамі Паўночнае Афрыкі[12]. Пасьля падзеньня Заходняй Рымскай імпэрыі на частцы тэрыторыі сучаснага Альжыру паўстала Маўра-Рымская дзяржава.
Пасьля нязначнага супраціву мясцовых жыхароў мусульманскія арабы Амэядзкага халіфату захапілі і скарылі Альжыр у пачатку VIII стагодзьдзя. Вялікая колькасьць бэрбэраў навярнулася ў іслам. Хрысьціяне, бэрбэры і лацінскамоўныя жыхары заставаліся ў большасьці на поўначы Афрыкі да канца IX стагодзьдзя, а мусульмане пачалі складаць большасьць толькі ў X стагодзьдзі[13]. Пасьля руйнаваньня халіфату зьявіліся шматлікія мясцовыя дынастыі, якія атрымалі ўладу над аскепкамі былога халіфату. Хрысьціяне пакідалі рэгіён у тры хвалі, як то па першапачатковай заваёве ў X стагодзьдзі, у XI стагодзьдзі. Апошняя хваля эвакуявалася на Сыцылію нарманамі, а нешматлікія хрысьціянскія грамады заставаліся ў рэгіёне яшчэ ў XIV стагодзьдзі[13].
У Сярэднявеччы Паўночная Афрыка была домам для многіх выбітных навукоўцаў, сьвятых і сувэрэнаў, да ліку якіх варта далучыць Юду ібн Курайша, першага граматыка сэміцкіх і бэрбэрскіх моваў, суфійскіх майстроў Абу Маньяна і Сыдзі Эль-Гуары, эміры Абд-аль-Мумін і Ягмурасэн ібн-Заян. Менавіта ў гэты час у Магрыбе зьявіліся прадстаўнікі дынастыі Фатымідаў, дзеці Фатымы, дачкі Мухамада. Гэтыя Фатыміды стварылі дынастыю, якая ўтварыла імпэрыю, якая ўлучала тэрыторыі ад Магрыба, Гіджаза і Леванта. Гэтая дзяржава мела сьвецкі ўрад, а таксама магутнае войска і флёт, які складаўся ў асноўным з арабаў і леванційцаў. Сталіца гэтае імпэрыі месьцілася ў Каіры. Па сканчэньні бэрбэрскага паўстаньня на тэрыторыі Магрыбу ўзьніклі шматлікія незалежныя дзяржавы. На тэрыторыі Альжыру паўстала дынастыя Рустамідаў. Іхняе каралеўства цягнулася ад Тафіляльты ў Марока да гор Нафуса ў Лібіі, улучаючы паўднёвы, цэнтральны і заходні Туніс, у тым ліку тэрыторыю ўсіх сучасных краінаў Магрыба. На поўдні краіна сягала сучасных межаў з Малі і ўлучала частку тэрыторыі Маўрытаніі[14]. Пасьля заняпаду дынастыі моц набыла дынастыя Зырыдаў, якая акрамя таго атрымалі кантроль над часткай Гішпаніі і Сыцыліяй. Зырыды фармальна вызнавалі Фатымідаў сваімі сюзэрэнамі, але пазьней аб’явілі аб сваёй незалежнасьці. Паколькі Фатыміды былі на той час няздольныя зрабіць сілавы адказ, яны скарысталі іншую тактыку. Паміж Нілам і Чырвоным морам жылі бэдуінскія качэўныя плямёны, высланыя ў свой час з Арабіі. Яны рэгулярна турбавалі сялянаў даліны Нілу сваімі нападамі і рабаваньнямі. Візыры Фатымідаў падбухторлі іх зрабіць навалу на Зырыдаў, нават заплаціўшы ім грошы[15]. Плямёны рушылі на ўсход разам з жынчынамі, дзецьмі і жывёламі. Яны звычайна не бралі гарады пад кантроль, рабуючы і руйнуючы іх[16]. Прыток арабаў-бэдуінаў быў галоўным фактарам моўнай, культурнай арабізацыі Магрыба і распаўсюджваньня качоўнага ладу жыцьця ў раёнах, дзе раней дамінуючай была сельская гаспадарка[17]. Ібн Хальдун адзначаў, што землі, разбураныя плямёнамі Бану Гіляль, сталі цалкам засушлівымі пустэльнямі[18]. У XIII стагодзьдзі паўстала дынастыя Заянідаў, якія захоўвалі свой кантроль над Альжырам на працягу трох стагодзьдзяў. Большая частка ўсходніх тэрыторыяў Альжыру знаходзілася пад уладай дынастыі Гафсыдаў, але эмірат Бэджая, які належыў да гафсыдзкай дзяржавы, часам быў незалежным ад цэнтральнага туніскага кантролю. У свой росквіт каралеўства Заянідаў уключала ўсё Марока, у якасьці васальнай дзяржавы, а на ўсходзе даходзіла да Туніса, які быў захоплены яшчэ падчас панаваньня Абу Ташфіна[19][20].
На пачатку XVI стагодзьдзя Гішпанія вырашыла ўварвацца ў Альжыр і разграміць каралеўства Тлемсэн. У 1505 годзе яны захапілі Мэрс-эль-Кебір, а ў 1509 годзе пасьля крывавай аблогі ім скарыўся Аран[21]. Эўрапейцы мелі шэраг іншых важкіх перамог. У 1516 годзе асманскія браты прадпрымальнікі Арудж і Хайрэдын Барбароса перанесьлі сваю базу ў Альжыр, здолеўшы захапіць Джыджэль і Альжыр у гішпанцаў пры дапамозе мясцовых жыхароў, якія бачылі ў іх вызваліцеляў ад хрысьціянаў. Аднак, браты ў рэшце рэшт забілі мясцовага шляхціча Саліма аль-Тумі і ўзялі пад свой кантроль горад і навакольле. Калі Арудж быў забіты ў 1518 годзе падчас уварваньня ў Тлемсэн, Хэйрэдын зьмяніў яго на пасадзе кіраўніка Альжыру. Асманскі султан надаў яму тытул і выслаў вайсковы кантынгент у колькасьці каля 2 тысяч янычараў. Пры дапамозе гэтай сілы і прымкнулых тубыльцаў асманы заваявалі ўвесь рэгіён паміж Канстантынам і Аранам, які, аднак, заставаўся пад гішпанскім кантролем да 1792 году[22]. Рэгіён быў у выніку далучаны да Асманскай імпэрыі і кіраваўся прызначаным султанам пашом. У гэты ж момант атрымала разьвіцьцё пірацтва, якія палявалі на неісламскіх караблі ў заходнім Міжземным моры, а таксама рабілі напады на прыбярэжныя гарады[23]. Піраты часта захоплівалі пасажыраў і экіпаж ды прадавалі іх альбо выкарыстоўвалі ў якасьці рабоў. Паводле зьвестак Робэрта Дэйвіса, з XVI па XIX стагодзьдзі піраты захапілі ў рабства ад 1 да 1,25 мільёна эўрапейцаў[24]. У 1711 годзе была дасягнутая фактычная незалежнасьць рэгіёна ад Асманскай імпэрыі.
У 1830 годзе зьдзейсьніла пасьпяховае ўварваньне ў Альжыр[25][26]. Фактычна да 1875 году французы скончылі заваёву. Паводле некаторых зьвестак з 1830 па 1851 гады падчас вайна загінула прыблізна 825 тысяч карэнных альжырцаў. Па калянізацыі краіны гандаль рабамі і пірацтва цалкам спыніліся. 17 верасьня 1860 году Напалеон III абвесьціў, што для арабаў ёсьць шчасьцем прыход сюды французаў. За гэты час толькі кабілы аказвалі супраціў французам, але былі скараныя толькі пасьля паўстаньня Мукрані ў 1871 годзе. Аднак дужаньне, як то паўстаньне Абд аль-Кадыра, доўжылася ледзь не да канца XIX стагодзьдзя. З 1848 году і да незалежнасьці Альжыру Францыя ўключыла ўвесь Міжземнаморскі рэгіён краіны ў свой склад, паасобіўшы яго на дэпартамэнты, ачоленыя прэфэктамі і аб’яднаныя пад уладу францускім генэрал-губэрнатарам. Альжыр стаў месцам прыцягненьня сотняў тысяч эўрапейскіх імігрантаў, якія атрымалі назоў п’е-нуар. У пэрыяд з 1825 па 1847 гады 50 тысяч французаў эмігравалі ў Альжыр[27]. Гэтыя перасяленцы скарысталіся землямі тубыльцаў, якія былі канфіскаваныя францускім урадам, і дастасавалі сучасных сельскагаспадарчыя комплексы, якія павялічылі колькасьць і якасьць ворных земляў[28]. Многія эўрапейцы пасяліліся ў Аране і Альжыры, і да пачатку XX стагодзьдзя яны складалі большасьць насельніцтва ў абодвух гарадах[29].
На пачатку XX стагодзьдзя эўрапейцы ўвогуле фармавалі пятую частку насельніцтва. Францускі ўрад намагаўся асыміляваць Альжыр, зрабіўшы яго звычайнай часткай Францыі. Гэтыя крокі ўлучалі значныя інвэстыцыі ў адукацыю, асабліва пасьля 1900 году. У адказ тубыльцы пачалі культурны і рэлігійны супраціў супраць гэтых захадаў. У красавіку 1940 году падчас Другой сусьветнай вайны пасьля капітуляцыі Францыі перад гітлераўскай Нямеччынай Альжыр стаўся крыніцай сыравіны і харчоў для Нямеччыны і Італіі. У лістападзе 1942 году ў Альжыры быў высаджаны ангельска-амэрыканскі дэсант. У наступе на Туніс на баку хаўрусьнікаў бралі ўдзел і францускія войскі, у значнай ступені упоўналічаныя альжырцамі, мараканцамі і жыхарамі іншых францускіх калёніяў у Афрыцы. Паступова, незадаволенасьць мусульманскага насельніцтва, якому не хапала палітычнага і эканамічнага статусу ў рамках каляніяльнай сыстэмы, павялічылася, і яны пачалі патрабаваць большую палітычную аўтаномію і ў канчатковым выніку незалежнасьць ад Францыі. У траўні 1945 году паўстаньне супраць каляніяльных францускіх сілаў было здушанае. Напружанасьць паміж абедзьвюма групамі насельніцтва настолькі падвысілася ў 1954 годзе, што распачалася Альжырская вайна.
У 1954 годзе Фронт нацыянальнага вызваленьня (ФНВ) пачаў вайну за незалежнасьць, якая прывяла да вялікіх ахвяраў, лік якіх вагаецца, але паводле розных адзнакаў вагаецца ад 300 тысяч да 1 мільёну чалавек. Вялікую дзель гэтага ліку складаюць мірныя жыхары. У верасьні 1959 году ўрад Францыі прызнаў права альжырцаў на самавызначэньне, аднак гэты ход быў сустрэты францускімі каляністамі і «правымі» ў багнеты, двойчы ўладкоўваліся буйныя антыўрадавыя мецяжы з мэтай спыніць працэс перадачы палітычнай улады мясцоваму насельніцтву. Перамоўны працэс завяршыўся падпісаньнем 18 сакавіка 1962 году дамоваў аб спыненьні агню і самавызначэньні Альжыру шляхам рэфэрэндуму (Эвіянскія дамовы). Падчас рэфэрэндуму ў Альжыры яўка склала 91%, за самавызначэньне Альжыру прагаласавала 99,7%, а ў Францыі меркаваньні падзяліліся прыкладна пароўну, разам атрымалася 64% «за». У адпаведнасьці з раней дасягнутымі дамоўленасьцямі ў 1964 годзе Францыя вывела свае войскі, да 1 ліпеня 1967 году эвакуявала вайсковыя базы ў Сахары, у лютым 1968 году эвакуявала вайскова-марскую базу ў Мэрс-эль-Кебіры. Эканамічныя актывы буйных францускіх кампаніяў у Альжыры, паводле Эвіянскіх дамоваў, засталіся ў іхных руках, аднак маёмасьць каляністаў была нацыяналізаваная.
Спробы створанай у 1961 годзе вайскова-фашыстоўскай арганізацыі ОАС (франц. Organisation Armée Secrète), якая пайшла ў падпольле, сарваць выкананьне дамоваў шляхам масавага тэрору ў гарадах посьпеху ня мелі. Падчас рэфэрэндуму 1 ліпеня 1962 году пераважная большасьць альжырцаў выказалася за незалежнасьць, якая была неадкладна прызнаная ўрадам Францыі. Звыш мільёна эўрапейцаў і іхных прыхільнікі зь ліку мясцовых жыхароў у сьпешным парадку пакінулі краіну. Першы ўрад незалежнага Альжыру ўзначальвае лідэр ФНВ Агмэд Бэн Бэла. У 1965 годзе адбыўся вайсковы пераварот, і да ўлады прыйшоў Гуары Бумэд’ен, міністар абароны і былы паплечнік Бэн Бэлы, які абвесьціў курс на будаўніцтва сацыялістычнай дзяржавы, але прагматычнай па духу эканоміка-палітычнай сыстэмы, з улікам альжырскай спэцыфікі і без арыентацыі на якія-небудзь узоры. У краіне ўсталявалася аднапартыйная сыстэма. У гэты пэрыяд адужалі і пашырэлі сувязі паміж СССР і Альжырам, якія зарадзіліся яшчэ ў пэрыяд вайны за незалежнасьць Альжыру, які з таго часу лічыўся адным з хаўрусьнікам СССР, ідучым па «некапіталістычным шляху разьвіцьця». Наступныя 25 гадоў сталіся для Альжыру пэрыядам параўнальнай стабільнасьці.
Пасьля сьмерці Бумэд’ена разгарнулася барацьба паміж фракцыямі ў кіроўнай партыі, і ў выніку краіну і партыю ачоліў кампрамісны кандыдат, Шадлі Бэнджэдыд. У пэрыяд ягонага кіраваньня мовіліся ўсе эканамічныя недахопы папярэдняга прэзыдэнта, і да канца 1980-х гадоў краіна апынулася на мяжы эканамічнага каляпсу. У 1986 і 1988 гадах мелі месца масавыя беспарадкі, выкліканыя пагаршэньнем якасьці жыцьця, для ўтаймаваньня якіх прыйшлося прыцягваць войска.
У 1980-я гады адбыўся ідэалягічны паварот у рэлігійнай вобласьці, альжырскае кіраўніцтва ў пошуках крыніц эканамічнай дапамогі ўзяло курс на супрацоўніцтва з кансэрватыўнымі мусульманскімі краінамі, укладваючы значныя сродкі ў разьвіцьцё ісламскай інфраструктуры. Пры гэтым мясцовае духавенства ідэйна і фінансава пераарыентавалася на рэлігійныя цэнтры краінаў Пэрсыдзкай затокі. У выніку адбылося рэзкае ўзмацненьне фундамэнталісцкіх настрояў у асяродзьдзі духавенства і рэлігійных актывістаў. Фундамэнталісты пачалі патрабаваць перабудовы грамадзтва на законы шарыяту і пасьлядоўна выступалі супраць сьвецкіх уладаў, вінавацячы іх у адыходзе ад ісламу. Ва ўмовах нарастальнага эканамічнага і палітычнага крызісу ісламісты заявілі прэтэнзіі на ўладу з мэтай пабудовы тэакратычнай дзяржавы цалкам на аснове шарыяту і запаветаў карану.
У сьнежні 1991 году і пасьля таго, выявілася, што ў выніку першага раўнда першых шматпартыйных выбараў у краіне перамогу пачынае атрымліваць Ісламскі фронт выратаваньня, альжырскія вайскоўцы адмянілі другі раўнд, прымусілі прэзыдэнта краіны Шадлі Бэнджэдыда сысьці ў адстаўку, усталявалі вайсковы рэжым і забаранілі Ісламскі фронт выратаваньня. На гэта ісламісты адрэагавалі сыходам у падпольле і тэрорам. Тактыка экстрэмістаў будавалася як на ўдарах па вайскова-паліцэйскіх сілах і прадстаўніках эліты, гэтак і на запалохваньні насельніцтва. Буйнамаштабная грамадзянская вайна падоўжылася амаль дзесяцігодзьдзе, а асобныя стычкі назіраюцца ў цяперашні час. За ўсе гады вайна панесла жыцьці звыш 100 тысяч чалавек, якія ў асноўным былі ахвярамі паказальных масавых расправаў і тэрарыстычных актаў ісламісцкіх груповак. Дзяржаве была прычыненая велізарная эканамічная шкода. Толькі цьвёрдая лінія вайскоўскага кіраўніцтва Альжыру ў 1992—1999 гадах дазволіла зьбіць хвалю тэрору і прымусіла экстрэмістаў пайсьці на перамовы аб нацыянальным прымірэньні. Да барацьбы з экстрэмістамі шырока прыцягвалася мясцовае насельніцтва ў форме атрадаў самаабароны. Гэта ўскладняла дзеяньні экстрэмістаў на шматлікіх тэрыторыях, забясьпечвала іхную палітычную ізаляцыю ад грамадзтва і вызваляла значныя сілы войска і спэцпадразьдзяленьняў да актыўных дзеяньняў. Вялікае значэньне надавалася ўсталяваньню кантролю над ісламскай інфраструктурай, пасьлядоўнаму выдаленьню зь мячэтаў радыкальных імамаў, а таксама спыненьню каналаў вонкавага фінансаваньня, як узброенага крыла экстрэмістаў, гэтак і іх палітычных структураў.
У красавіку 2004 году пасьля перамогі Абдэль Азіза Бутэфлікі на прэзыдэнцкіх выбарах была абвешчаная частковая амністыя, паводле ўмоваў якой мяцежнікам гарантавалася прабачэньне, калі яны добраахвотна здадуцца і раззброяцца. У верасні 2005 году на ўсенародным рэфэрэндуме быў ухвалены ўрадавы праект «Хартыя за мір і згоду», які прадугледжвае амністыю былых чальцоў бандфармаваньняў, якія спыняюць узброеную барацьбу з уладамі і жадаючых вярнуцца да мірнага жыцьця. Аднак найбуйнейшая ў краіне ісламісцкая групоўка Салафіцкая група пропаведзі і джыгаду, якая налічвала каля тысячы баявікоў, якая далучылася ў 2004 годзе да міжнароднай тэрарыстычнай сеткі «Аль-Каіды», афіцыйна абвесьціла аб адмове ад удзелу ў гэтым праекце. У кастрычніку 2006 году лідэр Салафіцкай групы пропаведзі і джыгаду Абу Мусаб Абдэль Вудуд заявіў аб пачатку доўгатэрміновай вайны супраць інтэрасаў ЗША і Захаду ў рэгіёне арабскага Магрыбу.
2 красавіка 2019 году Бутэфліка падаў у адстаўку з пасады прэзыдэнта пасьля масавых пратэстаў супраць ягонай кандыдатуры на пяты тэрмін[30]. У сьнежні 2019 году Абдэльмаджыд Тэбун стаў прэзыдэнтам краіны пасьля перамогі ў першым туры прэзыдэнцкіх выбараў з рэкордна малым паказьнікам яўкі за ўсю гісторыю з часоў усталяваньня дэмакратыі ў Альжыры ў 1989 годзе. Тэбун блізкі да вайскоўцаў, але таксама яго абвінавачваюць ў ляяльнасьці да зрынутага прэзыдэнта[31].
Кіраўніком дзяржавы ёсьць прэзыдэнт Альжыру, які абіраецца на пяцігадовы тэрмін. Раней тэрмін прэзыдэнта быў абмежаваны двума пяцігадовымі тэрмінамі, але папраўка да канстытуцыі, ухваленая парлямэнтам 11 лістапада 2008 году, скасавала гэтае абмежаваньне[32]. Доўгі час прэзыдэнтам краіны быў Абдэль Азіз Бутэфліка, які меў намер балятавацца на прэзыдэнцкую пасаду яшчэ раз у 2019 году, аднак праз масавыя пратэсты быў вымушаны абвесьціць аб сваёй адстаўцы 3 красавіка 2019 году[33]. Абдэльмаджыд Тэбун, незалежны кандыдат, быў абраны прэзыдэнтам пасьля таго, як выбары ў рэшце рэшт адбыліся 12 сьнежня 2019 году. Пратэстоўцы адмовіліся прызнаць Тэбунам прэзыдэнтам, спасылаючыся на патрабаваньні ўсебаковай рэформы палітычнай сыстэмы[34]. Паводле дзейнай канстытуцыі 1996 году кіраўнік дзяржавы мае шырокія паўнамоцтвы, то бок ёсьць вярхоўным галоўнакамандуючым узброенымі сіламі і міністрам абароны, прызначае кіраўніка ўрада, губэрнатараў (валі), траціну чальцоў Рады нацыі (верхняй палаты парлямэнту) і Канстытуцыйнай рады.
Парлямэнт Альжыру ёсьць двухпалатным, то бок ніжняя палата, вядомая як Народны нацыянальны сход, налічвае 462 чальцоў, якія выбіраюцца прамым шляхам на пяцігадовы тэрмін, у той час як верхняя палата, Рада нацыі, мае 144 чальцоў, якія абіраюцца на шасьцігадовы тэрмін, зь якіх 96 чальцоў выбіраюцца мясцовымі сходамі і 48 прызначаюцца прэзыдэнтам. Органам выканаўчай улады краіны ёсьць Рада міністраў. Асноўнымі палітычнымі партыямі ёсьць Фронт нацыянальнага вызваленьня, Нацыянальнае дэмакратычнае аб’яднаньне, Фронт сацыялістычных сілаў, Аб’яднаньне за культуру і дэмакратыю, Рух грамадзтва за мір, рух «Ан-Нахда» і іншыя. Забароненае фармаваньне партыяў на рэлігійнай, моўнай, расавай, плоцевай, карпаратыўнай або рэгіянальнай аснове. Да ліку асноўных грамадзкіх арганізацыяў уваходзяць Усеагульны зьвяз альжырскіх працаўнікоў, Нацыянальны зьвяз альжырскіх сялянаў, Нацыянальны зьвяз альжырскай моладзі, Нацыянальны зьвяз альжырскіх жанчынаў.
Як мяркуецца, выбраныя палітыкі адносна мала ўплываюць на палітыку Альжыру. Замест гэтага група неабраных цывільных і вайскоўцаў, фактычна кіруе краінай, нават вырашаючы, хто павінен абірацца прэзыдэнтам[35]. Самым уплывовым чалавекам да пратэстаў 2019 году, як лічыцца, быў Магамэд Мэд’ен, кіраўнік вайсковай выведкі[36].
Альжыр бярэ ўдзел у дзейнасьці шэрагу сусьветніх арганізацыяў, як то арабскай супрацы і міжнароднай супрацы, як то Група 77, АПЭК ды іншых. Альжыр уключаны ў Эўрапейскую палітыку суседзтва (ЭПС), якая накіраваная на збліжэньне ЭЗ зь ягонымі суседзямі. У 2009 годзе ўрад Францыі пагадзіўся выплаціць кампэнсацыю ахвярам ядзерных выпрабаваньняў у Альжыры. Прадстаўляючы законапраект аб выплатах, міністар абароны Эрвэ Марэн заявіў, што Францыі прыйшоў час мірыцца з сабою праз сыстэму кампэнсацыяў і рэпарацыяў. Альжырскія афіцыйныя асобы і актывісты лічаць, што гэта добры першы крок на паляпшэньне адносінаў паміж краінамі, і спадзяюцца, што гэта будзе спрыяць большай кампэнсацыі ў будучыні[37]. Напружанасьць паміж Альжырам і Марока ў адносінах да Заходняй Сахары была перашкодай дзеля супрацы ў рамках Зьвязу арабскага Магрыбу, намінальна ўтворанага ў 1989 годзе, але які меў невялікую палітычную вагу[38]. 24 жніўня 2021 году Альжыр абвесьціў аб разрыве дыпляматычных стасункаў з Марока[39].
Алжыр падзелены на 58 вілаетаў, 553 акругі і 1541 муніцыпалітэт. Кожны вілает, акруга і муніцыпалітэт маюць назву, утвораную ад назвы свайго адміністрацыйнага цэнтру, якім звычайна ёсьць самы вялікі горад.
|
|
На тэрыторыі Альжыру вылучаюць дзьве геалягічныя вобласьці — плятформавую Сахарскую, якая ўтварылася яшчэ ў дакембр, і складкаватую Атляскую, што ўтварылася падчас альпійскай складкаватасьці.
Пустэльня Сахара займае 80% тэрыторыі краіны і складаецца з асобных пясковых (Вялікі Заходні Эрг, Вялікі Ўсходні Эрг, Эрг-Ігідзі, Эрг-Шэш) і камяністых (плято Танэзруфт, Цінгерт, Тадэмаіт, Эль-Эглаб) пустэльняў. На паўднёвым усходзе альжырскай Сахары прыпаднятае сугор’е Ахагар, дзе знаходзіцца найвышэйшы пункт Альжыру — гара Тагат (2906 м). Сугор’е Ахагар, якое выйшла на паверхню 2 млрд гадоў таму, зьяўляецца мэтамарфічным падмуркам Сахарскай плятформы. З усіх бакоў сугор’е акружана ступеністымі плято Тасілін-Аджэр, Тасілін-Ахагар і горамі Муйдыр. Поўнач альжырскай Сахары ляжыць на 26 мэтраў ніжэй узроўню мора. Тут разьмешчана салёнае возера Шот-Мэльгір.
На поўначы Альжыру раўналежна адзін аднаму працягваюцца хрыбты Атлясу — Тэль-Атляс і Сахарскі Атляс, падзеленыя высокімі плято і масівамі, прарэзанымі глыбокімі цясьнінамі. Альпійскі ўзрост Атляскіх гор абумовіў іх высокую сэйсьмічнасьць. Апошні разбуральны землятрус тут адбыўся ў 2003 годзе. Наступствы землятрусаў асабліва катастрафічныя, улічваючы, што на вузкай паласе ўзьбярэжжа і перадгор’яў Тэль-Атлясу пражывае 93% насельніцтвы краіны. Нетры Альжыру багатыя нафтай, газам, рудамі чорных і каляровых мэталаў. У Альжыры маюцца значныя радовішчы жалеза, цынку, сьвінцу, медзі, аршэніку, ртуці, фасфатаў.
Клімат Альжыру субтрапічны міжземнаморскі на поўначы і трапічны пустынны ў Сахары. Зіма на ўзьбярэжжы цёплая дажджлівая (12 °C у студзені), у горах прахалодная (2—3 тыдні ляжыць сьнег), у Сахары залежыць ад часу содняў (уначы ніжэй 0 °C, днём 20 °C). Лета ў Альжыры сьпякотнае і сухое. Гадавая колькасьць ападкаў ад 0—50 мм у Сахары да 400—1200 мм у Атляскіх горах.
Усе рэкі Альжыру ўяўляюць сабой часавыя вадацёкі (уэды), якія запаўняюцца ў сэзон дажджоў. Рэкі крайняй поўначы краіны ўпадаюць у Міжземнае мора, астатнія — губляюцца ў пясках Сахары. Яны выкарыстоўваюцца для арашэньня і водазабесьпячэньня, для чаго на іх пабудаваныя вадасховішчы і ГЭС. Найбуйнейшая рака — Шэліф (700 км). Катліны азёраў (сэбхі) таксама запаўняюцца ў дажджлівы пэрыяд, а ўлетку перасыхаюць і пакрываюцца салянай скарынкай таўшчынёй да 60 гл. У Сахары ў раёнах вялікіх запасаў падземных вод разьмешчаныя найбуйнейшыя аазісы.
Расьліннасьць міжземнаморскага ўзьбярэжжа прадстаўленая жорсткалістнымі вечназялёнымі дрэвамі і хмызьнякамі. У горах Атляса растуць лясы з коркавага і каменнага дуба, алепскай хвоі, ядлоўца, туі, атляскага кедра і лістападных парод дрэваў. Да вышыні 500 мэтраў выгадоўваюць аліўкі і фісташкі. Расьліннасьць Сахары вельмі бедная і прадстаўленая ў асноўным эфэмэрамі і салянкамі. Жывёльны сьвет бедны, бо ў значнай ступені зьнішчаны чалавекам. У лясах Атляса захаваліся зайцы, дзікі і макакі, у Сахары — гепарды, шакалы, гіены, генэты, лісіцы фэнек, газэлі, антылёпы-адакс, драпежныя птушкі, дробныя грызуны, зьмеі, яшчаркі, чарапахі, зь бесхрыбтовых — саранча, скарпіёны, фалангі, скалапендры.
Альжыр ёсьць індустрыяльна-аграрнай краінай, дзе афіцыйнай валютай ёсьць дынар (DZD). Кіроўныя пазыцыі ў эканоміцы захоўвае дзяржсэктар, што ёсьць спадчынай сацыялістычнай мадэлі разьвіцьця краіны пасьля здабыцця незалежнасьці. У пачатку 2010-х гадоў урад Альжыру спыніў прыватызацыю дзяржаўных прадпрыемстваў і ўвёў абмежаваньні на імпарт і замежны ўдзел у сваёй эканоміцы[40]. Аднак, гэтыя абмежаваньні толькі пачалі здымаць нядаўна, хоць застаюцца пытаньні наконт павольнай дывэрсыфікаванай эканомікі Альжыру. Прыватны сэктар пераважае ў лёгкай і харчовай прамысловасьці (70-90%), будаўніцтве (60%), сфэры паслугаў, аптовым і разбробным гандлю (да 80%), сельскай гаспадарцы (80%). Альжыр зь цяжкасьцю разьвівае галіны апроч энэргетычный часткова праз высокія выдаткі і інэртную дзяржаўную бюракратыю. Намаганьні ўраду па дывэрсыфікацыі эканомікі шляхам прыцягненьня замежных і нутраных інвэстыцыяў за межамі энэргетычнага сэктару мала зрабілі дзеля зьніжэньня высокага ўзроўню беспрацоўя сярод моладзі або дзеля вырашэньня праблемы недахопу жыльля[40]. Краіна сутыкаецца з шэрагам кароткатэрміновых і сярэднетэрміновых праблемаў, уключаючы неабходнасьць дывэрсыфікацыі эканомікі, узмацьненьня палітычных, эканамічных і фінансавых рэформаў, паляпшэньня дзелавога клімату і зьніжэньня няроўнасьці паміж рэгіёнамі[41].
Дзякуючы высокім прыбыткам ад вуглевадароднай здабычы, Альжыр мае вялікія рэзэрвы замежнай валюты і вялікі стабілізацыйны фонд вуглевадародаў. Акрамя таго, зьнешная запазычанасьць Альжыру знаходзіцца на вельмі нізкім узроўні і складае каля 2% СУП[40]. Эканоміка застаецца вельмі залежнай ад вуглевадароднага багацьця, і, не зважаючы на высокія валютныя рэзэрвы, бягучы рост выдаткаў робіць бюджэт Альжыру больш уразлівым да рызыкі працяглага зьніжэньня прыбыткаў ад газанафтавай сфэры. Эканоміка Альжыру павялічылася на 1,4% у 2018 годзе супраць 4,1% у 2016 годзе, прычым рост быў абумоўлены галоўным чынам аднаўленьнем нафтагазавага сэктара[42]. Апроч газу і нафты, вядзецца здабыча жалезнай руды, фасфатаў, каляровых мэталаў. Апрацоўчая прамысловасьць прадстаўленая прадпрыемствамі мэталюргічнай, машынабудаўнічай, нафтаперапрацоўчай, хімічнай і электратэхнічнай галінаў, а таксама маюцца заводы перапрацоўцы сельскагаспадарчай сыравіны. Сельская гаспадарка толькі на траціну забясьпечвае патрэбы краіны ў харчаваньні. Ягоная доля ў СУП складае каля 10%. Разьвіта гадоўля пшаніцы, аўса, а таксама садавіны, у прыватнасьці цытрусавай, і гародніны. Лоўля рыбы і морапрадуктаў складае больш за 20 тысячаў тон на год.
Зьнешнегандлёвае абарачэньне Альжыру ў 2007 складала 87 млрд даляраў ЗША (прырост у параўнаньні з 2006 — 11%) у т. л. экспарт — 60 млрд даляраў, імпарт — 27 млрд даляраў. На долю краінаў Эўрапейскага Зьвязу прыходзіцца каля 55%, ЗША — каля 15%. Экспартуюцца нафта і звадкаваны газ, віно, цытрусавыя, пробка, будматэрыялы і іншае. Імпартуюцца машыны і абсталяваньне, харчаваньне, сыравіна, спажывецкія тавары. Фінансавае становішча Альжыра вызначаецца прыбыткамі ад экспарту нафты і газу. Інфляцыя, па афіцыйных зьвестках, у 2007 годзе складала 4,2%, па неафіцыйных падліках — 8%.
Альжыр не ўступаў у СГА, не зважаючы на некалькі гадоў перамоваў, але ёсьць чальцом Вялікай арабскай зоны свабоднага гандлю[43] і Афрыканскай кантынэнтальнай зоны свабоднага гандлю і мае пагадненне аб асацыяцыі з Эўрапейскім Зьвязам[44]. Апошнім часам павялічыліся простыя турэцкія інвэстыцыі ў Альжыр, агульны кошт якіх дасягнуў 5 млрд даляраў ЗША. Па стане на 2022 год колькасьць турэцкіх кампаніяў, якія прысутнічаюць у Альжыры, дасягнула 1400. У 2020 годзе, не зважаючы на пандэмію, у Альжыры было створана больш за 130 турэцкіх кампаніяў[45].
Альжыр, эканоміка якога залежыць ад нафты, ёсьць чальцом АПЭК з 1969 году. Ягоная здабыча сырой нафты складае каля 1,1 мільёнаў барэляў на дзень, але ён таксама ёсьць буйным вытворцам і экспартэрам газу з важнымі сувязямі з Эўропай[46]. Вуглевадароды доўгі час ёсьць асновай эканомікі, складаючы прыкладна 60% прыбыткаў бюджэту, 30% СУП і 87,7%[47] прыбыткаў ад экспарту. Альжыр займае 10-ы радок паводле пакладаў прыроднага газу ў сьвеце і шостым паводле велічыні экспартэрам газу. Згодна з паведамленьнем Адміністрацыі энэргетычнай інфармацыі ЗША на 2005 год у Альжыра было 4,5 трлн м³ спраўджаных пакладаў прыроднага газу[48]. Краіна таксама займае 16-е месца паводле пакладаў нафты.
Прырост эканомікі без уліку вуглевадародаў на 2011 год прагназаваўся на ўзроўні 5%. Каб задаволіць сацыяльныя патрабаваньні, улады павялічылі выдаткі, асабліва на харчовыя патрэбы, стварэньне працоўных месцаў, падтрымку малых і сярэдніх прадпрыемстваў і падвышэньне заробкаў. Высокія цэны на вуглевадароды палепшылі рахунак бягучых апэрацыяў ды і без таго вялікія міжнародныя рэзэрвы[49]. Прыбыткі ад нафты і газу вырасьлі ў 2011 годзе ў выніку захаваньня высокіх коштаў на нафту, аднак тэндэнцыя аб’ёмаў здабычы зьніжаліся. Аб’ём здабычы ў нафтагазавым сэктары працягвала скарачацца, зьнізіўшыся з 43,2 млн тон да 32 млн тон у пэрыяд з 2007 па 2011 гады. Тым ня менш, на сэктар прыпадала 98% ад агульнага аб’ёму экспарту краіны ў 2011 годзе супраць 48% у 1962 годзе[50], а таксама 70% бюджэтных паступленьняў або 71,4 млрд даляраў ЗША.
Альжырская нацыянальная нафтавая кампанія Санатраш гуляе ключавую ролю ва ўсіх аспэктах функцыянаваньня нафтавага і газавага сэктараў у Альжыры. Усе замежныя апэратары павінны працаваць у партнэрстве з гэтай кампаніяй, якая звычайна валодае большасьцю ўласнасьці ў пагадненьнях аб размеркаваньні прадукцыі. У красавіку 2022 году дыпляматы з Італіі і Гішпаніі правялі перамовы пасьля таго, як рашэньне Рыма забясьпечыць вялікі аб’ём альжырскага газу выклікала заклапочанасьць у Мадрыдзе[51]. Згодна з умовай паміж альжырскім Санатрашам і італьянскай Эні, Альжыр дадасьць 9 млрд кубамэтраў газу ў Італію да 2024 году[52].
Карэннае насельніцтва Альжыру — альжырцы, якія складаюцца з арабаў і блізкіх ім па культуры бэрбэраў. Па вонкавым абліччы альжырцы, як правіла, людзі сярэдняга росту, асмуглыя, чарнавалосыя, з чорнымі вачамі і падоўжанай формай асобы міжземнаморскага тыпу.
Большасьць альжырцаў (4/5) лічаць роднай арабскую мову, астатнія — бэрбэрскія дыялекты. Бэрбэрскае насельніцтва пераважае сярод горцаў Атлясу і ў аазісах Сахары (кабілы, шавія, туарэгі), прычым нярэдка бэрбэры ў роўнай ступені добра валодаюць роднай і арабскай мовамі. Людзі, якія атрымалі адукацыю або тыя, хто працаваў за мяжой, як правіла, акрамя роднай добра ведаюць францускую мову. Гутарковая форма францускай мовы шырока распаўсюджаная ў гарадах. Хоць выкарыстаньне францускай мовы значна скарацілася ў параўнаньні з каляніяльнымі часамі канца XIX — сярэдзіны XX стагодзьдзяў, француская мова ў Альжыры (а таксама ў суседніх Тунісе і Марока) па-ранейшаму застаецца асноўнай мовай дзелавых зносінаў і гандлю і пакуль не саступае гэтых пазыцыяў ангельскай. Пры гэтым курс афіцыйнага ўраду накіраваны на паступовую арабізацыю ўсіх сфэраў жыцьця краіны. На літаратурнай арабскай мове ў цяперашні час выдаюцца дзяржаўныя дакумэнты, кнігі, часопісы, газэты. Малаважную частку насельніцтва складаюць грамадзяне замежных дзяржаваў, занятыя на часавай працы ў якасьці спэцыялістаў. Яны, як правіла, таксама размаўляюць на францускай мове.
Пераважная большасьць альжырцаў належаць да мусульманаў суніцкага толку. У даліне Мзаб у вілаеце Гардае пражывае каля 290 тысячаў ібадыйцаў. У канцы XIX і пачатку XX стагодзьдзяў значную частку насельніцтва тады яшчэ Францускага Альжыру складалі даволі ўплывовыя ў культурным і эканамічным пляне немусульманскія групы франкамоўных эўрапейцаў і габрэяў, якія атрымалі назву франкаальжырцы ці п’е-нуар (франц. Pieds-noirs). Складаючы некалі да 15 % насельніцтвы краіны, большасьць франкаальжырцаў, а таксама афранцужаных мусульман-гаркі былі вымушаныя масава пакінуць краіну пасьля паразы ў вайне за незалежнасьць, рэпатрыяваўшыся ў асноўным у Францыю. На сёньня ў краіне ўсё ж такі захоўваецца хрысьціянскае насельніцтва, колькасьць якога вар’іруюцца ад 20 тысяч да 200 тысяч чалавек[53]. Хрысьціяне Альжыру перавожна належаць да пратэстанцкіх групаў, аднак апошнім часам на іх узмацніўся ціск з боку ўраду[53].
Згодна зь некаторымі зьвесткамі павялічылася колькасьць людзей, якія ня ёсьць рэлігійнымі. Справаздача Арабскага баромэтра і Бі-бі-сі за чэрвень 2019 году выявіла, што доля альжырцаў, якія лічаць сябе нерэлігійнымі, вырасла з прыкладна 8% у 2013 годзе да прыкладна 15% у 2018 годзе[54]. Абапіраючыся на атрыманыя зьвесткі, стала вядома, што падзеньне рэлігійнасьці ў асноўным прыпадае на маладых альжырцаў[55]. Альжыр адкрыў сьвету шэраг выбітных мусульманскіх мысьляроў, як то Эмір Абдэлькадэр, Абдэльгамід Бэн Бадыс, Мулуд Касэм Наіт Бэлкасэм, Малек Бэнабі і Магамэд Аркун.
Складаны характар нацыянальнай культуры Альжыру перадае формула дзеяча альжырскай культуры шэйха Бэн Бадыса: «Альжырскі народ — арабскі паводле мовы, бэрбэрскі паводле паходжаньня, мусульманскі паводле рэлігіі». Культура альжырскага народу складалася на працягу шматлікіх стагодзьдзяў як вынік узаемадзеяньня і ўзаемаўплываў арабскіх і бэрбэрскіх плямёнаў, лаціна-пунічных элемэнтаў даарабскага часу і разьвітай араба-ісламскай цывілізацыі эпохі халіфату, носьбітаў гішпана-маўрытанскай (андалюскай) культуры маўраў і турэцкіх заваёўнікаў. Да цяперашняга часу ўсе гэтыя кампанэнты ў асноўным ужо зьліліся ў адзіны стопак. Але некаторыя зь іх дагэтуль захавалі сваю спэцыфіку.
Напрыклад, гэта тычыцца да традыцыяў бэрбэрскага фальклёру і геамэтрычнага арнамэнту, арабскай паэзіі і эпасу бэдуінскіх плямёнаў, андалюскай і турэцкай спадчыны ў архітэктуры і музыцы. Акрамя таго, на фармаваньне альжырскай культуры значны ўплыў апошнія паўтара стагодзьдзі аказвала культура Францыі. З гэтай прычыны, асобы, якія атрымалі адукацыю на францускай мове, яшчэ ў 1960-х гадах складалі большасьць інтэлігенцыі Альжыру, а франкамоўная літаратура альжырцаў дагэтуль неад’емная частка іхнай нацыянальнай літаратуры.
У матэрыяльнай культуры альжырцаў своеасабліва спалучаюцца традыцыі і сучаснасьць. Традыцыйныя сельскагаспадарчыя прылады мала зьмяніліся з эпохі арабскай заваёвы: драўляныя саха і вілы, матыка, серп; у якасьці цяглавай сілы выкарыстоўваюцца аслы і вярблюды. У самакіравальных гаспадарках, сельскагаспадарчых каапэратывах, а таксама ў сучасных гаспадарках уласнага сэктара шырока ўжываюцца трактары, камбайны і іншая сучасная тэхніка.
Звычайная альжырская вёска — бязладная навала маленькіх хат. Хата селяніна, як правіла, глінабітная, а ў горах — каменная, з плоскім дахам, на якім ёсьць адтуліна для дыму ад агменю, складзенага з каменя. Жыльлё звычайна складаецца з двух пакояў, як то ў адным ядуць і сьпяць, у іншым гатуюць ежу. Уваход у хату вядзе з унутранага панадворка, дзе ўтрымоўваецца быдла. Мэблі ў такіх хатах, акрамя маленькага століка, няма, уся сям’я есьць і сьпіць на падлозе.
Такое зьмешваньне стыляў характэрна і для мяшчанаў, якія нядаўна перасяліліся зь вёскі. Большасьць мужчынаў у гарадах носяць эўрапейскую адзежу. У людзей сталага веку яна нярэдка спалучаецца з чырвонай фэскай. Жанчыны-мяшчанкі ў большасьці носяць традыцыйнае белае покрыва «хаік» і «лааджар» — белую хустку, гафтаваную белымі жа ніткамі або абабітую карункамі, якія закрываюць ніжнюю частку асобы ад вачэй іншых. На ўсходзе краіны жанчыны носяць чорнае покрыва. Часам тое ды іншае спалучаецца з эўрапейскай сукенкай і абуткам.
Нярэдка на вуліцах вялікіх гарадоў можна бачыць характэрную карціну — маці і дачка, якія ўвасабляюць сабой учорашні і сёньняшні дзень Альжыру. У маці твар закрыты, постаць захутаная ў покрыва, на нагах туфлі бяз заднікаў, далоні і ступні выфарбаваныя хной. Дачка ідзе з адкрытым тварам, яна відавочна карыстаецца эўрапейскай касмэтыкай і апранутая згодна з апошняй францускай модай.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.