Remove ads
From Wikipedia, the free encyclopedia
Радзівіл Осьцікавіч (у каталіцтве Мікалай; ? — 1477, Вільня) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Маршалак гаспадарскі (1440—1452) і земскі (1433—1434 і 1463—1474), адначасна ваявода троцкі (з 1466) і кашталян віленскі (з 1475). Пачынальнік роду Радзівілаў.
Вотчынныя ўладаньні знаходзіліся каля Кернава, Анікштаў і Ужпалю. Валодаў Нягневічамі на Наваградчыне, Харашэвічамі на Слонімшчыне, Бастынем на Піншчыне, а таксама Біржамі, Кейданамі, Шырвінтамі ды іншымі. У 1442—1477 роках быў старостам ужпальскім і пянянскім.
Ратвіл (Ratwilius[1]) і Вілірад або Вілрад (Willirad, Wilrad) — імёны германскага паходжаньня[2]. Іменная аснова -рад- (-рат-) (імёны ліцьвінаў Раталт, Радавін, Конрад; германскія імёны Ratolt, Radowin, Konrad) паходзіць ад гоцкага *rêþs[3], германскага rad- 'рада'[4], а аснова -віл- (імёны ліцьвінаў Вільбут, Вільгейда, Мунтвіл; германскія імёны Willebut, Williheid, Muntwil) — ад гоцкага wilja 'воля'[5]. Такім парадкам, імя Радзівіл азначае «рада волі»[6].
Адпаведнасьць імя Радзівіл германскаму імю Ratwilius сьцьвердзіў францускі лінгвіст-германіст Раймонд Шмітляйн, які на падставе шматгадовых дасьледаваньняў прыйшоў да высноваў пра германскае паходжаньне літоўскіх уласных імёнаў[7][8]. Адпаведнасьць імя Радзівіл германскім імёнам Ratwilius і Wilrad прызнае летувіскі лінгвіст Ёзас Юркенас(lt)[9].
Варыянты імя ў гістарычных крыніцах: Rodywyl Ostikowicz (29 лістапада 1430 року)[10]; Родивил Остикович[11] (27 верасьня 1432 року)[12]; Radiwil Hostikowicz (15 кастрычніка 1432 року)[13]; Radiwil marsalci terrae Lythuaniae [sigilla] (20 студзеня 1433 року)[14]; Radiwil terrae Lithwaniae marschalcus (27 лютага 1434 року)[15]; Радивилу Остиковичу (Радивил Остикович[16]; 1440—1492 рокі[17], 9 лістапада 1449 року[18]); Radyl Osticowicz (16 красавіка 1444 року)[19]; панъ Родивилъ Остиковичь (9 верасьня 1445 року[20], 14 траўня 1446 року[21], 8 студзеня 1452 року[22], 21 красавіка 1452 року[23], 14 красавіка 1455 року[24], 21 траўня 1463 року[25], 21 жніўня 1466 року[26], 25 траўня 1475 року[27]); Radiwil Ostikowycz (23 красавіка 1452 року)[28]; Rodiwyl Hostikowicz (21 лютага 1457 року)[29]; Родивилъ (10 сакавіка 1463 року)[30]; Radivil Osczykowicz palatino Trocensi (30 верасьня 1469 року)[31]; Nos Radiwil Oscikowitcz, pallatinus Trocensis, generalis marschalkus terre Lytphanie (3 ліпеня 1473 року)[32].
Зь літоўскага баярскага роду, сын Осьціка гербу «Трубы», кашталяна віленскага, і Ганны (зь нявысьветленага роду). Меў братоў Станіслава (Станьку), Мікалая (Міцьку) і Барталамея (Бартку).
Упершыню ўпамінаецца ў 1411 року ў дакумэнце Торунскай умовы. У 1420—1429 роках упамінаецца як маршалак гаспадарскі вялікага князя Вітаўта. 15 кастрычніка 1432 року засьведчыў акт Гарадзельскай уніі. У 1433—1434 роках быў маршалкам земскім (вялікім)[33].
У 1440 року па сьмерці вялікага князя Жыгімонта Кейстутавіча падтрымаў абраньне Казімера, таго ж року атрымаў урады маршалка гаспадарскага і дзяржаўцы анікштынскага[33].
У 1443 року накіраваўся з войскам у Крым, дзе пасадзіў на сталец Хаджы-Гірэя[34]. Браў удзел у выправе на Маскву ў 1445 року, каб дапамагчы Васілю III аднавіць сваю ўладу. У 1446, 1447 і 1448 роках езьдзіў з пасольствамі да вялікага магістра. У 1448 року быў сярод складальнікаў мірнай умовы паміж Вялікім Княствам Літоўскім, Каралеўствам Польскім і Тэўтонскім ордэнам у Растэнбургу. У 1449 року з дапамогай Васіля III пасьпяхова дзеяў супраць мяцежнага князя Міхала Жыгімонтавіча, адваяваў Старадуб, Ноўгарад-Северскі, Радагашч, Поціўль, Бранск[33].
У першай палове 1450-х рокаў ачоліў магнацкую апазыцыю супраць вялікага князя Казімера і быў ёй прапанаваны як кандыдат на вялікакняскі сталец. У 1452 року шукаў падтрымкі ў хана Залатой Арды Сэід-Ахмэда, але таго разьбіў Хаджы-Гірэй. У 1455 року вярнуўся ў Літву, дзе яго пазбавілі ўсіх урадаў. Пазьней пакінуў апазыцыю, у 1463 року зноў стаў маршалкам земскім, а з 1466 року — ваяводам троцкім[35].
У 1473 року браў удзел у вызначэньні граніцы зь Інфлянтамі. У 1475 року[33] атрымаў урад кашталяна віленскага. Разам зь Міхалам Кезгайлам кіраваў дзяржавай ў час ад’ездаў вялікага князя, у 1470-я рокі ачольваў дэлегацыю ў разьвязваньні памежных спрэчак з Псковам і Інфлянцкім ордэнам. 13 жніўня 1477 року ўпамінаецца як нябожчык[16].
Яго жонкай, магчыма, была дачка Судзімонта. У шлюбе нарадзіліся дзеці:
16 і 26 судзеня 1451 року склаў дзьве суплікі да Папы, дзе адзначыў сваё каталіцкае хроснае імя — Мікалай. Фундаваў парафіяльны касьцёл ва Упніках[35].
У 1473 року разам з старостамі жамойцкім Янам Кезгайлавічам (Johannes Kenszgailowitcz), браслаўскім Багданам Саковічам і лідзкім Янам Кучуком уклаў на граніцы зь Інфлянцкім ордэнам акт аб размежаваньні «нашых літоўскіх» (nostram Lythphanorum) зямель зь Інфлянтамі; у акце ўпаміналіся межы, называныя «граніцы» (granicies), і пагорак, які «па-народнаму» называўся «капец» (colliculum alias kopecz)[36], а таксама сьцьвярджаліся «народнае вымаўленьне» (vulgo apellatarum) літоўскіх адыменных назваў мясцовасьцяў Войшвілы (Woyszwily) і Шадзіборы (Szedibory)[37]. Гэта адпавядае многім іншым тагачасным лацінскім граматам літоўскіх князёў і баяраў, дзе з азначэньнем «народны» («гутарковы») падаваліся менавіта беларускія словы[38].
Да акту Гарадзенскай умовы (1434 год) прывесіў пячаць з лацінамоўным гатычным надпісам[39]:
∗ s ∗ radivvil + asticav lt*⁑*ewski ⁑ mardchalz
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.