![cover image](https://wikiwandv2-19431.kxcdn.com/_next/image?url=https://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/0/0e/%25D0%259F%25D0%25B5%25D1%2587%25D0%25B0%25D1%2582%25D1%258C_%25D0%259E%25D0%25BB%25D0%25B5%25D0%25B3%25D0%25B0%252C_%25D0%25BA%25D0%25BD%25D1%258F%25D0%25B7%25D1%258F_%25D0%25A7%25D0%25B5%25D1%2580%25D0%25BD%25D0%25B8%25D0%25B3%25D0%25BE%25D0%25B2%25D1%2581%25D0%25BA%25D0%25BE%25D0%25B3%25D0%25BE._1094_%25D0%25B3.jpg/640px-%25D0%259F%25D0%25B5%25D1%2587%25D0%25B0%25D1%2582%25D1%258C_%25D0%259E%25D0%25BB%25D0%25B5%25D0%25B3%25D0%25B0%252C_%25D0%25BA%25D0%25BD%25D1%258F%25D0%25B7%25D1%258F_%25D0%25A7%25D0%25B5%25D1%2580%25D0%25BD%25D0%25B8%25D0%25B3%25D0%25BE%25D0%25B2%25D1%2581%25D0%25BA%25D0%25BE%25D0%25B3%25D0%25BE._1094_%25D0%25B3.jpg&w=640&q=50)
Чарнігаўскае княства
From Wikipedia, the free encyclopedia
Чарнігаўскае княства — у XI ст. адна з найбольш буйных і моцных зямель Русі, у XII—XIV стст. галоўны ўдзел Чарнігаўскай зямлі. Сталіца — Чарнігаў.
![Thumb image](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/0/0e/%D0%9F%D0%B5%D1%87%D0%B0%D1%82%D1%8C_%D0%9E%D0%BB%D0%B5%D0%B3%D0%B0%2C_%D0%BA%D0%BD%D1%8F%D0%B7%D1%8F_%D0%A7%D0%B5%D1%80%D0%BD%D0%B8%D0%B3%D0%BE%D0%B2%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B3%D0%BE._1094_%D0%B3.jpg/640px-%D0%9F%D0%B5%D1%87%D0%B0%D1%82%D1%8C_%D0%9E%D0%BB%D0%B5%D0%B3%D0%B0%2C_%D0%BA%D0%BD%D1%8F%D0%B7%D1%8F_%D0%A7%D0%B5%D1%80%D0%BD%D0%B8%D0%B3%D0%BE%D0%B2%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B3%D0%BE._1094_%D0%B3.jpg)
Значныя гарады: Ноўгарад-Северскі, Старадуб, Бранск, Пуціўль, Курск, Любеч, Глухаў, Слуцк, Клецк, Чачэрск і Гомель.
Як асобная адміністрацыйная адзінка, Чарнігаўская зямля вылучылася ўжо ў X ст., але кіравалася кіеўскімі ваяводамі. Утварылася на землях севяранскага засялення (пераважна), на левым беразе Дняпра у басейне рэк Дзясна і Сейм, пазней пашырылася на землі радзімічаў, вяцічаў і дрыгавічоў. У 1024—1036, пасля падзелу Русі паміж Яраславам і Мсціславам Уладзіміравічамі, ператворана ў асобны ўдзел, які ўключаў усю левабярэжную Русь, акрамя Пераяслаўля, у т.л. Мурамска-Разанскую зямлю, Смаленск і Тмутаракань. У 1036—1054 гадах у валоданні Яраслава, пасля яго смерці перайшло ва ўдзел да яго сына Святаслава, хоць і ў значна паменшаным памеры. Пасля смерці Святаслава некаторы час была ў валоданні розных князёў, у т.л. Уладзіміра Манамаха. Межы Чарнігаўскай зямлі ў гэтыя часы пачыналіся ад берагоў Дзясны і на паўночным усходзе дасягалі меж сучаснага Падмаскоўя, а на поўдні Кубані.[1]
Пастановай Любецкага з’езду (1097) перайшла ў валоданне сыноў Святаслава — Алега і Даніла, далей была ў валаданні іх нашчадкаў — Ольгавічаў. З гэтага ж часу пачынаецца драбленне Чарнігаўскай зямлі на ўдзелы. Напачатку выдзяліліся ўласна Чарнігаўскае княства як галоўны ўдзел і Ноўгарад-Северскае і Мурамска-Разанскае княствы, якія ў сваю чаргу драбіліся далей.
У 1345—1346 гадах вялікі князь літоўскі Альгерд далучыў Чарнігаўскае княства і іншыя ўдзелы Чарнігаўскай зямлі да Вялікага Княства Літоўскага, пасадзіў у розных удзелах сваіх сыноў ці іншых асоб.