Вільнюскі ўніверсітэт
найстарэйшая і найбуйнейшая вышэйшая навучальная ўстанова Літвы From Wikipedia, the free encyclopedia
найстарэйшая і найбуйнейшая вышэйшая навучальная ўстанова Літвы From Wikipedia, the free encyclopedia
Віленскі ўніверсітэт, таксама Вільнюскі ўніверсітэт[4] — найбуйнейшая вышэйшая навучальная ўстанова сучаснай Літоўскай Рэспублікі ў Вільнюсе, адна з найстарэйшых ВНУ Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, буйны навуковы цэнтр.
Вільнюскі ўніверсітэт | |
---|---|
літ.: Vilniaus universitetas[1] | |
Заснаваны | 1579 |
Рэктар | Рымвідас Пятраўскас |
Студэнты | 23 517[2] |
Краіна | |
Размяшчэнне | |
Узнагароды | |
Сайт | vu.lt (літ.) (англ.) |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Універсітэт складаюць 12 факультэтаў, 8 інстытутаў, найстарэйшая ў Літве бібліятэка, 3 універсітэцкія шпіталі, астранамічная абсерваторыя, батанічны сад, вылічальны цэнтр і касцёл Святога Яна.
На 1 студзеня 2005 года ў Вільнюскім універсітэце навучалася 22 618 студэнтаў, з якіх 15 789 на дзённым аддзяленні, 6 829 на завочным і вячэрнім. Універсітэт займае некалькі будынкаў і комплексаў будынкаў у розных раёнах Вільнюса і Каўнаса. У Ансамблі Вільнюскага ўніверсітэта ў гістарычным цэнтры горада месцяцца адміністрацыя, бібліятэка, гістарычны, філалагічны і філасофскі факультэты.
На аснове парафіяльнай школы езуіты 27 верасня 1570 года заснавалі ў Вільні калегіум, разлічаны на 160 навучэнцаў. Адзін з галоўных заснавальнікаў езуіцкага калегіума віленскі біскуп Валяр’ян Пратасевіч.
7 ліпеня 1578 года ў Львове Стэфанам Баторыем быў выданы першы прывілей, які надаваў калегіуму такія самыя правы, што мелі акадэміі і ўніверсітэты, але без вялікай або малой пячаткі Вялікага Княства Літоўскага прывілей не меў сілы, у той час вялікай пячаткай распараджаўся канцлер Мікалай Радзівіл Руды, кальвініст па веравызнанні. 1 красавіка 1579 года Стэфанам Баторыем быў выдадзены другі прывілей, згодна з якім езуіцкі калегіум мусіў пераўтварыцца ў акадэмію (лац.: Almae Academia et Universitas Vilnensis Societatis Jesu), а кароль і вялікі князь прызначаў дзеля гэтага адпаведныя сродкі. Канцлер зноў адмовіўся прыкладаць вялікую пячатку, але Стэфан Баторый упэўніў, таксама кальвініста, падканцлера Астафія Валовіча прыкласці да прывілея малую пячатку і тым самым надаць яму юрыдычную моц. Ужо 30 кастрычніка 1579 года Папа Рыгор XIII сваёй булай зацвердзіў гэты прывілей.
Мовай выкладання ў акадэміі была лаціна, як тады было прынята ў Еўропе, а выкладчыкі паходзілі з розных частак Рэчы Паспалітай. Першым рэктарам стаў Пётр Скарга. Акадэмія першапачаткова складалася з двух факультэтаў — філасофскага і тэалагічнага. У 1641 годзе кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза выдаў прывілей на заснаванне медыцынскага і юрыдычнага факультэтаў — у тым жа годзе юрыдычны факультэт быў створаны.
У 1735—1737 гадах пасаду рэктара займаў Кароль Бартольд.
Віленская акадэмія была адзінай вышэйшай школай у Вялікім Княстве Літоўскім. Да найбольш вядомых вучоных, звязаных з гэтым перыядам вучэльні, належаць Мацей Сарбеўскі — паэт, які пісаў па-польску і па-лацінску, Войцех Віюк-Каяловіч — гісторык, Марцін Сміглецкі — аўтар папулярнага па ўсёй Еўропе падручніка логікі. Акадэмія была важным цэнтрам контррэфармацыі ў Вялікім Княстве Літоўскім. У XVIII стагоддзі ў акадэміі распрацаваныя правілы літоўскай мовы і ўпершыню распачаты друк на ёй у межах Вялікага Княства Літоўскага. У 1753 годзе адкрытая абсерваторыя, а пры ёй — фізічны і астранамічны факультэты.
У 1773 годзе Ордэн езуітаў быў скасаваны, а акадэмія перайшла ва ўладанне дзяржавы.
Пасля скасавання Ордэна іезуітаў (1773) Віленская акадэмія ў 1781 ператвараецца ў Галоўную школу Вялікага княства Літоўскага (лац.: Schola Princips Magni Ducatus Lithuaniae) — свецкую вучэльню, рэфармаваную Адукацыйнай камісіяй. Пачынаецца выкладанне па-польску і па-літоўску на некаторых факультэтах — літэратуры і гісторыі Польшчы і Літвы, прыродных і матэматычных навук. Афіцыйна школа па-ранейшаму называецца по-лацінску «Academia et Universitas Vilnensis», толькі без азначэння «Societatis Jesu». Але менавіта ў гэты час яе сталі часцей называць універсітэтам, а не акадэміяй як раней. Гэты перыяд час пэўнага росквіту навучальнай установы, хаця пры нацыянальна-культурным заняпадзе ў ВКЛ школа і была паланізаваная. У той жа час школа мела найлепшы ў Рэчы Паспалітай медыцынскі факультэт, створаны прыехаўшым з Вены Ёганам Петэрам Франкам.
Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай пераіменавая на Галоўную віленскую школу (руск.: Главная виленская школа) і на нейкі час страціла свой былы статус і веліч.
Падпісаным 4 (16) красавіка 1803 года імператарам Расійскай імперыі Аляксандрам I актам Галоўная віленская школа пераўтворана ў Імператарскім Віленскім універсітэтам і робіцца цэнтрам адукацыі для васьмі губерняў — Віленскай, Гродзенскай, Мінскай, Магілёўскай, Віцебскай, Валынскай, Падольскай, Кіеўскай.
Ганаровым апекуном і патронам універсітэта становіцца князь Адам Чартарыйскі. Некаторы час, да паўстання 1830—1831 гг., універсітэт зазнае час росквіту. Да найбольш вядомых вучоных гэтага часу, звязаных з універсітэтам, належаць Ян Снядэцкі, Анджэй Снядэцкі, Іаахім Лялевель, Міхал Ачапоўскі, Сімонас Даўкантас, Іозеф Франк. Вучыліся тут Адам Міцкевіч, Юліуш Славацкі. Колькасць студэнтаў узрасла ад 290 у 1804 да 1321 у 1830. У 1823 годзе вучэльня стала найбуйнейшай у Расіі і Еўропе, пераважаючы па колькасці студэнтаў Оксфардскі ўніверсітэт.
Складаўся з 4 факультэтаў — фізіка-матэматычны, медыцынскі, маральна-палітычны (з багаслоўем), літаратурны з мастацтвамі. Было 32 кафедры, выкладалася 55 прадметаў. Універсітэту належалі: батанічны сад, анатамічны музей, клініка, фізічная і хімічная лабараторыі, бібліятэка на 60000 тамоў.
Тут дзейнічалі тайныя студэнцкія арганізацыі філарэтаў, філаматаў. У 1823 годзе па справе аб прыналежнасці да іх былі арыштаваныя і пасля доўгатэрміновага трымання за кратамі высланыя ў розныя гарады Расіі дзясяткі навучэнцаў, сярод якіх і Адам Міцкевіч. Адам Чартарыйскі быў адхілены ад універсітэта, яго месца заняў Мікалай Навасільцаў (1768—1838). Пасля гэтага паступова ўвадзілася руская мова.
У розны час тут вучыліся літаратар і калекцыянер Аляксандр Жыркевіч (1857—1927), польскі дзяржаўны дзеяч Юзаф Пілсудскі (1867—1935), савецкі дзяржаўны дзеяч Фелікс Дзяржынскі (1877—1926), акцёр Васіль Качалаў (1875—1948), мастак Мсціслаў Дабужынскі (1875—1957), літоўскі кампазітар Канстанцінас Галкаускас (1875—1963), тэарэтык літаратуры Міхаіл Бахцін (1895—1975).
З-за непасрэднай ці ўскоснай падтрымкі шматлікімі студэнтамі і выкладчыкамі паўстання 1831 года рэскрыптам Мікалая I 1 мая 1832 года ўніверсітэт цалкам скасоўваецца. Медыцынскі і тэалагічны факультэты ператвараюцца ў Медыка-хірургічную акадэмію, якая потым перадаецца Кіеўскаму ўніверсітэту Св. Уладзіміра і ў каталіцкую Духоўную акадэмію, з часам пераведзеную ў Санкт-Пецярбург).
З 1855 у будынках універсітэта знаходзіцца Музей старажытнасцей, потым Публічная бібліятэка, архіў, а таксама дзве мужчынскія гімназіі.
Па ўказе Юзафа Пілсудскага ад 28 жніўня 1919 года ў Вільні быў заснаваны ўніверсітэт. 11 кастрычніка 1919 года адбылося ўрачыстае адкрыццё ўніверсітэта Стэфана Баторыя (польск.: Uniwersytet Stefana Batorego w Wilnie) на месцы былога Віленскага ўніверсітэта. Мовай выкладання ў міжваенны перыяд была выключна польская, таму ўніверсітэт успрымаўся як фарпост польскасці на шматэтнічным усходзе Другой Рэчы Паспалітай (т.зв. «Крэсы ўсходнія»)[5]. Універсітэт не быў цэнтральным у Другой Рэчы Паспалітай; найбольш славіўся факультэт польскай філалогіі — менавіта ён даў жыццё паэтычнай групе «Жагарыстаў», да якой належаў і Чэслаў Мілаш. Між тым, некаторыя польскія дзеячы (Балеслаў Ліманоўскі) выступалі за роўную мажлівасць навучэння па-польску, па-беларуску і па-літоўску.
Пасля перадачы восенню 1939 года Вільні Літоўскай Рэспубліцы ўніверсітэт быў на кароткі час літуанізаваны. Яго назва была змененая на Vilniaus Universitetas, а літоўская мова ўпершыню была абвешчана адзінай афіцыйнай мовай выкладання. Аднак літоўскамоўнай прафесуры папросту не хапала, таму нейкі час з універсітэтам па-ранейшаму супрацоўнічалі польскія выкладчыкі, такім чынам польская мова заставалася ва ўжытку. Польскія традыцыі ўніверсітэта Стэфана Баторыя пераняў Торуньскі ўніверсітэт Мікалая Каперніка, які стваралі былыя прафесары з Вільні. Туды ж, у Торунь, трапіла і большасць архіваў міжваеннага часу.
У 1940 годзе Літоўская Рэспубліка была далучаная да СССР, а ўніверсітэт рэфармаваны на ўзор савецкіх вышэйшых школ. Большасць польскіх і літоўскіх прафесараў звольнена. Падчас Другой сусветнай вайны (1943—1944) быў закрыты. З восені 1944 дзейнічаў як ВНУ савецкага тыпу — Вільнюскі дзяржаўны ўніверсітэт, з 1955 да 1989 імя дзеяча камуністычнага руху Вінцаса Міцкявічуса-Капсукаса. У 1971 Вільнюскі дзяржаўны ўніверсітэт імя В. Капсукаса быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга; у 1979 «за заслугі ў падрыхтоўцы спецыялістаў для народнай гаспадаркі, дасягненні ў галіне навуковых вынаходніцтваў і ў сувязі з 400-годдзем з дня заснавання» — ордэнам Дружбы народаў. Тады ўніверсітэт быў тыповай правінцыйнай савецкай ВНУ. Галоўнай мовай выкладання стала руская, а па-літоўску выкладалася ў асноўным толькі адпаведная філалогія. Аднак паколькі ўніверсітэт меў рэспубліканскі статус, ён павялічыўся да памераў вялікага ўніверсітэта з дастатковай колькасцю факультэтаў, на якіх навучалася больш за 5000 студэнтаў (гэтая лічба ўвесь час павялічвалася).
Прынятым ў 1990 годзе Статутам універсітэта зацверджана яго аўтаномія, а пасля набыцця Літоўскай Рэспублікай незалежнасці ўніверсітэт ізноў літуанізаваны — вярнуліся парадкі 1939 года з тагачаснай назвай і літоўскай мовай выкладання.
Бібліятэка Вільнюскага ўніверсітэта — найстарэйшая і адна з самых буйных у Літве. Гісторыю ўніверсітэцкай бібліятэкі прынята вясці ад бібліятэкі езуіцкага калегіуму, якая па тэстаменце вялікага князя Жыгімонта Аўгуста атрымала пасля яго смерці (7 ліпеня 1572) вялікую колькасць кніг з яго прыватнай бібліяэткі.
У фондах бібліятэкі больш за 5,3 мільёнаў асобнікаў, сярод іх 178.306 выданых у XV — XVIII стст., звыш 250.000 рукапісных дакументаў (найстарэйшыя — з XIII ст.). Такім чынам, бібліятэка Вільнюскага ўніверсітэта з’яўляецца найбуйнейшай бібліятэкай Літоўскай Рэспублікі. У бібліятэцы больш за 27.000 чытачоў.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.