Траецкае прадмесце
From Wikipedia, the free encyclopedia
From Wikipedia, the free encyclopedia
Траецкае прадмесце — гістарычны раён Мінска на мысе левага берага Свіслачы насупраць Верхняга Горада, вусця Нямігі і колішняга замка, цяпер квартал абмежаваны Траецкай набярэжнай — вул. Старавіленскай — вул. Старажоўскай — вул. Максіма Багдановіча. Першапачаткова быў гандлёва-адміністрацыйным цэнтрам старадаўняга Менска[1][2].
Гістарычны раён | |
Траецкае прадмесце | |
---|---|
| |
53°54′30″ пн. ш. 27°33′22″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Мінск |
Архітэктурны стыль | Класіцызм, эклектыка |
Першае згадванне | XII ст. |
Будаўніцтва | XVII — XIX стст., XX ст. |
Вядомыя жыхары | Максім Багдановіч, Янка Купала |
Статус | Ахоўная зона |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
На захадзе ад Траецкай гары месціцца Замчышча, на паўночным захадзе — Татарскія Агароды і Старосцінская Слабада, на поўначы — Старажоўка, на ўсходзе — Залатая Горка, на поўдні — цэнтральныя раёны Высокі і Нізкі Рынак.[3][4]
На Траецкай гары быў размешчаны Траецкі касцёл — найстарэйшы каталіцкі храм Менска, пабудаваны ў XIV ст. Таксама тут знаходзіліся не захаваныя Барысаглебская царква (XII—XIII стст.), Траецкая царква (не пазней XV ст.), Узнясенскі манастыр з аднайменнай царквой (не пазней XV ст.) і часткова захаваныя Траецкі жаночы базыльянскі манастыр і касцёл і шпіталь сясцёр міласэрнасці. Цяпер прадмесце адно з улюбёных месцаў адпачынку ў горадзе[5].
Ёсць некалькі гіпотэз паходжання тапоніма «Траецкая гара». Паводле найбольш імавернай, ён паходзіць ад найстарэйшага Траецкага касцёла, заснаванага каралём Ягайлам[6]. Паводле іншай версіі, ад абарончага збудавання — рэдута Святой Тройцы, які знаходзіўся каля Барысаўскай заставы[7]. Таксама ёсць думка пра паходжанне ад Траецкай царквы[8] або Траецкага жаночага манастыра[9].
Левабярэжжа Свіслачы здаўна мела вялікае гандлёвае значэнне, тут злучаліся дарогі з Вільні (у ХII-XIII стст. з Заслаўя), Лагойска і Полацка, Барысава і Смаленска, Друцка, Магілёва (у ХII-XIII стст., магчыма, са Свіслачы—Рагачова)[10]. Археалагічныя раскопкі, праведзеныя ў 1976 годзе Георгіем Штыхавым і Валянцінам Собалем, пацвердзілі наяўнасць на частцы гэтай тэрыторыі культурнага пласта канца XII ст.[11].
Даволі шырокае ўжыванне назвы «Старое месца» датычна Траецкай гары ў пісьмовых крыніцах мяжы XVI—XVII стст. сведчыць пра знаходжанне менавіта тут гарадскога цэнтра ў XIV—XV стст.[12]. Пасля вялікага пажару 1552 года, калі цалкам згарэў замак і амаль увесь горад, цэнтр быў перанесены на будучы Высокі рынак, дзе была пабудаваная першая ратуша, прадугледжаная прывілеям на магдэбургскае права яшчэ ў 1499 годзе. Такім чынам, у XVII—XVIII стст. раён Траецкай гары меў ужо перыферыйнае значэнне ў будаўнічай і сацыяльнай структуры горада.
Асновай планавай структуры раёна быў працяг галоўнай вуліцы правабярэжжа Свіслачы — Нямігі (у XVI ст. «Немезской») — стары Барысаўскі гасцінец, які пачынаўся на стрэлцы мыса ад пераправы праз раку і зваўся Вялікай Барысаўскай вуліцай (адрэзак ад Свіслачы да цяперашняй вул. Янкі Купалы). Працягам Вялікай Барысаўскай далей была вуліца Траецкая або Траецкай гары[13], таксама частка Барысаўскага гасцінца (у XIX ст. перайменавана ў Аляксандраўскую, цяпер вуліца Максіма Багдановіча)[11]. Вялікая Барысаўская вуліца праходзіла амаль па цэнтральнай восі шырокага ўзгорка, акружанага з трох бакоў лукавінай Свіслачы. Таму натуральным, выключна стыхійным планавальным рашэннем было рассяленне жыхароў як уздоўж дарогі-вуліцы, так і перпендыкулярна ёй, на паўднёвым і паўночным схілах гары, у кірунках да ракі. Так узнік шэраг амаль паралельных вулачак, якія адыходзілі ад галоўнай. На паўночным схіле гары такіх вулачак было не менш за 8-9, на паўднёвым, дзе паміж цэнтральнай вуліцай і ракой была багністая пойма — 5. На планаванне паўднёвай часткі Траецкай гары, магчыма, уплывала і ранняя пабудова тут царквы або манастыра, якія займалі значны ўчастак зямлі, адпаведна тут не ўтварылася шмат малых вуліц. Напэўна, Віленскай вуліцай звалася самая ўсходняя з 8-9 вулачак на паўночным схіле гары, бо з яе пачыналася дарога на Зацень і Сёмкаў Гарадок, і далей на Вільню[13].
Вуліца Магілёўская, імаверна, адпавядала сучаснай вуліцы Куйбышава — яе працяг злучаў Траецкую гару з Камароўкай (раён сучаснай вуліцы Янкі Купалы). Камароўка яшчэ ў 1-й палове XIX ст. была вёскай у ваколіцах горада. Ад яе пачыналіся Лагойскі і Барысаўскі гасцінцы. Магілёўская дарога 1557 года пачыналася, мабыць, з гэтай жа вуліцы непасрэдна за мяжой горада, стромка зварочваючы ўздоўж берагоў Свіслачы ў раёне цяперашняй плошчы Перамогі, выходзячы далей на прадмесце Доўгі Брод і Сляпянку, дзе ад гэтай дарогі аддзялялася «дарога Друцкая»[13].
З іншых вуліц на Траецкай гары ў дакументах XVI—XVIII ст. згаданы ў 1605 годзе дзве паралельныя вуліцы — Барысаглебская і Ляўкоўская, пазней згадана Плябанская вуліца і «вуліца да Плябанскіх млыноў» (магчыма, адна і тая ж вуліца) — у раёне сквера каля Опернага тэатра; вуліца Старосцінская Слабада — пачатковы адрэзак ліквідаванай у 1980-я гады Стараслабодскай вуліцы. Там сама, паміж Старосцінскай Слабадой і Замкавым мостам, па паўночным схіле Траецкай гары, уздоўж берага Свіслачы праходзіла адна з самых старых вуліц гэтага раёна — сучасная Старавіленская (у дакументах XVII—XVIII стст. звалася «вуліца каля ракі да Слабады»)[13].
Прадмесце было звязана з раёнам замка мостам і плацінай, з другой паловы XVI стагоддзя — двума мастамі[14]. У XVI—XVII стст. пабудаваны Менскія гарадскія ўмацаванні, магчыма, яны ахоплівалі і Траецкую гару[14]. З канца XVI ст. вядомы згадкі Траецкага рынка — найбуйнейшай гандлёвай пляцоўкі горада[14].
Старажытная планіроўка прадмесця захоўвалася без змен да пачатку XIX стагоддзя, калі падчас вялікага пажару 1809 года выгарэла практычна ўся забудова Траецкай гары, асабліва ў яе цэнтральнай і паўночнай частках[13]. У наступныя гады быў распрацаваны план аднаўлення забудовы Траецкага прадмесця[15][16]. Да гэтага часу адносіцца прынцыпова новае праектнае рашэнне планавання ўсёй левабярэжнай часткі Мінска, якое ў агульных рысах захавалася да нашых дзён. У яго аснову былі пакладзены пяць доўгіх вуліц, які веерам разыходзіліся ад стрэлкі мыса (гэта значыць ад моста), і пяць папярочных вуліц, якія перасякаюць іх. Гэта сетка з дзесяці вуліц утварала каля 20 прамавугольных і трапецападобных кварталаў з вялікай прамавугольнай плошчай у цэнтры. З пажарам і наступнымі горадабудаўнічымі працамі звязана першае і найбольшае зрыванне мысавай часткі Траецкай гары. Да пачатку XIX стагоддзя сам мыс быў значна вышэй, а яго схілы, звернутыя да Свіслачы, — куды больш стромкімі, чым у наш час[13].
Паводле беларускага падарожніка і краязнаўца Паўла Шпілеўскага ў сярэдзіне XIX стагоддзя мінчукі адносілі Траецкае прадмесце разам з Нізкім рынкам, Ракаўскім прадмесцем і Пятніцкім (Татарскім) канцом да мінскага «Старога месца»[17]. У канцы XIX — пачатку XX стагоддзяў Траецкая гара ўваходзіла ў трэцюю паліцэйскую часць горада. Раён вылучаўся неаднастайным саслоўным складам насельніцтва (сяляне, працоўныя, гандляры, чыноўнікі ніжэйшых рангаў, дробныя памешчыкі) і даволі кантрасным вонкавым відам[18].
Асноўнай вуліцай прадмесця была Аляксандраўская (цяпер Максіма Багдановіча), названая ў гонар расійскага імператара Аляксандра I. Паралельна ёй ішла захаваная і дагэтуль Старавіленская вуліца. Гэтыя вуліцы злучаліся некалькімі завулкамі. Першы з іх — Аляксандраўская набярэжная (цяпер вуліца Траецкая набярэжная). Тут знаходзіліся знакамітыя мінскія лазні, якія стаялі на самым беразе Свіслачы. Другі — Траецка-Паліцэйскі завулак (пачатак сучаснай вуліцы Старажоўскай каля Траецкага прадмесця). Трэці — Першы семінарскі завулак (Камунальны), а чацвёрты — Другі семінарскі, ці Мітрапалічы, завулак, які праходзіў за мужчынскай духоўнай семінарыяй (Сувораўскае вучылішча)[18].
Лаўская набярэжная цягнулася ад Хлусава (цяпер Багдановіча) да Паліцэйскага моста (цяпер Купалы). Вуліца Георгіеўская (захавалася яе частка — вуліца Чычэрына) ішла ад Свіслачы праз Траецкі рынак (цяпер плошча Парыжскай камуны) у бок Камароўкі. Паралельна Георгіеўскай ішла вуліца Плябанская ці Плябанскіх млыноў (цяпер Куйбышава), назва якой паходзіць ад вадзяных млыноў Траецкай златагорскай плябані, якія знаходзіліся непадалёк . У 1866 годзе яна пераназвана ў Шырокую. Белацаркоўная вуліца (цяпер не існуе; пралягала ад Тэатра оперы і балета да плошчы Перамогі) супадала са старымі дарогамі на Магілёў і Барысаў. Назва яе паходзіць ад «Белай царквы», як звалі гараджане царкву каля жаночага духоўнага вучылішча (цяпер штаб Міністэрствы абароны Рэспублікі Беларусь)[18].
На 1930-1960-я гады прыпадае знішчэнне некаторых аб’ектаў на тэрыторыі прадмесця. Да іх адносяцца: каталіцкія могілкі XVI—XVIII стагоддзяў (цяпер сквер перад оперным тэатрам); тэрыторыя Узнясенскага манастыра XIV—XVI стагоддзяў («Штаб Акругі») і іншыя. Частка вуліц, якія захаваліся пасля перапланоўкі пачатку XIX стагоддзя на ўскраінах Траецкага прадмесця, была знішчана ўжо пазней — у 1980-я гады. Да іх адносіцца, напрыклад, старадаўняя вуліца, якая праходзіла ўздоўж Свіслачы, — яна пачыналася каля сучаснага будынка Сувораўскага вучылішча, а заканчвалася каля сучаснай гасцініцы «Беларусь»[13]. У гэты ж час была праведзена рэстаўрацыя заходняй часткі прадмесця, якая ўяўляла сабой першае ў Беларусі комплекснае аднаўленне гістарычнай забудовы. Аднак рэстаўратарам не атрымалася пазбегнуць некаторых адмоўных момантаў. Напрыклад, была знішчана частка забудовы XVII стагоддзя ўздоўж Камунальнай набярэжнай[19].
14 ліпеня 2004 года ўказам прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 330 «Пра развіццё гістарычнага цэнтра г. Мінска» былі зацверджаны межы тэрыторыі гістарычнага цэнтра, а таксама канцэпцыя яго рэканструкцыі, развіцця і функцыянальнага выкарыстання аб’ектаў нерухомай маёмасці і тэрыторыі. У ахоўную зону была ўключана заходняя частка Траецкага прадмесця разам з тэрыторыяй 2-ой гарадской бальніцы[42]. Галоўным элементам ахоўнай зоны з’яўляецца квартал прамавугольнай формы, размешчаны паміж вуліцамі Максіма Багдановіча, архітэктара Заборскага, Старавіленскай і Траецкай набярэжнай. Ён быў узведзены па рэгулярнаму плану Мінска 1817 года. Кожны будынак гэтага квартала мае ўласную гісторыка-архітэктурную каштоўнасць, а разам яны ўтвараюць суцэльны комплекс Старога горада[43]. Адрэстаўраваная заходняя частка прадмесця ўяўляе сабой своеасаблівы музей пад голым небам, у якім адноўлены стыль і пэўныя ўзоры гарадской каменнай забудовы XIX стагоддзя. У старых будынках размяшчаюцца музеі, магазіны і кафэ.
У адпаведнасці з праектам развіцця гістарычнага цэнтра мінскага праектнага інстытута «Мінскпраект», у найбліжэйшай будучыні плануецца рэканструкцыя комплексу былога Траецкага манастыра базыліянак пад цэнтр дзелавых кантактаў і дзелавога турызму. Гэты цэнтр будзе злучаны пешым памостам з адрэстаўраванай у 1982—1985 гадах заходняй часткай прадмесця[44].
14 мая 2007 года Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь прыняў пастанову «Пра статус гісторыка-культурных каштоўнасцей», паводле якога забудова, планіроўка, ландшафт і культурны пласт гістарычнага цэнтра Мінска атрымалі адпаведны ахоўны статус[35]. Адбор тых ці іншых пэўных аб’ектаў ажыцяўляўся па рашэнні Беларускага рэспубліканскага навукова-метадычнага савета па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры[35]. Важкая частка помнікаў культуры Мінска знаходзіцца менавіта на тэрыторыі Траецкага прадмесця. Так, ахоўны статус мае комплекс з 24 будынкаў пачатку XIX—XX стагоддзяў, размешчаны ў трапецападобным квартале, утвораным вуліцамі Багдановіча, Старавіленскай, Старажоўскай і Траецкай набярэжнай[45]. Некаторыя з гэтых будынкаў збудаваны на аснове больш ранніх камяніц[19]. Сярод гэтага комплексу найбольш вядомыя так званы дом Вігдорчыка па Траецкай набярэжнай 6, у якім у 1890—1891 гадах здымаў кватэру Дамінік Луцэвіч — бацька класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы[46], дом Пінсуховіча па Старажоўскай 5 (некалі здаваўся пад казармы 9-й і 10-й роты Серпухаўскага палка)[46], пабудаваная ў 1874 годзе «Кітаеўская» сінагога (Багдановіча, 9а), у якой цяпер размяшчаецца «Дом прыроды». У будынку па адрасе вуліца Багдановіча, 15 (ранняе Аляксандраўская, 11) знаходзілася абутковая фабрыка Цытвера[47]. Вытворчасць адкрылася ў 1871 годзе як шавецкая майстэрня. Вядома, што ў 1913 годзе на фабрыцы было занята 40 працоўных, меўся рухавік. У тым жа годзе было выраблена абутку на 55 тысяч рублёў[48].
На вуглу Аляксандраўскай вуліцы і Аляксандраўскай набярэжнай размяшчаўся дом Ушакова (цяпер магазін «Шкло, фарфор» па Багдановіча, 1). У 1886 годзе ў гэтым доме на кватэры правізара Паўлоўскага быў праведзены сход народнікаў, на якім было вырашана актывізаваць дзейнасць і пачаць выдаваць часопіс «Сацыялістычны будынак»[19][48]. Па невядомых прычынах у спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей будынак адсутнічае.
Асобнае месца займае комплекс будынкаў 2-й гарадской клінічнай бальніцы (вуліца Багдановіча, 2), які з’яўляецца помнікам архітэктуры класіцызму. Статус гісторыка-культурнай каштоўнасці маюць чатыры будынкі: корпус былога Траецкага манастыра базыліянак, пабудаваны ў 1799—1800 гадах; дом інвалідаў, багадзельня і гаспадарчая пабудова (усе тры будынкі збудаваны ў 1840—1847 гадах). Губернская земская бальніца была адкрыта ў 1799 годзе[42]. Да 1903 года знаходзілася ў распараджэнні Загада грамадскай апекі. Падчас пажару 1809 года вялікая частка драўляных пабудоў манастыра выгарэла. Захаваныя будынкі пасля ліквідацыі уніі ў 1839 годзе былі перададзены бальніцы. Перабудова манастырскіх будынкаў пад патрэбы бальніцы, якая завяршылася да 1850 года, была ажыццёўлена па праекце губернскага архітэктара Казіміра Хрышчановіча. У будынку Траецкага манастыра базыліянак размяшчалася тэрапеўтычнае аддзяленне, разлічанае на 70 коек. Псіхіятрычнае аддзяленне займала асобны двухпавярховы корпус. Пасля таго, як у 1910 годзе багадзельня была пераведзена ў Барысаў, будынак быў перададзены псіхіятрычнаму аддзяленню, за кошт чаго яно было пашырана з 40 да 180 месцаў. У сярэдзіне XIX стагоддзя ў бальніцы працаваў урачом інспектар мінскай медыцынскай управы Даніла Восіпавіч Спасовіч, які, па словах Шпілеўскага, карыстаўся «павагай і любоўю ўсяго Мінскага края»[49][42].
У спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей занесены таксама некалькі будынкаў, якія цяпер адносяцца да Сувораўскага ваеннага вучылішча (вуліца Багдановіча, 29). Галоўны корпус вучылішча (корпус 2/3) быў пабудаваны на сродкі Таварыствы дабрадзейства па праекце архітэктара Міхаіла Чахоўскага ў 1811 годзе як галоўная частка комплексу кляштара марыявітак і шпіталя[31]. Будынак служыў у якасці касцёла да 1854 года, калі кляштар быў скасаваны, а яго карпусы перададзены праваслаўнай духоўнай семінарыі, заснаванай у 1793 годзе ў Слуцку. У будынку таксама размяшчаліся рэдакцыі епархіяльнай газеты «Минские губернские новости» («Мінскія губернскія навіны» (выдавалася з 1869 па 1920 год)) і часопіса рэлігійнага таварыства «Православный братчик» («Праваслаўны братчык» (у 1910—1911 гадах выйшла сем нумароў)). Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі семінарыю зачынілі. У 1921 годзе ў яе карпусах размясціліся Мінскія пяхотныя курсы, якія ў 1924 годзе трансфарміраваліся ў Аб’яднаную беларускую школу. Выкладанне ў гэтай сярэдняй навучальнай установе вялося на беларускай мове[31]. Да вайны ў будынку таксама знаходзілася рэдакцыя газеты «Чырвонаармейская праўда». Падчас акупацыі немцы наладзілі на старым абсталяванні выданне газеты «Прарыў»[24]. У 1952 годзе пад кіраўніцтвам архітэктара Георгія Заборскага была пачата рэканструкцыя былога комплексу манастыра, у якім планавалася адкрыць Сувораўскае ваеннае вучылішча. Падчас рэканструкцыі, завершанай у 1955 годзе, да галоўнага было дабудавана два паверхі, а таксама збудаваны два новых корпуса[31]. Абодва новыя будынкі — карпусы 2/1 і 2/7 (спартыўная зала) — таксама з’яўляюцца помнікамі архітэктуры і занесены ў спіс ахоўных аб’ектаў.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.