гістарычная дзяржава ў Еўразіі (1922—1991) From Wikipedia, the free encyclopedia
Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (Савецкі Саюз, СССР, Саюз ССР) — шматнацыянальная сацыялістычная дзяржава, якая існавала ў 1922—1991 гадах на тэрыторыі паўночнай і цэнтральнай Еўразіі (у еўрапейскай і азіяцкай частках) плошчай (пад канец свайго існавання) 22,4 млн км². Складаўся з саюзных рэспублік, якія паводле канстытуцыі з’яўляліся суверэннымі дзяржавамі. У склад асобных рэспублік уваходзілі аўтаномныя рэспублікі, краі, вобласці, аўтаномныя вобласці і аўтаномныя акругі.
Яшчэ да звяржэння царызму ў палітычным спектры Расіі вызначылася некалькі кірункаў наконт будучага дзяржаўнага будаўніцтва. Манархісты выступалі за непахіснасць асноў самадзяржаўя, захаванне адзінай і непадзельнай Расіі. Лібералы абаранялі дзяржаўнае адзінства з магчымым культурна-нацыянальным самавызначэннем народаў. Сацыял-дэмакраты, найперш бальшавікі, патрабавалі права нацый і народнасцей на самавызначэнне аж да аддзялення і ўтварэння нацыянальных дзяржаў. Аднак ажыццяўленне гэтага права бальшавікі разглядалі з пункту погляду класавай барацьбы пралетарыяту, паколькі лічылі, што буйныя цэнтралізаваныя дзяржавы забяспечваюць прастору для больш хуткага развіцця капіталізму, што набліжае сацыялістычную рэвалюцыю. Нацыям, якія пажадалі застацца ў цэнтралізаванай дзяржаве, бальшавікі абяцалі аўтаномію, хоць такія паўнамоцтвы ўяўляліся імі невыразна. Напачатку бальшавікі адмоўна ставіліся да ідэй федэралізму ў дзяржаўным будаўніцтве, хоць і дапускалі такую магчымасць. Неанародніцкія партыі (расійскія, украінскія эсэры, Беларуская сацыялістычная грамада і інш.) выступалі за безумоўнае права на самавызначэнне, аднак спачатку бачылі Расійскую дзяржаву федэратыўнай дэмакратычнай рэспублікай з абласнымі (тэрытарыяльнымі) і нацыянальна-асобнымі (экстэрытарыяльнымі) аўтаноміямі. Нацыянальныя сацыялістычныя партыі меркавалі аднесці да кампетэнцыі федэральнага цэнтра толькі знешнепалітычную дзейнасць, забеспячэнне функцыянавання адзінай грашовай сістэмы, кіраванне ваеннымі сіламі і чыгункай.
Пасля звяржэння самадзяржаўя ў сакавіку 1917 Часовы ўрад дэклараваў поўнае раўнапраўе грамадзян незалежна ад веравызнання і нацыянальнасці, скасаваў мяжу яўрэйскай аселасці, абяцаў свабоду развіцця моў. Нягледзячы на абвяшчэнне Расіі рэспублікай (верасень 1917), Часовы ўрад не збіраўся ажыццяўляць права самавызначэння народаў, што выклікала незадаволенасць нацыянал-дэмакратычных рухаў. У верасні 1917 ў Кіеве адбыўся з’езд «народаў Расіі», скліканы Цэнтральнай украінскай радай, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі расійскіх і ўкраінскіх эсэраў, БСГ, грузінскіх, армянскіх сацыялістаў і інш. З’езд прагаласаваў за дзяржаўнае ўладкаванне Расіі ў выглядзе федэрацыі аўтаномных абласцей і нацый, палічыў асноўным дэфектам «празмерную цэнтралізацыю заканадаўчай і выканаўчай улады». З’езд пастанавіў: незалежна ад склікання Усерасійскага Устаноўчага сейма склікаць мясцовыя нацыянальныя ўстаноўчыя сеймы, якія павінны вызначыць канкрэтныя формы сваіх адносін з цэнтральнымі органамі федэрацыі, а таксама ўнутраную арганізацыю аўтаномных устаноў канкрэтнага народа або вобласці. Аднак Часовы ўрад не прыслухаўся да патрабаванняў нацыянальных дзеячаў. Пасля перамогі Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 і пераходу ўлады да Саветаў, Саўнарком прыняў Дэкларацыю правоў народаў Расіі, якая абвясціла роўнасць і суверэннасць усіх народаў краіны, права на свабоднае самавызначэнне аж да аддзялення і ўтварэння самастойных дзяржаў, адмену ўсіх нацыянальных і нацыянальна-рэлігійных прывілеяў і абмежаванняў, свабоднае развіццё нацыянальных меншасцей і этнаграфічных груп. Пад уплывам нацыянальна-вызваленчага руху бальшавікі змянілі сваё стаўленне да федэралісцкіх ідэй, але сталі разглядаць савецкі федэралізм як перахрдную форму да поўнага інтэрнацыянальнага адзінства працоўных.
III Усерасійскі з’езд Саветаў (студзень 1918) паклаў пачатак утварэнню Расійскай Савецкай Федэратыўнай Сацыялістычнай Рэспублікі (РСФСР). Аднак нацыянальна-дзяржаўнае будаўніцтва маладых рэспублік праходзіла ў вострай палітычнай барацьбе і мела 2 кірункі: савецкі і парламентарны (на ўзор Заходняй Еўропы). Стварэнне незалежных нацыянальных савецкіх рэспублік некаторыя бальшавіцкія кіраўнікі разглядалі як спосаб вырашэння часовых палітычных, у т.л. знешнепалітычных задач, каб, з аднаго боку, супрацьстаяць заходнім краінам, а з другога — нейтралізаваць мясцовыя «сепаратысцкія» намаганні нацыянальных дзеячаў.
1 чэрвеня 1919 г. па ініцыятыве ЦК РКП(б) і прапановах ЦВК Украіны, Савета абароны Літвы і Беларусі, урада Савецкай Латвіі быў прыняты Дэкрэт «Аб аб’яднанні савецкіх рэспублік: Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы, Беларусі для барацьбы з сусветным імперыялізмам». Ваенна-палітычны саюз дапамог савецкім рэспублікам выстаяць у грамадзянскай вайне і ваеннай інтэрвенцыі 1918—20, умацаваць уладу камуністам. 3 пераходам да мірнага будаўніцтва тэндэнцыя іх далейшага аб’яднання яшчэ больш узмацнілася. Аднак на шляхах нацыянальна-дзяржаўнага федэратыўнага ўсталявання вызначыліся супярэчнасці. 3 аднаго боку, рэспублікі былі фармальна незалежныя, як роўныя заключалі дагаворы з РСФСР, з другога — спробы цэнтралізацыі органаў кіравання прыводзілі да таго, што паўнамоцтвы РСФСР перавышалі паўнамоцтвы іншых савецкіх рэспублік, і такім чынам парушаліся падпісаныя двухбаковыя дагаворы.
У ходзе спрэчак у 1922 г. пра тое, якім быць новаму Саюзу, выявіліся 2 пункты погляду: прапанова І. Сталіна ажыццявіць «аўтанамізацыю» савецкіх рэспублік, г.зн. уключыць іх у склад РСФСР; ідэя У. Леніна ўтварыць новае дзяржаўнае федэратыўнае аб’яднанне — Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік, у які ўваходзілі б на роўных правах усе савецкія рэспублікі. Разам з тым некаторыя партыйныя дзеячы ўбачылі ў ленінскім плане Саюза, ідэі канфедэрацыі, а іншыя прапаноўвалі наогул скасаваць самастойнасць рэспублік. Але ў любым варыянце дзяржаўная ўлада павінна была належаць Камуністычнай партыі, якая будавалася паводле прынцыпу «дэмакратычнага цэнтралізму» і забяспечвала ўсебаковы кантроль за ўсімі сферамі грамадскага жыцця. У выніку пераважная большасць партыйных і савецкіх дзеячаў выказалася за ленінскі план.
З’езды Саветаў УССР, БССР, ЗСФСР і X Усерасійскі з’езд Саветаў (снежань 1922) прызналі аб’яднанне савецкіх рэспублік у адзінай дзяржаве своечасовым. 30 снежня 1922 I з’езд Саветаў СССР зацвердзіў Дэкларацыю аб утварэнні СССР[8], у якой былі сфармуляваны асноўныя прынцыпы аб’яднання рэспублік: раўнапраўе і добраахвотнасць уваходжання іх у Саюз ССР, права свабоднага выхаду з Саюза і доступ у яго новым савецкім сацыялістычным рэспублікам. З’езд зацвердзіў Дагавор аб утварэнні СССР, які прадугледжваў арганізацыю 10 саюзных наркаматаў, Вярхоўнага суда і Аб’яднанага дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення, вызначыў асновы ўзаемаадносін паміж вышэйшымі органамі ўлады СССР і саюзных рэспублік. Быў абраны вярхоўны орган улады Саюза ССР — Цэнтральны Выканаўчы Камітэт (ЦВК; старшыні М. Калінін, Р. Пятроўскі, А. Чарвякоў, Н. Нарыманаў). На 2-й сесіі ЦВК сфарміраваны ўрад СССР — Савет Народных Камісараў (СНК) на чале з У. Леніным. У снежні 1922, у склад СССР увайшлі РСФСР (афіцыйна абвешчана ў студзені 1918), УССР (снежань 1917), БССР (студзень 1919) і ЗСФСР (снежань 1922) у складзе Азербайджанскай ССР (красавік 1920), Армянскай ССР (лістапад 1920) і Грузінскай ССР (люты 1921). Першая Канстытуцыя СССР (зацверджана 31 студзеня 1924 на II з’ездзе Саветаў СССР) дэкларавала працоўным краіны шырокія дэмакратычныя правы і свабоды, актыўны ўдзел у кіраўніцтве дзяржавай.
У ходзе працэсу нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва ў склад СССР 13 мая 1925 ўвайшлі Туркменская ССР і Узбекская ССР (утвораны 27 кстрычніка 1924), 5 снежня 1929 — Таджыкская ССР (утворана 16 кстрычніка 1929), 5 снежня 1936 — Казахская ССР і Кіргізская ССР, 31 сакавіка 1940 — Карэла-фінская ССР, 2 жніўня 1940 — Малдаўская ССР, 3-6 жніўня 1940 — Літоўская ССР, Латвійская ССР і Эстонская ССР (утвораны 21 ліпеня 1940).
Канстытуцыя СССР 1936 г. абмежавала паўнамоцтвы саюзных рэспублік. У ёй не было нават намёку на тое, што суб’екты СССР перадаюць значную частку паўнамоцгваў Саюзу, г.зн. дзейнічала не дагаворная, а канстытуцыйная норма. Павялічылася колькасць агульнасаюзных камісарыятаў.
Утварэнне СССР дало магчымасць сканцэнтраваць неабходныя сродкі для хуткага ажыццяўлення індустрыялізацыі, калектывізацыі сельскай гаспадаркі і культурнага будаўніцтва. Гэта садзейнічала стварэнню буйнага эканамічнага патэнцыялу, які забяспечыў тэхніка-эканамічную незалежнасць дзяржавы. Хуткая суцэльная калектывізацыя вёскі дазволіла ўзяць у яе сродкі на патрэбы індустрыялізацыі і абароны.
Разам з тым камуністычная партыя кіравалася ідэямі «дзяржаўнага сацыялізму», што абумовіла далейшую цэнтралізацыю ўлады, абмежаванне паўнамоцгваў саюзных рэспублік, адзяржаўленне народнай гаспадаркі, згортванне эканамічна-матэрыяльных стымулаў. Стварэнне адміністрацыйна-каманднай сістэмы выклікала сур’ёзныя скажэнні ў грамадска-палітычным жыцці краіны, масавыя палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян. Аднак нягледзячы на розныя хібы і дэфармацыі грамадства, за гады першых пяцігодак быў створаны магутны палітычны і сацыяльна-эканамічны патэнцыял.
Пасля Другой сусветнай вайны міжнародная роля СССР значна вырасла. Савецкі Саюз з’яўляўся членам-заснавалььнікам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (з красавіка 1945) і адньім з пастаянных членаў Савета Бяспекі ААН. Паводле рашэння Сан-Францыскай канферэнцыі 1945, скліканай з мэтай утварэння ААН, у лік краін-заснавальніц гэтай арганізацыі былі таксамаі ўключаны БССР і УССР.
Пасля вайны СССР здолеў параўнальна хутка аднавіць разбураную гаспадарку.
Важнай рысай у нацыянальна-дзяржаўнай палітыцьі ў 1950-я г. стала пашырэнне правоў і ініцыятыў саюзных рэспублік. У маі 1955 г. быў зменены парадак планавання і фінансавання народнай гаспадаркі рэспублік СССР. Замест ранейшага парадку зацвярджэння ўрадам СССР дэталёвых паказчыкаў па развіцці рэспубліканскай прамысловасці, сельскай гаспадаркі, культуры, аховы здароўя цяпер вызначаўся толькі агульны аб’ём валавой і таварнай прадукцыі, а таксама капіталаўкладанняў па саюзных рэепубліках. Канкрэтнае планаванне аб’ёму вытворчасці і капіталаўкладанняў па прадпрыемствах і ведамствах было перададзена ў распараджэнне рэспубліканскіх саветаў міністраў. Яны атрымалі права выкарыстоўваць дадаткова выяўленыя і атрыманыя пры выкананні рэспубліканскага бюджэту даходы на фінансаванне жыллёвай і камунальнай гаспадаркі, сацыяльна-культурных мерапрыемстваў. Пашырыліся таксама паўнамоцтвы саветаў міністраў саюзных рэспублік у кіраўніцтве прамысловасцю і будаўніцтвам. У распараджэнне рэспублік у 1956 г. перададзены функцыі па кіраўніцгве работай судовых устаноў і органаў юстыцыі. Аднак з пачатку 1970-х г. усё больш сталі выяўляцца адмоўныя рысы «дзяржаўнага сацыялізму» (абмежаванне дэмакратыі, адхіленне працоўных ад уласнасці і ўлады, парушэнні прынцыпаў сацыяльнай справядлівасці, бюракратызацыя дзяржаўнага апарату і інш.), што прывяло да паглыблення крызісных з’яў. У якасці прававой нормы ў арт. 6 Канстытуцыі СССР 1977 было замацавана, шго «кіруючай і накіроўваючай сілай савецкага грамадства, ядром яго палітычнай сістэмы, дзяржаўных і грамадскіх арганізацый з’яўляецца Камуністычная партыя Савецкага Саюза». Спробы паскорыць сацыяльна-эканамічнае развіццё на аснове канцэпцыі перабудовы (з сярэдзіны 1980-х г.) станоўчых вынікаў не прынеслі.
У канцы 1980-х г узмацніліся цэнтрабежныя тэндэнцыі ў саюзных рэспубліках, іх імкненне да суверэнітэту. Прычыны будучага распаду СССР, якія намеціліся ў канцы 1980-х г., заключаліся ў абмежаванні паўнамоцтваў саюзных рэспублік, кансервацыі многіх адсталых форм арганізацыі грамадства (кланавасць, пратэкцыянізм, бюракратыя), дыктаце цэнтра ў эканамічным монаразвіцці без уліку асаблівасцей кожнай рэспублікі, перараджэнні партыйнай, дзяржаўнай і інтэлектуальнай эліты ў асобны клан алігархаў на падставе першалачатковага назапашвання капіталу, скажэннях у духоўным жыцці народаў (уніфікацыя адукацыі і асветы, моўная асіміляцыя), наяўнасці нацыянальнага нігілізму пад сцягам барацьбы з нацыяналізмам, намаганнях Захаду да скасавання СССР як галоўнай перашкоды на шляху да распаўсюджання т.зв. «заходных каштоўнасцей», дапамозе заходных колаў групоўкам і плыням некамуністычнай скіраванасці, што тады дзейнічалі ў саюзных рэспубліках. Усё гэта паступова прыводзіла да радыкалізацыі палітыкі саміх саюзных рэспублік, якія бьілі незадаволены няўдалымі рэформамі, няздольнасцю федэральнага цэнтра вырашаць складаныя праблемы.
У сакавіку 1990 г. Вярхоўны Савет Літвы абвясціў аб «аднаўленні незалежнасці літоўскай дзяржавы», скасаванні дзеяння Канстытуцыі Літоўскай ССР і Канстытуцыі СССР на тэрыторыі рэспублікі. У красавіку 1990 г. аб незалежнасці сваіх рэспублік заявілі Вярхоўныя Саветы Латвіі і Эстоніі. Працэс суверэнізацыі закрануў і іншыя рэспублікі, хаця спачатку яны не заяўлялі аб выхадзе з СССР. 12 чэрвеня 1990 г. прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце з’езд народных дэпутатаў Расійскай Федэрацыі. 16 ліпеня 1990 г. дакумент адпаведнай накіраванасці прыняў Вярхоўны Савет Украіны. 27 ліпеня 1990 г. Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі зацвердзіў Вярхоўны Савет БССР; яна абвясціла вяршэнства на тэрыторыі рэспублікі Канстытуцыі Беларускай ССР і яе законаў.
У гэтых умовах кіраўніўцтва СССР паспрабавала распрацаваць праект новага саюзнага дагавора (лістапад 1990 г.). Аднак нават такая ініцыятыва цэнтра з боку кіраўнікоў суверэнных рэспублік шырокай падтрымкі не знайшла. IV з’езд народных дэпутатаў СССР (снежань 1990 г.) прыняў рашэнне аб правядзенні 17 сакавіка 1991 г. Рэферэндуму аб захаванні СССР. Улады Грузіі, Літвы, Малдовы, Латвіі, Арменіі і Эстоніі не выканалі рашэнні IV з’езда народных дэпутатаў СССР аб правядзенні рэферэндуму. У той жа час за захаванне СССР выказалася 76,4 % прагаласаваўшых.
Спроба групы партыйных і дзяржаўных кіраўнікоў у жніўні 1991 г. увесці надзвычайнае становішча ў шэрагу рэгіёнаў СССР, выклікала адмоўную рэакцыю ў кіраўніцтве Расійскай Федэрацыі і іншых рэспублік. Урадамі і Вярхоўнымі Саветамі суверэнных рэспублік быў канчаткова ўзяты курс на незалежнасць. 8 снежня 1991 г. лідары Беларусі (Станіслаў Шушкевіч), Украіны (Леанід Краўчук) і Расіі (Барыс Ельцын) у Белавежскай пушчы (у беларускай урадавай рэзідэнцыі Віскулі, Камянецкі раён) падпісалі пагадненне аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД), у якім канстатавалі, што «Саюз ССР як суб’ект міжнароднага права і геапалітычная рэальнасць спыняе сваё існаванне». 10 снежня 1991 г. Вярхоўныя Саветы Беларусі і Украіны, 12 снежня 1991 г. Вярхоўны Савет РСФСР ратыфікавалі Пагадненне аб стварэнні СНД і дэнансавалі Дагавор 1922 г. аб утварэнні СССР. 21 снежня 1991 г. была прынята Алма-Ацінская дэкларацыя кіраўнікоў 11 незалежных дзяржаў (Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Малдовы, Расіі, Таджыкістана, Туркменістана, Узбекістана і Украіны), у якой зноў было сцверджана: «3 утварэннем Садружнасці Незалежных Дзяржаў, Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік спыняе сваё існаванне».
26 снежня 1991 г. Савет Рэспублік Вярхоўнага Савета СССР прыняў Дэкларацыю пра спыненне існавання СССР у сувязі са стварэннем СНД. Такім чынам СССР спыніў існаванне як суб’ект міжнароднага права.
Насельніцтва СССР у 1989 г. складала прыблізна 278 млн чалавек, што рабіла СССР адной з краін з самым вялікім насельніцтвам. Самым вялікім па-колькасці народам з’яўляліся рускія (каля 145 млн.), затым украінцы (каля 44 млн.) і ўзбекі (каля 16 млн.).
У 1954—1991 гадах у Савецкі Саюз уваходзілі 15 саюзных Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (ССР):
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.