Праіндаеўрапейская мова
From Wikipedia, the free encyclopedia
Праіндаеўрапейская мова — меркаваная мова-аснова для моў індаеўрапейскай сям’і.[1] Прамых запісаў праіндаеўрапейскай мовы не існуе; яе прапанаваныя рысы былі атрыманы шляхам лінгвістычнай рэканструкцыі на аснове дакументаваных індаеўрапейскіх моў.[2]
На рэканструкцыю ПІЕ было выдаткавана значна больш працы, чым на любую іншую протамову, і мова стала найвывучанейшай з усіх протамоў. Вялікая частка мовазнаўчых прац XIX стагоддзя была прысвечана ўзнаўленню ПІЕ або яе даччыных моў, і ў выніку былі распрацаваны шматлікія сучасныя метады лінгвістычнай рэканструкцыі (напрыклад, параўнальны метад).
Мяркуецца, што на ПІЕ размаўлялі як на адной мове прыкладна з 4500 г. да н. э. па 2500 г. да н. э.,[3] у перыяд ад позняга неаліту да ранняга бронзавага веку, хоць адзнакі адрозніваюцца больш за на тысячу гадоў. Па найраспаўсюджанейшай курганнай гіпотэзе, першапачаткова праіндаеўрапейцы засялялі пантыйска-каспійскі (волжскі і прычерноморскі) стэп ва ўсходняй Еўропе. З пункту гледжання шматлікіх макракампаратывісцкіх гіпотэз, мае роднасныя сувязі з іншымі рознымі мовамі. Лінгвістычная рэканструкцыя ПІЕ дала ўяўленне аб пастаральнай культуры і патрыярхальнай рэлігіі яе носьбітаў.[4]
Праіндаеўрапейская з’яўлялася развітой флектыўнай мовай, у якой назоўнік змяняўся па трох ліках і васьмі склонах, а дзеяслоў — па трох часах, двух станах і чатырох ладах. З’яўляўся мовай намінатыўнага ладу, аднак існуюць дапушчэнні, што намінатыўнаму папярэднічаў эргатыўны ці актыўны лад на раннейшым этапе гісторыі мовы. Парадак слоў быў вольным, базавым з’яўляўся парадак SOV.
Паколькі носьбіты протаіндаеўрапейскай мовы апынуліся ізаляваны адзін ад аднаго ў выніку шырокіх міграцый, рэгіянальныя гаворкі протамовы розных груп пратаэтнасаў зведалі змены ў вымаўленні (індаеўрапейскія гукавыя законы), марфалогіі і лексіцы. На працягу многіх стагоддзяў гэтыя дыялекты трансфармаваліся ў вядомыя старажытныя індаеўрапейскія мовы. Далейшыя моўныя разыходжанні прывялі да ўтварэння іхніх цяперашніх нашчадкаў, сучасных індаеўрапейскіх моў. Сёння мовамі-нашчадкамі ПІЕ з найбольшай колькасцю носьбітаў з’яўляюцца іспанская, англійская, партугальская, хіндустані (хіндзі і урду), бенгальская, расейская, панджабі, нямецкая, персідская, французская, маратхі, італьянская, гуджараці і польская. Беларуская таксама адносіцца да нашчадкаў ПІЕ. Граматычная сістэма праіндаеўрапейскай мовы ў аснове сваёй захавалася ў прабалтаславянскай мове.
Непасрэдных сведчанняў (напрыклад, помнікаў пісьмовасці) аб існаванні гэтай мовы няма, але навуковая супольнасць пераканана ў яе існаванні ў старажытнасці. Сістэмныя паралелі існуюць паміж індаеўрапейскімі мовамі на ўзроўні лексікі, фанетыкі, граматыкі. Яны не могуць быць растлумачаны ўзаемадзеяннем моў або выпадковым супадзеннем, бо па-першае, гэтыя паралелі шматлікія, па-другое, яны маюць сістэмны характар. Такім чынам, лагічным тлумачэннем іх можа быць агульнае паходжанне моў з адной старажытнай мовы-продка. Праіндаеўрапейская мова хоць і не зафіксавана, але матэрыяльна існуе ў кожнай сучаснай індаеўрапейскай мове ў выглядзе найбольш старажытнай лексікі, глыбінных граматычных і фанетычных законаў.