Орыя, або одыя (орыя ଓଡ଼ିଆ ) — індаарыйскі народ, асноўнае насельніцтва штата Адыша ў Індыі. Агульная колькасць (2019 г.) — 32 673 925 чал.[1]

У гэтага паняцця ёсць іншае значэнне одыя (мова).
Хуткія факты Агульная колькасць, Рэгіёны пражывання ...
Орыя
(ଓଡ଼ିଆ )
Thumb
Агульная колькасць 32 673 925 (2019)
Рэгіёны пражывання Адыша
Мова одыя
Рэлігія індуізм
Блізкія этнічныя групы бенгальцы, біхарцы, асамцы
Закрыць

Паходжанне

Тэрыторыя, на якой адбывалася фарміраванне одыя, з’яўляецца старажытным населеным рэгіёнам, дзе да нашай пары суіснуюць даволі замкнёныя аўстраазіяцкія, дравідыйскія і індаеўрапейскія плямёны і касты[2]. Продкі аўстраазіятаў маглі трапіць на Індастан ужо 60 тысяч гадоў таму[3]. Дравіды і індаеўрапейцы перасяліліся на землі Адышы некалькі тысяч гадоў таму. Генетычныя даследаванні паказваюць, што розныя групы насельнікаў Адышы складаюць своеасаблівыя кластары. Напрыклад, мясцовая каста брамінаў бліжэй па паходжанню да насельніцтва паўночнай Індыі[4]. Разам з гэтым, не адмаўляецца ўзаемная асіміляцыя.

У позні ведычны перыяд на ўзбярэжжы Бенгальскага заліва склалася індаарыйская дзяржава Калінга[5], заваяваная ў 261 г. да н. э. імператарам Ашокам з дынастыі Маур’яў. Ужо ў I ст. да н. э. тэрыторыя Калінгі выйшла са складу імперыі. У далейшым тут кіравалі розныя дынастыі. У высокім сярэднявеччы ў розных крыніцах узгадвалася дзяржава Одра[6], заснаваная мясцовым племем одраў (у нашы дні кастай). Ад яе наймення паходзяць сучасныя назвы Адышы і одыя. У гэты ж перыяд узнікае будысцкая містычная літаратура чар’япада[7] на мове, блізкай як да сучаснай бенгальскай, так і одыя. У 1593 г. Адыша была заваявана Вялікімі Маголамі. У 1803 г. далучана да Брытанскай Індыі.

У эпоху каланіялізма сфарміраваліся колы дробных чыноўнікаў і інтэлектуалаў, што размаўлялі на мове одыя. Яны станоўча ўспрынялі ідэю ІНК фарміраваць нацыянальныя тэрыторыі адпаведна гаворкам і высунулі ў 1888 г. патрабаванні стварыць асобную правінцыю. У 1913 г. Адыша была вылучана са складу Бенгаліі, тут была надрукавана першая газета на мове одыя. 1 красавіка 1936 г. створана асобная правінцыя Арыса[8]. У 1947 яна была пераўтворана ў штат Індыі.

Асаблівасці культуры

Галоўным традыцыйным заняткам одыя з’яўляецца земляробства. Ва ўнутраных раёнах вырошчваюць на продаж і для паўсядзённага спажывання рыс, а таксама алейныя культуры, проса, бабовыя, гародніну. На ўзбярэжжы, дзе ўзровень камерцыялізацыі сельскай гаспадаркі вышэйшы, важнымі культурамі таксама з’яўляюцца цукровы трыснёг, какосавая пальма, джут. У Адышы захаваліся старажытныя формы земляробства, лепей прыстасаваныя да мясцовых экалагічных умоў, чым сучасныя[9]. Жывёлагадоўля мае дадатковы характар. Звычайна трымаюць кароў і свойскую птушку, у раўнінных раёнах на затопленых рысавых палетках — рыбу. Традыцыйныя рамёствы: разьба, ткацтва, аплікацыя, гафт, ліццё медзі і бронзы. Існуе каставая рамесная спецыялізацыя.

Хаця ў прыбярэжных раёнах здаўна існуюць гарады як гандлёвыя і вытворчыя цэнтры, тыповы від паселішча — вёска. Звычайна вёскі будуюцца ўздоўж дарог, асобна вылучаюцца невялікія паселішчы каля асноўнага для прадстаўнікоў ніжэйшых каст. У горных раёнах захаваліся вёскі з раскіданай планіроўкай. На ўзбярэжжы створана вёска рамеснікаў і мастакоў Рагхураджпур[10]. Распаўсюджаны каркасныя жытлы з глінянымі сценамі, саламянымі або чарапічнымі дахамі. На дварах усталёўваюць падстрэшкі для адпачынку і свойскай жывёлы.

Thumb
Мудхі

Кухня одыя славіцца вялікай колькасцю рысавых страў, у тым ліку рысавымі аладкамі піта, вараным надзьмутым рысам мудхі, кіславатым ферментаваным рысам пахала бата. Да рысавых страў дадаюць бабовыя, мяса, рыбу і гародніну, смажаныя на гарчычным алеі. Гатуюць лёгкія алкагольныя напоі на аснове фінікаў, малака і канопляў[11].

Да одыя важна прыналежнасць да пэўнай касты. Пры сустрэчы людзі часцяком цікавяцца, да якой касты належыць субяседнік. Шлюбы заключаюцца паміж прадстаўнікамі адной касты. Каста вызначае асаблівасці паўсядзённага жыцця. Вясковае насельніцтва таксама падзяляецца на мужчынскія роды. Шлюбы знутры рода не вітаюцца, у той час як шлюбы паміж жыхарамі розных вёсак прымаюцца з задавальненнем. Нявеста пераходзіць жыць у сям’ю мужа. Дзеці з маленства прыцягваюцца да працы.

Храмавае мастацтва одыя вызначана асаблівым адышскім стылем. Вядомы храмавыя класічныя танцы з маскамі ў гонар Вішну, лялечны тэатр ценяў, народная опера джатра, храмавы жывапіс пата.

Мова

Мова одыя адносіцца да індаарыйскай галіны індаеўрапейскай моўнай сям’і[12]. Вельмі блізкая да бенгальскай мовы. Поруч з тамільскай, санскрытам, канада, тэлугу і малаялам, лічыцца індыйскімі лінгвістамі класічнай мовай[13]. Мае дзяржаўны статус. Першыя пісьмовыя помнікі з’явіліся ў сярэднявеччы. Сучасная пісьмовасць складзена на аснове брахмі.

Рэлігія

96,4 % вернікаў спавядаюць індуізм, прычым належаць да плыні вішнуістаў[14]. Найбольш папулярна для шанавання трыяда багоў Джаганатха, Балабхадра і Субхадра. Хаця містычны вобраз Джаганатхі ўзнік у часы панавання будызму, у нашы дні ён лічыцца аватарам Вішну. Балабхадра — старажытны бог, вядомы з часоў складання Махабхараты, разглядаецца як брат Джаганатхі. Субхадра калісьці з’яўлялася адной з гераінь Махабхараты, але для одыя яна ўвасабляе сястру Джаганатхі і тантрычную божую сілу ёгмая. Святы ў гонар Джаганатхі асабліва каларытныя ў раёне Пуры. Важнымі паломніцкімі цэнтрамі таксама з’яўляюцца храм Крышны ў Бхубанешвары, храм Біраджа ў Джаджпуры і храм Брахмы каля Джаранды.

Зноскі

Спасылкі

Wikiwand in your browser!

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.

Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.