Remove ads
From Wikipedia, the free encyclopedia
І́ндаары́йскія мовы (таксама вядомыя як інды́йскія) — найбольш распаўсюджаная група моў на індыйскім субкантыненце, якая прадстаўляе сабой групу ў складзе індаіранскае галіны індаеўрапейскай моўнай сям'і.
Індаарыйская група | |
---|---|
Таксон | — |
Арэал | Паўднёвая Азія |
Колькасць носьбітаў | каля 1,5 млрд чал. |
Класіфікацыя | |
Катэгорыя | Мовы Еўразіі |
|
|
Склад | |
галіна пахары, паўночназаходняя, заходняя, цэнтральная, усходняя, паўднёвая галіны (2-4 галіны традыцыйна лічацца дыялектамі хіндзі) |
|
Коды моўнай групы | |
ISO 639-2 | inc |
ISO 639-5 | inc |
Носьбіты індаарыйскіх моў складаюць каля палавіны носьбітаў усіх індаеўрапейскіх моў, налічваючы 1,5 млрд з 3 млрд чал., а таксама больш за палавіну сучасна прызнаных індаеўрапейскіх моў.
Найбуйнейшымі па колькасці носьбітаў мовамі сярод індаарыйскае групы з'яўляюцца мова хіндустані (хіндзі і ўрду, якія часам лічацца адной мовай, 240 млн носьбітаў разам), бенгальская мова (каля 230 млн чал.), мовы панджабі (каля 110 млн чал.)[1], маратхі (каля 70 млн чал.), гуджараці (каля 45 млн чал.), бхаджпуры (каля 40 млн чал.), орыя (каля 30 млн чал.), сіндхі (каля 20 млн чал.), сінгальская мова (каля 16 млн чал.), непальская мова (каля 14 млн чал.) і асамская мова (каля 13 млн чал.). Носьбіты гэтых моў складаюць большасць з усіх носьбітаў індаарыйскіх моў, налічваючы 900 млн чал.
Схематычна гісторыя індаарыйскіх моў на прасторы індыйскага субкантынента выглядае наступным чынам:
Найранейшыя сведчанні пра сучасную групу індаарыйскіх моў звязаныя з існаваннем ведыйскае мовы, якая выкарыстоўвалася ў старажытных індыйскіх рэлігійных тэкстах і стала прамовай (мовай-продкам) усіх сучасных індаарыйскіх моў. Тагачасны індаарыйскі субстрат (параўнальны з узростам Рыгведы) адзначаецца ў мове мітані — мове кіруючай дынастыі Месапатаміі, якая існавала ў XVI—XIII ст. да н.э. Тым не менш, адзіным доказам існавання падобнага субстрата з'яўляюцца толькі некалькі ўласных імён і спецыялізаваныя запазычанні.
Прыкладна ў IV ст. да н.э. ведычны санскрыт быў стандартызаваны і кадыфікаваны індыйскім лінгвістам таго часу Паніні, які заклаў літаратурную мову, вядомую як класічны санскрыт.
У час існавання стандартызаванага літаратурнага варыянта санскрыту ў тагачаснай Індыі працягвалі развівацца формы маўлення народных дыялектаў, вядомыя як пракрыты. Найбольш старажытнымі з засведчаных форм пракрытаў з'яўляюцца адпаведна будыйская і джайнійская кананічныя мовы, вядомыя як палі і магадхі. У сярэдневякоўі пракрыты распаліся на шэраг дыялектаў сярэднеіндаарыйскага перыяду. Гэтыя дыялекты вядомыя пад агульнаю назваю апабхранша (Apabhraṃśa IAST) і ахопліваюць перыяд VI—ХІІІ стагоддзяў, з'яўляючыся пераходным звяном паміж познім сярэднеіндаарыйскім і раннім новаіндаарыйскім перыядамі. Некаторыя з гэтых дыялектаў пакінулі значны след у літаратуры таго часу: так, сярод падобных твораў адзначаецца Сравакачар (930-я гады), які цяпер лічыцца першай кнігай на мове хіндзі.
Наступным этапам у развіцці індаарыйскіх моў стаў час мусульманскіх уварванняў у Індыю XIII—XVI стагоддзяў. Падчас панавання ў рэгіёне дынастыі Маголаў персідская мова набыла ўплыў і стала прэстыжнай, як мова ісламскага двара. Аднак яе скора выцесніла мова хіндустані. Гэта індаарыйская мова спалучыла ў сабе персідскія лексічныя элементы і мясцовую дыялектную граматыку.
Дзвюма найбуйнейшымі па колькасці носьбітаў мовамі, утварэнне якіх адсочваецца з часоў апабхранша, з'яўляюцца бенгальская і хіндзі. Сярод іншых моў, узнікшых у выніку эвалюцыі апабхраншы — гуджараці, маратхі, орыя ды панджабі.
Індаарыйскія мовы (ідыёмы) паўночнай Індыі і Пакістана з лінгвістычнага погляду ўтвараюць дыялектны кантынуум. Ідыём, які ў Індыі называецца хіндзі, з'яўляецца літаратурнай формай хіндзі — санскрытызаванага размоўнага варыянта хіндустані, распаўсюджанага ў часы Маголаў у наваколлі Дэлі. Аднак, тэрмін хіндзі таксама выкарыстоўваецца для абазначэння індаарыйскіх дыялектаў у Раджастхане і Біхары. Індаарыйскія пракрыты таксама далі пачатак такім мовам як гуджараці, асамская, бенгальская, орыя, непальская, маратхі і панджабі. Гэтыя мовы не ўключаюцца ў склад хіндзі, хоць і з'яўляюцца часткамі таго ж дыялектнага кантынуума.
У хіндзімоўных рэгіёнах на працягу доўгага часу да ХІХ ст. прэстыжным дыялектам быў ідыём брадж-бхаша, аднак потым яму на змену прыйшоў варыянт хіндустані, заснаваны на кхары-болі. Такое становішча працягвалася да 1947 года, калі пры раздзеле Брытанскай Індыі ўтварыліся дзве асобныя дзяржавы — Індыя ды Пакістан. У Індыі пасля здабыцця незалежнасці афіцыйнай мовай працягвала заставацца хіндзі, тады як у Пакістане афіцыйнай мовай была абвешчана ўрду, якая лінгвістычна з'яўляецца адной мовай з хіндзі. Хіндзі адлюстроўвае на сабе ўплыў санскрыту, урду — персідскай, аднак асноўны граматычны лад застаецца агульным. Большасць носьбітаў хіндзі ў Індыі і ўрду ў Пакістане адлюстроўваюць своеасаблівы сярэдні варыянт у маўленні. З прычыны практычнай лінгвістычнай ідэнтычнасці часта тэрміны хіндзі і ўрду абагульняюцца пад тэрмінам хіндустані, якім падразумяваецца існаванне адзінай мовы (гл. вышэй).
Некаторыя ўласныя імёны (у прыватнасці, імёны божастваў), а таксама частка тэрміналогіі, існаваўшай у дзяржаве Мітані, праяўляе ўласцівасці індаарыйскага суперстрата, што дае даследчыкам падставу меркаваць, што этнічна індаарыйская эліта гэтае дзяржавы навязала сваю культуру мясцоваму не-індаеўрапейскаму насельніцтву. Так, у лексіцы таго перыяду адзначаюцца індаарыйскія лічэбнікі (aika, tera, panza, satta, na — «адзін», «тры», «пяць», «сем», «дзевяць» адпаведна) і конегадоўчыя тэрміны (vartana). Слова aika мае асаблівае значэнне, бо яно адрозніваецца ад індаіранскага або раннеіранскага aiva[2].
Сярод іншых слоў, адзначаных у пісьмовых сведчаннях, адзначаюцца назвы колераў babru, parita, pinkara («карычневы», «шэры», «чырвоны»), а таксама назва свята сонцастаяння (vishuva). Мітанійскае слова «воін» (marya) мае этымалагічную сувязь з санскрыцкім mīḍha[3]. Іншыя мітанійскія імёны як правіла маюць інтэрпрэтацыі ў санскрыце, якія былі растлумачаны М. Майрхоферам[4]
Цыганская мова як правіла ўключаецца лінгвістамі ў склад цэнтральнай галіны індаарыйскіх моў[5]. У цыганскай мове амаль некранутым застаўся рад асабістых маркераў, а таксама зычных канчаткаў у назоўным склоне, якія зазналі значныя змены ў большасці іншых сучасных індаарыйскіх моў цэнтральнай Індыі. Тым не менш, цыганская мова падзяляе вызначаныя асаблівасці мінулага часу з мовамі паўночназаходняй групы, такімі як мова шына і кашмірская мова. Гэтая акалічнасць дае даследчыкам падставу для гіпотэз пра паходжанне цыган з цэнтральнай Індыі і іх наступнай міграцыі на паўночны захад.
У адрозненне ад пракрыту і санскрыту, не існуе гістарычных сведчанняў цыганскае мовы.
Лінгвістычныя даследаванні цыганскае мовы пачаліся ў ХІХ ст. (Пот, 1845; Міклосіч, 1882—1888). Гэтыя даследаванні даказалі, што цыганская мова адносіцца да новаіндаарыйскіх, з-за чаго міграцыя цыган з Індыі не магла адбыцца раней пачатку ХІ ст.
Асноўным аргументам на карысць міграцыі цыган пасля або падчас пераходу індаарыйскіх моў у новаіндаарыйскі перыяд з'яўляецца страта мовай старой сістэмы назоўнага склону і пераход яго ў сістэму супрацьпастаўлення назоўнага і ускоснага склонаў. Іншы аргумент на карысць гэтае тэорыі — наяўнасць у цыганскай толькі двух родаў — мужчынскага і жаночага, што аналагічна некаторым сучасным індаарыйскім мовам і адначасова адрозніваецца ад старых, дзе родаў было тры (мужчынскі, жаночы, ніякі). Гэта ў сваю чаргу пацвярджаецца тым фактам, што ніякі род не страчваўся да самага пераходу ў новаіндаарыйскі перыяд. Большасць слоў ніякага роду пры яго страце перайшло ў мужчынскі, але некаторыя (напрыклад, хіндзі āg і цыганскае jag — «пажар») перайшлі ў жаночы. Паралелі між эвалюцыяй родаў у цыганскай і іншых індаарыйскіх мовах таксама сталі аргументамі на карысць вышэйзгаданай тэорыі.
Правесці адназначны падзел індаарыйскай групы на асобныя мовы немагчыма, таму што дыялекты многіх індаарыйскіх моў часта зліваюцца адзін з адным. Такім чынам, сучасныя прызнаныя мовы з'яўляюцца хутчэй сацыяльнымі паняццямі.
Суадносіны дардскіх моў (групы моў, распаўсюджаных на паўночным усходзе Пакістана) і індаарыйскіх моў дагэтуль няясныя. Гэтыя мовы вельмі адрозніваюцца ад індаарыйскіх па граматычнай структуры і часта лічацца асобнай групай у складзе індаіранскіх моў, нараўне з індаарыйскай (г.зн., не ўваходзячы ў склад індаарыйскай).
Дагэтуль не існуе агульнапрызнанай класіфікацыі сучасных індаарыйскіх моў. Першыя спробы падобнай класіфікацыі былі прадпрыняты ў 1880-х гг. нямецкім лінгвістам А. Ф. Р. Хёрнле. Самымі вядомымі былі класіфікацыя англа-ірландскага лінгвіста Дж. А. Грырсана і індыйскага лінгвіста С. К. Чатэрджы (1926).
У аснове першай класіфікацыі (1920-я), пазней адхіленай большасцю даследчыкаў, ляжыць супрацьпастаўленне знешніх (перыферыйных) моў і ўнутраных (якія павінныя былі адпавядаць ранняй і позняй хвалям міграцыі арыяў у Індыю, якія ішлі з паўночнага захаду). «Знешнія» мовы падзяляліся паўночна-заходнія (лахнда, сіндхі), паўднёвыя (маратхі) і ўсходнія (орыя, біхары, бенгальская, асамская) падгрупы. «Унутраныя» падзяляліся на цэнтральную (заходні хіндзі, панджабі, гуджараці, бхілі, кхандэшы, раджастхані) падгрупу і падгрупу пахары (непальская мова, цэнтральная пахары, заходняя пахары). У склад прамежкавае групы ўключаўся ўсходні хіндзі. У выданні 1931 года быў прадстаўлены значна перапрацаваны варыянт гэтае класіфікацыі, у асноўным за кошт пераносу ўсіх моў, акрамя заходняй хіндзі, з цэнтральнай у прамежкавую групу. Пры гэтым лінгвістычны партал Ethnologue дагэтуль прымае старую класіфікацыю Грырсана 1920-х гг.
Пазней свае варыянты класіфікацыі былі прапанаваны Тэрнэрам (1960), Катрэ (1965), Нігамам (1972), Кардонам (1974).
Найбольш абгрунтаваным можна лічыць падзел індаарыйскіх моў найперш на астраўную (сінгальская, мальдыўская) і мацерыковую падгаліны. Класіфікацыі апошняй адрозніваюцца адна ад адной у асноўным у пытанні моў, якія трэба ўключаць у цэнтральную групу.
У розных класіфікацыях таксама можа ўключаць усходнюю панджабі, усходнюю хіндзі, фіджыйскую хіндзі, біхарскія мовы, усю заходнюю і паўночную групы
У той жа час раджастхані, заходняя і ўсходняя хіндзі, а таксама біхары могуць уключацца ў т.зв. «Пояс хіндзі».
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.