Remove ads
From Wikipedia, the free encyclopedia
І́ндаіра́нскія мовы (таксама вядомыя як ары́йскія[1]) — адна з галін моў у складзе індаеўрапейскай моўнай сям’і, самыя ўсходнія з сучасных індаеўрапейскіх моў. Узыходзяць да праіндаіранскай мовы і звязаныя з міграцыямі старажытных арыяў.
Індаіранская (арыйская) галіна | |
---|---|
Таксон | галіна |
Арэал | Сярэдняя Азія, Паўднёвая Азія, Каўказ, Усходняя Еўропа |
Колькасць носьбітаў | больш за 1 млрд чал. |
Класіфікацыя | |
Катэгорыя | Мовы Еўразіі |
|
|
Склад | |
індаарыйская, іранская, дардская, нурыстанская групы |
|
Коды моўнай групы | |
ISO 639-2 | — |
ISO 639-5 | iir |
З’яўляецца найбольшай галіной індаеўрапейскіх моў па колькасці носьбітаў, налічваючы больш за 1 млрд чал., тэрыторыя пражывання якіх распасціраецца ад Усходняй Еўропы (цыганская мова) і Каўказа (асецінская мова) да захаду Кітая (сарыкольская мова ) і ўсходу Гімалаяў (асамская мова). Цыганская мова і іншыя блізкія ёй дыялекты пашыраныя па ўсім свеце; на Фіджы, Маўрыкіі і ў Сурынаме існуюць значныя хіндзімоўныя супольнасці.
З пачаткам параўнальна-гістарычнага даследавання індаеўрапейскіх моў інда-іранская галіна традыцыйна падзялялася на індаарыйскую і іранскую групы, адкуль і паходзіць тэрмін індаіранскія мовы. Тым не менш, даследаванні малых народаў і моў Гіндукуша і Гімалаяў у другой палавіне ХХ ст. прымусілі навукоўцаў перагледзець дыхатамічную класіфікацыю і прызнаць, што схема распаду праарыйскай мовы была значна складанейшай, чым падзел арыяў на індаарыяў ды іранцаў.
З гэтых даследаванняў стала вядомым, што нурыстанскія мовы, знойдзеныя ў ХІХ ст. на поўдзень ад Гіндукуша, з’яўляюцца не галіной індаарыйскіх, а самастойнай галіной у складзе арыйскіх, якая вылучылася з праарыйскага стану яшчэ да распаду астатніх арыяў на індаарыйцаў ды іранцаў[2].
Інда-іранская галіна моў традыцыйна падзяляецца на тры моўныя групы: індаарыйскую, нурыстанскую ды іранскую.
Сур’ёзна перагледжана цяпер і становішча дардскіх моў, якія звычайна разглядаюцца ў якасці гіндукушска-гімалайскага адгалінавання індаарыйскіх. На цяперашні момант таксама існуюць аргументы, якія дазваляюць лічыць дардскія мовы асобным таксонам унутры ўласна індаіранскіх без нурыстанскіх. Паводле часу вылучэння яны суадносяцца з індаарыйскай ды іранскай галінамі. Некаторыя рысы дардскіх моў дазваляюць іх лічыць прамежкавым звяном між індаарыйскімі і іранскімі мовамі[3]. З вышэйзгаданых прычын у навуковы абарот усё часцей уваходзіць тэрмін арыйскія мовы, якім апісваюцца нурыстанскія і ўласна індаіранскія мовы. Такі погляд дае наступную ўнутраную класіфікацыю:
Індаіранскія мовы з’яўляюцца найбуйнейшай галіной сярод індаеўрапейскай сям’і па колькасці носьбітаў, маючы ў цэлым 1 млрд носьбітаў.
У сваю чаргу, найбуйнейшай сярод інда-іранскіх моў па колькасці носьбітаў з’яўляецца мова хіндустані (хіндзі і ўрду — часам лічацца адзінай мовай; колькасць носьбітаў каля 240 млн чал.), наступнымі ідуць бенгальская (~205 млн), панджабі (~100 млн), маратхі (~75 млн), фарсі (~60 млн), пушту (~50 млн), гуджараці (~50 млн), бхаджпуры (~40 млн), авадхі (~40 млн), майтхілі (~35 млн), орыя (~35 млн), марвары (~30 млн), белуджская (~30 млн), сіндхі (~25 млн), курдская (~20 млн), раджастхані (~20 млн), чхатысгархі (~18 млн), сінгальская (~16 млн), асамская (~15 млн) і мова рангпуры (~15 млн). Большасць носьбітаў, звыш 75 %, прыпадае на мовы індаарыйскай падгаліны. Каля 150 млн чал. размаўляе на іранскіх мовах, далей ідуць дардскія (5—6 млн чал. носьбітаў), найменшыя па колькасці носьбітаў — нурыстанскія мовы (каля 120 тыс. чал.).
Сучасныя індаарыйскія мовы налічваюць больш за 300 розных ідыёмаў, у тым ліку буйныя мовы міжнацыянальных зносін.
Паходжанне індаіранскіх (арыйскіх) моў звязваецца з рэканструяванай праарыйскай мовай, якая вылучылася з індаеўрапейскай супольнасці і праіснавала да свайго распаду ў ІІІ тыс. да н. э. Па марфалагічных, лексічных і некаторых фанетычных прыкметах праарыйская мова праяўляе блізкасць з продкамі грэчаскай і армянскай моў[4], што, у прыватнасці, дае падставу некаторым лінгвістам прапаноўваць тэорыю пра існаванне праарыйска-грэка-армянскага адзінства перад вылучэннем праарыйскай мовы з праіндаеўрапейскай.
Асноўнымі рысамі праарыйскай мовы, якія вылучылі яе сярод астатніх індаеўрапейскіх моў, з’яўляюцца:
У выніку гэтага сістэма галосных абмяжоўваецца сямю фанемамі: кароткімі *a, *i, *u, доўгімі *ā, *ī, *ū (з чатырма адпаведнымі дыфтонгамі — *ai̭, *aṷ, *āi̭, *āṷ) і складовы санант *r̥ (яго падоўжаны варыянт *r̥̅ быў рэдкі). Акрамя таго, пасля супадзення галосных і іх пераходу ў *a гэтая галосная стала магчымай пасля другога рада афрыкат (*če, *ǰe, *ǰhe > *ča, *ǰa, *ǰha), што зрабіла гэты рад афрыкат паўнацэннымі фанемамі.
Праарыйскі рад звонкіх прыдыхальных змычных працягвае індаеўрапейскія прыдыхальныя: *bʰ, *dʰ, *gʰ > *bh, *dh, *gh/ǰh, які ў далейшым лепш за ўсё захаваўся ў індаарыйскіх. У праарыйскай таксама развіўся адпаведны рад прыдыхальных глухіх змычных, які першапачаткова адсутнічаў у праіндаеўрапейскай. Асноўнай іх крыніцай былі спалучэнні з ларынгалам: *pH, *tH, *kH > *p(h), *t(h), *k(h). Хутчэй за ўсё, фанемізацыя гэтага рада адбылася толькі пасля аддзялення нурыстанскіх.
Самымі старажытнымі індаіранскімі мовамі, пісьмовыя фіксацыі якіх захаваліся да цяперашняга часу, з’яўляюцца:
З сярэдзіны I тыс. да н. э. узнікаюць помнікі на мовах, што дэманструюць адыход ад старажытнаарыйскай формы і ўсё большае разыходжанне між сабою:
У ранейшыя часы інда-іранскія мовы мелі значна большы арэал распаўсюджвання. Сярод іх носьбітаў — скіфы, якія, паводле старажытнагрэчаскіх і рымскіх апісанняў, жылі на поўнач ад Чорнага мора. У прыватнасці, меркавана інда-іранскую этымалогію маюць гідронімы Дон, Дняпро, Дунай. Тым не менш, інда-іранскія мовы зніклі з тэрыторыі Усходняй Еўропы пасля Вялікага перасялення народаў, адным з асколкаў гэтых моў з’яўляецца асецінская мова, распаўсюджаная на Каўказе.
З VII ст. па ўсёй Паўднёва-Ўсходняй Азіі распаўсюджанне набыў санскрыт.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.