From Wikipedia, the free encyclopedia
Мэй Ланьфан (кіт. трад. 梅蘭芳, спр. 梅兰芳, піньінь Méi Lánfāng; 22 кастрычніка 1894, Пекін, Імперыя Цын — 8 жніўня 1961, Пекін, КНР) — кітайскі акцёр , выканаўца роляў жаночага амплуа «дань » у пекінскай оперы[4].
Мэй Ланьфан | |
---|---|
кіт.: 梅蘭芳 | |
Дата нараджэння | 22 кастрычніка 1894[1] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 8 жніўня 1961[1][2] (66 гадоў) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Дзеці | Mei Baochen[d], Mei Shaowu[d], Mei Baoyue[d] і Mei Baojiu[d] |
Прафесія | палітык, акцёр, тэатральны акцёр, спявак, Chinese opera actor, Kunqu actor, Peking opera actor |
IMDb | ID 1481621 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Разам з Шан Сяаюнем , Чэн Яньцю і Сюнь Хуэйшэнам Мэй Ланьфан вядомы як адзін з Чатырох вялікіх дань залатой эры пекінскай оперы[4].
Мэй Ланьфан — гэта сцэнічны псеўданім. Сапраўднае імя — Мэй Лань (кіт. трад. 梅瀾, спр. 梅澜, піньінь Méi Lán). Другое імя — Ваньхуа (кіт. трад. 畹華, спр. 畹华, піньінь Wǎnhuá).
Нарадзіўся 22 кастрычніка 1894 года ў Пекіне ў сям’і выхадцаў з вобласці Тайчжоу правінцыя Цзянсу. Некалькі пакаленняў продкаў Мэй Ланьфана гулялі ў пастаноўках пекінскай[4] і кунскай опер[5]. Сярод іх быў і яго дзядуля па бацькавай лініі Мэй Цяалін, які праславіўся выкананнем жаночых роляў дань[6] і быў адным з трынаццаці вялікіх акцёраў позняй Цын . Мэй Цяалін часта выступаў у імператарскім палацы. Дзядуля па матчынай лініі, Ян Луншоу, выконваў ролі ушэн (амплуа шэн -ваеннага)[7].
Рана страціўшы бацькоў (бацька, Мэй Чжуфэнь, памёр 26 гадоў ад роду[7]), застаўся пад апекай дзядзькі Мэй Юйцяня і з 8 гадоў пачаў праяўляць цікавасць да акцёрскай кар’еры[6]. Першы настаўнік спачатку палічыў, што ў хлопчыка няма акцёрскіх перспектыў, паколькі, на яго погляд, у таго апынуліся невыразныя вочы. Шматмесячныя трэніроўкі дапамаглі Мэй Ланьфану пераадолець гэтую праблему. Каб стаць акцёрам пекінскай оперы, неабходна было займацца з раніцы да вечара, вывучаць песеннае мастацтва, кун-фу і акрабатыку пад строгім кіраўніцтвам настаўнікаў (у школе пекінскай оперы практыкавалася лупцоўка вучняў, не выключаны былі і смяротныя зыходы)[8].
У дзесяць гадоў дэбютаваў у спектаклі «Шлюбная пара багіні і земляроба». У 14 гадоў далучыўся да тэатральнай трупы Сіляньчэн (пазней пераназванай у Фуляньчэн)[4].
У 1910 годзе ажаніўся з Ван Мінхуа: яму было 16, ёй — 18. Ад гэтага шлюбу нарадзіліся сын і дачка, якія пасля памерлі ў дзіцячым узросце. Ван Мінхуа зрабіла аперацыю па стэрылізацыі і не магла больш мець дзяцей. Яна таксама памерла маладой[9] (у 1929 годзе ад туберкулёзу[10]).
Дзякуючы выдатнаму валоданню асноўнымі кампанентамі кітайскай оперы — спевам, танцам і выканальніцкім майстэрствам[8] — у 1911 годзе быў названы трэцім сярод лепшых акцёраў у Пекіне[4].
Дзевятнаццаці гадоў, у 1913 годзе, са спектаклем «Куртызанка Юй Танчунь» адправіўся ў Шанхай, дзе дамогся вялікага поспеху[4]. Яго сталі называць лепшым выканаўцам жаночых роляў пекінскай оперы ў свеце, нават сталі выпускаць цыгарэты, названыя яго імем[8]. У ходзе была прымаўка: «Калі хочаш ажаніцца, жонка павінна быць падобная на Мэй Ланьфана; калі хочаш завесці сына, ён павінен быць падобны на Чжоу Сіньфана »[4]. Такая ўвага бянтэжыла акцёра[7].
У 1914 годзе былі новыя гастролі ў Шанхаі[7], а ў 1918 годзе Мэй Ланьфан на нейкі час пераехаў жыць у гэты горад[4]. Тут ён паспрабаваў пісаць оперы на актуальныя тэмы: карупцыя, умяшанне імперыялістычных дзяржаў у жыццё Кітая, месца жанчыны ў грамадстве. Нягледзячы на тое, што публіка ўдзячна сустрэла новыя тэмы ў традыцыйным выглядзе мастацтва, сам Мэй Ланьфан прыйшоў да высновы, што гэта недарэчнае спалучэнне, і вярнуўся да класічных сюжэтаў[8].
У 1919 годзе прайшлі замежныя гастролі ў Японіі. Тут ён выступаў у Імператарскім тэатры ў Токіа[7]. Праз пяць гадоў, у 1924 годзе, зноў паехаў у Японію, каб удзельнічаць у дабрачынным канцэрце ў падтрымку пацярпелых ад аднаго з самых разбуральных у гісторыі краіны землетрасенняў[6].
Застаючыся ў шлюбе з Ван Мінхуа, у 1921 годзе ўступіў у другой шлюб з Фу Чжыфан, ад якога нарадзілася дзевяць дзяцей[9].
У 1922 годзе заснаваў уласную тэатральную трупу Чэнхуа. Пачаў уключаць у пастаноўкі новыя прыёмы гульні: дань-дзева, дань-какетка, дань-ваяўніца. Таксама пачаў эксперыментаваць з дэкарацыямі, грымам, галаўнымі ўборамі і касцюмам[4]. Для напісання новых п’ес часцяком прыцягваў адразу па некалькі кампазітараў і драматургаў, якія падзялялі погляды Мэй Ланьфана на рэфармаванне тэатра. Найбольш бачным з іх быў Ці Жушань[7].
У 1925 годзе пазнаёміўся з актрысай пекінскай оперы, выканаўцай роляў амплуа лаашэн («стары»), Мэн Сяадун . Будучы ўжо двойчы жанаты, у 1927 годзе ўступіў у шлюб і з ёй, але ў 1933 годзе яны развяліся[10].
У 1927 пекінская газета "Шуньцянь Шыбаа "правяла конкурс сярод акцёраў пекінскай оперы, і па яго выніках Мэй Ланьфан, Шан Сяаюнь , Чэн Яньцю і Сюнь Хуэйшэн былі названыя Чатыры вялікія дань — гэты тытул у далейшым за імі замацаваўся[4].
Папулярнасць Мэй Ланьфана на радзіме настолькі ўзрасла, што падчас яго гастроляў у Шанхаі ў 1928 годзе мясцовая газета «Шэньбаа » нават вяла асобную калонку «Навін Мэй»[7].
У 1930 годзе адправіўся ў гастрольны тур па ЗША, падчас якога выступаў у Сіэтле, Чыкага, Вашынгтоне, Нью-Йорку, Сан-Францыска, Лос-Анджэлесе, Ганалулу і Сан-Дыега. Амерыканская публіка цёпла сустрэла творчасць Мэй Ланьфана. Памонскі каледж у Клермонце і Універсітэт Паўднёвай Каліфорніі прысвоілі яму ганаровую доктарскую ступень[4][6].
Адгукнуўшыся на «інцыдэнт 18 верасня», паставіў у Шанхаі патрыятычныя спектаклі «Барацьба з Цзінем», «Прыкрасць пра жыццё і смерць» і іншыя[4].
У 1935 годзе наведаў з гастролямі СССР. Падчас візіту сустракаўся з савецкімі тэатральнымі дзеячамі, у тым лику са Станіслаўскім, Неміровічам-Данчанкам, Меерхольдам і Эйзенштэйнам. Брэхт, які знаходзіўся ў гэты час у Савецкім Саюзе таксама наведаў выступ Мэй Ланьфана, уражанні ад якога пасля знайшлі сваё адлюстраванне ў яго творчасці[11]. Выступ у Ленінградзе наведаў Сталін. Мейерхольд аб гэтых гастролях напісаў захоплены артыкул, а Эйзенштэйн на іх аснове стварыў фільм[8].
У 1938 годзе пераехаў у Ганконг. З-за распачатай японскай акупацыі пакінуў сцэну, каб не выступаць для японскіх салдат. У якасці акта пасіўнага супраціву адгадаваў вусы, што не магло спалучацца з ролямі дань. У выніку яго банкаўскія рахункі апынуліся заблакаваныя, і, каб забяспечыць сям’ю, Мэй Ланьфан стаў маляваць карціны на продаж. З-за фінансавых цяжкасцяў у 1941 годзе пераехаў у Шанхай. На сцэну вярнуўся толькі пасля заканчэння Другой сусветнай вайны у 1945 годзе, і больш не пакідаў яе да самай смерці[6].
У 1950 годзе зноў пасяліўся ў Пекіне[4].
Пасля ўтварэння КНР яшчэ тройчы гастраляваў у Савецкім Саюзе: у 1952, 1957 і 1960 гадах. У 1956 годзе ў трэці раз наведаў Японію. Замежныя паездкі Мэй Ланьфана адкрылі пекінскую оперу свету і папулярызавалі традыцыйнае кітайскае мастацтва ў іншых краінах[12].
Удзельнічаў у рэфармаванні тэатра, якое праходзіла па ініцыятыве новых уладаў; складаўся ў шматлікіх камітэтах, прымаў удзел у канферэнцыях[13].
У 1953 годзе абраны намеснікам старшыні Асацыяцыі кітайскіх драматургаў[9].
У 1955 годзе заснаваў Кітайскі тэатр пекінскай оперы і стаў яго першым дырэктарам[12][14].
У 1959 годзе ўступіў у КПК[9].
Акрамя тэатральнай дзейнасці, прыняў удзел у стварэнні некалькіх фільмаў, запісаў шэраг грампласцінак[13]. Так, у 1960 годзе быў зняты мастацкі фільм з удзелам Мэй Ланьфана па оперы «Півоневая альтанка »[9].
Памёр у Пекіне 8 жніўня 1961 года[9].
Мэй Ланьфан за сваё жыццё сыграў больш чым у 400 пастаноўках, больш за 100 з якіх ставіліся пастаянна. Найбольш знакамітыя «Ап’янёная фрэйліна », «Развітанне ўсемагутнага Ба-вана з каханай », «Му Гуін прымае камандаванне », «Меч сусвету »[4], «Зламаны мост» (кіт.: 疊斷橋) і «Даюй хавае кветкі» (кіт.: 黛玉葬花)[15].
Наватарскія распрацоўкі Мэй Ланьфана ў грыме, касцюмах, жэстах узбагацілі амплуа дань[8]. Акампануючы на традыцыйных кітайскіх музычных інструментах эрху і цзінху , Мэй Ланьфан разам з Сюй Ланьюанем і Ван Шаацыном распрацавалі новы напеў дань[4].
Спалучэнне акцёрскага майстэрства і спеваў Мэй Ланьфана заклалі аснову для фарміравання новай школы пекінскай оперы — «Мэй»; адным з актыўных паслядоўнікаў гэтай школы стаў сын акцёра — Мэй Баацзю , які пасля смерці бацькі працягнуў яго справу[16].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.