From Wikipedia, the free encyclopedia
Леў Аляксеевіч Вінаградаў (1877, г. Гомель, Магілёўская губерня або г. Масква — 4 мая 1938, г. Мінусінск) — юрыст, гісторык-аматар, аўтар аднаго з першых нарысаў гісторыі Гомеля (1900).
Леў Аляксеевіч Вінаградаў | |
---|---|
Дата нараджэння | 1877 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 4 мая 1938 |
Месца смерці | |
Род дзейнасці | юрыст, гісторык-аматар |
Месцам яго нараджэння ў сціслых дакументальных паведамленнях аб лёсах рэпрэсаваных у сталінскія часы падаецца Масква[1]. У той жа час сам сябе Л. Вінаградаў вызначаў як «гамялянін»[2], а ў краязнаўчай літаратуры згадваецца, што ён вырас у Гомелі на вуліцы, якая сёння носіць імя Песіна, а ў Маскву пераехаў пазней, каб атрымаць юрыдычную адукацыю[3][4].
З 1903 па 1916 г. ён значыўся ў спісах памочнікаў прысяжных павераных. У 1903 г. быў прысяжным страпчым пры Маскоўскім камерцыйным судзе[5]. Пражываў у розных месцах дарэвалюцыйнай Масквы — вуліцы Ялохаўская (1903 г.)[5], Садовая-Чарнагразская (1906 г.)[6], Добрая слабодка (1916 г.)[7]. Кватэра на Добрай слабодцы была абсталявана тэлефонам і служыла кабінетам для прыёму кліентаў[7].
Пасля 1917 г. служыў у адным з наркаматаў[3]. У 1930-я гг. стаў ахвярай сталінскіх рэпрэсій[3] — высланы ў Мінусінск, дзе 13 лютага 1938 г. быў арыштаваны, па ўсім відаць, паўторна і 11 красавіка 1938 г. асуджаны тройкай УНКУС Краснаярскага края на расстрэл па артыкуле за контррэвалюцыйную агітацыю. Расстраляны ў Мінусінску 4 мая 1938 г. Рэабілітаваны 7 снежня 1989 г. пракуратурай Краснаярскага края[1].
Л. Вінаградаў з’яўляецца аўтарам невялікай кнігі «Гомель. Его прошлое и настоящее. 1142—1900 гг.», якую ў 1900 г. выдала маскоўская друкарня М. Шарапава. Кніга стала першай спробай мэтанакіраванага вывучэння гісторыі Гомеля з прыцягненнем вялікай колькасці дакументальных крыніц, расцярушаных па архівах, зборах і розных выданнях[4]. За вынік працы даследчык атрымаў у наш час эпітэты першапраходзец гомельскай гісторыі[4] і патрыярх нашага (г.зн., гомельскага) краязнаўства[8].
Мяркуецца, што працаваць над будучай кнігай Л. Вінаградаў пачаў яшчэ ў юнацтве, знайшоўшы падтрымку ў асобе Ф. Паскевіча, які даў таму магчымасць працаваць у багатым кнігазборы гомельскага палаца. Пазней росшукі працягнуліся ў маскоўскіх архівах[3]. Нягледзячы на свой сціплы аб’ём, кніга ўтрымлівае вялікі факталагічны матэрыял, застаецца і сёння своеасаблівым адпраўным пунктам для вывучэння гісторыі Гомеля азначанага перыяду. Разам з тым, варта заўважыць, што шэраг звестак і высноў кнігі патрабуюць удакладненняў і верыфікацыі з прыцягненнем шырэйшага кола крыніц. Нельга пры знаёмстве з кнігай Л. Вінаградава скідваць з рахункаў і яе канцэптуальнае вырашэнне ў духу памяркоўнага заходнерусізму.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.