From Wikipedia, the free encyclopedia
Кашмі́рскі канфлі́кт (англ.: Kashmir conflict; хіндзі: कश्मीर विवाद, трансл. Kaśmīr Vivād; урду: مسئلۂ کشمیر, трансл. Mas’ala-ē Kašmīr) — канфлікт, узніклы як тэрытарыяльная спрэчка паміж урадамі Пакістана і Індыі, а таксама мясцовымі паўстанцкімі групоўкамі над гістарычным рэгіёнам Кашмір[2].
Артыкул вымагае праверкі арфаграфіі Удзельнік, які паставіў шаблон, не пакінуў тлумачэнняў. |
Кашмірскі канфлікт | ||||
---|---|---|---|---|
Асноўны канфлікт: Інда-пакістанскі канфлікт | ||||
| ||||
Дата | 3 22 кастрычніка 1947 года да цяперашняга часу | |||
Месца | Кашмір | |||
Праціўнікі | ||||
|
||||
Камандуючыя | ||||
|
||||
Сілы бакоў | ||||
|
||||
Страты | ||||
|
||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Вытокі канфлікту палягаюць у інда-пакістанскай вайне 1947 года, калі па падзеле Брытанскай Індыі на дзяржавы Пакістан і Індыя паміж абедзвюма краінамі ўзнікнуў узброены тэрытарыяльны канфлікт з мэтай узяцця пад кантроль гістарычнага рэгіёна Кашмір, які месціўся на поўначы былых уладанняў Вялікабрытаніі. У якасці трэцяга боку ў канфлікце ўдзельнічаюць мясцовыя кашмірскія паўстанцкія групоўкі, якія ставяць на мэце стварэнне незалежнай дзяржавы на тэрыторыі рэгіёна або ўваходжанне ўсяго рэгіёна ў склад Пакістана. Асноўныя ўзброеныя канфлікты, спрычыненыя спрэчным характарам рэгіёна, праходзілі ў ХХ ст. у рамках інда-пакістанскіх войн 1947, 1965 і 1999 гадоў. За выняткам буйных ваенных канфліктаў з 1984 года абедзве краіны перыядычна ажыццяўляюць узброеныя сутычкі, якія галоўным чынам вядуцца за кантроль над ледніком Сіячэн, што на поўначы рэгіёна.
Ваенны канфлікт 1947 года не выявіў пераможцаў, аднак з 1949 года пад кантролем ААН у Кашміры была праведзеная лінія спынення агню, якая стала фактычнай дзяржаўнай мяжой дзвюх краін у рэгіёне. З 1962 года Пакістан добраахвотна перадаў Кітаю паўночны ўсход кантраляванай дзяржавай тэрыторыі (Шаксгамская даліна), у гэтым жа годзе распачалася інда-кітайская вайна, у выніку якой Кітай узяў пад фактычны кантроль рэгіён Аксай-Чын — усход Кашміра. З невялікімі зменамі над усімі тэрыторыямі захоўваецца статус-кво, пры гэтым Індыя прэтэндуе таксама на тэрыторыі, дэ-факта падкантрольныя Пакістану і Кітаю, разглядаючы іх як часткі штата Джаму і Кашмір, фактычная тэрыторыя якога складае тэрыторыі Кашміра, што знаходзяцца пад кантролем Індыі.
Узброены канфлікт паміж мясцовымі кашмірскімі паўстанцкімі групоўкамі і ўрадавымі сіламі Індыі ў асноўным спрычынены мясцовым рухам за аўтанамізацыю. Так, з канца 1970-х гг. да 1988 года ўрад Індыі згарнуў дэмакратычныя рэформы ў рэгіёне, праз што былі абмежаваныя мажлівасці да мірнага волевыяўлення, у выніку чаго ў індыйскай частцы рэгіёна ўзрасла падтрымка ваенізаваных радыкальных арганізацый. З ліпеня 1988 года ваенізаваныя групоўкі здзейснілі серыю дэманстрацый, страйкаў і ўзброеных нападаў на ўрадавыя органы, што абвастрыла сітуацыю ў штаце.
У апошнія гады назіраецца спад узброенага супрацьстаяння ў Кашміры[3][4]. У 2008 годзе ў індыйскай частцы Кашміра адбыліся мясцовыя выбары, якія, нягледзячы на заклікі ўзброеных груповак да іх байкоту, адбыліся паспяхова. Выбары атрымалі станоўчую ацэнку ад Упраўлення Вярхоўнага камісара Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па справах уцекачоў, пры гэтым большасць галасоў і, адпаведна, магчымасць фарміравання ўрада штата атрымала Нацыянальная Канферэнцыя Джаму і Кашміра[5]. Шмат аналітыкаў ацэньвае падтрымку праіндыйскіх партый у Джаму і Кашміры як паказчык падтрымкі насельніцтвам індыйскага суверэнітэта над штатам, што, аднак, ставіць пад сумнеў адзін з лідараў сепаратыстаў у Джаму і Кашміры Саджад Лун[6]. 2009 і 2010 гады адзначаліся паўторнай эскалацыяй канфлікту ў індыйскай частцы рэгіёна.
Кашмірскі канфлікт на цяперашні час з’яўляецца адной з асноўных прычын інда-пакістанскага канфлікту і адным з фактараў палітычнай барацьбы ў абедзвюх краінах[7]. Канфлікт ускладняецца наяўнасцю ў Пакістана і Індыі ядзернага ўзбраення, якое краіны маюць з канца ХХ стагодздзя.
Аднымі з першых згадак гістарычнага рэгіёна Кашмір лічацца сведчанні Гекатэюса Мілецкага пра землі Каспапірас і герадотавы сведчанні аб краі Каспейрыя[8][9].
У XIV ст. пануючай рэлігіяй у Кашміры становіцца іслам, пазіцыі ранейшых рэлігій рэгіёна, індуізму і будызму, змяншаюцца.
З XVIII ст. Кашмір траплае пад уладу дзяржавы афганскіх ханаў Дурані, пасля чаго рэгіён у 1819 годзе адваёўвае магараджа дзяржавы сікхаў Ранджыт Сінгх. У 1845—1846 гг. адбылася паспяховая для брытанцаў Першая англа-сікхская вайна, пасля якой быў падпісаная Лахорскі дагавор, які перадаў рэгіён Брытанскай Ост-Індскай кампаніі. Неўзабаве пасля гэтага між кампаніяй і раджой Джаму Гулабам Сінгхам Кашмір быў прададзены апошняму, у выніку чаго раджа атрымаў тытул магараджы Джаму і Кашміра. У 1857 годзе ў княстве разраслося паўстанне супраць брытанскага кіравання, але кіроўная дынастыя княства (Догры) адмовілася даць прытулак паўстанцам і паслала супраць іх войска, чым зарабіла гарантыі ад брытанскага кіраўніцтва ў пераемнасці кіравання княствам[10]. Праз хуткі час княства ўзначаліў другі князь дынастыі, Ранбір Сінгх, які далучыў да Кашміра княствы Гунза, Гілгіт і Нагар (цяперашняя поўнач кіраванай Пакістанам часткі Кашміра)[11].
Ад гэтага часу ўвесь гістарычны Кашмір, у адрозненне ад іншых шматлікіх брытанскіх уладанняў у Індыі, складаў адно з туземных княстваў — палітычных утварэнняў, якія кіраваліся мясцовым манархам і прызнавалі сюзерэнітэт брытанскіх уладаў у Індыі. Большасць насельніцтва рэгіёна складалі мусульмане, але да кіроўнай дынастыі княства належалі індуісты. Этнарэлігійны характар княства быў параўнальна разнастайным: напрыклад, усход рэгіёна (Ладакх) насялялі тыбетцы-будысты, паўднёвы захад (Джаму) меў змяшанае індуісцка-мусульманска-сікхскае насельніцтва, густанаселеную Кашмірскую даліну насялялі пераважна мусульмане, але ў ёй існавала ўплывовая індуісцкая меншасць (шырокавядомыя ў Індыі касты кашмірскіх брахманаў і пандытаў); крайні ўсход сучаснай пакістанскай часткі Кашміра, г.зв. Балтыстан, насялялі балці — этнічная група блізкая тыбетцам, якая адрознівалася ад іх шыіцкім мусульманскім вызнаннем; Гілгіт (сучасная поўнач пакістанскай часткі Кашміра) насялялі этнічна розныя прадстаўнікі насельніцтва, якіх з суседнім Балтыстанам аб’ядноўвала шыіцкая плынь ісламу; захад княства (рэгіён Пунч, сучасны Азад Кашмір) насялялі пераважна мусульмане, этнічны характар якіх, аднак, адрозніваўся ад суседняй Кашмірскай даліны[12].
Пад канец 1940-х гг. урад Вялікабрытаніі канчаткова пагадзіўся на наданне незалежнасці тэрыторыям Брытанскай Індыі, пайшоўшы на саступкі індыйскаму нацыянальнаму і мусульманскаму рухам, якія імкнуліся да стварэння ўласных дзяржаў на тэрыторыі гэтых каляніяльных уладанняў. У 1947 годзе тэрыторыя Брытанскай Індыі была падзеленая на дамініён Пакістан, які ўключыў тэрыторыі, заселеныя пераважна мусульманамі (сучасны Пакістан, а таксама цяперашні Бангладэш), і Індыйскі Саюз, які ахапіў астатнія тэрыторыі; у адпаведнасці з Актам аб незалежнасці Індыі сюзерэнітэт Вялікабрытаніі над туземнымі княствамі быў скасаваны. Гэтыя тэрыторыі атрымалі магчымасць далучыцца да Індыі ці Пакістана або атрымаць незалежны статус, у спрэчным выпадку лёс княства мусіў быць вырашаным паводле рэферэндума[7].
Пасля падзелу Брытанскай Індыі кіраўніцтва Пакістана разлічвала на ўключэнне пераважна мусульманскага туземнага княства Джаму і Кашмір у склад краіны, але дадзеная тэрыторыя кіравалася індуісцкім магараджай Гары Сінгхам. Паводле стану на гэты год, у рэлігійным дачыненні 77 % ад насельніцтва княства складалі мусульмане, 20 % — індуісты[13].
У 1947 годзе ў Пунчы (крайні паўднёвы захад княства) пачалося паўстанне супраць падатковай палітыкі княства, у жніўні распачаліся акцыі пратэсту на карысць далучэння да Пакістана, якія былі жорстка здушаныя войскамі княства. 24 кастрычніка паўстанцы ў Пунчы абвясцілі пра стварэнне незалежнага палітычнага ўтварэння Азад Кашмір і далучэнне княства да Пакістана.
Жадаючы адкласці рашэнне аб уваходжанні княства ў склад той ці іншай дзяржавы былой Брытанскай Індыі, магараджа Сінгх падпісаў з кіраўніцтвам Пакістана пагадненне аб міры, якое забяспечыла эканамічныя сувязі між княствам і Пакістанам. У кастрычніку гэтага ж года ў Кашмір уварваліся мусульманскія паўстанцы з захаду рэгіёна, а таксама пуштунскія пламёны афпыдый, юсуфзаяў і масудаў з акругі Дыр суседняй Паўночна-Заходняй Памежнай правінцыі Пакістана (цяпер правінцыя Хайбер-Пахтунхва)[14], нагодай для чаго стала нібыта прыцясненне мусульманскага насельніцтва ў рэгіёне. Не маючы вайсковых рэсурсаў для супрацьстаяння, магараджа княства 25 кастрычніка 1947 года згодна з парадай апошняга віцэ-караля Брытанскай Індыі Луіса Маўнтбетэна быў вымушаны падпісаць дагавор аб уваходжанні Джаму і Кашміра ў склад Індыі[13], якая была ўхвалена ўрадам Індыі 27 кастрычніка.
Тым часам атрады пламеннага апалчэння дасягнулі прадмесцяў сталіцы княства горада Срынагар. Урэшце магараджа Гары Сінгх пагадзіўся на ўключэнне княства ў склад Індыі, пагадненне аб чым было падпісана між магараджай і Маўнтбетэнам. Атрады партыі Нацыянальная канферэнцыя Джаму і Кашміра прыступілі да сумесных баявых дзеянняў разам з рэгулярнай арміяй Індыі. Разам з баявымі дзеяннямі ўрад Індыі прыкладаў дыпламатычныя намаганні па вырашэнні праблемы прыналежнасці Кашміра ў Савеце Бяспекі ААН. Асноўныя баявыя дзеянні скончыліся ўжо ў наступным годзе. На тэрыторыі, узятай пад кантроль прапакістанскімі апалчэнцамі, было абвешчанае стварэнне г.зв. арміі Азад Кашміра (літаральна «Свабодны Кашмір»). Пазней у баях былі задзейнічаны рэгулярныя вайсковыя часці Пакістана.
З 1948 года пры ААН была ўтворана Місія ваенных назіральнікаў ААН у Індыі і Пакістане, пасля чаго 21 красавіка гэтага ж года Савет Бяспекі ААН рэзалюцыяй № 47 абавязаў скараціць індыйскі кантынгент у княстве, Пакістан быў абавязаны спрыяць вываду пламеннага апалчэння, пасля чаго паводле планаў арганізацыі ў рэгіёне меў прайсці рэферэндум аб лёсе княства. Тым не менш, Індыя і Пакістан не здолелі дамовіцца наконт перамір’я з прычыны рознагалоссяў адносна ўмоў працэдуры і ступені дэмілітарызацыі, у прыватнасці, не было абумоўлена пра роспуск арміі Азад Кашміра падчас перамір’я або падчас рэферэндума.
У лістападзе гэтага ж года ўрады абедзвюх краін дамовіліся адносна ўмоў правядзення волевыяўлення ў Джаму і Кашміры, аднак Пакістан адмовіўся вывесці апалчэнне, што спыніла працэс волевыяўлення[15]. Акрамя таго, урад Індыі дыстанцыяваўся ад пагаднення аб правядзенні рэферэндума[15]. Урад Індыі растлумачыў дадзеную адмову прапановай першапачатковага вываду пакістанскіх войск, у адказ на што Пакістан адхіліў прапанову Індыі, выступіўшы супраць яе праз, на думку пакістанскіх уладаў, перашкоды індыйскай арміі ў працэсе волевыяўлення і цесныя ўзаемаадносіны між галоўным міністрам княства Шэйхам Абдулам і прэм’ер-міністрам Індыі Джавахарлалам Неру. У сваю чаргу, Пакістан высунуў сустрэчны план, паводле якога прадугледжваўся адначасовы вывад армій абедзвюх дзяржаваў і правядзенне рэферэндума пад эгідай міжнароднай супольнасці, які, аднак, не быў прыняты Індыяй, што прывяло да адмовы Пакістана на вывад войск. У 1949 годзе пад кантролем ААН была прынята лінія спынення агню, якая стала фактычнай мяжой дзвюх краін у рэгіёне.
Цягам наступных некалькіх гадоў Савет Бяспекі прыняла чатыры абноўленых рэзалюцыі, якія абавязвалі Індыю і Пакістан здзейсніць сінхронны вывад войскаў, з мэтай чаго арганізацыяй было высунута 11 пунктаў па дэмілітарызацыі рэгіёна. План быў прыняты Пакістанам, але быў адхілены Індыяй. Гэтыя рашэнні былі прынятыя пад эгідай часткі VI Хартыі Аб’яднаных Нацый[16], якія, у адрозненне ад часткі VII, не сталі абавязковымі.
У сярэдзіне 1950-х гг. урад Кітая, не прызнаючы мяжы на ўсходзе Кашміра, увайшоў ва ўсходнюю частку Ладакха[14]. У 1956—1957 гг. Кітай стаў весці працу па наладжванні камунікацый у гэтым рэгіёне, якім звязваліся Сінцзян-Уйгурскі і Тыбецкі аўтаномныя раёны[14]. Дзеянні Кітая ў рэгіёне былі выяўленыя Індыяй толькі ў 1962 годзе. Непрацяглыя баявыя сутыкненні ў кастрычніку гэтага ж года скончыліся паспяховымі дзеяннямі Народна-Вызвольнай Арміі Кітая, у выніку чаго паўночны ўсход Кашміра, вядомы таксама як Аксай-Чын, быў узяты пад фактычны кантроль Кітая. Фактычная лінія мяжы ў гэтым рэгіёне прызнаная толькі ўрадам КНР і неафіцыйна мае назву Лінія фактычнага кантролю. У 1963 годзе Пакістан перадаў крайні паўночны ўсход кантраляванай краінай часткі Кашміра, вядомы як Шаксгамская даліна, Кітаю, што таксама не прызнаецца кіраўніцтвам Індыі.
У 1965 і 1971 годзе між Індыяй успыхнулі новыя баявыя сутыкненні, мэтай якіх былі намаганні абедзвюх дзяржаваў усталяваць кантроль над усёй тэрыторыяй Кашміра. Канфлікт 1965 года быў выкліканы жаданнем Пакістана інспіраваць паўстанне ў індыйскай частцы Кашміра, што склала аперацыю «Гібралтар». У 1966 годзе пры пасярэдніцтве СССР была прынятая Ташкенцкая дэкларацыя, паводле якой варагуючыя бакі вярнуліся на зыходныя лініі кантролю.
Наступныя сутыкненні, якія адбываліся ў 1971 годзе, адзначаліся выкарыстаннем ваенных рэсурсаў ва Усходнім Пакістане, дзе пакістанскія войскі панеслі паражэнне, у выніку чаго на тэрыторыі правінцыі была абвешчана незалежная дзяржава Бангладэш. Баявыя сутыкненні гэтага года былі вырашаны мірным шляхам у рамках падпісання Сімлскага пагаднення 1972 года. Гэтым пагадненнем фактычная дзяржаўная інда-пакістанская мяжа ў Кашміры (лінія спынення агню паводле ўгоды 1949 года) зведала невялікія змены і была перайменавана ў Лінію кантролю, дзяржавы абавязаліся адмовіцца ад аднабаковага змянення гэтай лініі. На цяперашні час большасць краін свету дэ-факта прымае гэтую лінію як дзяржаўную мяжу Індыі і Пакістана ў гэтым рэгіёне.
У канцы 1980-х гг. у індыйскай частцы Кашміра адзначылася ўзрастанне ўзброеных сепаратысцкіх і ісламісцкіх рухаў.
У 1987 годзе адбыліся выбары ў Заканадаўчы сход штата Джаму і Кашмір, аднак некаторыя з вынікаў выбараў былі пастаўленыя пад сумнеў, што прывяло да разгортвання ўзброеных паўстанцкіх рухаў, дзейнасць якіх у той ці іншай ступені працягваецца і да цяперашняга часу[17]. Паводле сцвярджэнняў урадавых органаў Індыі, узброены рух у штаце ў значнай ступені быў інспіраваны ўзброенымі групоўкамі з Афганістана, якія праніклі на індыйскія тэрыторыі рэгіёна па заканчэнні савецкага ўварвання ў гэтую краіну 1979—1989 гг.[17]
З 1995 года ў арганізацыі кашмірскіх сепаратыстаў назіраецца раскол, падчас якога адзін з лідараў сепаратыстаў Фарук Сідыкві вырашыў перайсці да мірных спосабаў палітычнай барацьбы.
Напрыканцы снежня 1999 года кашмірскімі тэрарыстамі быў збіты індыйскі самалёт, віна ў гэтым кіраўніцтвам Індыі была ўскладзеная на Пакістан, кіраўніцтва якой заявіла аб намеры дабівацца прызнання апошняй краіны «тэрарыстычнай дзяржавай»[7].
Перыядычна ў адрас індыйскіх уладаў, а таксама рэгіянальных уладаў штата высоўваюцца абвінавачанні ў парушэнні правоў чалавека, чаму спрыяе, у прыватнасці, закон Індыі аб дзяржаўнай бяспецы, згодна з якім затрыманы можа ўстрымлівацца цягам двух гадоў без прад’яўлення абвінавачання, акрамя таго, праваабаронцы адзначаюць існаванне ў штаце братэрскіх могілак, у якіх за апошнія дваццаць гадоў пахавана 2 156 чалавек[18][19]. Падобныя абвінавачванні высоўваюцца ў адрас узброеных сілаў Індыі і узброеных праіндыйскіх груповак, напрыклад, шэраг праваабарончых арганізацый сцвярджаюць, што індыйскія і праіндыйскія фарміраванні адказныя за смерць 4501 цывільных асоб у Кашміры між 1990 і 1999 гадамі і згвалтаванне 4242 асоб жаночага насельніцтва рэгіёна[20][21].
У 1984 годзе паміж Індыяй і Пакістанам з ініцыятывы апошняй краіны распачаўся ўзброены канфлікт, мэтай якога было ўзяцце арміяй Пакістана пад кантроль ледніка Сіячэн, што з’яўляецца адным з найвышэйшых пунктаў індыйскага Кашміра і да сутыкнення кантраляваўся Індыяй. Баявыя дзеянні працягваліся ў высакагорнай мясцовасці з выкарыстаннем спецыяльных падраздзяленняў войскаў абедзвюх краін да 1987 года і скончыліся пераходам большай часткі ледніка пад фактычны кантроль Індыі. Апошнія сутычкі ў гэтым раёне фіксаваліся ў 2001 годзе[7].
У сярэдзіне 1999 года распачалася ўзброеная акцыя пранікнення падраздзяленняў арміі Пакістана і мясцовых кашмірскіх баевікоў на тэрыторыю Джаму і Кашміра. Падчас зімовага сезона індыйскія памежныя войскі, не маючы магчымасці ахоўваць фактычную дзяржаўную мяжу ў цяжкіх кліматычных умовах, перыядычна змянялі месца дыслакацыі на больш умеранныя тэрыторыі, што было выкарыстана паўстанцамі і пакістанскімі ваеннымі, якія занялі стратэгічна важны горны ўчастак (Каргільскі хрыбет), які меў доступ да шашы Срынагар — Лег. Пакістанская армія і паўстанцы атрымалі мажлівасць блакіроўкі транспартнага злучэння Ладакха (усход індыйскага Кашміра) з адміністрацыйным цэнтрам штата горадам Срынагар, што прывяло да найбуйнейшага за апошнія часы ўзброенага інда-пакістанскага канфлікту.
Тым не менш, тагачасная сусветная супольнасць, маючы перасцярогі перарастання канфлікту ў ядзерную вайну, была вымушана заклікаць Пакістан ажыццявіць вывад сваіх войскаў.
У 2001 годзе амерыканскі некамерцыйны даследчы цэнтр RAND паведаміў, што пры ўдзеле замежных баевікоў мясцовы свецкі пратэст у Джаму і Кашміры шмат у чым перарос у міжнародны тэрарыстычны рух[22]. У гэтым жа годзе з прычыны тэрарыстычнага акту 11 верасня ў ЗША прымусілі амерыканскае кіраўніцтва заклікаць Пакістан спыніць практыку спрыяння пранікненню баевікоў у індыйскую частку Кашміра, а тэракт у снежні гэтага ж года, падчас якога адбыўся напад на будынак парламента Індыі і які звязваўся з Пакістанам, падштурхнуў да разгортвання ўзброеных сілаў Пакістана і Індыі і пагрозаў выкарыстання ядзернай зброі між гэтымі краінамі.
У 2002 годзе падчас візіту ў Індыю тагачасны міністр абароны ЗША Дональд Рамсфелд заявіў пра ўдзел у супрацьстаянні ў Кашміры міжнародных тэрарыстычных арганізацый, у прыватнасці, Аль-Каіды, аднак трывалых доказаў на карысць гэтага нададзена не было[23][24]. Пазней паўставалі паведамленні аб існаванні ў пакістанскай частцы Кашміра пакістанскіх суполак Аль-Каіды, якія дзейнічалі за негалоснай падтрымкай Міжведамаснай разведкай Пакістана[25]. У гэтым жа годзе паводле сцвярджэнняў разведкі ЗША ў кантраляванай Пакістанам частцы Кашміра існавалі спецыяльныя лагеры, на базе якіх атрады Талібана і Аль-Каіды рыхтавалі ісламісцкіх баевікоў Афганістана да пранікнення ў індыйскую частку рэгіёна[26].
У 2006 годзе суполкі Аль-Каіды заявілі аб стварэнні аддзялення ў Кашміры, што выклікала негатыўную рэакцыю індыйскага ўрада[27]. Генерал-лейтэнант індыйскай арміі Г. Панах, аднак, выключыў магчымасць прысутнасці ў індыйскай частцы рэгіёна суполак Аль-Каіды і яе цеснага кантакту з рэгіянальнымі ісламісцкімі групоўкамі, такімі як Лашкар-э-Тайба і Джаіш-Магамед, разам з тым, паводле сцвярджэнняў Панаха, індыйскі ўрад мае інфармацыю аб цесным дачыненні Аль-Каіды да тэрарыстычных актаў у Джаму і Кашміры.
Падчас свайго выступу ў сакавіку 2009 года галоўны міністр штата Джаму і Кашмір Амар Абдула заявіў, што на тэрыторыі штата дзейнічае каля 800 баевікоў, з якіх толькі прыкладна траціна ёсць мясцовымі жыхарамі[28].
Здзяйсняючы візіт у Індыю ў 2010 годзе, тагачасны міністр абароны ЗША Роберт Гейтс заявіў пра імкненне Аль-Каіды да дестабілізацыі сітуацыі ў рэгіёне і планах па правакаванні ядзернай вайны між Індыяй і Пакістанам. У чэрвені наступнага года ўдарам амерыканскага беспілотніка быў забіты Ільяс Кашміры, кіраўнік кашмірскай тэрарыстычнай арганізацыі Гаркат-уль-Джыгад-аль-Ісламі, якая падазравалася ў цесных сувязях з Аль-Каідай. Супрацоўніцтва кашмірскіх сепаратыстаў з Аль-Каідай таксама пацвердзілася прызначэннем 21 красавіка 2012 года кіраўніком пакістанскага аддзялення Аль-Каіды ў Пакістане Фармана Алі-Шынвары, былога ўдзельніка кашмірскіх ісламісцкіх груповак Гаркат-уль-Муджагідын і Гаркат-уль-Джыгад-аль-Ісламі[29].
11 жніўня 2014 года, падчас якіх пакістанскія вайскоўцы абстралялі дзесяць індыйскіх памежных пастоў, у выніку чаго былі параненыя два індыйскія салдаты. У сярэдзіне мінулага месяца падчас аналагічнай перастрэлкі быў забіты адзін індыйскі салдат, яшчэ трое — параненыя. Міністэрства абароны Індыі абвінавачвае Пакістан амаль у 200 выпадках парушэння рэжыму спынення агню ў 2013 годзе на лініі кантролю, у 2012 годзе было зафіксавана 93 падобныя выпадкі, у 2011 годзе — 51[30].
Пры дыпламатычных і ваенных захадах па вырашэнні тэрытарыяльнай спрэчкі ў Кашміры пакістанскі і індыйскі бакі як правіла настойваюць на палітычных і этнаканфесійных прыкметах. Іншыя краіны свету прытрымліваліся падобных пунктаў гледжання: так, СССР выказваўся на падтрымку Індыі, разглядаючы Азад Кашмір як акупаваныя тэрыторыі Індыі, кіраўніцтва ЗША выказвалася аб нявырашанай праблеме, фактычна падтрымліваючы Пакістан.
Налічваецца прыкладна 1,5 млн уцекачоў з індыйскай часткі Кашміра, якія былі вымушаны эміграваць у рэгіёны Кашміра, кантраляваныя Пакістанам[31], таксама былі вымушаныя эміграваць каля 506 тыс. асоб, якія належаць да гістарычнай касты кашмірскіх брахманаў.
У кантраляванай Індыяй частцы Кашміра мусульмане складаюць большасць насельніцтва ў цэнтры і захадзе штата Джаму і Кашмір (акругі Пунч, Раджуры, Кіштвары, Дода, Каргіл). Афіцыйная Індыя не падтрымлівае даўняй ідэалогіі Пакістана, г.зв. «тэорыі дзвюх нацый», паводле якой насельніцтва Індастана падраздзяляецца на мусульманскае і немусульманскае насельніцтва; на афіцыйным узроўні Індыя з’яўляецца свецкай краінай[32]. У сваю чаргу, шэраг палітычных рухаў настойвае на пераход Кашміра пад кантроль Пакістана з прычыны перавагі мусульманскага насельніцтва ў рэгіёне і узнікнення Пакістана як дзяржавы мусульман Індастана (гл. вышэй). Ніжэй прыведзена размеркаванне насельніцтва Кашміра паводле рэлігійнай прыналежнасці і рэгіёна.
У 1960-х гг. некаторымі палітыкамі была прапанаваная г.зв. Формула Чынабу, згодна з якой Кашмір прапаноўвалася падзяліць між Пакістанам і Індыяй паводле перавагі асоб таго ці іншага веравызнання сярод насельніцтва розных рэгіёнаў Кашміра. Пры прыняцці гэтай дарожнае карты ў склад Пакістана мусілі былі б адысці Кашмірская даліна і іншыя сумежныя раёны на поўнач ад ракі Чынаб (ад якой праект і атрымаў назву), іншыя раёны, дзе ў насельніцтве пераважалі асобы іншых вызнанняў (у прыватнасці, Джаму), планавалася перадаць Індыі[33].
Кіруецца | Рэгіён | Насельніцтва | Дзель мусульманскага насельніцтва | Дзель індуісцкага насельніцтва | Дзель будысцкага насельніцтва | Насельніцтва іншага вызнання |
---|---|---|---|---|---|---|
Індыяй | Кашмірская даліна | ~4 млн. | 95 % | 4 % | ||
Джаму | ~3 млн. | 30 % | 66 % | |||
4 % | ||||||
Ладакх | ~0,25 млн. | 46 % | ||||
50 % | 3 % | |||||
Пакістанам | Гілгіт-Балтыстан | ~1 млн. | 99 % | |||
Азад-Кашмір | ~2,6 млн. | 100 % | ||||
Кітаем | Аксай-Чын | |||||
Паводле індыйскага заканадаўства, уся тэрыторыя гістарычнага рэгіёна Кашмір, у тым ліку ўласна кантраляваная краінай яго частка, з’яўляюцца тэрыторыяй індыйскага штата Джаму і Кашмір, які быў утвораны ў 1956 годзе пасля прыняцця закона аб новым адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзеле краіны.
Пасля шэрагу ўзброеных выступленняў у штаце ў 2010 годзе тагачасны прэм’ер-міністр Індыі Манмахан Сінгх заявіў пра гатоўнасць надання штату аўтаноміі пры ўмовах дасягнення кансэнсусу па пытанні статусу гэтай тэрыторыі[34]. Разглядаючы ўсе тэрыторыі рэгіёна як адну з тэрыторый Індыі, урад краіны падкрэслівае юрыдычнае замацаванне ўваходжання княства Кашмір у склад Індыі[35], што, паводле сцвярджэнняў афіцыйных органаў краіны, адпавядае заканадаўству Вялікабрытаніі (Акт аб урадзе Індыі 1935 года, Акт аб незалежнасці Індыі 1947 года) і нормам міжнароднага права. Уваходжанне ў склад Індыі было зацверджана Устаноўчым сходам княства, які, як сцвярджае ўрад Індыі, на той момант з’яўляўся адзіным прадстаўнічым палітычным органам тэрыторыі. Рэзалюцыя № 47 Савета Бяспекі ААН ад 1948 года (гл. вышэй) урадам Індым разглядаецца як састарэлая з прычыны значнага змянення дэмаграфіі і геаграфіі рэгіёна з часу яе прыняцця. Акрамя таго, афіцыйная Індыя не падзяляе ідэалогіі Пакістана аб г.зв. «тэорыі дзвюх нацый», якая ў першай палове ХХ ст. абгрунтоўвала стварэнне асобнай дзяржавы для мусульман Індастана і зыходзячы з якой нярэдка робяцца высновы аб неабходнасці ўключэння Кашміра ў склад Пакістана з прычыны перавагі мусульманскага насельніцтва ў рэгіёне.
У галіне дэмакратычных інстытутаў афіцыйная Індыя настойвае на існаванні мірных і легальных метадаў палітычнай барацьбы, пры дапамозе якіх маюць рэалізоўвацца ў тым ліку патрабаванні насельніцтва Кашміра[36]. Урад краіны выступае супраць узброеных метадаў рэалізацыі палітычных інтарэсаў, якія, паводле сцвярджэнняў афіцыйных органаў Індыі, інспіруюцца з боку Пакістана[37][38][39][40][41]. У адрас Пакістана ўрад Індыі, спасылаючыся на звесткі праваабарончых арганізацый, высоўвае абвінавачанні ў сферы поўнага выканання грамадзянскіх свабод і асноўных правоў чалавека, а таксама эканамічнага развіцця рэгіёна.
24 снежня 2008 года ў штаце Джаму і Кашмір былі праведзеныя рэгіянальныя выбары, яўка на якіх, нягледзячы на заклікі сепаратыстаў байкатаваць выбары, склала амаль 50 %[42]. 5 студзеня наступнага года да прысягі быў прыведзены новы галоўны міністр штата Амар Абдула — член Індыйскага Нацыянальнага Кангрэсу, які выступіў у кааліцыі з праіндыйскай партыяй Нацыянальная канферэнцыя Джаму і Кашміра, якая перамагла на выбарах[43].
Афіцыйныя пасадоўцы Індыі таксама заяўляюць аб выкарыстанні з боку Пакістана метадаў прапаганды, маючых на мэце выклікаць антыіндыйскія погляды ў рэгіёне[44]. Частка VII рэзалюцыі Савета Бяспекі ААН № 1373, якая забараняе інфармацыйную або палітычную ці дыпламатычную падтрымку ўзброеным паўстанцам, на думку афіцыйнай Індыі, парушаецца з боку Пакістана ў выглядзе падтрымкі такіх тэрарыстычных арганізацый як Джаіш-э-Магамад і Лашкар-э-Тайба; урад Індыі лічыць патрэбным кантроль за выкананнем гэтай рэзалюцыі.
З тэрыторый, якія пасля інда-пакістанскай вайне апынуліся пад кантролем Пакістана, большая частка была вылучана ў г.зв. Агенцтва паўночных тэрыторый (цяпер Гілгіт-Балтыстан) з адміністрацыйным цэнтрам у мястэчку Гілгіт, у складзе Азад Кашміра засталося толькі 2 169 км² тэрыторый, прылеглых з паўднёвага захаду да лініі спынення агню. Сталіцай Азад Кашміра з’яўляецца горад Музафарабад, фармальна гэтае палітычнае ўтварэнне мае статус дзяржавы, асацыяванай з Пакістанам, і ўласныя ўзброеныя сілы.
Афіцыйныя органы ўлады Пакістана разглядаюць увесь Кашмір як спрэчную тэрыторыю, канчатковы статус якой мае быць вызначаным згодна з волевыяўленнем яго насельніцтва. Урад краіны выступае супраць дагавора аб далучэнні Кашміра да Індыі і сцвярджае, што магараджа Сінгх быў непапулярным кіраўніком, які выкарыстоўваў гвалт для падаўлення волевыяўлення мясцовага жыхарства[45]. Паводле сцвярджэнняў урадоўцаў краіны, у канцы 1940-х гг. урад Пакістана і магараджа Кашміра падпісалі пагадненне аб міры, якое было парушана Індыяй у выглядзе ўводу войскаў да далучэння Кашміра да Індыі. Тым не менш, Індыя не далучалася да падпісання пагаднення. Акрамя таго, у якасці прыкметы непрыхільнасці ідэі знаходжання Кашміра ў складзе Індыі Пакістан разглядае існаванне ўзброеных рухаў на тэрыторыі штата; на карысць прысутнасці Кашміра ў складзе Пакістана таксама выступаюць палажэнні тэорыі дзвюх нацый.
У дыпламатычным дачыненні ўлады Пакістана падкрэсліваюць невыкананне Індыяй рэзалюцый Савета Бяспекі ААН, у якіх ставілася рэкамендацыя аб правядзенні рэферэндума ў Кашміры, на якім было б пастаўлена пытанне аб дзяржаўнай прыналежнасці рэгіёна[15]. Пакістанскія органы ўлады адзначаюць шырокае выкарыстанне смяротнага пакарання, што здзяйсняецца індыйскімі ўзброенымі сіламі ў Кашміры па-за судовым расследаваннем, аднак паводле сцвярджэнняў індыйскіх органаў улады дадзеныя забойствы ажыццяўляюцца ў выніку антытэрарыстычных аперацый. Паводле шэрагу сведчанняў, большая частка дадзеных забойстваў застаюцца нерасследаванымі, вінаватыя часта пазбягаюць пакарання[46].
5 лютага ў Пакістане адзначаецца г.зв. Дзень салідарнасці з Кашмірам.
Гісторыя тэрытарыяльных прэтэнзій Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Кашміры сыходзяць у пачатак ХХ ст., калі Кітай адмовіўся ад брытанскага праекта брытанска-кітайскай мяжы, паводле якога прадугледжвалася ўключэнне паўночнага ўсходу Кашміра ў склад Брытанскай Індыі[14]. Неафіцыйна гэтая частка рэгіёна вядома як Аксай-Чын, гэтыя тэрыторыі цалкам кантралююцца КНР пасля інда-кітайскай вайны 1962 года; у адміністрацыйна-тэрытарыяльным дачыненні рэгіён падзелены між Сінцзян-Уйгурскім і Тыбецкім аўтаномнымі раёнамі.
У 1963 годзе быў падпісаны кітайска-пакістанскі дагавор, паводле якога Пакістан перадаваў КНР паўночны ўсход кантраляванай Пакістанам часткі Кашміра, г.зв. Шаксгамскую даліну, якая ўрэшце стала падпарадкоўвацца Ташкурган-Таджыкскаму аўтаномнаму павету акругі Кашгар Сінцзян-Уйгурскага аўтаномнага раёна. Дадзеная змена мяжы не прызнаецца ўрадам Індыі.
Пад канец ХХ ст. Індыя пачала адбудоўваць канструкцыі, мэтай якіх стала агароджванне фактычнай лініі мяжы ў Кашміры. Супраць будаўніцтва выступіў урад Пакістана, паводле меркавання якога дадзеныя мерапрыемствы парушалі Сімлскія пагадненні. Афіцыйная Індыя заяўляе пра зніжэнне інфільтрацыі баевікоў пасля збудавання агароджы. У 2002 годзе тагачасны прэзідэнт Пакістана Первез Мушараф выступіў з гатоўнасцю праверыць факт пранікнення ўзброеных баевікоў у індыйскую частку Кашміра.
Іншай прычынай канфліктаў з’яўляецца размежаванне басейну шэрагу рэк, якія маюць вытокі ў Кашміры. Так, у 1947 годзе між Пакістанам і Індыяй разгарэўся канфлікт з прычыны водакарыстання ракі Інд у сельскагаспадарчых і энергетычных мэтах, аднак у гэтым жа годзе канфлікт быў вырашаны дзякуючы працы Сірыла Рэдкліфа, паводле рашэння якога рэчышча Інду размяжоўвалася на дзве роўназначныя часткі. Акрамя гэтага, была ўсталяваная Лінія кантролю, якая аднесла да гаспадарчай галіны Пакістана ніжнюю частку басейну ракі, верхнюю — Індыі.
У 1948 годзе тагачасны прэзідэнт Сусветнага банку Юджын Блэк прапанаваў уласны план па вырашэнні пытання водакарыстання Інду, аднак неўзабаве Індыя здолела перакрыць бары-даабскую ірыгацыйную сістэму, чым былі выкліканыя вялікія страты ў пасяўной гаспадарцы Пакістана. Праблема размежавання водакарыстання ў Індзе паводле сцвярджэнняў уладаў Пакістана з’яўлялася адной з найгалоўнейшых мэт тагачаснага ўрада Індыі[47]. 19 верасня 1960 года ў Карачы тагачасным прэм’ер-міністрам Індыі Джавахарлалам Неру і прэзідэнтам Аюбам Ханам быў падпісаны Дагавор аб водах Інда, паводле якога ў выключную сферу выкарыстання Пакістана траплялі тры заходнія прытокі Інда, Джэлам, Чынаб і ўласна Інд (якія маюць вытокі на тэрыторыі Індыі), тры ўсходнія прытокі (Сатледж, Раві і Біс), з умовай недапушчэння памяншэння або адтэрмінавання забеспячэння вадой Пакістана, трапілі ў сферу карыстання Індыяй, што прызнаецца Індыяй і дагэтуль.
Урадавымі органамі Індыі неаднаразова прадастаўляліся сведчанні, паводле якіх афіцыйны Пакістан аказваў падтрымку шэрагу сепаратысцкіх узброеных груповак у Кашміры. У адным з уласных інтвэрв’ю былы прэзідэнт Пакістана Первез Мушараф прызнаў факт аказання дапамогі пры фарміраванні гэтых груповак і дапушчэння іх існавання з боку ўладаў краіны, прычынай чаго сталі планы аб прымусовым прыцягненні Індыі да перамоў[48].
У 2009 годзе тагачасны прэзідэнт Пакістана Асіф Зардары прызнаўся ў стварэнні з боку Пакістана ўзброеных груповак, мэтай чаго з’яўлялася прадстаўленне інтарэсаў краіны ў Кашміры і барацьба супраць індыйскіх сілаў у рэгіёне[49]. Падобнага пераканання прытрымліваўся таксама былы прэм’ер-міністр Індыі Манмахан Сінгх, які ў 2010 годзе адзначаў гатоўнасць да вырашэння кашмірскага пытання пасля заканчэння аказання падтрымкі тэрарыстам з боку Пакістана[50].
Ранейшыя, а таксама больш познія звесткі ўрада Вялікабрытаніі сведчылі пра існаванне кантактаў паміж Міжведамаснай разведкай Пакістана і такімі тэрарыстычнымі групоўкамі як Лашкар-э-Тайба, Джаіш-э-Магамад і Гаркат-уль-Муджагедын, якія вядуць ваенную дзейнасць у індыйскай частцы Кашміра[51][52]. У прыватнасці, паводле падобных сведчанняў пры ўдзеле Міжведамаснай разведкі краіны вялася падрыхтоўка і абсталяванне баевікоў у пакістанскім Кашміры і правінцыі Пенджаб, гэтае ж ведамства працавала над пастаўкай узбраення баевікам у індыйскай частцы рэгіёна[53][54]. Акрамя гэтага, высоўваліся абвінавачанні ў супрацоўніцтве гэтага ведамства з сеткай былога антысавецкага руху маджахедаў у Афганістане, якую міжведамасная разведка краіны прымяняла для ажыццяўлення аперацый супраць індыйскіх войскаў у Кашміры[55]. Высоўваліся падазрэнні ў супрацоўніцтве міжведамаснай разведкі краіны з Аль-Каідай, пасля чаго навучаныя радыкалы выкарыстоўваліся ў Кашміры[56]. Супрацоўніцтва з кашмірскімі баевікамі прыпісвалася таксама іншым разведвальным ведамствам Пакістана[57]. Паводле шэрагу паведамленняў, разведка краіны, а таксама ўзброеныя сілы Пакістана спрыяюць таемнаму пераходу Лініі кантролю добраахвотнікамі[58].
Абвінавачванні ў парушэнні правоў чалавека ў дачыненні насельніцтва індыйскай часткі Кашміра высоўваліся ў адрас як узброеных баевікоў, так і ў адрас узброеных сілаў Індыі.
Паводле звестак праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch, пачынаючы з 1989 года ў кантраляванай Індыяй частцы Кашміра было забіта ад 50 тыс. да амаль 100 тыс. прадстаўнікоў мясцовага насельніцтва[59]. Некаторыя іншыя праваабарончыя арганізацыі прадстаўляюць сведчанні аб забойстве некалькіх соцень жыхароў індыйскай часткі Кашміра прадстаўнікамі індыйскіх узброеных сілаў падчас дэманстрацый, пазбаўлення волі або нявыбарчага прымянення сілы[60][61][62][63]. Урад Індыі адмаўляе шырокае выкарыстанне катаванняў і адзначае, што прэцэдэнты незаконнага выкарыстання сілы маюць адзінкавы і непастаянны характар[61].
Згодна з шэрагам паведамленняў, з 1990 года ў індыйскай частцы Кашміра адбылося больш за трыста выпадкаў знікнення людзей[64][65]. Паведамленні індыйскай нацыянальнай камісіі па правах чалавека адзначаюць знаходжанне 2730 трупаў у безыменных пахаваннях па ўсім Кашміры, якія прыпісваюцца ахвярам незаконных забойстваў і выкраданняў з боку індыйскіх сілавых ведамстваў[66][67][68]. У бок іншых сілавых ведамстваў таксама гучалі абвінавачванні з боку індыйскіх праваабарончых арганізацый у выкарыстанні прымусовай працы мясцовага насельніцтва[69]. Некаторыя праваабарончыя арганізацыі падкрэсліваюць неабходнасць скасавання Закона аб грамадскай бяспецы, які дазваляе затрыманне да двух гадоў без высоўвання абвінавачання[70][71]. У 1958 годзе ўрадам Індыі быў прыняты Акт аб спецыяльных паўнамоцтвах узброеных сілаў, згодна з якім было затрымана каля 20 тыс. жыхароў Кашміра, гэты заканадаўчы дакумент таксама падвяргаецца рэзкай крытыцы з боку праваабарончых арганізацый[71][72][73].
22 кастрычніка 1993 года атрад індыйскага войска адкрыў агонь па працэсіі ў мястэчку Біджбехара (захад штата Джаму і Кашмір), у выніку чаго загінула 40 чалавек, 150 было паранена. У расследаванні інцыдэнту ўдзельнічаў урад штата; было ўстаноўлена, што адкрыццё страляніны было неабгрунтаваным.
Даклад Індыйскага цэнтральнага бюро па расследаваннях змяшчае звесткі аб забойстве індыйскімі вайскоўцамі сямі мірных жыхароў Кашміра ў 2000 годзе[74][75].
Агульная пазіцыя індыйскага ваеннага кіраўніцтва складаецца ў тым, што каля 97 % выпадкаў неправамернага выкарыстання сілы з’яўляюцца сфальсіфікаванымі або ненейтральна трактаванымі[76].
У сваю чаргу, у 2006 годзе Кангрэс ЗША прыняў рэзалюцыю, дзе адзначаўся факт чыстак з боку ісламісцкіх груповак у індыйскім Кашміры, якія праніклі ў рэгіён у 1989 годзе і пачалі кампанію выцяснення індуісцкага насельніцтва, у выніку якой прыкладна 400 тыс. жыхароў індыйскай часткі Кашміра індуісцкага веравызнання былі забітыя або змушаныя пакінуць рэгіён. Іншыя інфармацыйныя рэсурсы паведамляюць пра падрыхтоўку ісламісцкіх арганізацый Кашміра Міжведамаснай разведкай Пакістана, пасля чаго гэтыя ўзброеныя групоўкі прыступалі да прымусовага выцяснення жыхароў Джаму і Кашміра індуісцкага вызнання[77]. Індыйскі ўрад прадпрымае высілкі па вяртанні прымусова выселеных індуістаў Джаму і Кашміра, акрамя таго, паводле аднаго з лідараў кашмірскіх сепаратыстаў Індыі, індуісты Кашміра з’яўляюцца аднымі з іх суайчыннікаў, абароне якіх будуць спрыяць і сепаратысты. Тым не менш, большая частка вымушаных перасяленцаў застаецца пражываць у Джаму і не лічаць мажлівым вяртанне ў ранейшыя месцы пражывання пры ўмовах, што сепаратысты будуць заставацца ў рэгіёне[78]. Звесткі ЦРУ паведамляюць прынамсі пра 506 тыс. уцекачоў з індыйскага Кашміра, з якіх прыблізна палова з’яўляюцца індуістамі[79]. Камісія Аб’яднаных Нацый па правах чалавека паведамляе пра прыкладна 1,5 млн уцекачоў, якія аселі ў пакістанскай частцы Кашміра пасля спецаперацый індыйскіх вайскоўцаў супраць тэрарыстаў у Кашміры[31].
Даклад Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах уцекачоў за 2008 год паведамляе толькі аб частковым узроўні выканання грамадзянскіх свабод у індыйскай частцы Кашміра[67].
24 верасня 2013 года тагачасны вярхоўны галоўнакамандуючы індыйскімі ўзброенымі сіламі Віджай Кумар Сінгх заявіў пра фінансаванне армейскімі структурамі палітыкаў Кашміра з мэтай падтрымання правапарадку ў Джаму і Кашміры, практыка чаго цягнулася ажно з самага падзелу Брытанскай Індыі. Таксама Сінгх адзначыў, што індыйскія спецслужбы практыкавалі хабарніцтва для зрынання палітычных партый, якія планавалі скасаванне акту аб спецыяльных паўнамоцтвах узброеных сілаў у 2010 годзе[80][81].
У адрас кіраўніцтва Пакістана высоўваюцца прэтэнзіі ў існаванні дыскрымінацыі на рэлігійным грунце і прыцісканні свабоды слова і антыўрадавых акцый пратэсту, якія адбываюцца ў кантраляванай Пакістанам частцы Кашміра[31].
У 2006 годзе праваабарончай арганізацыяй Human Rights Watch былі высунутыя абвінавачанні ў незаконных катаваннях журналістаў і палітычных актывістаў у Азад Кашміры з боку Міжведамаснай разведкі краіны і яе узброеных сілаў[82]. Акрамя агульных палітычных свабод, урад Пакістана крытыкуецца за недастатковае прадстаўніцтва Кашміра ў палітычным жыцці дзяржавы[83]. Паводле інфармацыі Камісіі па правах чалавека Пакістана, Міжведамасная разведка краіны здзяйсняе адвольныя арышты, фізічныя пакаранні, забойствы і інфармацыйнае сачэнне ў кантраляванай Пакістанам частцы Кашміра[31].
Даныя Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах уцекачоў вызначаюць узровень выканання грамадзянскіх свабод у пакістанскай частцы Кашміра як несвабодны[31]. Са снежня 1993 года ў пакістанскіх рэгіёнах Кашміра распаўсюджанае дзеянне закона аб блюзнерстве, у рамках якога прадугледжанае таксама смяротнае пакаранне. Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН адзначае таксама значнае абмежаванне правоў жанчын у пакістанскім Кашміры, якое праяўляецца ў абмежаваннях на атрыманне адукацыі і выбары шлюбнага партнёра, якія існуюць таксама ў іншых правінцыях Пакістана, аднак адзначаецца, што г.зв. ганаровыя забойствы і згвалтаванні ў рэгіёне адбываюцца радзей, ніж у іншых рэгіёнах краіны[31]. У снежні 2009 года ў горадзе Музафарабад адбыліся пікеты, адной з мэт якіх было, у прыватнасці, асуджэнне нібыта фальсіфікацыі вынікаў мясцовых выбараў.
Урад Пакістана адмаўляе ў наданні статусу пятай правінцыі рэгіёна Гілгіт-Балтыстан (складае цэнтр і поўнач кантраляванай Пакістанам часткі Кашміра), спасылаючыся на рэзалюцыю ААН ад 1948 года, нягледзячы на фактычны кантроль Пакістана над гэтай тэрыторыяй[84][85]. Паводле інфармацыі Міжнароднай крызіснай групы, насельніцтва рэгіёна незадаволена нежаданнем планаў цэнтральнага ўрада Пакістана аб перадачы рэгіянальных паўнамоцтваў мясцовым выбарным прадстаўнікам, а ў самім рэгіёне набіраюць папулярнасць рух за незалежнасць рэгіёна і экстрэмісцкія групоўкі, да чаго дадаліся парушэнні палітычных правоў тубыльцаў. Рад членаў Еўрапарламента выказваюць занепакоенасць з прычыны парушэння правоў чалавека ў Гілгіт-Балтыстане і заклікаюць улады Пакістана ўстанавіць дэмакратычныя інстытуты ў рэгіёне[86]. Разам з тым, ужо ў 2009 годзе ўрад Пакістана рэалізаваў пакет захадаў па аўтанамізацыі Гілгіт-Балтыстана, у выніку якіх Гілгіт-Балтыстан фактычна атрымаў статус, роўны з іншымі правінцыямі краіны (аднак без канстытуцыйнага замацавання дадзеных паправак)[84][87]. Рэформы прадугледжваюць перадачу мясцовых паўнамоцтваў ад цэнтральнага ўрада Пакістана да выбарнага заканадаўчага сходу, узначальванага галоўным міністрам[84][87].
Аўтанамізацыя Гілгіт-Балтыстана крытыкуецца як нібыта механізм хавання фактычнай улады Пакістана над гэтай тэрыторыяй, таксама палітычная лібералізацыя ў рэгіёне бачыцца крытыкамі як падрыў легітымацыі пакістанскага кіравання ў рэгіёне[85][88]. Некаторыя актывісты, якія выступаюць супраць уключэння Кашміра ў склад Пакістана, таксама разглядаюць аўтанамізацыю рэгіёна з негатыўнага боку, праз што падчас выбараў у заканадаўчы сход рэгіёна была арганізавана дэманстрацыя, у якой прынялі ўдзел трыста актывістаў[85].
Аналагічна з іншымі спрэчнымі тэрыторыямі, картаграфічная прыналежнасць усяго Кашміра залежыць ад публікацыі картаў у адной з краін, якая з’яўляецца ўдзельніцай тэрытарыяльнае спрэчкі.
З 1961 года ў Індыі прынятыя папраўкі ў закон аб крымінальным праве, якія зрабілі незаконным выключэнне з абрысаў Індыі ўсёй тэрыторыі Кашміра або яго часткі на мясцовых картах або публікацыю картаграфічнай прадукцыі, адрознай ад публікацый дзяржаўнага картаграфічнага ведамства Індыі, Агляду Індыі.
Пакістанскае заканадаўства прадугледжвае пакаранне за выданне картаграфічнай прадукцыі, дзе штат Джаму і Кашмір не пазначаны ў якасці спрэчнай тэрыторыі. Картаграфічныя выданні Кітая, як правіла, у якасці тэрыторый КНР пазначаюць тэрыторыі Шаксгамскай даліны, а таксама Аксай-Чын.
Нейтральныя краіны галоўным чынам у якасці інда-пакістанскай і інда-кітайскай дзяржаўнае мяжы ў рэгіёне выкарыстоўваюць Лінію кантролю і Лінію фактычнага кантролю, спрэчныя тэрыторыі звычайна пазначаюцца адпаведным чынам. Картаграфічныя выдавецтвы Пакістана і нейтральных краін сцвярджаюць аб выкарыстанні звестак ААН.
Афіцыйныя картаграфічныя выданні ААН пазначаюць у якасці адміністрацыйна-тэрытарыльных межаў як адміністрацыйна-тэрытарыяльную мяжу Гілгіт-Балтыстана і Азад Кашміра з іншымі рэгіёнамі Пакістана, так і адміністрацыйна-тэрытарыяльную мяжу між Джаму і Кашмірам і іншымі штатамі Індыі. Шаксгамская даліна звычайна прызнаецца ў якасці тэрыторыі Кітая, у раёне ледніка Сіячэн мяжа не пазначаецца ніякім чынам увогуле.
На цяперашні час Індыя працягвае заяўляць аб сваім суверэнітэце на ўсёй тэрыторыі гістарычнага рэгіёна Кашмір, у той час як Пакістан разглядае гэтыя тэрыторыі як спрэчныя і настойвае на ранейшых планах аб правядзенні плебісцыту ў рэгіёне, у якасці ўласных тэрыторый Кітай разглядае Аксай-Чын і Шаксгамскую даліну.
Паведамляецца, што ў неафіцыйных адносінах Пакістан гатовы абмежавацца дэмілітарызацыяй Кашміра і пераходам Кашмірскай даліны ў склад Азад Кашміра або выкананнем г.зв. Формулы Чынабу. У сваю чаргу, Формула Чынабу ставіцца пад сумнеў палітыкамі Кашміра, аднак шэраг палітыкаў, у прыватнасці, кіраўнік партыі Нацыянальная канферэнцыя Джаму і Кашміра Саджад Лун, дапускаюць падзел індыйскай часткі Кашміра паводле рэлігійнай прыкметы.
Некаторыя палітолагі ўказваюць на магчымасць таго, што апошнім часам знешнепалітычная дактрына Пакістана адносна Кашміра мае памякчыцца ў сувязі з правалам у Каргільскім канфлікце і тэрактам 11 верасня 2001 года ў ЗША[89]. Адзначаецца, што рэзалюцыі ААН па кашмірскім пытанні страцілі актуальнасць[90].
Трэці бок канфлікту настойвае на поўным суверэнітэце Кашміра як ад Індыі, так і ад Пакістана.
Афіцыйныя органы ўлады Індыі сцвярджаюць пра перавагу ў кашмірскім грамадстве імкнення да знаходжання рэгіёна ў складзе Індыі. Так, паводле звестак 2002 года 61 % ад насельніцтва індыйскага Кашміра ўсведамляе сябе ў якасці грамадзян Індыі і толькі 6 % ад яго насельніцтва аддавала перавагу пакістанскай самаідэнтыфікацыі. Тым не менш, гэтая падтрымка ў асноўным зафіксавана ў Джаме і Ладакху, тады як у Кашмірскай даліне толькі 9 % ад насельніцтва лічаць лепшым вахадам знаходжанне рэгіёна ў складзе Індыі[91]. Апытанні 2007 года паведамляюць аб прыхільнасці ідэі поўнай незалежнасці Кашміра сярод 87 % ад насельніцтва Кашмірскай даліны, даследаванні арганізацыі Chatham House паведамляюць аб падтрымцы ідэі суверэнітэта Кашміра сярод 43 і 44 % ад насельніцтва індыйскага і пакістанскага Кашміра адпаведна[92][93].
Пасля росту напружанасці ў сувязі з тэрактамі ў снежні 2001 года (гл. вышэй) з 10 чэрвеня наступнага года пачаўся адвод войскаў Індыі і Пакістана з Лініі кантролю, а перамоўны працэс быў адноўлены. 26 лістапада 2003 года кіраўніцтва абедзвюх краін дамовілася аб падтрымцы спынення агню на інда-пакістанскай мяжы (у тым ліку фактычнай, якая праходзіць у Кашміры), што стала першым двухбаковым спыненнем агню за апошнія амаль пятнаццаць гадоў. У лютым наступнага года Пакістан аказаў ціск на прапакістанскія тэрарыстычныя групоўкі ў індыйскай частцы Кашміра, былі дасягнутыя дамоўленасці пра ўзнаўленне транспартнага руху між пакістанскай і індыйскай часткамі Кашміра, а таксама аб эканамічным супрацоўніцтве.
У 2005 годзе тагачасны прэзідэнт Пакістана генерал Мушараф і шэраг іншых палітыкаў краіны паспрабавалі прыбегнуць да вырашэння кашмірскага канфлікту дзякуючы Формуле Чынабу. Праект быў удакладнены г.зв. планам Дыксана, паводле якога прадугледжвалася захаванне Ладакха і Гілгіт-Балтыстана ў складзе Індыі і Пакістана адпаведна, падзел Джаму на дзве роўназначныя часткі і правядзенне рэферэндума ў Кашмірскай даліне[94]. Аднак 5 снежня наступнага года Мушараф паведаміў, што Пакістан цалкам адмовіцца ад уласных прэтэнзій у выпадку, калі Індыя прыме шэраг мірных прапановаў прэзідэнта, у тым ліку паэтапны вывад войскаў з рэгіёна, стварэнне мясцовага самакіравання, захаванне статус-кво ў адносінах межаў Кашміра і стварэнне агульнага нагляднага органа над рэгіёнам з удзелам прадстаўнікоў Пакістана, Індыі і Кашміра[95]. Таксама прэзідэнт краіны заявіў пра гатоўнасць адмовіцца ад ранейшых рэзалюцый ААН адносна Кашміра, але падобныя праекты не былі прынятыя кіраўніцтвам Індыі.
У кастрычніку 2008 года падчас уласнага інтэрв’ю прэзідэнт ЗША Барак Абама выказаў намер прадпрыняць захады па вырашэнні праблемы Кашміра, у прыватнасці, Абама запрапанаваў удзел былога прэзідэнта краіны Біла Клінтана ў якасці спецыяльнага пасярэдніка[96]. Пазней у якасці спецыяльнага пасланніка ў Пакістане і Афганістане Абамай быў прызначаны былы пасол ЗША ў ААН Рычард Холбрук, што было пазітыўна ўспрынята прэзідэнтам Пакістана Асіфам Алі Зардары, але негатыўна ацэнена Індыяй[97][98]. Праз некаторы час Кашмір быў выключаны з мандату Холбрука[99]. Як адзначыла выданне The Washington Post, гэты крок мог стаць дыпламатычнай саступкай у бок Індыі, што дэманструе пацяпленне між Індыяй і ЗША[100]. У ліпені 2009 года памочнік дзяржаўнага сакратара ЗША Роберт О. Блэйк заявіў, што ЗША не маюць планаў прызначэння спецыяльнага пасланца па кашмірскім канфлікце, назваўшы яго пытаннем, якое вымагае двухбаковых кантактаў між Індыяй і Пакістанам.
У 2008 годзе індыйскую частку Кашміра ахапіла новая хваля дэманстрацый, выкліканая планамі ўрада штата Джаму і Кашмір перадаць пад ведамства кампаніі, якая займаецца эксплуатацыяй індуісцкага пячорнага рэлігійнага комплексу ў Амарнатху, тэрыторыі ў пераважна мусульманскай Кашмірскай даліне[101]. Тэрыторыю, якая заняла б плошчу ў 0,40 км², меркавалася выкарыстаць пад патрэбы размяшчэння індуісцкіх паломнікаў, якія штогадова наведваюць шанаваныя ў індуізме амарнацкія пячоры. У выніку прыціскання пратэстаў было забіта прынамсі сорак меркавана няўзброеных і затрымана каля трох соцень іншых пратэстоўцаў[102][103][104]. Адзін з лідараў кашмірскіх сепаратыстаў у Індыі Мірваіз Умар Фарук адзначыў, што выкарыстанне жорсткіх захадаў індыйскім урадам пры разгоне маніфестацыі магло прывесці да ўсплёску гвалту ў рэгіёне[105]. Занепакоенасць вынікамі разгону мітынгу выказала Арганізацыя Аб’яднаных Нацый, якая заклікала распачаць расследаванне супраць вайсковага боку канфлікту[106]. Як лічыцца, да адкрыцця агню прывяло кіданне камянёў у паліцыянтаў з боку пратэстоўцаў[107][108][109].
Пасля пратэстаў 2008 года ў Джаму і Кашміры сепаратысцкі рух у штаце атрымаў новы этап развіцця[108][109]. У маі і чэрвені 2009 года ў мястэчку Шупіян (паўднёвы захад штата) адбылося згвалтаванне і забойства дзвюх мясцовых жанчын, што прыпісвалася паліцыі і выклікала новую пратэстную хвалю з антыіндыйскімі палітычнымі патрабаваннямі. На той момант не назіралася адзінства сярод мясцовых сепаратысцкіх груповак.
У 2010 годзе ў Кашмірскай даліне пачаўся новы этап выступленняў, на чале якіх сталі Сіед Алі Шах Гілані і Мірваіз Умар Фарук — лідары Надпартыйнай канферэнцыі за свабоду, адной з сепаратысцкіх арганізацый у Джаму і Кашміры. Адным з галоўных патрабаванняў выступленняў стала дэмілітарызацыя штата і незадаволенасць меркаванымі парушэннямі правоў чалавека з боку індыйскіх узброеных сілаў. Пратэстоўцы, якія агучвалі сепаратысцкія лозунгі, парушылі каменданцкую гадзіну ў штаце, пасля чаго пачалі закідваць сілы бяспекі камянямі і падпальваць урадавыя машыны і будынкі[110][111]. Паліцыя штата і індыйскія ваенізаваныя групоўкі адкрылі агонь па дэманстрантах, у выніку чаго паводле некаторых звестак загінула 112 чалавек. У верасні 2010 года ўрад Індыі абвясціў аб прыняцці пакету мераў, закліканых на зняцце напружанасці, пасля чаго пратэстная хваля пайшла на спад[112].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.