Remove ads
краіна ў Паўднёвай Азіі From Wikipedia, the free encyclopedia
Бангладэ́ш (бенг.: বাংলাদেশ), Наро́дная Рэспу́бліка Бангладэ́ш (бенг.: গণপ্রজাতন্ত্রী বাংলাদেশ) — дзяржава на паўночным усходзе Паўднёвай Азіі. Мяжуе на захадзе, поўначы і паўночным усходзе з Індыяй, на паўднёвым усходзе з М’янмай. На поўдні абмываецца цёплымі водамі Бенгальскага заліва.
| |||||
Гімн: «Амар шонар Бангла» | |||||
Дата незалежнасці | 26 сакавіка 1971 (абвешчана) 16 снежня 1971 (прызнана)[1] (ад Пакістана) | ||||
Афіцыйная мова | бенгальская | ||||
Сталіца | Дака | ||||
Найбуйнейшыя гарады | Дака, Чытагонг, Кхулна | ||||
Форма кіравання | Парламенцкая рэспубліка | ||||
Прэзідэнт Прэм'ер-міністр | Абдул Хамід Мухамад Юнус | ||||
Дзярж. рэлігія | іслам (суніцкага накірунку) | ||||
Плошча • Усяго • % воднай паверхні | 92-я ў свеце 144 000 км² 7% | ||||
Насельніцтва • Ацэнка (2022) • Перапіс (2011) • Шчыльнасць | 169 828 911[2] чал. (8-я) 149 772 чал. 1125 чал./км² | ||||
ВУП (ППЗ) • Разам (2018) • На душу насельніцтва |
$741,949 млрд.[3] (31-ы) $4579 (139-ы) | ||||
ВУП (намінал) • Разам (2013) • На душу насельніцтва |
$141,275 млрд.[3] $903,8[3] | ||||
ІРЧП (2018) | ▲ 0.608[4] (136-ы) | ||||
Валюта | така | ||||
Інтэрнэт-дамен | .bd | ||||
Код ISO (Alpha-2) | BD | ||||
Код ISO (Alpha-3) | BGD | ||||
Код МАК | BAN | ||||
Тэлефонны код | +880 | ||||
Часавыя паясы | +6 |
Краіна займае ўсходнюю ўскраіну Інда-Ганскай нізіны, нізоўі і дэльту рэк Ганг і Брахмапутра — найвялікшую дэльту ў свеце. Тэрыторыя ўяўляе сабой плоскую алювіяльную раўніну, рассечаную густой сеткай рэк. На паўднёва-ўсходнім узбярэжжы знаходзіцца найвялікшы ў свеце мангравы лес Сундарбан. Нягледзячы на татальнае ператварэнне прыродных ландшафтаў, Бангладэш здолела захаваць відавае багацце жывёл. Нацыянальны сімвал краіны — бенгальскі тыгр.
Уваходзіць у першую дзясятку краін па колькасці насельніцтва. Самая густанаселеная (больш за 1100 чал/кв.км.) краіна свету, без уліку «карлікаў». Такая вялікая маса пераважна сельскага насельніцва з’яўляецца для Бангладэш адначасова і вялікай праблемай і вялікім патэнцыялам. Супольнасць бангладэшцы ўключае ў сябе шмат народаў, пры гэтым 98 % жыхароў краіны — бенгальцы, а адзіная дзяржаўная мова — бенгальская. Большасць бангладэшцаў вызнаюць іслам, які з’яўляецца дзяржаўнай рэлігіяй. Па колькасці мусульман Бангладэш саступае толькі Пакістану і Інданезіі.
У мінулым — частка Брытанскай Індыі, што пасля сыходу еўрапейцаў стала ўсходняй правінцыяй Пакістана. Незалежны Бангладэш з’явіўся на карце ў 26 сакавіка 1971, гэтая дата была абвешчана Днём незалежнасці. Бангладэш — адзін з заснавальнікаў і сябра такіх рэгіянальных арганізацый як СААРК (паўднёваазіяцкае супрацоўніцтва), Ініцыятыва Бенгальскага заліва па шматгаліновай тэхнічна-эканамічнай кааперацыі, Форум Бангладэш-Індыя-Кітай-М’янма і інш. Бангладэш з’яўляецца сябрам Садружнасці нацый, Руху недалучэння, СГА, да таго ж робіць вялікі чалавечы ўнёсак у Міратворчыя сілы ААН.
Бангладэш — краіна з нізкім узроўнем даходу нацыянальнай эканомікі і слаба развітым рынкам. Аднак у ХХІ стагоддзі прыцягненне замежнага капіталу з выкарыстаннем таннай працоўнай сілы дазволіла стварыць магутную швейную і тэкстыльную прамысловасць, а Бангладэш увайшла у лік буйнейшых у свеце экспарцёраў тэкстылю і адзення. Аснову сельскай гаспадаркі, у якой занята амаль палова насельніцтва, складае вырошванне рысу і джуту. Прызнаючы вялікі патэнцыял краіны, эканамісты адносяць Бангладэш да групы «N-11» (Наступныя 11 эканомік).
У перакладзе з бенгальскай мовы Бангладэш азначае «краіна бенгальцаў». Гэты этнонім быў уведзены ва ўжытак бенгальскімі патрыётамі на пачатку ХХ стагоддзя, яго можна знайсці ў песнях «Namo Namo Bangladesh Momo» Казі Назрул Іслама і «Aaji Bangladesher Hridoy» Рабіндраната Тагора. У першай палове ХХ стагоддзя назва часта пісалася ў два словы: Бангла Дэш.
Корань «Бангла», што азначае зямлю і мову бенгальцаў, куды старэйшы: яго першае ўжыванне датуецца 805 годам н.э.
Знаходзіцца на поўначы ад Бенгальскага заліву ва ўсходняй частцы старажытнай Бенгаліі. Цераз краіну праходзіць Паўночны тропік. Практычна па ўсім сваім перыметры ў 4000 км абкружаны Індыяй, на паўднёвым усходзе праходзіць невялічкая мяжа з М’янмай (193 км). Бенгальскае ўзбярэжа цягнецца на 580 км. Да поўдня ад Чытагонга раскінуўся самы доўгі пляж у свеце — Кокс-Базар, які распасціраецца на сто дваццаць кіламетраў. Густа засеяная астраўкамі і каралавымі рыфамі акваторыя Бенгальскага заліва, што належыць Бангладэш, прыблізна роўная яго сухапутнай тэрыторыі.[5]
Бангладэш размешчана ў дэльце рэк Брахмапутра і Ганг(мясцовыя назвы — Джамуна і Падма адпаведна), Мегхна і іх прытокаў. Падма зліваецца з Джамунай і затым, зліўшыся з Мегхнай, упадае ў Бенгальскі заліў. Бангладэш мае 58 трансгранічных рэк і таму пытанні, якія ўзнікаюць пры выкарыстанні водных рэсурсаў, з’яўляюцца вельмі вострымі пры абмеркаванні з Індыяй.
На паўднёвым усходзе краіны, пачынаючы з шасцідзесятых гадоў дваццатага стагоддзя, праводзяцца работы па ўзвядзенні дамбаў, што разам з наносамі прыводзіць да з’яўлення новых участкаў сушы.[6].
Большая частка краіны ўяўляе сабой алювіяльную нізіну, створаную адкладамі рэк (іх каля 700). Алювіяльныя адклады ствараюць у дэльце найбольш угноеныя плантацыі ў свеце. Большая частка краіны размешчана ніжэй за дванаццаць метраў над ўзроўнем мора і паводле разлікаў 10 % краіны будзе затоплена пры павышэнні ўзроўню мора на адзін метр [7]. Паўночны захад і цэнтр краіны зайнятыя плато Мадхупар і Барынд. Найвышэйшым пунктам Бангладэш з’яўляецца гара Маўдок вышынёй 1052 метры над узроўнем мора на паўднёвым усходзе краіны ў горным ланцугу на мяжы з М’янмай.[8]. Бангладэш знаходзіцца ў сейсманебяспечнай зоне. У нетрах Бенгаліі выяўленыя даволі вялікія запасы прыроднага газу (385 млрд куб м., 37 месца ў свеце ў 2016).[9].
У Бангладэш пануе субэкватарыяльны мусонны клімат з мяккаю зімою з кастрычніка па сакавік і гарачым, вільготным летам з сакавіка па чэрвень. Гарачы і вільготны сезон мусонаў, у ходзе якога выпадае вялікая колькасць ападкаў, працягваецца з чэрвеня па кастрычнік. Па колькасці ападкаў краіна займае адно з першых месцаў у свеце. У сярэднім за год выпадае звыш 1900 мм ападкаў, асабліва вялікая іх колькасць на паўночным усходзе (больш за 3000 мм).
У краіне растуць вільготныя трапічныя і мангравыя лясы; цік , сал , бамбук, баньянавае дрэва, архідэі. Жывёльны свет багаты: бенгальскія тыгры , леапарды , азіяцкія сланы , мангусты , кракадзілы , пітоны і інш. У 1997 годзе была зроблена заява, згодна з якой рэгіён мангравых зараснікаў Сундарбан знаходзіцца пад пагрозай знікнення [10]. Шырока ўжываным «птушыным» нацыянальным сімвалам краіны з’яўляецца дрозд, які выкарыстоўваецца на банкнотах і ў гонар якой названая адна з славутасцяў ў Дацы — Doyel Chatwar. Нацыянальным «кветкавым» сімвалам краіны з’яўляецца водная лілея, вядомая як Шапла (Shapla), а «пладовым» сімвалам з’яўляецца джэкфрут — усходнеіндыйскае хлебнае дрэва, вядомае як Катхал (Kathal) у бенгальскай мове. У 2010 ўрад краіны выбраў мангавыя дрэвы ў якасці драўнянага сімвала [11].
Краіна пастаянна падвяргаецца ўздзеянню стыхійных бедстваў, такіх як паводкі, трапічныя цыклоны, тарнада і бары, якія ўзмацняюцца эфектам абезлясення (высечка лясоў), размывам глебаў і эрозіяй [12]. У 1991 годзе ад наступстваў цыклона загінула парадку 140 000 чалавек [13]. У верасні 1998 года Бангладэш падвергнулася самай разбуральнай паводцы ў найноўшай гісторыі. Падчас разліву рэк Ганга, Брахмапутры і Мегхны было затоплена 300 000 дамоў, 9700 кіламетраў дарог і 2700 кіламетраў набярэжных, 50 км² было цалкам разбурана, а 11 000 кіламетраў дарог часткова пашкоджана або разбурана. У выніку паводкі загінула каля 1000 чалавек, каля 30 мільёнаў (!) засталіся без жылля. Загінула парадку 137000 галоў буйной рагатай жывёлы. Дзве траціны краіны апынуліся пад вадой.[14].
У цяперашні час Бангладэш лічыцца найбольш уразлівай да змены клімату краінай у свеце.[15][16][17]. Ёсць меркаванне, што ў будучым дзесяцігоддзі павелічэнне ўзроўню мора прывядзе да з’яўлення 20 млн [18] «кліматычных бежанцаў » [19]
Водныя рэсурсы Бангладэш часта падвяргаюцца атручванню мыш'яком з-за яго высокага ўтрымання ў глебе. Да 77 млн чалавек падвяргаюцца атручванню мыш’яком праз ужыванне забруджанай вады [20][21].
Археалагічныя даследаванні ў Бангладэш выявілі некалькі старажытных гарадоў, якія мелі міжнародныя гандлёвыя сувязі на працягу тысячагоддзяў. Першая пісьмовая згадка пра існаванне дзяржавы на тэрыторыі цяперашняй Бангладэш адносіцца да V—IV стст. да н.э. У антычных гісторыкаў усходнеіндыйскі субкантынент быў вядомы пад назвай Гангарыдай. У той час гэта была тэрыторыя імперый Маур’яў і Гупта.
У наступныя стагоддзі Усходняя Бенгалія з’яўлялася цэнтрам імперыі Палаў і дзяржавы Сенаў, уваходзіла ў склад Дэлійскага султаната і імперыі Вялікіх Маголаў. У XIV—XVIII стст. шматлікія княствы Бенгаліі аб’ядналася пад сцягам ісламскай дзяржавы Бенгальскі султанат. Яе гарады былі важнымі цэнтрамі гандлю муслінам і шоўкам. З 1757 да 1947 Усходняя Бенгалія знаходзілася ў складзе Брытанскай Індыі. У канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя Бангладэш стаў адным з цэнтраў бенгальскага адраджэння і антыкаланіяльнага руху.
У выніку падзелу Індыі па рэлігійным прынцыпе (1947) Усходняя Бенгалія адышла да Пакістана, і на яе тэрыторыі была створаная правінцыя Усходні Пакістан. Бенгальцы не жадалі жыць у чарговай каланіяльнай залежнасці. У 1952 годзе быў створаны Рух за наданне бенгальскай мове статусу дзяржаўнай. У снежні 1970 на ўсеагульных выбарах, якія адбыліся ў адзіным Пакістане, перамагла Народная ліга (НЛ), што выступала з праграмай надання Усходняму Пакістану рэгіянальнай аўтаноміі. Спроба пакістанскіх улад сілай не дапусціць прыходу НЛ да ўлады прывяла да абвяшчэння незалежнасці Бангладэш (26 сакавіка 1971) і да пачатку ўзброенай барацьбы, у якой фарміраванні прыхільнікаў незалежнасці атрымалі ваенную падтрымку з боку Індыі. Вызваленчая вайна завяршылася 16 снежня 1971 капітуляцыяй усходне-бенгальскай групоўкі ўзброеных сіл Пакістана.
Нованароджаная дзяржава стала парламенцкай рэспублікай, аднак ужо ў 1975 годзе Бангладэш абірае прэзідэнцкую форму кіравання. У 1990 краіна зноў вярнулася да парламенцкай дэмакратыі. За гады незалежнасці адбыліся 4 дзяржаўныя перавароты, змянілася 18 прэзідэнтаў, двое з якіх былі забіты. Звыш 8 гадоў краіна жыла ва ўмовах ваеннага рэжыму, уплыў ваенных па-ранейшаму надзвычай высокі.
Бангладэш — унітарная рэспубліка з парламенцкай формай кіравання. Афіцыйная мова — бенгальская, выкарыстоўваецца таксама англійская мова. Дзейнічае Канстытуцыя 1972 (з наступнымі зменамі). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт (з 22 красавіка 2013 — Абдул Хамід), які абіраецца парламентам на тэрмін 5 гадоў.
Парламент — аднапалатная Нацыянальная Асамблея (Джацья Шангшад), якая складаецца з 345 дэпутатаў (300 дэпутатаў абіраюцца на аснове мажарытарнай сістэмы па аднамандатных акругах, а 45 месцаў рэзервуюцца для жанчын—парламентарыяў па адмысловай квоце). Тэрмін паўнамоцтваў парламента — 5 гадоў.
У краіне дзейнічае звыш 100 палітычных партый — ад фундаменталісцкіх да ультралевых. Найбольш уплывовымі з’яўляюцца Нацыяналістычная партыя Бангладэш (НПБ) і Народная Ліга (НЛ). НПБ заснаваная ў 1978 (у 1978—1982, 1991—1996 і 2001—2006 знаходзілася ва ўладзе). Кіруецца ідэямі «бангладэшскага нацыяналізму». У цяперашні час фактычна падзеленая на дзве фракцыі. НЛ, узначаленая Шэйх Хасінай, была заснавана ў 1949 (у 1972—1975 і 1996—2001 знаходзілася пры ўладзе). Выступае, у цэлым, з секулярысцкіх, шмат у чым — цэнтрысцкіх пазіцый.
Бангладэш — унітарная дзяржава, адміністрацыйна падзеленая на 7 адмістрацыйных раёнаў (дывізіёнаў), кожны з якіх носіць назву ягонага буйнейшага горада:
Бангладэш — член ААН з 1974, была ініцыятарам стварэння ў 1985 Асацыяцыі рэгіянальнага супрацоўніцтва краін Паўднёвай Азіі (СААРК), а ў 2006—2007 старшынствавала ў Асацыяцыі. З’яўляецца таксама членам Садружнасці, узначаленай Вялікабрытаніяй, Руху недалучэння, Арганізацыі Ісламская Канферэнцыя, Групы 77-і, арганізацыі «Ісламская васьмёрка», паўднёва—азіяцкага «чатырохкутніка росту», групы эканамічнага супрацоўніцтва БІМСТЭК (краіны, што атачаюць Бенгальскі заліў: Бангладэш, Індыя, М’янма, Шры-Ланка, Тайланд, Непал, Бутан) і Дыялогу па супрацоўніцтве ў Азіі. У 2005 стала ўдзельнікам Азіяцкага рэгіянальнага форума (АРФ).
Знешнепалітычны курс сфакусаваны на задачы забеспячэння спрыяльных міжнародных умоў для пераадолення сацыяльна-эканамічнай адсталасці краіны шляхам максімальнага прыцягнення інвестыцый, замежнай дапамогі (каля 1,2 млрд дол. штогод), захаванні і набыцці гандлёвых палёгак. Асноўны прынцып знешняй палітыкі — «сяброўства са ўсімі, варожасць ні з кім». Бангладэш выступае за захаванне ролі ААН як галоўнага гаранта падтрымання міру і бяспекі. З 1988 бангладэшскія ваенныя прымаюць удзел у аперацыях ААН па падтрыманні міру. Бангладэш актыўна працуе ў фармаце Канферэнцыі па раззбраенні.
Дыпламатычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і народнай Рэспублікай Бангладэш усталяваны 21 лютага 1992 г. Пасол Бангладэш у Расійскай Федэрацыі Сайфул Хок акрэдытаваны ў Беларусі па сумяшчальніцтве з чэрвеня 2010 г. Пасол Рэспублікі Беларусь у Індыі Прыма В. А. акрэдытаваны ў Бангладэш у 2013 годзе. У верасні 2014 г. «на палях» Саміту ААН па пытаннях змяненняў клімату адбылася сустрэча Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Мясніковіча М. У. з бангладэшскім калегай. У 2017 годзе ў Дацы было ўрачыста адкрыта сумеснае прадпрыесмтва «Амкадор-Палаш».[22]
Насельніцтва Бангладэш у другой палове ХХ ст. расло вельмі хутка: у 1951 яго колькасць складала 44 млн, да канца ж стагоддзя яна наблізілася да 150 млн. Па колькасці насельніцтва (больш за 160 млн чал.) сённяшняя Бангладэш займае восьмае месца ў свеце, адпусціўшы далёка наперад Нігерыю, і пакінуўшы ззаду Расію. У ХХІ ст сярэднегадавыя тэмпы росту насельніцтва істотна запаволіліся (гэта стала вынікам у тым ліку і дэмаграфічнай палітыкі, распачатай у 1980-х) і ў 2017 складаюць каля 1 % (натуральны прырост — 1,3 %, міграцыйны — −0,3 %), ды ў абсалютных лічбах гэта ўсё адно + 1,5 млн чалавек штогод. На адну жанчыну цяпер прыходзіцца 2,17 дзіцяці, што акурат адпавядае простаму ўзнаўленню насельніцтва.
Палічыць бангладэшскі народ — справа няпростая. Паводле афіцыйных дадзеных перапісу 2011 г. у Бангладэш жылі 142 319 000 чалавек, паводле незалежных ацэнак — больш за 150 млн. На 2017 год можна сустрэць лічбы ад 158 да 167 млн, але і меншая з іх азначае неверагодную перанаселенасць краіны. На 1 кв.км. прыпадае каля 1100 бангладэшцаў, што з’яўляецца сусветным рэкордам шчыльнасці насельніцтва, калі адкінуць дзяржавы плошчай меней за 1000 кв км. Насельніцтва размеркавана па тэрыторыі краіны даволі раўнамерна, па сутнасці Бангладэш — вялікая вёска, з раскіданымі там-сям гарадамі, буйнейшыя з якіх — Дака (14 млн чал, у агламерацыі — 20), Чытагонг (4,8 млн), Кхулна (975 тыс.чал.), Нараянганж. Узровень урбанізацыі складае 36 % — адзін з самых нізкіх у Азіі[23].
Насельніцтва монаэтнічнае: 98 % — бенгальцы, якія гавораць на бенгальскай мове (належыць да індаарыйскай групы індаеўрапейскай сям’і). Бенгальская мова мае шмат дыялектаў, некаторыя з якіх часам нават разглядаюцца як асобныя мовы. Астатнія 2 % жыхароў Бангладэш — роднасныя бенгальцам выхадцы з паўночных раёнаў Індыі (т.зв. «біхарцы»), якія гавораць на мове урду той жа самай сям’і; а таксама малыя мангалоідныя плямённыя народнасці: чакма, санталы, марма, трыпура, гара, танчанг’я, мронг і інш., якія жывуць пераважна на паўднёвым усходзе краіны.
Дзяржаўная рэлігія — іслам (95 % — суніты), яго вызнаюць 89 % насельніцтва (бенгальцы пачалі масава прымаць іслам у 13 ст.); індуізм — 8,5 %, 0,6 % — будызм, 0,4 % — хрысціянства, 0,1 % — іншыя рэлігіі і традыцыйныя анімістычныя плямённыя культы.
Паводле класіфікацыі ААН Бангладэш доўгі час уваходзіла ў лік найменш развітых краін свету. У 2000-2010-я гг.. Бангладэш, нягледзячы на карупцыю, палітычную нестабільнасць і інш., дэманстравала адныя з найвышэйшых тэмпаў росту ВУП у свеце (у 2015—2017 — у сярэднім 7 % штогод)[23]. Тым не менш, 24 % насельніцтва краіны ўсё яшчэ жыве ніжэй міжнароднай рысы беднасці на менш чым $ 1,25 у дзень(у 2007 такіх было нашмат больш — 42 %). Аб’ём ВУП па парытэце пакупніцкай здольнасці ў 2017 склаў 687 млрд дол. (у 2015—600 млрд.) на душу насельніцтва — 4600 дол. ЗША.
Вядучая галіна эканомікі — сельская гаспадарка з рысавым ухілам, у якой занята каля 43 % насельніцтва. З У апошнія гады сельская гаспадарка дасягнула значных поспехаў: аднаго рысу збіраецца больш за 50 млн тон штогод, а яшчэ Бангладэш уваходзіць у першую дзясятку краін па зборы бульбы — 8 млн тон у 2018, па гэтым паказчыку бангладэшскія аграрыі апярэдзілі беларускіх! Галоўныя тэхнічныя культуры: джут, па вырошванні якога Бангладэш з’яўляецца сусветным лідарам, а таксама чай. Сельская гаспадарка краіны падвяргаецца шматлікім пагрозам: напрыклад, у 2017 частка ўраджаю рысу была страчана ў выніку рэкорднае паводкі, яшчэ частку з’елі 700 тыс. бежанцаў з М’янмы. Па прычыне аграрнай перанаселенасці адною з найвялікшых праблем краіны з’яўляецца беззямелле. Беззямельныя сяляне часта перасяляюцца ў гарады, асабліва Даку, дзе цяжка знайсці працу і жытло. Іншыя незаконна перабіраюцца ў Індыю.
У Бангладэш вядзецца здабыча прыроднага газу (запасы ацэньваюцца ад 360 да 657 млрд куб.м.), нафты. У 2018 годзе быў адрыты тэрмінал і пачаўся экспарт звадкаванага прыроднага газу. Гідраэнергетычныя рэсурсы выкарыстоўваюцца практычна поўнасцю. У 2017 пачалося будаўніцтва АЭС «Рупур» у 160 км на захад ад Дакі. Праектная магутнасць АЭС — 2400 МВт, адкрыццё плануецца ў 2023 годзе, будаўніцтва вядзе расійскі «Атамбудэкспарт».
У 2000-10-х у Бангладэш адбылася індустрыялізацыя са швейным ухілам. Удзельная вага прамысловасці, у якой занята 20 % насельніцтва, у канцы 2010-х складае 29 % ВУП (у 2005 — усяго 12 %). Яе аснова — тэкстыльныя, швейныя, джутавыя і гарбарныя прадпрыемствы. Падмуркам для выбуховага росту прамысловасці стала палітыка заахвочвання прыватнага капіталу (праводзіцца з пачатку 1990-х). Асабліва спрыяльныя ўмовы для замежных капіталаўкладанняў створаныя ў свабодных экспартных зонах, колькасць якіх павялічваецца з кожным годам. На канец 2007 іх было дзевяць.
Аб’ёмы экспарту ў 2016 склалі 39,4 млрд дол., імпарту — 49,4 млрд дол. Асноўныя экспартныя тавары Бангладэш — прадукцыя лёгкай прамысловасці (тканіны, швейныя вырабы і трыкатаж, джут і вырабы з яго, абутак, 85 % экспарту), а таксама марожаныя морапрадукты, кераміка, чай, медыкаменты. У наменклатуры імпарту пераважаюць прадукты харчавання, бавоўна, энерганосьбіты, машыны і абсталяванне, сыравіна і розныя спажывецкія тавары. Найбуйнейшыя імпарцёры бангладэшскай прадукцыі — ЗША, Вялікабрытанія, Германія і Францыя, а асноўныя пастаўшчыкі тавараў у Бангладэш — Кітай, Індыя, Сінгапур, Японія.[24] Гандлёвы абарот з Беларуссю ў 2016 склаў 155 млн долараў. 97 % беларускага экспарту прыйшлося на калійныя ўгнаенні. Падпісаныя пагадненні аб пастаўцы тэхнікі «Амкадор» на 50 млн долараў.[22]
Асноўны марскі порт і гандлёва-прамысловы цэнтр са свабоднай экспартнай зонай — Чытагонг (4 млн чал.). Становішча ў нізоўях буйнейшых рэк рэгіёна дорыць Бангладэш больш за 8000 км унутраных водных шляхоў, таму рачны транспарт тут мае вялікае значэнне.
Нацыянальнае свята — 26 сакавіка — Дзень незалежнасці (1971). Шырока адзначаюцца Дзень перамогі (16 снежня), Дзень роднай мовы (21 лютага) і рэлігійныя (у асноўным мусульманскія) святы. Бангладэш самастойна выпускае каля 80 фільмаў у год[25], аднак вялікай папулярнасцю ў насельніцтва карыстаюцца таксама і фільмы суседняй Індыі[26]. Агульная колькасць перыядычных выданняў складае звыш 1,5 тыс., у т.л. больш 200 штодзённых газет на бенгальскай і англійскай мовах. Найбуйнейшыя бенгаламоўныя штодзённыя газеты — «Ітэфак», «Джанаконтха»; «Інкілаб»; англамоўныя — «Бангладэш абзэрвер», «Індэпендэнт». На перыяд надзвычайнага становішча ўведзеныя абмежаванні на крытыку дзейнасці кіраўніцтва краіны. Маюцца тры дзеючых інфармацыйных агенцтва: дзяржаўнае Бі-Эс-Эс, а таксама прыватныя Ю-Эн-Бі і «Бі-Дзі-Ньюс 24».
Дзяржаўнае тэлебачанне і радыёвяшчанне маюць па адным канале, якія вяшчаюць на бенгальскай і часткова на англійскай мовах. Існуе 10 прыватных кабельных тэлеканалаў і 6 радыёстанцый.
З прычыны масавай непісьменнасці насельніцтва Бангладэш дзяржава прымае меры па яе скарэйшай ліквідацыі. Створана асобнае міністэрства ўсеагульнай пачатковай адукацыі, дадзены дазвол на дзейнасць у краіне шматлікіх бангладэшскіх і замежных няўрадавых грамадскіх арганізацый у сферы адукацыі.
Адмысловае месца займаюць духоўныя ісламскія навучальныя ўстановы, афіцыйная колькасць якіх перавышае 12 тысяч. У краіне налічваецца некалькі дзесяткаў дзяржаўных і прыватных (больш 60 тысяч) ВНУ. Вялікая частка з іх размешчаная ў сталіцы краіны Дацы. Празмерна актыўны ўдзел студэнтаў і выкладчыкаў у палітычнай дзейнасці адмоўна адбіваецца на навучальным працэсе. Недахоп навучальнай і навуковай базы і невысокі прэстыж бангладэшскіх дыпломаў у іншых краінах змушае студэнтаў працягваць сваю адукацыю за мяжой.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.