From Wikipedia, the free encyclopedia
Жамойцкае біскупства, Жамойцкая дыяцэзія (у XV—XVI стагоддзях таксама Медніцкае біскупства) — царкоўна-адміністрацыйная адзінка Рымска-Каталіцкай царквы ў Вялікім Княстве Літоўскім, Рускім і Жамойцкім з цэнтрам у Медніках (Ворнях).
Прызначалася для жамойтаў (тым часам для ліцвінаў у Вялікім Княстве Літоўскім існавала Віленскае біскупства) і ахопліва парафіі літоўскай Жамойці — Жамойцкага староства і Упіцкага павета Троцкага ваяводства[1], прэтэндавала на частку Ковенскага павета (Ваўкавішкі, зарэчная ковенская частка Кейданаў[2] і іншыя)[3]. Населеныя жамойтамі землі таксама ўваходзілі ў склад Самбійскага біскупства Прусіі (ужо ў 1435 годзе Базельскі царкоўны сабор задаволіў просьбу біскупа самбійскага Міхала Юнгэ дазволіць карыстацца ў царкоўным жыцці мовамі мясцовых насельнікаў Самбіі, у тым ліку «мовай жамойтаў»[5])[6].
Утварылася 24 кастрычніка 1417 года паводле пастановы Канстанцкага сабора з ініцыятывы вялікага князя Вітаўта. Аднак стварэнне каталіцкага біскупства (разам з заснаваннем Ягайлам і Вітаўтам шэрагу касцёлаў у Жамойці) выклікала жорсткае супраціўленне жамойцкага жыхарства: у 1418 годзе жамойты ўзбунтаваліся, выгналі біскупа і ксяндзоў, разбурылі касцёлы і дамы баяраў-каталікоў, дзеля чаго вялікі князь Вітаўт мусіў выправіць у Жамойць літоўскае войска, каб здушыць гэта паўстанне[7].
Ад пачатку, з усяго відаць, падпарадкоўвалася Папу Рымскаму, з 1427 года — Гнезненскай мітраполіі. На чале стаяў біскуп жамойцкі, першы біскуп — Мацей з Вільні.
У XV ст. налічвала 19 касцёлаў, у пачатку XVII ст. — каля 50 касцёлаў, у XVIII ст. — каля 200 касцёлаў (разам з філіяльнымі). З 1587 года існавалі тры дэканаты, з 1636 года — 6 дэканатаў[8].
У пасланні да кардыналаў Рымскай курыі з нагоды прызначэння ў 1417 годзе першага каталіцкага біскупа для Жамойці Мацея львоўскі архібіскуп Ян і віленскі біскуп Пётр пісалі: «Дастойнага пана Мацея, магістра вольных навук, пробашча Віленскага, Ліцвіна, які поўнасцю валодае жамойцкай гаворкай <…> мы высвяцілі на кафедру»[upper-alpha 1]. Тое, што першы жамойцкі біскуп досыць добра ведаў «жамойцкую гаворку»[upper-alpha 2], паўтаралася яшчэ ў адным пасланні гэтых жа іерархаў[11]. Само ж новае біскупства стваралася для «народу Жамойтаў», што неаднаразова падкрэслівалася ў афіцыйных дакументах (лац.: gens Samagitarum у 1409 годзе[12], лац.: gens Samaytarum у 1416 годзе[13]). У просьбе вялікага князя Вітаўта да папы Марціна V аб прызначэнні новага біскупа для «жамойцкага народа» Мікалая (1423 год) зноў зазначалася, што гэтым разам ужо другі жамойцкі біскуп ведае «гаворку жамойцкага народа» (sciensque gentis Samaitice ydioma[14])[15]. Такім парадкам, жамойцкія біскупы мусілі вольна валодаць жамойцкай мовай[16]. У 11-й кнізе сваіх хронікаў Ян Длугаш зазначыў пра першага жамойцкага біскупа Мацея, што той «добра ведаў мовы літоўскую і жамойцкую»[upper-alpha 3], чым засведчыў існаванне дзвюх асобных моў — літоўскай і жамойцкай. Апроч таго, апісваючы эпізоды хрышчэння ліцвінаў і жамойтаў, храніст адзначыў: пры хрышчэнні ліцвінаў польскія святары не мелі патрэбы ў перакладчыках, якія спатрэбіліся ім пры хрышчэнні жамойтаў[upper-alpha 4][19]. Яшчэ адным сведчаннем адрознення лічыцца грамата вялікага князя Аляксандра да біскупа жамойцкага Марціна ад 1503 года, дзе зазначалася нізкая адукацыя парафіяльных ксяндзоў у Жамойці і тое, што яны былі няздольныя карыстацца ў набажэнствах «гаворкай літоўскай або гэтай жамойцкай»[upper-alpha 5][6]. У 1507 годзе Барташ Табаравіч, брат якога біскуп віленскі Войцех Табар атрымаў аналагічную паводле зместу грамату, аформіў фундацыю на касцёл у Таўрогах з прызначэннем туды святароў, якія б ведалі «гутарковую жамойцкую мову» і маглі б навучаць парафіян слову Божаму ў «мове жамойтаў»[20].
28 лютага 1506 года кароль польскі і вялікі князь літоўскі Аляксандр накіраваў у Ватыкан дакумент, у якім прасіў заснаваць асобную Прускую каталіцкую мітраполію, якая мелася стаць асобным царкоўным княствам на чале з архібіскупам. Да гэтага княства-мітраполіі прапанавалася далучыць Жамойцкае біскупства, што фактычна значыла вылучэнне тэрыторыі Жамойці са складу Вялікага Княства Літоўскага. Апроч таго, у самім дакуменце Жамойць мела непрывабную характарыстыку: адзначалася, што праз яе тэрыторыю было небяспечна падарожнічаць з Прусіі ў Рыгу. Як зазначае Павел Урбан, гэты праект сведчыў пра іншароднасць Жамойці ў складзе Вялікага Княства Літоўскага і большую этнічную блізкасць жамойтаў з карэнным насельніцтвам Прусіі[21][22].
Пры прызначэнні ў 1575 годзе Мельхіёра Гедройца на Медніцкую кафедру неаднаразова падкрэслівалася, што ён «валодае жамойцкай мовай»[upper-alpha 6]. Пры візітацыі Жамойцкага біскуства ў 1579 годзе абмяркоўвалася выключна жамойцкая мова (лац.: lingua Samogitica) — як вусная мова мясцовага насельніцтва[upper-alpha 7]. Складзеныя ў 1620—1752 гадах спісы навучэнцаў Папскай семінарыі ў Вільні размяжоўваюць літоўскую (lingua lituanica) і жамойцкую (lingua samogitica) мовы[27] — як і ліцвінаў з жамойтамі[28]. У 1631 годзе пры прызначэнні на Медніцкую кафедру Мельхіёра Гейша, народжанага на Жамойці, староста генеральны жамойцкі Геранім Валовіч зазначаў, што той «вольна валодае жамойцкай мовай…, якой амаль не валодаў ніводны біскуп да цяперашняга часу» (лац.: «Et ita existimo, quia ipse callet linguam Samogiticam…, quam fere nullus Episcopus, praeter modernum, possedit»)[29]. У 1647 годзе чацверты сінод Жамойцкага біскупства пастанавіў перакласці булу Папы Рымскага Урбана VIII менавіта на «жамойцкую мову» (лац.: «lingua Samogitica translaram»), таго ж года адпаведны тэкст змясцілі ў кнізе «Synodus quarta dioecesis Samogitiae», надрукаванай у Вільні. Публікацыя жамойцкага перакладу тлумачылася ў пастанове сінода тым, што некаторыя святары і прапаведнікі перакручвалі змест булы «ў мясцовай мове»[30]. У 1690 годзе адпаведны тэкст папскай булы «жамойцкай мовай» з невялікімі зменамі змясцілі ў надрукаваным у Вільні зборніку дакументаў Жамойцкага біскупства[31].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.