Ісус Хрыстос
From Wikipedia, the free encyclopedia
Ісу́с Хрысто́с, Е́зус Хры́стус (іўр.: ישו, стар.-грэч.: Ἰησοῦς Χριστός, лац.: Iesus Christus, каля 4 г. да н.э. — каля 30 г. н.э.[5]) — цэнтральная постаць хрысціянства[6], Богачалавек, большасць хрысціянскіх дэнамінацый лічыць Яго Бо́жым Сы́нам, у Якім спалучаны Боская (як Бог-Сын ён — другая асоба Тройцы) і чалавечая (народжаны ад Марыі) прыроды[7]. Паводле Новага Запавету, добраахвотна прыняў пакутніцкую смерць, каб выкупіць людскія грахі[8]. Адсюль розныя эпітэты і імёны Ісуса Хрыста — Збавіцель, Сын Чалавечы, Сын Божы і інш.[7]
Ісус Хрыстос | |
---|---|
арам.: ישו | |
Хрыстос Пантакратар (адна з найстаражытнейшых ікон Хрыста, VI ст., манастыр Св. Кацярыны, паўвостраў Сінай) | |
Імя пры нараджэнні | יֵשׁוּ |
Род дзейнасці | прапаведнік, прарок, цясляр, рабін, цудатворац, рэлігійны лідар, знахар, Месія, прапаведнік, настаўнік, заснавальнік рэлігіі, tektōn, pastor |
Дата нараджэння | 12—4 гг. да н.э. |
Месца нараджэння | Віфлеем, Іўдзея |
Дата смерці | 26—36 н.э. |
Месца смерці | Іерусалім, Іўдзея |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Веравызнанне | іўдаізм |
Бацька | Іосіф Абручнік[3] або Бог Айцец[4] |
Маці | Дзева Марыя |
Жонка | невядома |
Месца працы |
|
Альма-матар |
|
Член у | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Хрысціянская царква лічыць Ісуса Хрыста заснавальнікам свайго веравызнання[5]. Апісанне жыцця і вучэння Ісуса выкладзена ў тэкстах кананічных Евангелляў ад Мацвея, Марка, Лукі і Яна. Паводле Бібліі, Ісус нарадзіўся ў палесцінскім горадзе Віфлееме ў часы валадарства рымскага імператара Аўгуста, ва ўзросце каля 30 гадоў сабраў вакол сябе 12 вучняў-апосталаў, з якімі хадзіў па Палесціне, прапаведуючы Сваё вучэнне[9] і творачы цуды (уваскрэсенне памерлых, хаджэнне па вадзе, насычэнне тысяч людзей пяццю хлябамі, лячэнне псіхічнахворых і інш.[7]).[8] У Іерусаліме Яго вучань Іуда прадаў свайго настаўніка за 30 сярэбранікаў. Ісус быў асуджаны рымскім намеснікам Понціем Пілатам на пакаранне смерцю[10], распяты на крыжы і пахаваны. Аднак, як сцвярджаецца ў Бібліі, на трэці дзень Ён уваскрэс і ўзнёсся на неба. Многія з дэталей біяграфіі Хрыста лічацца прадказанымі ў Старым запавеце, дзякуючы чаму ствараецца пераемная сувязь паміж Старым і Новым Запаветамі[5].
Хрысціяне лічаць Ісуса доўгачаканым Месіяй Старога Запавету[11]. Большасць хрысціян верыць, што Ісус быў зачаты ад Духа Святога, нарадзіўся ад Дзевы, тварыў цуды, заснаваў Царкву, памёр на крыжы ахвярна для дасягнення адкуплення, уваскрос з мёртвых і ўзнёсся на неба, адкуль Ён вернецца[12]. Большасць хрысціян пакланяецца Ісусу як увасабленню Бога-Сына і Другой Асобы Святой Тройцы, некаторыя хрысціянскія групы цалкам або часткова аспрэчваюць трынітарызм як не біблейскае вучэнне.
У ісламе Ісус (звычайна транслітэруюцца як Іса) лічыцца адным з важных прарокаў Бога. Для мусульман Ісус прыносіць Пісанне, ён — прадукт беззаганнага зачацця, але не ахвяра распяцця. Іўдаізм адпрэчвае веру, што Ісус быў доўгачаканым Месіяй, сцвярджаючы, што Ён не выканаў месіянскіх прароцтваў у Танаху. Пісанне бахаяў амаль ніколі не спасылаецца на Ісуса як Месію, але называе яго Богаяўленнем[13]. Некаторыя даследчыкі, асабліва ў XIX ст., адмаўлялі само існаванне Ісуса Хрыста, цяпер большасць вучоных прызнаюць гістарычнасць Хрыста[5].