Ялоўка (гміна Міхалова)
From Wikipedia, the free encyclopedia
From Wikipedia, the free encyclopedia
Яло́ўка (польск.: Jałówka), традыцыйная беларуская назва — Ялаўка (на мясцовай беларускай гаворцы: Яло́ўка[2]) — вёска ў Польшчы, у складзе гміны Міхалова Беластоцкага павета Падляскага ваяводства.
Вёска
| ||||||||||||||||||||||
Ялаўка — даўняе магдэбургскае мястэчка гістарычнай Ваўкавышчыны (частка Наваградчыны), на беларускай этнічнай тэрыторыі.
Жыхары вёскі каталікі (парафія Перамянення Гасподняга ў вёсцы[3]) з польскай нацыянальнай ідэнтыфікацыяй і этнічныя беларусы, пераважна праваслаўныя (прыход Узвышэння Святога Крыжа ў вёсцы).
Упершыню Ялаўка згадваецца ў XVI стагоддзя як мястэчка ў Ваўкавыскім павеце Новагародскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Раней верагодна тут існаваў цэнтр адміністрацыі Ялаўскай пушчы, самай заходняй часткі Ваўпянскай пушчы. Мястэчка засялялася беларусамі з паўднёвых прытокаў Росі, бо ў 1623 г. пражывалі тут толькі 4 палякі, 4 літоўцы і 2 венгры.[4]. У 1545 вялікі князь Жыгімонт Стары надаў паселішчу Магдэбургскае права. У XVII ст. Ялаўка зрабілася цэнтрам нягродавага староства, якое трымалі Гараіны. Ужо ў пачатку XVI стагоддзя існавала тут праваслаўная царква, а пасля Бона Сфорца фундавала тут каталіцкі касцёл. У пачатку XVII стагоддзя староста ялаўскі Ян Станіслаў Сапега пабудаваў тут першую школу. Войны сярэдзіны XVII стагоддзя спустошылі мястэчка, таму чарговы староста Юрый Караль Глябовіч вызваліў мяшчан ад падаткаў і дапамагаў у адбудове спаленых хатаў[4]. Першыя іўдзеі з’явіліся ў Ялаўцы пад канец XVIII стагоддзя і пачаткова адносіліся да кагала ў Свіслачы[5]. 18 студзеня 1792 кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі надаў мястэчку герб: «у блакітным полі выява Святога Мацвея»[6].
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Ялаўка апынулася ў складзе Расійскай імперыі, дзе зрабілася цэнтрам воласці Ваўкавыскага павета Гродзенскай губерні. У 1859 г. пачалося будаўніцтва новага касцёла, але царскія ўлады адабралі ў каталікоў будынак і перадалі праваслаўным, якія ў 1861 г. заснавалі новую царкву і прыход Св. Аляксандра Неўскага. На каталіцкую Сёмуху 1863 г. Ялаўка была занята паўстанцкім атрадам Валерага Урублеўскага, што стало прычынай ліквідацыі каталіцкай парафіі і далучэння Ялаўкі да свіслацкай парафіі (1866 г.). Мясцовыя каталікі атрымалі дазол на стварэнне парафіі Св. Антонія толькі ў 1907 г. і ў 1910—1915 гадах пабудавалі новы касцёл[4]. У другой палове XIX ст. у мястэчку дзейнічалі 2 царквы, сельскае прыходскае вучылішча. У выніку хуткага развіцья яўрэйскай грамады ў Ялацы ў другой палове 19 ст. была заснавана самастойная гміна з 2 сінагогамі[5].
Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Ялаўка апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе зрабілася цэнтрам гміны Ваўкавыскага павета Беластоцкага ваяводства. Царква Св. Аляксандра Неўскага была адабрана праваслаўным і ў 1922 г. асвяшчоная ў касцёл у гонар Перамянення Панскага і Св. Міхала. З 1933 г. касцёл стаў цэнтрам самастойнай (другой у мястэчку) парафіі[4]. У 1937—1939 гадах ксяндзом у Ялаўцы быў Янка Семашкевіч.
У 1939 Ялаўка ўвайшла ў БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 зрабілася цэнтрам Ялоўскага сельсавета Свіслацкага раёна Беластоцкай вобласці. Статус паселішча панізілі да вёскі. У Другую сусветную вайну з 1941 да 1944 Ялаўка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. 24 чэрвеня 1941 г. у выніку нямецкага наступлення згарэлі 55 жылыя дамы, 250 гаспадарчых пабудоў і драўляная царква[4]. Пад канец 1942 г. нацысты вывезлі з Ялаўкі ўсіх яўрэяў (каля 600 чал.), спярша ў часовы лагер пад Ваўкавыскам, а пасля ў лагер смерці ў Трэблінку[5]. У ліпені 1944 г. адступаючыя немцы знішчылі касцёл Св. Антонія, новабудаваную царкву і сінагогу[4]. 16 жніўня 1945 улады СССР перадалі паселішча Польшчы. Праваслаўныя жыхары толькі ў 1958—1966 гадах пабудавалі новую мураваную царкву Узвышэння Святога Крыжа[4]. Пасля Другой сусветнай вайны Ялаўка была далучана да гміны Міхалова і хутка апусцела (знаходзіцца ў 1 км ад дзяржаўнай мяжы і ляжыць далёка ад камунікацыйных шляхаў).
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.