From Wikipedia, the free encyclopedia
Распад Кіеўскай Русі — працэс палітычнага драбнення Кіеўскай Русі, якая ў сярэдзіне XII стагоддзя падзялілася на незалежныя княствы. Фармальна яна праіснавала аж да мангольскага нашэсця (1237—1241), і Кіеў працягваў лічыцца галоўным горадам.
Эпоху XII—XVI стагоддзяў прынята называць удзельным перыядам або (па пазначэнні савецкай марксісцкай гістарыяграфіі) феадальнай раздробленасцю. Пасля 1132 года, са смерцю апошняга магутнага кіеўскага князя Мсціслава Вялікага, адбылося спыненне барацьбы за Кіеў і кіеўскія воласці. Спыніліся традыцыі калектыўнага валодання і сумеснай абароны Кіеўскай зямлі прадстаўнікамі розных галін Рурыкавічаў. Канчатковае завяршэнне працэсу прыпадае на другую палову XIII стагоддзя, калі сур’ёзна змянілася ранейшая структура амаль усіх старажытнарускіх зямель, на іх заходнюю частку пачала распаўсюджвацца ўлада Літвы і Польшчы. Рэгіён тым самым страціў сваё дынастычнае адзінства[1].
Вынікам распаду стала ўзнікненне на месцы Кіеўскай Русі новых палітычных утварэнняў, аддаленым следствам — фарміраванне сучасных народаў: рускіх, украінцаў і беларусаў.
Падобна працэсам у большасці раннесярэднявечных дзяржаў, распад Кіеўскай Русі быў заканамерным. Перыяд дэзінтэграцыі звычайна інтэрпрэтуецца не проста як разлад сярод нашчадкаў Рурыка, але як аб’ектыўны і нават прагрэсіўны працэс, звязаны з павелічэннем баярскага землеўладання[2]. У княствах паўстала ўласная эліта, якой было выгадней мець свайго князя, чым падтрымліваць вялікага князя кіеўскага. Частка гісторыкаў лічыць, што на першым этапе (у дамангольскі перыяд) раздробленасць не азначала спыненне існавання Старажытнарускай дзяржавы[1].
Першая пагроза цэласнасці краіны паўстала адразу ж перад смерцю Уладзіміра Святаславіча. Ён кіраваў краінай, пасадзіўшы 12 сваіх сыноў па асноўных гарадах. Старэйшы з іх, Яраслаў, які кіраваў Ноўгарадам, ужо пры жыцці бацькі адмовіўся пасылаць у Кіеў даніну. Калі Уладзімір памёр (1015), пачалася міжусобная вайна. Яна скончылася гібеллю ўсіх сыноў Уладзіміра, акрамя Яраслава і Мсціслава Тмутараканскага. Два браты падзялілі «Рускую зямлю» па Дняпры. Толькі ў 1036 годзе, пасля смерці Мсціслава, Яраслаў стаў кіраваць аднаасобна ўсёй тэрыторыяй, акрамя Полацкага княства, дзе з канца X стагоддзя зацвердзіліся нашчадкі іншага сына Уладзіміра — Ізяслава[3].
Пасля смерці Яраслава ў 1054 годзе Русь была падзелена ў адпаведнасці з яго завяшчаннем паміж пяццю сынамі. Старэйшаму Ізяславу адыйшлі Кіеў і Ноўгарад, Святаславу — Чарнігаў, Разань, Мурам і Тмутаракань, Усеваладу — Пераяслаў і Растоў, малодшым, Вячаславу і Ігару — Смаленск і Валынь[4]. Парадак замяшчэння княжацкіх сталоў, які ўсталяваўся ў дадзены перыяд, атрымаў у сучаснай гістарыяграфіі назву «лесвічнага». Князі прасоўваліся па чарзе ад стала да стала ў адпаведнасці са сваім старшынствам. Са смерцю аднаго з князёў адбывалася перамяшчэнне ніжэйстаячых на прыступку ўверх. Але, калі адзін з сыноў паміраў раней свайго бацькі і не паспяваў пабываць на яго стале, то яго нашчадкі пазбаўляліся правоў на дадзены стол і станавіліся «ізгоямі». З аднаго боку, такі парадак перашкаджаў ізаляцыі зямель, так як князі пастаянна перамяшчаліся ад аднаго стала да іншага, але з другога, спараджаў пастаянныя канфлікты паміж дзядзькамі і пляменнікамі.
У 1097 годзе па ініцыятыве Уладзіміра Манамаха наступнае пакаленне князёў сабралося на з’езд у Любечы, дзе было прынята рашэнне аб спыненні міжусобных войн. Абвешчаны прынцып «кожны хай трымае Айчыну сваю»[5]. Тым самым быў адкрыты працэс стварэння рэгіянальных дынастый. Кіеў па рашэнні Любечскага з’езда быў прызнаны за Святаполкам Ізяславічам (1093—1113), што азначала захаванне традыцыі атрымання ў спадчыну сталіцы старэйшым. Княжанне Уладзіміра Манамаха (1113—1125) і яго сына Мсціслава (1125—1132) стала перыядам палітычнай стабілізацыі, і практычна ўсе часткі Русі, уключаючы Полацкае княства, зноў апынуліся ў арбіце Кіева.
Мсціслаў перадаў кіеўскае княжанне свайму брату Яраполку (1132—1139). Намер апошняга выканаць задуму Уладзіміра Манамаха і зрабіць сваім пераемнікам сына Мсціслава — Усевалада ў абыход малодшых Манамахавічаў — растоўскага князя Юрыя Далгарукага і валынскага князя Андрэя Добрага прывёў да ўсеагульнай міжусобнай вайны[6].
Да сярэдзіны XII стагоддзя Кіеўская Русь фактычна падзялілася на 13 (па іншых ацэнках ад 15[2] да 18[7]) княстваў (па летапіснай тэрміналогіі «зямель»)[8]. Яны адрозніваліся як па памеры тэрыторыі і ступені згуртаванасці, так і па суадносінах сіл паміж князем, баярствам, служылым дваранствам і радавым насельніцтвам.
Дзевяць княстваў кіраваліся ўласнымі дынастыямі. Іх структура паўтарала ў мініяцюры сістэму, што раней існавала ў маштабе ўсёй Русі: мясцовыя сталы размяркоўваліся паміж членамі дынастыі па лесвічным прынцыпе, галоўны стол даставаўся старэйшаму ў родзе. Сталы ў іншых дынастычных землях князі займаць не імкнуліся, і знешнія межы гэтай групы княстваў адрозніваліся стабільнасцю.
У канцы XI стагоддзя за сынамі старэйшага ўнука Яраслава Мудрага Расціслава Уладзіміравіча замацаваліся Перамышльская і Тэрэбоўльская воласці, якія пазней аб’ядналіся ў Галіцкае княства. У Чарнігаўскім княстве з 1127 года кіравалі сыны Давыда і Алега Святаславічаў (пасля толькі Ольгавічы). У Мурамскім княстве кіраваў іх дзядзька Яраслаў Святаславіч. Пазней са складу Мурамскага княства вылучылася княства Разанскае. У Суздальскай зямлі замацаваліся нашчадкі сына Уладзіміра Манамаха Юрыя Даўгарукага, сталіцай княства з 1157 года стаў Уладзімір. Смаленскае княства з 1120-х замацавалася за лініяй унука Уладзіміра Манамаха Расціслава Мсціславіча. У Валынскім княстве сталі княжыць нашчадкі іншага ўнука Манамаха — Ізяслава Мсціславіча. У другой палове XII стагоддзя за нашчадкамі князя Святаполка Ізяславіча замацавалася Турава-Пінскае княства. З другой трэці XII стагоддзя за нашчадкамі Усеваладка (яго імя па бацьку ў летапісах не прыводзіцца, як мяркуецца ён быў унукам Яраполка Ізяславіча) замацоўвацца Гарадзенскае княства[9]. Анклаўныя Тмутараканскае княства і горад Белая Вежа спынілі сваё існаванне ў пачатку XII стагоддзя пад ударамі полаўцаў.
Чатыры княствы не замацаваліся за якой-небудзь адной дынастыяй. Не стала Пераяслаўскага княства, якім на працягу XII стагоддзя — XIII стагоддзяў часцей за ўсё кіравалі малодшыя прадстаўнікі Уладзіміра — суздальскіх Манамахавічаў, але перыядычна таксама і князі, якія прыходзілі з іншых зямель.
Кіеў заставаўся пастаянным яблыкам разладу. У другой палове XII стагоддзя барацьба за яго ішла ў асноўным паміж Манамахавічамі і Ольгавічамі. Пры гэтым вобласць вакол Кіева — так званая «руская зямля» ў вузкім сэнсе слова — працягвала разглядацца як агульны дамен усяго княскага роду, і сталы ў ёй маглі займаць прадстаўнікі адразу некалькіх дынастый. Напрыклад, у 1181—1194 гадах Кіеў знаходзіўся ў руках Святаслава Усеваладавіча Чарнігаўскага, а астатняя частца княства была за Рурыкам Расціславічам Смаленскім.
Ноўгарад таксама застаўся агульнарускім сталом. Тут склалася надзвычай моцнае баярства, якое не дало замацавацца ў горадзе ніводнай княжацкай галіне. У 1136 годзе Манамахавіч Усевалад Мсціславіч быў выгнаны, і ўлада перайшла да веча. Ноўгарад стаў арыстакратычнай рэспублікай. Баярства само запрашала князёў. Іх роля абмяжоўвалася выкананнем некаторых выканаўчых і судовых функцый (сумесна з пасаднікам), і узмацненнем наўгародскага апалчэння княжымі дружыннікамі. Падобны парадак усталяваўся ў Пскове, які да сярэдзіны XIII стагоддзя стаў аўтаномным ад Ноўгарада (канчаткова з 1348 года).
Пасля спынення дынастыі галіцкіх Расціславічаў (1199) у ліку «нічыйных» сталоў часова апынуўся Галіч. Ім завалодаў Раман Мсціславіч Валынскі, і ў выніку аб’яднання двух суседніх зямель паўстала Галіцка-Валынскае княства. Аднак пасля смерці Рамана (1205) галіцкае баярства адмовілася прызнаць уладу яго малалетніх дзяцей, і за зямлю разгарнулася барацьба паміж усімі асноўнымі княжымі галінамі[10], пераможцам з якой выйшаў сын Рамана Данііл.
У цэлым, палітычнае развіццё Русі ў гэты перыяд вызначалася суперніцтвам чатырох наймацнейшых зямель: Суздальскай, Валынскай, Смаленскай і Чарнігаўскай, якія кіраваліся, адпаведна, субдынастыямі Юр’евічаў, Ізяславічаў, Расціславічаў і Ольгавічаў. Астатнія землі ў той ці іншай форме залежалі ад іх.
Для Кіеўскай зямлі, якая ператварылася з метраполіі ў звычайнае княства, было характэрна няўхільнае памяншэнне палітычнай ролі. Тэрыторыя самой зямлі таксама пастаянна памяншалася. Адным з эканамічных фактараў, якія падарвалі магутнасць горада, было змяненне міжнародных гандлёвых камунікацый. «Шлях з варагаў у грэкі», што раней быў стрыжнем Кіеўскай Русі, страціў сваю актуальнасць пасля Крыжовых паходаў. Еўропа і Усход цяпер былі звязаны ў абыход Кіева (праз Міжземнае мора і праз Волжскі гандлёвы шлях). Пастаянная барацьба за княскі пасад, палітычная нестабільнасць, паўстанні гараджан прывялі да таго, што на працягу XII стагоддзя князь кіеўскі змяняўся 37 раз; некаторыя з князёў займалі прастол менш за год. Так, Ігар Ольгавіч і Глеб Юр’евіч былі забітыя кіяўлянамі менш чым праз год праўлення, а Ізяслаў Давыдавіч і Расціслаў Мсціславіч абодва займалі прастол тройчы і двойчы бывалі зрынуты.
У 1169 годзе ў выніку паходу кааліцыі адзінаццаці князёў, якія дзейнічалі па ініцыятыве ўладзіміра-суздальскага князя Андрэя Багалюбскага, горад упершыню ў практыцы княжацкіх усобіц быў узяты штурмам і разрабаваны. Упершыню князь, што завалодаў горадам, не застаўся ў ім княжыць, пасадзіўшы тут свайго стаўленіка[11]. У 1203 годзе Кіеў зноў быў разрабаваны. Улетку 1212 года горад захапілі войсі кааліцыі Манамахавічаў, пасля чаго барацьба вакол яго сціхла на два дзесяцігоддзі. Асноўнымі кіраўнікамі паходу выступілі Мсціслаў Раманавіч Стары Смаленскі, Мсціслаў Мсціславіч Удатны Наўгародскі і Інгвар Яраславіч Луцкі[12].
Моцны ўдар быў нанесены Кіеву ў ходзе мангольскага нашэсця ў 1240 годзе. У гэты момант горад кіраваўся ўжо толькі княжацкім намеснікам, у перыяд з пачатку нашэсця ў ім змянілася 5 князёў. Па сведчанні Джавані дэ Плана Карпіні, сталіца Русі ператварылася ў гарадок, які налічваў не больш за 200 дамоў. Існуе меркаванне, што значная частка насельніцтва Кіеўшчыны сышла ў паўночныя вобласці[13]. У другой палове XIII стагоддзя Кіеў кіраваўся ўладзімірскімі намеснікамі[14], а пазней — ардынскімі баскакамі і мясцовымі правінцыйнымі князямі, імёны большасці з якіх невядомыя[15]. У 1299 годзе Кіеў страціў свой апошні сталічны атрыбут — рэзідэнцыю мітрапаліта. У 1321 годзе ў бітва на рацэ Ірпені кіеўскі князь Станіслаў, нашчадак Ольгавічаў, пацярпеў паразу ад літоўцаў і прызнаў сябе васалам літоўскага князя Гедзіміна, адначасова застаючыся і ў залежнасці ад арды. У 1362 годзе князем Альгердам горад быў канчаткова далучаны да Літвы[16].
Пры ўдзельным літоўскім князе Уладзіміры Альгердавічы (не пазней 1367—1395) заняпад Кіева змяніўся уздымам. У княстве аднавілася гарадское будаўніцтва, пачалася чаканка ўласнай манеты. Тэрыторыя Кіеўскай зямлі значна пашырылася. Патэнцыйна горад меў шанец стаць яшчэ адным аб’яднальным цэнтрам рускіх зямель, аднак вялікі князь Вітаўт зрушыў Уладзіміра са стала і ў 1399 годзе панізіў княства да статусу намесніцтва. З 1440 па 1470 год Кіеўскае княства было адноўлена пад праўленнем Алелька Уладзіміравіча і Сямёна Алелькавіча, пасля чаго было ліквідавана і пераўтворана ў ваяводства[17].
Нягледзячы на палітычную дэзінтэграцыю, ідэя адзінства Рускай зямлі захавалася. Найважнейшымі аб’ядноўваючымі фактарамі, якія сведчылі аб агульнасці рускіх зямель і адначасова адрознівалі Русь ад іншых праваслаўных краін, былі:
З’яўляючыся заканамерным з’явай, раздробленасць на першым часе спрыяла дынамічнаму эканамічнаму развіццю рускіх зямель: росту гарадоў, росквіту культуры. Агульная тэрыторыя Русі павялічвалася, дзякуючы інтэнсіўнай каланізацыі. З іншага боку, раздробленасць прывяла да зніжэння абароннага патэнцыялу, што супала па часе з неспрыяльнай знешнепалітычнай сітуацыяй. Да пачатку XIII стагоддзя акрамя палавецкай небяспекі (якая зніжалася, так як пасля 1185 года полаўцы не рабілі ўварванняў на Русь па-за рамкамі рускіх міжусобіц) краіна сутыкнулася з агрэсіяй з двух іншых кірункаў. З’явіліся ворагі на паўночным захадзе: каталіцкія нямецкія ордэны і літоўскія плямёны, якія ўступілі на стадыю раскладання родаплемяннога ладу. Ва ўнутраныя справы Галіча часам ўмешвалася Венгрыя. У 1237—1240 гадах адбылося мангола-татарскае нашэсце з паўднёвага ўсходу, пасля якога рускія землі трапілі пад уладу Залатой Арды.
У пачатку XIII стагоддзя агульная колькасць княстваў (з улікам удзельных) дасягнула 50. Пры гэтым было выяўлена некалькі патэнцыйных цэнтраў аб’яднання. Найбольш магутнымі рускімі княствамі на паўночным усходзе з’яўляліся Уладзіміра-Суздальскае і Смаленскае. Да пачатку XIII стагоддзя намінальнае вяршэнства ўладзімірскага вялікага князя Усевалада Юр’евіча Вялікае Гняздо прызнавалася ўсімі рускімі землямі, акрамя Чарнігава і Полацка, і ён выступаў арбітрам у спрэчцы паўднёвых князёў за Кіеў. У першай трэці XIII стагоддзя лідзіруючыя пазіцыі займаў дом смаленскіх Расціславічаў, якія ў адрозненне ад іншых князёў не драбілі сваё княства на надзелы, а імкнуліся займаць сталы за яго межамі. З прыходам у Галіч прадстаўніка Манамахавічаў Рамана Мсціславіча на паўднёвым захадзе самым магутным княствам стала Галіцка-Валынскае. У апошнім выпадку фармаваўся поліэтнічны цэнтр, адкрыты для кантактаў з Цэнтральнай Еўропай.
Аднак, натуральны ход цэнтралізацыі апынуўся перакрэслены мангольскім нашэсцем. У другой палове XIII стагоддзя сувязі паміж рускімі землямі, пачынаючы ад палітычных кантактаў і заканчваючы згадваннем адзін аднаго ў летапісанні, дасягнулі мінімуму. Княствы пацярпелі ад унутранага тэрытарыяльнага драбнення. Далейшае збіранне рускіх зямель праходзіла ў цяжкіх знешнепалітычных умовах і дыктавалася ў першую чаргу палітычнымі перадумовамі. Княствы Паўночна-Усходняй Русі на працягу XIV—XV стагоддзяў аб’ядноўваліся вакол Масквы, паўднёвыя і заходнія рускія землі — Літвы.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.