(XIV ст.) князь кіеўскі From Wikipedia, the free encyclopedia
Уладзімір Альгердавіч (да 1344, пэўна ў Віцебску — паміж 12.10.1398 і 12.8.1399) — вялікі князь кіеўскі (да 1367 — восень 1394), князь капыльскі (1395 — пасля 12 кастр. 1398).
Уладзімір Альгердавіч | |
---|---|
Нараджэнне | 1338 |
Смерць | 1398 |
Месца пахавання | |
Род | Гедзімінавічы |
Бацька | Альгерд |
Маці | Марыя |
Жонка | Ганна[d] |
Дзеці | Алелька Уладзіміравіч, Іван Уладзіміравіч Бельскі[1] і Андрэй Уладзіміравіч |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Сын вялікага князя Альгерда, напэўна 4-ы, і яго першай жонкі, віцебскай княжны Марыі (пам. 1346).
Упершыню ўспамінаецца, ужо як кіеўскі князь, у літоўска-лівонскім мірным дагаворы ад 7.11.1367 года[2][3]. Пэўна невядома калі Уладзімір заняў кіеўскі сталец, але гэта адносяць да 1362 года, калі, паводле позняга Густынскага летапісу, Альгерд пасля перамогі на Сініх Водах заняў Кіеў[4].
Ва ўладарства Уладзіміра Кіеўскае княства палітычна падпарадкоўвалася Залатой Ардзе і адначасова ўсё болей залежала ад Вялікага княства Літоўскага. З дапамогай вялікалітоўскі кантынгентаў межы ардынскага качэўя адсунуты за Дняпро, адноўлены ўмацаванні ўздоўж Сулы і шэраг кіеўскіх прыгарадаў, знішчаных у сярэдзіне XIII ст. Кіеўскі князь дзейнічаў у рэчышчы палітыкі свайго бацькі — вялікага князя Альгерда, у тым ліку датычна мітраполіі Кіеўскай і ўсяе Русі, час яго княжанне характарызуецца значным эканамічны, культурным і ваенным уздымам Паўднёвага Падняпроўя.[5]
Аднаўлялася богаслужэнне ў цэрквах, адбудоўваліся і будаваліся новыя храмы, адраджаліся манастыры. На кіеўскім Верхнім горадзе пабудаваны драўляны-земляны замак, а за горадам (цяпер раён Выгурыўшчыны ) умацаваная княжацкая рэзідэнцыя. Уладзімір ахвяраваў на цэрквы, вядома яго дарчая грамата[6] і ўклад Напрастольнага Евангелля[7] царкве св. Мікалая ў Смедзене, а таксама дарчая грамата на сёлы Кіеўскаму дамініканскаму кляштару св. Мікалая. Было адноўлена біццё ў Кіеве срэбранай манеты (гл. Манеты Уладзіміра Альгердавіча).[5]
Ужо пасля смерці Альгерда, Уладзімір падтрымліваў мітрапаліта Кіпрыяна, вясной 1384 года затрымаў у Кіеве і дапытваў суздальскага архіепіскапа Дыянісія, маскоўскую крэатуру, якога ў Канстанцінопалі паставілі на мітрапалічы сталец Кіеўскі і ўсяе Русі ў абыход Кіпрыяна, пастаўленага на сталец яшчэ ў 1376 годзе. Дыянісій памёр у турме праз паўтара года, іншыя маскоўскія крэатуры на мітрапалічы сталец ездзілі ў Канстанцінопаль і назад абмінаючы Кіеўскае княства, па Доне[5].
Пасля заняцця ў 1386 годзе Ягайлам польскага стальца, Уладзімір прызнаў сюзерэнітэт малодшага брата, у 1386, 1388 і 1389 гадах прысягаў на вернасць брату-каралю, яго жонцы Ядвізе і Кароне Польскай. У 1387 годзе, 2 і 17 лютага ў Вільні, разам з князямі троцкім Скіргайлам, ноўгарад-северскім Карыбутам, гарадзенскім Вітаўтам і польскімі панамі, выступаў сведкам на каралеўскім прывілеі заснавання Віленскага біскупства. Пасля гэтага, мусіць, пакінуў Вільню, бо не быў сведкам каралеўскага прывілея ад 20 лютага 1387 года[8] на наданне ільгот баярам-каталікам.[5]
У 1390 годзе Уладзімір падтрымаў Ягайлу у барацьбе супраць Вітаўта, разам з кіеўскім войскам удзельнічаў у аблозе Гродна. У 1394 годзе, 18 лютага ў Далатычах, разам з князямі гарадзенскім Вітаўтам, троцкім Скіргайлам, ратненскім Фёдарам выступіў паручыцелем за свайго брата Андрэя, былога полацкага князя. Пасля ўкняжэння ў 1392 годзе на вялікім княстве Вітаўта, Ягайла загадаў усім літоўскім і рускім князям падпарадкоўвацца новаму ўладару, але Уладзімір адмовіўся прысягнуць Вітаўту, матывуючы тым, што прысягаў ужо каралю. У 1393—1394 гадах падтрымаў барацьбу ноўгарад-северскага князя Карыбута і падольскага Фёдара супраць Вітаўта. Вясною 1394 года Вітаўт і полацкі князь Скіргайла захапілі паўночную частку Кіеўскага княства з Жытомірам і Оўручам і вымусілі Уладзіміра да перамоваў, вынікам якіх быў мір на 2 гады. Падчас другога паходу, восенню 1394 года Уладзімір не даў адпору і Кіеўскім княствам завалодаў Скіргайла, мясцовая знаць супраціўлялася, Звянігарад і Чаркасы давялося браць боем.[5]
Напэўна, у 1394 годзе Уладзімір хацеў вярнуць сабе Кіеў з дапамогай вялікага князя маскоўскага Васіля Дзмітрыевіча, пра гэта гаворыць пазнейшая «Хроніка Быхаўца» — «дед князь Володимер бегал на Москву и тем пробегал отчину свою Киев»[9], — але дамагчыся падтрымкі маскоўскага ўладара супраць Вітаўта не здолеў. У 1395 годзе Уладзімір вяртаецца ў Вялікае княства Літоўскае, хадайніцтвам свайго брата-караля Ягайлы атрымлівае Капыльскае княства і зямельныя ўладанні ў Панямонні.[5]
У 1397 годзе Скіргайла быў атручаны Фамой, кіеўскім намеснікам мітрапаліта Кіпрыяна, але сталец не быў вернуты Уладзіміру, Вітаўт аддаў яго сваім верным паплечнікам — князям Івану Барысавічу і Івану Альгімонтавічу.[5]
У 1398 годзе Уладзімір далучыўся да ўзначаленай Вітаўтам апазіцыі каралю Ягайлу, удзельнічаў у з'ездзе вялікалітоўскай знаці на нёманскім востраве Салін, дзе Вітаўта абвясцілі літоўскім каралём. У 1398 годзе, 12 кастрычніка, быў сярод сведкам літоўска-ордэнскага дагавора.[5]
Неўзабаве Уладзімір памёр, яго не было сярод удзельнікаў бітвы на Ворскле 12 жніўня 1399 года, але яшчэ раней, у канцы 1398 — сярэдзіне лета 1399 года, Вітаўт пацвердзіў[10] кіеўскаму дамініканскаму кляштару дарчую грамату Уладзіміра, што таксама можа сведчыць пра смерць капыльскага князя.[5]
Перад смерцю прыняў схіму[11]. Пахаваны ва Успенскай царкве Кіева-Пячорскага манастыра[5].
Уладзімір Альгердавіч захоўваў добрыя адносіны з мачахай — 2-й жонкай Альгерда — Ульянай Аляксандраўнай, а ў 1385 годзе і парадніўся, выдаў замуж за яе пляменніка — князя кашынскага Васіля, сваю дачку Анастасію. Ульяна апошнія гады жыцця знаходзілася пры двары Уладзіміра, памерла ў Кіеве (1392) і пахавана ў пячорах Кіева-Пячорскага манастыра.[5]
Уладзімір быў жанаты з Ганнай[11] невядомага паходжання. Апроч дачкі Анастасіі, меў трох сыноў — Алельку, Івана і Андрэя, праз якіх стаў родапачынальнікам родаў Алелькавічаў і Бельскіх[5].
Уладзімір | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Алелька ?—1454 | Іван | Андрэй | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Сямён | Міхаіл | Еўдакія | Феадосія | БЕЛЬСКІЯ | Глеб | Еўдакія | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Васіль | Соф’я | Аляксандра | Сямён | ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Юрый I | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Юрый II | Сямён | ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Юрый III 1559—1586 | Сямён-Ян ?—1592 | Аляксандр ?—1591 | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Соф’я 1585—1617 | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.