Намібія
краіна ў Паўднёвай Афрыцы From Wikipedia, the free encyclopedia
краіна ў Паўднёвай Афрыцы From Wikipedia, the free encyclopedia
Намі́бія (англ.: Namibia) — краіна ў паўднёвай Афрыцы. Мяжуе з Анголай, Замбіяй, Батсванай, ПАР. На захадзе абмываецца Атлантычным акіянам. Намібія атрымала незалежнасць толькі 21 сакавіка 1990 года, пасля узброенай барацьбы з ПАР. Яе сталіцай і найбуйнейшым горадам з’яўляецца горада Віндхук. Намібія з’яўляецца дзяржавай-членам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ААН), Супольнасці па пытаннях развіцця поўдня Афрыкі (САДК), Афрыканскага саюза (АС), а таксама Садружнасці нацый.
| |||||
Дэвіз: «Адзінства, Свабода, Правасуддзе» | |||||
Гімн: «Намібія, зямля адважных» | |||||
Дата незалежнасці | 21 сакавіка 1990 (ад ПАР) | ||||
Афіцыйная мова | англійская | ||||
Сталіца | Віндхук | ||||
Найбуйнейшы горад | Віндхук | ||||
Форма кіравання | рэспубліка | ||||
Прэзідэнт Прэм'ер-міністр | Хіфікепунье Пахамба Саара Куугангельва | ||||
Плошча • Усяго • % воднай паверхні | 33-я ў свеце 825 418 км² ~0 | ||||
Насельніцтва • Ацэнка (2019) • Шчыльнасць | 2 661 971[1] чал. (143-я) 3,2 чал./км² | ||||
ВУП • Разам (2017) • На душу насельніцтва |
$27 451 млн[2] $11 838 | ||||
Валюта | Намібійскі долар | ||||
Інтэрнэт-дамен | .na | ||||
Код ISO (Alpha-2) | NA | ||||
Код ISO (Alpha-3) | NAM | ||||
Код МАК | NAM | ||||
Тэлефонны код | +264 | ||||
Часавыя паясы | 1 красавіка 01:00:00 UTC+0100 (WAT) 2 верасня 03:00:00 UTC+0200 (WAST) |
Большая частка тэрыторыі — пустыннае плато. Уздоўж берага цягнецца пустыня Наміб, найстарэйшая і адна з самых засушлівых у свеце. Пустыні Наміб і Калахары зусім не безжыццёвыя, яны вызначаюцца эндэмізмам флоры і багаццем фаўны.
Пустыня Наміб была заселеная са старажытных часоў. Прыкладна з XIV стагоддзя рэгіён стаў аб’ектам экспансіі народаў банту. Большая частка тэрыторыі ўвайшла ў нямецкі імперскі пратэктарат у 1884 годзе і заставалася нямецкай калоніяй да канца Першай сусветнай вайны. У 1920 годзе Ліга Нацый даручыла краіну Паўднёвай Афрыцы, якая ўсталявала свае законы і з 1948 года праводзіла практыку апартэіду.
Намібія — унітарная рэспубліка, стабільная шматпартыйная прэзідэнцка-парламенцкая дэмакратыя. Адрозніваецца высокай палітычнай, эканамічнай і сацыяльнай стабільнасцю.
Намібія мае насельніцтва ў 2,6 млн чалавек. Большую частку насельніцтва складаюць банту (авамба, герэра і інш.) і кайсанскія народы (бушмены, нама). Пустынны клімат робіць Намібію адной з найменш шчыльна заселеных краін свету.
Аснову эканомікі Намібіі складаюць горназдабыўная прамысловасць (здабыча алмазаў, урану і каляровых металаў), жывёлагадоўля і рыбалоўства, турызм. Намібія мае на высокі па афрыканскіх мерках ВУП на душу насельніцтва. У 2013 годзе Bloomberg назваў эканоміку Намібіі лепшай рынкавай у Афрыцы і 13-й сярод эканомік краін, што развіваюцца.
Назва краіны паходзіць ад назвы пустыні Наміб, што ў перакладзе з мовы нама азначае «неабсяжнае месца». Да набыцця незалежнасці гэтая тэрыторыя была вядома спачатку як Германская Паўднёва-Заходняя Афрыка, а пад юрысдыкцыяй ПАС стала проста Паўднёва-Заходняй Афрыкай.
Намібія знаходзіцца на паўднёвым захадзе Афрыкі, што адлюстравалася ў яе каланіяльнай назве. На захадзе абмываецца Атлантычным акіянам, працягласць узбярэжжа складае 1572 км. Межы пераважна геаметрычныя — каланіяльная спадчына. На поўначы мяжуе з Анголай, часткова па рэках Куненэ і Кубанга, на паўночным усходзе паласа Капрыві дасягае ракі Замбезі, за якой пачынаецца Замбія. На ўсходзе цягнецца пустынная мяжа з Батсванай і ПАР, паўднёвая мяжа з ПАР праходзіць па ніжнім цячэнні ракі Аранжавая.
У плане рэльефа тэрыторыю Намібіі можна падзяліць на вузкую берагавую нізіну і плато, што займае астатнюю частку тэрыторыі. Цэнтральнае плато Дамара вышынёй 1100 м — 1700 м — найбольш населеная зона краіны. Найвышэйшым пунктам Намібіі з’яўляецца гара Брандберг (2579 м). Геалагічная гісторыя паспрыяла багаццю краіны руднымі карыснымі выкапнямі (уранам, жалезнымі рудамі, паліметалічнымі рудамі) і алмазамі.
Клімат краіны, у асноўным, трапічны, пераважна вельмі сухі. Надзвычайна сухія ўмовы характэрныя для узбярэжнай паласы — гэта так званы клімат берагавых пустынь гаруа, сфармаваны халодным Бенгельскім цячэннем, якое да таго ж робіць яго халаднейшым за клімат аналагічных шырот ў Паўночнай Афрыцы. Сярэдняя тэмпература самага цёплага месяца (студзеня) вагаецца ад +18 °C на ўзбярэжжы да +27 °C у пустыні Калахары, а самага халоднага месяца ад +12 °C да +16 °C. Ападкі выпадаюць нерэгулярна, іх колькасць вагаецца ад 10—50 мм на ўзбярэжжы да 500—700 мм на паўночным усходзе краіны.
Усе найбольш важныя рэкі Намібіі — тыя, што не перасыхаюць — памежныя: Аранжавая, Кубанга, Куненэ. Рэкі Экума, Фіш, напаўняюцца вадой толькі пасля непрацяглых дажджоў. Даліна ракі Фіш уяўляе сабой грандыёзны каньон, што па маштабах на свеце саступае аднаму каньёну Каларада. Самае вялікае возера — Этоша знаходзіцца на поўначы Намібіі, вадой яго катлавіна запаўняецца толькі падчас сезону ападкаў.
Большая частка краіны занята пустынямі і паўпустынямі. Уздоўж атлантычнага ўзбярэжжа паласой шырынёй у 60-160 км цягнецца пустыня Наміб. Тут сустракаюцца цікавыя эндэмікі: вяльвічыя, якая з’яўляецца сімвалам Намібіі, а таксама дыня нара. Маецца вялікая папуляцыя пустынных сланоў, а на ўзбярэжжы — лежбішчы коцікаў і калоніі акуляравых пінгвінаў. Цэнтральнае плато пераважна паўпустыннае. На ўсходзе раскінулася пустыня Калахары, якая характарызуецца шырокімі пясчанымі раўнінамі і выдмамі, устойлівым дэфіцытам прэснай вады. Пустыня Калахары мае багаты раслінны і жывёльны свет, падобны да саваннаў, таму многія навукоўцы лічаць Калахары апустыненай саваннай. У паласе Капрыві на крайнім паўночным усходзе краіны, дзе выпадае вялікая колькась ападкаў, распаўсюджаны вільготныя саванны, лясы і балоты.
Прыродаахоўных тэрыторый у Намібіі вельмі шмат і яны маюць вялікія памеры, спрыяе гэтаму распаўсюджанасць пустынных непрадуктыўных ландшафтаў. Нацыянальны парк Этоша займае басейн бяссцёкавага возера Этоша. У паўночнай паласе Наміба, з прычыны частых і згубных для маракоў туманаў празванай «Берагам Шкілетаў», створаны аднайменны нацыянальны парк.
Першыя стаянкі чалавека, выяўленыя на тэрыторыі Намібіі, адносяцца да II тысячагоддзя да н.э. Старажытнае насельніцтва Намібіі — плямёны кой-коін (продкі сучасных нама, 3 групы гатэнтотаў), сан (бушмены) і дамара. У XVI стагоддзі сюды прыйшлі плямёны банту (авамба, герэра, каванга і інш.), якія да канца ХІХ ст. склалі большасць і адцяснілі тутэйшых у самыя засушлівыя мясціны.
У канцы XV стагоддзя ўзбярэжжа Намібіі адкрылі партугальскія мараплаўцы. У 1878 г. Вялікабрытанія анексавала раён бухты Уолвіш-Бей і Пінгвінавыя астравы, што сталі часткай Капскай калоніі. У 1883 годзе нямецкі купец Адольф Людерыц выкупіў ўчастак ўзбярэжжа ў аднаго правадыроў племені нама за 200 стрэльбаў і тавараў коштам 100 фунтаў стэрлінгаў. У 1884 г. Германская імперыя ўсталявала пратэктарат над раёнам Ангра-Пекена, потым на большай частцы Намібіі, якая стала германскай калоніяй Германская Паўднёва-Заходняя Афрыка (ПЗА). У адказ на прыгнёт германскіх улад герэра на чале з С.Магарэра і нама на чале з Х.Вітбоем узнялі ў 1904—1907 гг. паўстанне, якое было жорстка задушана германскімі войскамі.
У 1915 г. Намібія акупіравана Паўднёва-Афрыканскім Саюзам (ПАС; з 1961 г. — Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка, ПАР), які ў 1920 г. атрымаў ад Лігі Нацый мандат на кіраванне ПЗА. У 1946 г. урад ПАР анексаваў ПЗА, ператварыў яе ў сваю правінцыю і распаўсюдзіў на яе рэжым апартэіду. ААН не прызнала анексію і ў 1968 і 1978 гг. прыняла рэзалюцыі аб праве народаў Намібіі на самавызначэнне. З 1966 г. узброеную барацьбу супраць акупацыі пачала Народная арганізацыя Паўднёва-Заходняй Афрыкі (СВАПО) на чале з С.Нуёмам. Улады ПАР падтрымліваў створаны з прадстаўнікоў памяркоўных арганізацый Дэмакратычны альянс Турнхале.
Пад націскам ААН і сусветнай супольнасці ўлады ПАР правялі ў лістападзе 1989 г. выбары ва Устаноўчы сход, на якіх перамагла СВАПО. У студзені 1990 г. Нуёма выбраны прэзідэнтам Намібіі. 21 сакавіка 1990 г. абвешчана незалежнасць краіны. Урад незалежнай Намібіі імкнецца праводзіць памяркоўную палітыку, накіраваную на развіццё прыватнага сектара і пазбяганне этнічнага і сацыяльнага канфлікту.
Намібія — дэмакратычная змешаная рэспубліка. Канстытуцыя дэкларуе і падтрымлівае прынцып падзелу ўлады. Прэзідэнт выбіраецца на пяцігадовы тэрмін і адначасова з’яўляецца лідарам краіны і кіраўніком урада. Двухпалатны парламент складаецца з Нацыянальнага Савета (26 сенатараў) і Нацыянальнай Асамблеі (72 дэпутаты). Нягледзячы на тое, што канстытуцыя прадпісвае шматпартыйную сістэму, нязменным палітычным манапалістам ад часу набыцця незалежнасці застаецца партыя СВАПО
Адміністрацыйна Намібія падзелена на 14 рэгіёнаў. Гэта ўнітарная дзяржава.
№ | Вобласці | Адміністрацыйны цэнтр | Насельніцтва, чал. (2011) | Плошча, км² | Шчыльнасць, чал./км² |
---|---|---|---|---|---|
1 | Куненэ | Апува | 86 856 | 115 293 | 0,75 |
2 | Амусаці | Аўтапі | 243 166 | 26 573 | 9,15 |
3 | Ашана | Ашакаці | 176 674 | 8 653 | 20,42 |
4 | Ахангвена | Ээнхана | 245 446 | 10 703 | 22,93 |
5 | Ашыкота | Амутыя | 181 973 | 38 653 | 4,71 |
6 | Заходняе Каванга | Нкурэнкуру | 107 505 | 23 166 | 4,64 |
7 | Усходняе Каванга | Рунду | 115 447 | 25 576 | 4,51 |
8 | Замбезі | Катыма-Муліла | 90 596 | 14 528 | 6,24 |
9 | Эронга | Свакапмунд | 150 809 | 63 579 | 2,37 |
10 | Ачасандзьюпа | Ачываронга | 143 903 | 105 185 | 1,37 |
11 | Амахеке | Габабіс | 71 233 | 84 612 | 0,84 |
12 | Кхомас | Віндхук | 342 141 | 37 007 | 9,25 |
13 | Хардап | Марыенталь | 79 507 | 109 651 | 0,73 |
14 | Карас | Кітмансхуп | 77 421 | 161 215 | 0,48 |
Намібія мае цесныя адносіны з дзяржавамі, якія дапамагалі ёй у вайне за незалежнасць, уключаючы Кітайскую Народную Рэспубліку, Расію і Кубу. Намібія ўмацоўвае эканамічныя і палітычныя сувязі ў паўднёваафрыканскім рэгіёне: з’яўляецца членам Супольнасці развіцця Поўдня Афрыкі і паўднёваафрыканскага мытнага саюза. Намібія з’яўляецца прыхільнікам далейшай рэгіянальнай інтэграцыі[3].
У Віндхуку беларускай амбасады няма, затое па сумяшчальніцтве тут акрэдытаваны беларускі пасол у ПАР.[4] 24 кастрычніка 2016 прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў сустрэўся з нігерыйскім віцэ-прэм’ерам Нетумба Нандзі-Ндаітвай. Кабякоў адзначыў, што «ёсць значны патэнцыял пашырэння супрацоўніцтва ў сферы сельскай гаспадаркі, здабыўной прамысловасці, адукацыі. Улічваючы развіццё ў Намібіі горназдабыўной галіны, прапануем разгледзець пастаўкі ў вашу краіну кар’ернай тэхнікі, шахтавага абсталявання, а таксама вымяральнага абсталявання радыяцыйнага кантролю, якое запатрабаваныя пры здабычы урану». Затым беларускі прэм’ер прапанаваў Намібіі падзяліцца вопытам стварэння аграгарадкоў.[5]
У Намібіі пражывае каля 2,6 млн чалавек (ацэнка 2018). Прырост насельніцтва цягам апошніх дзесяцігоддзяў імкліва запавольваўся: паміж перапісамі 1991 і 2001 гадоў сярэднегадавыя тэмпы росту складалі 2,6 %, у 2001—2011 — 1,4 %. Прычынай гэтаму стала распаўсюджанне СНІДу — каля 15 % жыхароў Намібіі носяць ВІЧ. Поспехі ў барацьбе з хваробай прывялі да вяртання да высокіх тэмпаў росту: за 2018 год намібійцаў стала больш на 1,91 %.[6]
З двух с паловай мільёнаў жыхароў краіны каля 85 % — чарнаскурыя, 10 % — мулаты, 5 % — нашчадкі еўрапейскіх імігрантаў. Асноўную этнічную супольнасць складаюць народы банту: авамба (50 %), герэра (7 %), тсвана, лозі, чоквэ, еен. Авамба, самы шматлікі этнас, традыцыйна жывуць на поўначы, зрэшты, цяпер шмат іх і ў гарадах па ўсёй краіне. Найбуйнейшыя кайсанскія народы — нама, сан і дамара. Ад часу еўрапейскай каланізацыі засталіся немцы (іх 35 000), афрыканеры (104 000), партугальцы (з Анголы), а таксама перасяленцы з Кітаю (каля 40 000). Нярэдкія ў асяроддзі каланістаў шлюбы з тутэйшымі жанчынамі прывялі да фарміравання этнічных супольнасцяў «каляровых» і «бастараў», якія размаўляюць на мове афрыкаанс. Нягледзячы на значную эміграцыю белых пасля абвяшчэння незалежнасці, сёння ў Намібіі пражывае найвялікшая пасля ПАР еўрапейская дыяспара ў трапічнай Афрыцы.
Афіцыйнай мовай з’яўляецца англійская, але ёй валодае каля 7 % насельніцтва. Рэгіянальнымі мовамі Намібіі з’яўляюцца: афрыкаанс, нямецкая (як гутарковыя мовы яны ўжываныя больш за англійскую), куангалі, лозі, тсвана, нама, герэрская і ашывамба.
50 % насельніцтва краіны — лютэране, што стала вынікам дзейнасці нямецкай і фінскай хрысціянскіх місій у каланіяльны час. 30 % — 40 % прытрымліваюцца іншых хрысціянскіх канфесій, збольшага таксама пратэстанцкіх; 10 % — 20 % — анімісты.
Паводле шчыльнасці насельніцтва (3 чал. на кв.км.) сярод суверэнных дзяржаў Намібія пераўзыходзіць толькі Манголію. Гусцей заселена поўнач краіны, дзе клімат больш спрыяльны для сельскай гаспадаркі, а таксама сталічны рэгіён Кхомас. Палова намібійцаў жыве ў гарадах, што робіць краіну адной з найбольш урбанізаваных у трапічнай Афрыцы. Траціна гараджан пражывае ў Віндхуку (404 000 у 2018). Іншыя вялікія гарады: Рунду, Уолвіш-Бей, Свакапмунд (63, 62, 44 тыс. адпаведна, перапіс 2011)[7].
У 2018 годзе ВУП Намібіі склаў каля 28 млрд долараў. Доля сельскай гаспадаркі і рыбалоўства ў ВУП склала 6,7 %, прамысловасці — 26 %, сферы паслуг — 67 %.[6] Намібійская гаспадарка цесна знітаваная з эканомікай ПАР. Вялікай праблемай з’яўляецца беспрацоўе, якое трымаецца на ўзроўні 25 — 35 %. З беспрацоўем звязана і жахлівае маёмаснае расслаенне — у Намібіі і ПАР найвышэйшыя ў свеце значэнні каэфіцыента Джыні.
Пачатак фарміраванню сучаснай гаспадаркі Намібіі паклалі нямецкія каланісты: яны распачалі здабычу карысных выкапняў, праклалі чыгункі, стварылі фермы.
Асноўнай галіной гаспадаркі з’яўляецца здабыўная прамысловасць (да 20 % ВУП!), якая атрымала развіццё дзякуючы наяўнасці багатых мінеральных рэсурсаў. Яе аснову складае здабыча алмазаў і ўрану. Ужо болей за стагоддзе спраўна даюць алмазы жылы ў ваколіцах Людэрыца. Недалёка ад Свакапмунда знаходзіцца адзін з найбуйнейшых у свеце кар’ераў па здабычы ўрану (Росінг). Распрацоўваюцца паклады свінцу, медзі, цынку, волава, серабра, вальфраму. Маюцца заводы па выплаўцы чарнавой медзі.
У сельскай гаспадарцы пераважае жывёлагадоўля мяснога накірунку і качавога характару. Маецца значнае пагалоўе каракулевых авечак. Халодныя воды Бенгельскага цячэння багатыя на рыбу, што спрыяе развіццю рыбалоўства. Аснову ўлова складаюць сардзіны, анчоўсы, хек, скумбрыя.
Намібія мае развіты і вельмі сучасны банкаўскі сектар. Нягледзячы на слабую заселенасць, у Намібіі створана добрая транспартная інфраструктура, што ўключае шашы, вузкакалейныя чыгункі, аэрапорты, а таксама марскі порт рэгіянальнага значэння Уолвіш-Бей, па сумяшчальніцтве, галоўны рыбалавецкі порт. Намібія прэтэндуе стаць рэгіянальным хабам і транспартным правадніком для суседзяў, што не маюць выхаду да мора (Батсваны, Замбіі).
Новай важнай галіной гаспадаркі стаў турызм. Сёння турысты прыносяць 14 % ВУП і ствараюць 18 % працоўных месцаў. З падзеннем рэжыму апартэіду Намібія становіцца ўсё папулярней сярод турыстаў. У краіне развітая інфраструктура як для «цывілізаванага» адпачынку (напрыклад, у Віндхуку; або Свакапмундзе, дзе захоўваюць атмасферу старога каланіяльнага гарадка), так і для актыўнага турызму (асабліва папулярныя нацыянальныя паркі Этоша і Бераг шкілетаў, а таксама Сасусфлей і Дамараленд)[8].
70 % экспартнай выручкі дае прадукцыя горназдабыўной прамысловасці (траціна прыходзіцца на алмазы, яшчэ столькі ж — на медную руду і чарнавую медзь). Экспартуюцца таксама ўран, цынк. Астатняя частка экспарту прыпадае на прадукцыю рыбалоўства і сельскай гаспадаркі. Асноўныя пакупнікі — афрыканскія суседзі і краіны Еўропы (Бельгія, Швейцарыя). Большую частку спажывецкіх тавараў і прадуктаў харчавання, усю тэхніку і паліва, Намібія вымушана імпартаваць. Гэта адбіваецца на ўзроўні цэн: жыццё ў гарадах Намібіі вельмі дарагое. 54 % імпарту ў 2016 прыйшлося на ПАР, яшчэ 14 % — на Батсвану.[9]
Дзяржаўная тэлерадыёкампанія NBC (Namibian Broadcasting Corporation — «намібійскага радыёвяшчальная карпарацыя») уключае ў сябе тэлеканалы NBC1 і NBC2, радыёстанцыю National radio і шэраг радыёстанцый, якія вяшчаюць на мовах нацыянальных меншасцяў.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.